Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лясная гісторыя

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І звер святым духам жыць не будзе. Яму трэба піць толькі адзін раз на дзень, нават на два, але затое дасхочу. І трэба піць чыстую, здаровую ваду.

– Ну і… Ах, дурань я дурань.

– То-та ж. Здагадаўся нарэшце.

Зміцер замоўк, адпачываючы пасля такой доўгай прамовы. Пасля, прыбавіў:

– Я думаю, ён сюды ходзіць, на Кабечае… ваду піць.

– А што, – загарэўся Валька, – гэта магчыма. Бліжэй за ўсё. І месца глухое. Толькі калі ходзіць, дык ходзіць Кізікавым ярам, дзе яшчэ жоўтыя касачы. А ты там, напэўна, і не шукаў. У цябе, Зміцер, чэрап тоўсты, як дзюймовая дошка.

Зміцер прамаўчаў, быццам сам ведаў гэта.

– А што, хлопцы, – Валька лёг на жывот, – а ці не пайсці нам сёння туды перад світаннем? Схаваемся дзе-небудзь і паглядзім. Цікава.

– Абавязкова сходзім, – вырашыў я. – Толькі стрэльбу пакладзём тут. За цябе, Зміцер, не баюся, а Валька можа захапіцца, у яго сэрца такое, і стрэльнуць. А потым пакутаваць сумленнем будзе, што так душою рыгнуў.

– Я тады ў манастыр пайду, – заявіў Валька, боўтаючы нагамі ў паветры і намагаючыся хлопнуць сябе пяткай па заду.

– Ты думаеш, раней у манастыры таксама дурняў адных бралі? Не, брат, яны разумных, – салідна, быццам каменні варочаў, сказаў Зміцер.

– У манастырах добра было. Туды жанчын не бралі… Я гэтых жанчын не магу цярпець, ненавіджу. Большасць з іх дурныя, як курыцы. Дачка настаўніка самая разумная ў нашым класе, а заўважыла ў мяне шрот і давай прасіць: “Валечка, любенькі, схавай ты яго, стрэліць яшчэ”. А піску, а віску! Фу! Ты, Зміцер, гэтага не разумееш. Ты – бабнік, або, як у нас кажуць, “бабздыр”.

Валька любіць смачныя і рэдкія словы і часта будуе сказ, толькі каб ужыць такое новае слова. Я ўпэўнены, што ён не думае такога пра Шчарбянка.

Але Шчарбянок раптам чырванее і круціць круглай, як шар, галавою.

– Н-ну свіння. Чакай. – Ён лаецца і маўчыць, яму лень узняцца.

– Сходзім, – вырашаю я. – Абавязкова сходзім.

Раптам Зміцер заўважае нешта.

– Гэй, Валька, мне здаецца, што ты лісіцу спаймаў, порткі прапаліў. Ану павярніся, каток, сюды.

Валька борздзенька паварочваецца спіною да Шчарбянка, і той раптам з ляскам падпярэзвае яго па заду доўгай лазінай, якая, невядома як, апынулася ў яго руцэ.

– На табе за “бабздыра”.

Мы ўсе смяёмся. Дзіўны хлопец гэты Зміцер. Яшчэ ў трэцім класе быў моцны, як бык, мацнейшы за ўсіх, а білі яго нават першакласнікі. Ён толькі міргаў вачыма.

– Чаго я яго біць буду?.. Стукнеш – яму балюча будзе, будзе раўці… Крыку, значыцца, многа будзе. Неспако-ойна.

Зачараваныя гэтай непаўторнай філасофіяй, мы з Валькам узялі яго пад сваю апеку, і з тых часоў пачалася наша дружба. Гаворыць ён зусім мала, за ўсё жыццё, здаецца, ні з кім не сварыўся. І вось бачыце, нават з нейкім гумарком, цяжкім, як яго кулакі…

Мы даўно папілі чай. Ляжым на коўдрах і маўчым. Цемра стае густейшай, гэтыя летнія ночы кароткія, на адну дзявочую песню.

Недзе крычыць птушка-бугай. Яна таксама знікае з нашых рэк і балот. Напэўна, тыя самыя невясёлыя думкі прыходзяць у галаву і Вальку, бо ён нечакана абапіраецца на локці, прыўстае:

– Ведаеш што? Цікава, дзе зараз лесуны падзеліся? Дзед Марка іх, можа, сто разоў бачыў. А мы…

– Іх адмянілі, – ляніва сказаў Зміцер.

Валька маўчыць, але я заўважаю ў яго шырокіх чорных вачах нейкі дзіўны агеньчык.

