Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
— Выношу і выношу, — казала адна сівеючая, вельмі кемная баба. — Спасу майго няма. Такія зас… усе гэтыя мужыкі.
Другая, значна больш маладзейшая, заўважыла Андрэя жывымі чорнымі вачыма і штурхнула сівеючую локцем. Андрэй адышоў, каб не перашкаджаць.
Зноў абагнуўшы будынак, ён падышоў да акна, з якога "прайдзісвет і бандыт" Азалін дражніўся з кацянём.
Там сядзелі дзеці і гулялі бліскучым самалётам з фіялетавага металу. Велікавокія, прыгожыя дзеці. Андрэй скурчыў ім смешную рожу, і адзін з дзяцей — пэўна Азалін — віскнуў ад нечаканасці і захаплення.
У яго, Андрэя, напэўна, ніколі не будзе дзяцей. Пасля такога ёй, напэўна, нельга мець дзяцей, шкодна.
"Што ж, жывуць і без гэтага. Возьмем з дзіцячага дома. Хлопчыка. Вельмі буду яго любіць".
Час падыходзіў да дзвюх. Трэба было ісці ў вестыбюль. Там было прахалодна і прыемна. Толькі каб не гэтая трывога, што расце невядома адкуль… Зноў пазваніў Ганне… Ірына прачнулася, трохі пад'ела і заснула зноў. Няхай спіць. Андрэй не павінен нерваваць яе.
Ён сядзеў ля століка, на якім ляжала рэгістрацыйная кніга, і глядзеў навокал.
Нейкі дзядзька, напэўна, урач ці, можа, ардынатар, спяшаючыся, убег з вуліцы, скінуў у гардэробе пінжак і сарочку і надзеў проста на майку халат… Вядома, дзень спякотны для мая.
Хлопчык з дарослым мужчынам. Відаць, ідуць на спатканне. Можа, з маці хлопчыка. Вясёлы хлопчык. Накінулі яму халат на плечы, і той звісае двума белымі крыламі да зямлі, адкрываючы доўгія, як у жарабяці, ногі.
Ідзе і ўсміхаецца: яму падабаецца новы ўбор.
Дурны, дурны хлопчык! Не думаеш. А ты, Андрэй, лепшы? Таксама думаеш чорт ведае аб чым.
Андрэй разгарнуў рэгістрацыйную кнігу, пачаў чытаць. Шмат прозвішчаў, шмат дат, і за кожнай — жыццё.
Паміраюць мала; тых, што выжылі, куды больш, але кідаюцца ў вочы чамусьці перш за ўсё тыя, што памерлі.
Імёны. Даты. За кожнай жыццё, боль, надзеі. Вось Майер. Ён памёр трыццаць першага снежня, пад Новы год. Масква, напэўна, была ўся ў вэлюме падаючага снегу, захутаныя «баб-марозы» неслі ялінкі, людзі спяшаліся з пакункамі. А Майер, нейкі зусім невядомы і, аднак, блізкі Майер, ляжаў і думаў, што выжыве і наступны год сустрэне ў сям'і, а потым памёр.
А за два дні да гэтага паступіў Карэеў. Малады ён быў ці стары? Бачыў, напэўна, смерць Майера. I думаў, што з ім так не будзе. Спадзяваўся. А памёр вясной, калі зялёны шум ідзе па зямлі, а ў маладых зялёных шатах, як ашалелая, безупынна — як горла не забаліць? — кувае і кувае зязюля.
Крыўдна.
Трывога нарастала і ставала ўжо нясцерпнай. Дзе гэты чалавек ад Глінскага, чаму не ідзе?
…Чыясь рука лягла Андрэю на плячо. Перад ім стаяў малады чалавек у белым халаце, з рукавоў якога на дзве пядзі выглядалі вялікія рукі. Ногі таксама былі вялікія, і таму малады чалавек вельмі нагадваў куцапага і смешнага, але надзіва сімпатычнага шчанюка сенбернара. Вочы разумныя, глядзяць на субяседніка добра, рот шырока і ветліва ўсміхаецца.
А галава калматая звыш меры.
— Гэта вы Грынкевiч?
— Я.
— Я да вас ад Глінскага — голас пяшчотна-мяккі і залівісты, таксама як у падлетка сенбернара, калі ён гуляе і імкнецца брахаць далікатна. — Хадзем са мной.
Грынкевіч пайшоў за ім да гардэроба, дзе хлопец узяў Андрэю халат і дапамог надзець, з нейкім асаблівым шыкам, накшталт рымскай тогі, абкруціўшы адну палу гэтага халата вакол усяго Андрэя.
— Зараз ужо не выблытаецеся. Пакуль не прыйду на дапамогу.
Такім душэўным здароўем патыхала ад яго, што Андрэю аж лягчэй стала на сэрцы.
— Мяне завуць Яшам. Можаце зваць проста Якавам Прохаравiчам. Я з кандовых уральскiх казакаў.
— Вадзяную свінню на Сакмары лавілі?
Андрэй меў на ўвазе асятра, як яго часам завуць на Сакмары за тое, што рухаецца ён па дне, рыючы тупой дзюбай глей.
— Вы што, былі там?
— Быў. Добрая рака. Светлая.
— Ого, самая лепшая рака, — паважна сказаў Яша.
Памаўчаў. Потым казаў далей:
— Я працую тут ардынатарам. Цывілізаваны казак. Пугачоў, як вядома, з нашых. Дрэнная спадчыннасць. Таму я схільны да маральнага разлажэння і небяспечных аналогій. Асабліва за каньяком, які мы ўзаемна паставім адзін аднаму, калі ваша справа скончыцца добра.
— Вы мяркуеце, што гэта так?
— Аб-бавязкова. Глінскі гэта ведаеце хто? Гэта бегемот штодзённых жыццёвых зносін і тыгр хірургічнага стала. Гэта віртуоз! I не схільны да сантыментаў. Перажыве нас і згоцае індзейскія скокі на нашых капцах.
"Дрэнна ты яго ведаеш", — падумаў Андрэй, пранікліва гледзячы на Яшу.
— Што вы ўсё жартуеце? Хочаце падбадзёрыць мяне? Я не баюся.
— Брэшаце, — з чароўнай праматою сказаў Яша. — Нельга паэту не баяцца рассечанай грудной клеткі і відовішча таго, як у сэрца лезуць пальцам… Паэты дагэтуль уяўляюць сэрца ў выглядзе рэпы. Тая рэпа пахне, як кветнік, і напханая аж да самага нельга каханнем, уразлівымі ўздыханнямі і альбомнымі вершамі.
Грынкевіч усміхнуўся.
— Хадзем, Яша, — сказаў ён.
— Хадзем.
Яны прайшлі раней і таму не бачылі, як з'явіўся Яніс і папрасіў у калідорнай паказаць яму прафесара Глінскага, калі той пройдзе да аперацыйнай. Ён чакаў не больш дзесяці хвілін.
— Унь, — сказала калiдорная.
Яніс заступіў дарогу.
— Што вам? — спытаў прафесар.
— Скажыце, ці дрэннае становішча ў Ірыны Горавай? Сёння ў вас быў мой друг.
— Так, — сказаў Глінскі. — Стан цяжкі.
Увесь інтэлігенцкі глянс спаў з аблічча Яніса. Разгублены, з дрыжачымі вуснамі, ён стаяў перад доктарам, трымаючы ў руках шапку. Такі выгляд быў, напэўна, у яго бацькі, калі той прасіў урача аб візіце да хворай жонкі.
— Доктар, — сказаў ён. — Уратуйце яе. Калі вы яе ўратуеце, я ўсё жыццё кнігі буду толькі вам прысвячаць… Я… сам да вас у парабкі пайду. Толькі ўратуйце яе.
Глінскі апусціў вочы і маўчаў.
— Добра, — глуха сказаў ён. — Калі тры чалавекі так любяць адзін аднаго — тут ужо нічога не зробіш. Тут трэба зрабіць… нават немагчымае.
Р а з д з е л XXX
Андрэй нiчога не сказаў ёй, бо тое, што ён бачыў, было велiчна i адначасова страшна, быццам рабiлася недазволенае, быццам нахабна глядзелi туды, куды нельга глядзець.
Яна згадзілася на аперацыю. Сама. Таго ж вечара яны перавезлі яе з кватэры ў маленькую палату на аднаго чалавека, дзе маглі змясціцца толькі ложак, тумбачка і стол, ды яшчэ крэсла для дзяжурнай медсястры.
Палата была на трэцім паверсе. Верхавіны паркавых дрэў молада і сонечна глядзелі ў акно. Парк цягнуўся далёка-далёка, фортачка была круглыя суткі адчынена, і таму паветра ў палаце было прыемным і свежым.
Размясціліся ў кватэры Ганны: тры сябры неяк насцярожана ставіліся да кватэры Ірыны, адчувалі сябе ў ёй няёмка, а што да Грынкевіча, дык таго гэты пакой, дзе ён пабачыў яе такой хворай і слабенькай, проста гнёў.