Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
— Хадзем, — сказаў ён, паказваючы на царкву, — там вас чакаюць, за вас прасіў я, бо вы пакахалі тут.
— Але дзе ж яна?
— Тут, поруч з табою. Бачыш, варушыцца трава. Яна заўсёды будзе поруч з табою. Вось так.
— Але чаму, чаму яна не з'явiцца?
Княжыч сумна схіліў галаву. Андрэй адчуў, што рыданні пашыраюць ягонае горла.
— А потым куды? Дзе мы будзем з ёю?
— Бачыш, вясёлка?
Сапраўды, вясёлка стаяла над зямлёю, апёршыся пятою ў ваду.
— Хіба мала месца паўсюль, — сказаў княжыч. — Да сонца, да ясных зораў у карагод. За рэкі светлыя, за нетры — лясы.
— Я не знайду яе, не знайду.
Княжыч паплыў, усё аддаляючыся. Плыў і клікаў Андрэя рукой… Чорны парыў вятрыска прабег па лугах. Пачало насоўвацца нізкае сталёвае неба… Не было ўжо нічога, і ён не ведаў, лугі гэта або цясніны вуліц… Ён адчуваў, што гэта нешта цяжкае, гнятучае. Ён адчуваў.
I раптам ціхі пагрозлівы голас аддаўся ў пакоі:
— Рэмбрант, уставай…
У першы раз гэта сказалі, як быццам сталёвыя хмары над прывідам Нерлі. I зноў аддаўся голас:
— Рэмбрант, уставай. Твая Саскiя памiрае.
Гэта сказалі як быццам дрэвы за акном пакоя.
— Рэмбрант, уставай. Твая Саскія памірае.
Калі гэта сказала сэрца, ён паверыў і адкрыў вочы. Ляжаў адразу напружаны, адразу бяссонны. Глядзеў у цемру пашыранымі вачыма.
А потым устаў і моўчкі стаў збірацца. Ён не сумняваўся, ён ведаў і таму быў надзіва спакойны і размераны.
Накінуўшы плашч, ён спусціўся сходамі, прайшоў паўз спячую вахцёршу і выйшаў на вуліцу.
Было тры гадзіны ночы. Транспарт даўно не хадзіў.
Андрэй ішоў начнымі вуліцамі, быццам на кліч. Ён не ведаў, каго ён сустрэне ў яе доме, як там расцэняць ягоны прыход у такі час. Ён хацеў упэўніцца. Яго клікалі, і ён ішоў на кліч.
Паступова нарастала трывога. Ён ведаў, калі Міхал там — дзверы да Ірыны будуць канчаткова зачынены, але прадчуванне і трывога раслі, рабіліся нясцерпнымі. Ён не ведаў, абразілі яго ці не, праўда гэта ці соннае трызненне. Ён ляцеў. Ратаваць.
Ён ужо амаль бег гулкімі начнымі вуліцамі. Адно таксі слізганула паўз яго, і ён з нарастаючым адчаем пабачыў, як шафёр адмоўна пахітаў галавой. Праз два кварталы з'явілася яшчэ адно — тая ж гісторыя. Гэта было як у страшным сне: чалавек бег, і свісцячае дыханне вырывалася з ягоных грудзей.
Калі з'явілася трэцяя зялёная іскра, ён кінуўся акурат на яе дарогу. Узраўлі тармазы.
— На могiлкi спяшаешся, псiхапат?
Айдрэй кінуўся да яго:
— Друг, любы, вязi… Хутчэй толькi!
Шырокае — рэшатам не накрыеш — аблічча шафёра скрывілася:
— У парк!
Андрэй торкаў яму скамечаныя грошы.
— Чалавек ты ці хто?
— А ты чалавек? Лезе пад колы! Засыпаю за рулём. Дзве змены адгрукаў… Кожны затрымлівае. Тры гадзіны таму змена другая скончылася.
У Грынкевіча калаціліся зубы.
— Я кажу табе, чуеш… Я ведаю, з ёю нешта здарылася…
Шафёр паглядзеў на яго зблытаныя валасы і па-вар'яцку спакойныя вочы. Уздыхнуў:
— Валі поруч са мной. Хрэн з табою.
— Толькі хутчэй! Хутчэй!
Машына рванула з месца. Шафёру, відаць, перадалася трывога пасажыра, таму што ён, зрэдку кідаючы на Андрэя косыя неспакойныя позіркі, гнаў «Волгу» так, што дамы ледзь не зліваліся ў шэрую смугу.
Ля дома Ірыны, калі Грынкевіч сунуў яму грошы, поўны камяк, ён асцярожна аддзяліў адну паперку.
— Хопіць.
I дадаў нечакана мяккім для такой морды голасам:
— Бывае, брат… Ты — трымайся…
Самым нясцерпным быў гук званка. Толькі націснуўшы кнопку, Андрэй зразумеў, што ўсё гэта — вар'яцтва, што зараз выбухне страшэнны скандал. Зразумеў, але пайсці не здолеў, бо сэрца ад трывогі аж выскоквала з грудзей.
Пачуліся крокі. Дзверы адчыніліся. Перад Андрэем стаяла Ганна ў лёгкім халаціку колеру асенніх лісцяў. Даючы яму дарогу, яна сказала, быццам не было нічога дзіўнага ў яго прыходзе:
— Праходзь. Яна чакала цябе.
— Што з ёю? — аднымі вуснамі спытаў Андрэй.
— Надзвычай моцны сардэчны прыпадак. Нават цэлая серыя. Я званіла табе, але цябе не было.
— Калі гэта?
— Сёння… А ты адкуль даведаўся?
— Адтуль. Яна ж таксама ведае, што я прыйду. Калі адзін увесь час думае — другі не можа не адчуць.
— Распранайся, — сказала Ганна.
— А яна не спіць?
— Яна не спіць звечара. Трывожыцца.
Андрэй зайшоў у пакой. Асветлены хворым святлом начной лямпы, вымалёўваўся на светлай падушцы закінуты твар Ірыны з цёмнымі, раскінутымі валасамі. Упершыню ён бачыў іх не складзенымі ў вузел ці начную прычоску, — і гэтая нязначная акалічнасць асабліва балюча разанула Андрэя па сэрцы. Быццам толькі тут зразумеў памеры бяды.
Ганна моўчкі выйшла. У глухой цішыні пакоя Андрэй, стоячы, глядзеў на апушчаныя веі жанчыны. Бяскроўны твар быў спакойны, і на яго глядзелі са сцен, як праз цёмную ваду, задумлівыя вочы людзей на карцінах.
Па вуліцы, відаць, прайшла нейкая асабліва цяжкая машына — нячутным, камарыным звонам адказала ёй лыжачка ў пустой шклянцы.
Усё было такім, як і ў той вечар. Толькі не было марознай папараці на шыбах. Тыя ж лікі на іконах, той жа спакой, тое ж чырванаватае святло. I тахта была тая самая.
Усё было такім самым і зусім не такім.
— Сядай, — сказала яна. — Дай мне тваю руку.
Зусім блізка ён убачыў яе распасцёртае цела, прасціну, няўлоўна ўзнятую на грудзях, бяздонныя шэрыя вочы і стомлены велікаваты рот. I гэты рот сказаў, з цяжкасцю склаўшы вусны ў сумную ўсмешку:
— Слухай. Я хачу апраўдацца перад табой.
— Нашто? — спытаў ён.
— Не ведаю, ці можна мне дараваць за ўсё гэта? I ўсё ж я прашу: даруй мне тыя словы. Даруй мне сотні такіх слоў.
— Не трэба, — сказаў ён. — Ты ж мне казала і сотні іншых слоў. Я памятаю толькі іх.
— Не, ты слухай… Не ведаю, як растлумачыць… Але я прадчувала сённяшні дзень… Мне здалося на хвіліну, што табе будзе лягчэй, калі ты будзеш успамінаць мяне з нянавісцю, а не з вечным болем… У той дзень я ўпершыню па-сапраўднаму пачула набліжэнне… Я думала, як мацней абразіць цябе…
Працягнула руку. Паклала яе на яго калена.
— Я зрабіла гэта. Але тут я ўбачыла твой твар. Бог ты мой, табе быццам нажом пад сэрца ўдарылі… Так бывае, калі паміраюць.
Павекі апусціліся.
— Я зразумела, што абразіла лепшае, што было ў мяне на зямлі… Але разумееш, я проста не верыла, што каханне можа быць і гэткім… Вось-вось, менавіта не верыла… А тут паверыла, адразу. I зразумела, што я нарабіла, што я толькі нарабіла… Пасля ўсяго, што было, такая хлуслівая здрада, такая няшчырая, дробна-жаночая подласць.