– Хлопцы, а я ведаю, дзе яны. Наш жыве ў Ардзішоўскім заказніку, а бліжэйшы яго сусед аж за Барздзілаўкай, за восем вёрст. Звяр’ё выбілі, лес парадзеў. Раней-та яны суседзі былі, а зараз разышліся далей, бо нетры любяць. Дзеці ў іх, напэўна, паўміралі. А яны ўжо старэнькія. Ходзяць, лічаць звяр’ё – і не далічваюцца… Я нават бачыў: наш да яго ў госці ходзіць, бо трошкі мацнейшы. Пагаворыць так гэта сумна, і наш ідзе дахаты. І ўсё на пнях спачывае, спачывае…

Зміцер пачціва маўчыць. Вядома, такому цельпуку нічога такога не выдумаць, хоць сто год думай. Мы не кажам, што Валька брэша. Мы паважаем нашага друга за гэтую здольнасць.

А Валька перакульваецца на спіну і глядзіць у неба.

Я добра бачу яго белыя вільготныя зубы, загарэлы твар, чорныя валасы, што рассыпаліся па зямлі. І яшчэ вочы з такімі выгінастымі вейкамі, што яны павінны былі б дастацца дзяўчыне.

Я вельмі люблю Вальку.

А ён пачынае ўжо плесці нейкую новую ману:

– Бачыце, хлопцы, ноч ляціць. Унь, на чорным кані. Конь стомлены, ледзь перабірае капытамі ў паветры. І твар у ночы чорны…

Голас яго слабее, заціхае. Праз хвіліну ён спіць. Засынаем і мы, шчыльна захінуўшыся ў стары рыжы палітон і кажушок. Начныя сны ў лесе кароткія. Засынаеш, прачынаешся і зноў засынаеш. І ў сне амаль тое самае, што наяве: далёкі крык пугача, шапаценне хвой, ноч на чорным кані і цэлыя абярэмкі жоўтых касачоў. Часам праз напаўзакрытыя павекі пабачыш язычок полымя, што вырваўся на волю з вуголляў, пачуеш, як сваволіць у сітнягах вадзяны пацук. І зноў цішыня, сны.

– Уставай, уставай, – торгае нехта мяне за плячо.

Гэта Валька. Ён свежы і чырвоны: паспеў памыцца. Зміцер сядзіць ля вогнішча і калоціцца са сну. Ноч яшчэ толькі пабялела, і невядома, добры або шэры будзе дзень.

Мы ідзём. Свет увесь купаецца ў расе і, з недасыпу, здаецца нейкім дзіўным. Павуцінне ў дробных бісерынках расы гарыць, як хрустальнае. Толькі тут заўважаеш, як многа ў лесе павукоў. Адна ззяючая сетка вісіць нават паміж самымі высокімі галінкамі аднаго дрэва.

Мы змоклі амаль да грудзей. Кветкі пакідаюць на нашых ботах мокрыя рознакаляровыя пялёсткі.

А Кізікаў яр здаецца зусім непаўторнай мясцінаю. Жоўтыя касачы на беразе возера стаяць нязломным гушчаром. Над ярам схіліліся дрэвы, ён нагадвае тунель.

Мы выбіраем зацішнае месца і кладзёмся на зямлю. Ранак. Спяць яшчэ нават птушкі, і ў лесе цішыня.

Я не ведаю, як доўга мы ляжалі тут, і вось сапраўды, мы як пацэлілі са сваёй здагадкай.

– Ласіха, – шапнуў аднымі губамі Зміцер. – Вось каго клікаў стары лось.

Я толькі тады заўважыў вялізны даўганогі цень, што выплыў з зараснікаў і асцярожна паплыў па травах да возера. Ён ішоў так ганарліва, так прыгожа, што ў мяне нешта зашчыкала ў вачах. Бязрогая, з гордай шыяй, з доўгімі моцнымі нагамі.

– Глядзі, – здагадаўся я па вуснах Шчарбянка.

За ласіхаю выйшла ласянё і, пераймаючы рухі маткі, такое сур’ёзнае, маленькае, добра выхаванае, пакрочыла за ёй.

Яны пілі ціха. Ім трэба было напіцца, каб пасля зноў на цэлы дзень пайсці ў сваю цытадэль, дзе бяспека і мір. У іх аднялі нават ваду, адняў не закон, а слабасць нашага ляснога закону. А вось жа самы хатні дзікі звер на зямлі толькі нядбайнасцю, нецікаўнасцю чалавека пакінуты дзікім.

Яны пілі, яны баяліся. Мне стала так сорамна, што я пачырванеў. І ўсё ж гэта было дзіва як прыгожа. Возера, лес, звер, кроплі вады, што падалі з пысы жывёлы, калі яна на хвіліну пакінула піць і прыслухалася. Піце, любыя, піце. Хто кране вас у такую мірную, такую добрую гадзіну?

Поделиться с друзьями: