Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
I так было потым усе тры тыдні. Нават у той дзень, калі яны ішлі Таганкай, яе старымі гандлёвымі радамі. А ў той дзень была адліга і так было добра вакол, нягледзячы на слату. Зграбалі снег, і верылася, што вясна скора прыйдзе. I нават верхавінам дрэў, здавалася, сніліся грачыныя гнёзды.
Ён сказаў аб гэтым Ірыне, а яна раптам занурылася:
— Нявесела быць жывой гісторыяй, памятаць першыя дуры-аўтобусы з чатырма прыступкамі… Асабліва вясной…
Ён засмяяўся:
— Ну і што? Я памятаю рамізнікаў у Востраве. Ці мала што памятаецца? Мы з табою маладзейшыя за шаснаццацігадовых, а ты яшчэ і прыгажэйшая за іх. А для мяне заўсёды будзеш лепшай і маладзейшай. Нават у шэсцьдзесят. Як старая квітнеючая яблыня… Дай табе бог доўгага жыцця… са мной.
Тут яна і сказала, каб ён не праводзіў яе ў чацвер. Святло стала зусім не вясновым, і дрэвы больш не снілі гракоў.
— Баіцёся? — спытаў ён.
— Не. Проста не хачу. Я, пэўна, усё ж пайду на аперацыю. Тут. Хай будзе што будзе.
Гэта, як заўсёды, абяззброіла яго, і ён прамоўчаў. Суцэльным уніжэннем быў гэты маўклівы шлях дадому — паасобку і поруч — міма Швівай горкі і царквы ў Ганчарах.
…Потым яна, здаецца, зноў палагаднела. Сказала аднойчы Янісу, каб Андрэй праводзіў яе. Была кранаюча пакорлівай, сказала, што, бадай, паедзе з ім у Мінск, калі ўсё будзе добра.
Грынкевіч меркаваў, што ўсё гэта таму, што выгляд яго стаў пужаць людзей. Худы, як цень, з вачыма, у якіх жыло нетутэйшае абыякавае святло, ён зусім перастаў смяяцца. Нервы былі так нацягнуты, што толькі тытанічным намаганнем волі ён, які не плакаў шмат год, стрымліваўся ад слёз, калі слухаў музыку.
…А потым прыйшлі апошнія маразы, калі снег аж лямантаваў пад нагамі. I ў адну з сустрэч яна, нават з нейкім азлабленнем, сказала яму, што ёй нядобра, калі ён з ёю, што ў яе могуць быць непрыемнасці і яна просіць не праводзіць яе больш.
— Сустрэнемся як-небудзь у мяне.
Ён адразу павярнуўся і пайшоў. Стаяў люты сівы мароз. Пякло падэшвы, калелі рукі, але ён не заўважаў гэтага. Дамоў вяртацца было нельга, і ён цягнуўся на людныя вуліцы, на вялікія плошчы. Пара валіла з метро, і гэта было як апраметная нейкая. I ён ужо не ведаў, да каго яму звяртацца за дапамогай, хто скажа яму хоць слова.
Пасля гэтага ён і паспрабаваў піць. Аднойчы, калі сядзеў за спустошаным сталом (Яніс толькі што пайшоў), у пакой без стуку ўваліўся п'яны Баранаўскас. Не кажучы ні слова, ён абмінуў Андрэя, падышоў да акна і цюкнуў кулаком у шыбу, нейкім дзівам не парэзаўшыся.
— Паэту патрэбна свежае паветра, — сказаў ён паважна і, не абмовіўшыся больш ніводным словам, зачыніў за сабою дзверы.
Гэта было як крывое люстэрка. I Андрэй адразу, як абрэзаўшы, вырашыў, што піць досыць. Сапраўды, як яна можа глядзець на яго такога? Як на бруд, нават горш.
…Ён стаяў у хмызах і не заўважыў, як да яго падышоў Яніс.
— Лясун палескі, - сказаў латыш, — бульбаед! Галаву скруціць захацеў? Набіць цябе да паўсмерці трэба. Вось.
— Нічога са мною не здарыцца, — сказаў Андрэй.
— Вядома, каму наканавана шыбеніца, той можа смела ставаць на лыжы. Свіння!.. Ану хадзем да электрычкі.
Яны моўчкі слізгалі снегавой цаліной. I Андрэй усё яшчэ думаў. Ён пачаў заўважаць у Ірыне і другія змены, якія яму не падабаліся. Яна хлусіла. I не толькі тым, што не прыходзіла на спатканні, але і другім, зусім недарэчным. Гаварыла аб сваёй дапамозе старому скульптару Ратманаву, спасылалася на другога скульптара, земляка Андрэя. А калі Андрэй, выпадкова сустрэўшыся з земляком, спытаў яго, выявілася, што той ніколі не чуў аб Ратманаве, што гэта наогул фікцыя. Нашто гэта было? Другі раз сказала, што яе муж з італьянцаў. Потым, што ён выхоўваўся ў сям'і вядомага пісьменніка Н. Калі гэта было можна сумясціць неяк, то трэцяя яе заява, што ён напалову рускі, а напалову паляк, ужо зусім не лезла ні ў якія вароты.
Ён прамаўчаў, хоць яму было брыдка: не хацеў прымушаць яе чырванець. Да таго ж ён ведаў, усё гэта было ад слабасці, ад прагі ўстаткавання самой сябе.
Аднойчы ён выпадкова пазнаёміўся ў дальняй электрычцы з прафесарам-псіхолагам, сівым, медзведзяватым старым, у якога валасы раслі нават з вушэй і, пад чужымі імёнамі, расказаў яму аб гэтай хлусні.
— Што ж, — сказаў стары, круцячы шышкаваты кій, — паспрабую даць адказ вашаму другу. Праўда, мае погляды даволі нямодныя і састарэлыя, але ўсё ж… Ці бачыце, ваш друг, гэты паэт, вельмі дзіўны і рэдкі па тыпу чалавек. Адначасова цыклоід (па Крэчмеру), то бок таварыскі, дабрадушны, разумее жарт. З ім лёгка мець справу.
"Ну і ўляцеў", — падумаў Андрэй. Ён не любіў, калі людзей раскладвалі па паліцах і класіфікавалі.
— Ён натуральны, — казаў далей стары, — шчыры, хутка ўступае ў прыяцельскія адносіны з другімі, у тэмпераменце нешта мяккае і цёплае. У яго ёсць гумар.
Ён гаварыў таксама ласкава і мякка.
— Гэта ўсё было б добра. Такія людзі шчаслівыя. Але ваш друг у адрозненне ад цыклоіднага тыпу не прымае жыццё такім, якое яно ёсць. Ён адначасова гіперэстэтык, то бок усякі жыццёвы штуршок успрымаецца ім з падвышанай хваравітасцю, хоць ён і не замыкаецца пасля ўдару, а зноў ляціць на агонь, на апёкі. Ён не навучаецца жыццю. То бок, ён не навучаецца для сябе, хоць можа ведаць яго депей за ўсіх іншых. Такім людзям бывае вельмі цяжка жыць Я мяркую, што ён па складу цела не пікнік.
— Што гэта?
— Памеры цела ў яго не шыротныя? У цыклоідаў пікнічны склад цела.
— Не, ён хутчэй худы.
— Ну, вядома. Значыць, па складу цела ён шызоід. Гэта так званы лептазомны, або доліхаморфны (доўгі), склад цела… Можна, я апішу, як я ўяўляю яго сабе?
— Калі ласка.
— Грудная клетка i плечы не вельмi вузкiя, — стары глядзеў Андрэю проста ў вочы. — Канечнасцi i шыя хутчэй доўгiя i ладныя. Тлушчавая тканiна развiта слаба. Мускулiсты, але косцi i скура далiкатныя i тонкiя. Так?
— Так.
— Ну вось. Да. такіх належалі Саванарола, Рабесп'ер, Дантэ. Яшчэ Мейерхольд і Блок (гэтых я ведаў асабіста). Самі ведаеце, якое салодкае жыццё выпала на іхнюю долю.
— А яна? — спытаў Андрэй.
— Яна таксама цыклоід і гіперэстэтык. Але яна здатная замыкацца пад ударамі лёсу. Тут розніца. Яна ўвесь час хістаецца паміж весялосцю і сумам. Я яшчэ не ведаю прычыны гэтага. Нешта здарылася з ёю. Вельмі цяжкае.
— А мана?
— Не ведаю, ці так гэта жахліва. У цыклоідаў вельмі багатае развіццё фантазіі. Гэта часам прыводзіць нават да своеасаблівай хлуслівасці. У нас гэта завецца pseudologia phantastica.
Ён мякка ўсміхнуўся:
— Сцвярджае сябе, дурнічка…
Грынкевіч цяпер ведаў усё, і востры цёплы жаль ахапіў яго сэрца. Усё можна было дараваць Ірыне. Усё да канца.
А прафесар, устаючы на адной станцыі, дакрануўся да галавы Андрэя і, гледзячы яму ў вочы, сказаў:
— Вам трэба быць вельмі мяккім з ёю, юнача. Яна забудзе ўсё і аджыве. I вы будзеце вельмі-вельмі шчаслівы.
…Седзячы зараз з Янісам у электрычцы, Андрэй успамінаў гэтыя словы і чырванеў. Як гэты стары мог здагадацца? I добра яму было казаць аб шчасці, не ведаючы пра мужа і пра асколак. «Забудзе», "аджыве". Забудзеш пра гэта, як жа.