Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лясная гісторыя

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Стрэл прагучаў раптоўна, аднекуль справа, з-за нас. Мы яшчэ не паспелі зразумець, у чым справа, як ласіха вялізнымі крокамі адбегла ад возера (хмызняк затрашчаў) і цяжка павалілася на зямлю. Потым павольна-павольна ўстала. З нагі яе лілася кроў. Ласянё, задаволенае тым, што маці стаіць спакойна, хутка падбегла і пачало смактаць. Яно было даволі вялікае, але яшчэ зусім дурное, гэтае ласянё.

Мы глянулі назад: па траве яшчэ расплывалася хмарка парахавога дыму. Я не памятаў, што я раблю. Я выйшаў са сховішча і накіраваўся да звера. І раптам спыніўся: ласіха зрабіла некалькі кульгавых крокаў і стала, бо ласянё не хацела ісці. Яно, відаць, ведала: маці не бяжыць стрымгалоў – значыць, можна не бегчы самому.

І тут па прыгожай атласнай шкуры жывёлы прабеглі дробныя дрыжыкі, потым мацнейшыя. Я быў ужо зусім блізка і тут пабачыў незвычайнае: вялікія-вялікія слёзы пакаціліся з вачэй звера…

Я, вядома, сачыў раней, як плачуць гусі, калі іх рэжуць, але гэта было вышэй маіх сіл.

– Сцеражыся, капытам заб’е, – крыкнуў мне Валька.

Але я і так павярнуўся і пайшоў. Толькі апынуўшыся поруч з другам, я кінуў позірк назад. Ласіха павольна, вельмі кульгаючы, накіроўвалася ў лес.

– Што з ёю будзе, га? – спытаў Валька.

– Сапсаваны звер. Здохне, напэўна. І ласянё… Зусім дурное яшчэ. І столькі драпежнікаў.

– Слухай, братка, – загаварыў Лісоўскі, пазіраючы мне ў вочы і забягаючы наперад, – а можа, яна не здохне? Можа, заліжа там, у гушчары? Звяры добра залізваюць раны. Га?

– Можа, і так, – сказаў я, і надзея варухнулася ў мяне ў грудзях.

Толькі тут, калі ласіха знікла ў дрэвах разам з маленькай цацкай, падобнай на вялікую, мы заўважылі, што Шчарбянок знік.

Не памятаючы сябе ад трывогі, мы кінуліся ў тым напрамку, адкуль прагучаў стрэл, і пабачылі двух, што ляжалі ў траве. Верхнім быў Зміцер, і ён трымаў за глотку Пашку Ермалюгу.

Пабачыўшы, што мы тут і што браканьер не ўцячэ, Зміцер паволі ўстаў і адпусціў яго. Пашка пацягнуўся быў за стрэльбаю, але Зміцер наступіў на яе нагою. Я ніколі яшчэ не бачыў, каб твар майго друга быў такім. Ні кроплі дабрыні і лені, нічога з таго, што асвятляла яго твар раней. Я не хацеў бы хоць раз у жыцці глядзець у такія вочы. Тоўстыя губы падабраліся, зморшчына страшэннага гневу прарэзалася між брывей.

– Падла гнілая, – цяжкім голасам сказаў ён.

У Пашкі быў выгляд зацкаванага тхара: злосныя вочы бегалі, рука ўсё хапала і хапала сябе за глотку. І зусім не было чаго яго баяцца.

– Д-добра, падлы, – працягнуў ён. – Мы яшчэ сустрэнемся на вузкай сцежцы.

– Не давядзецца, – кінуў Зміцер. – Мы цябе проста тут зараз прыкончым.

Я паверыў і схапіў Шчарбянка за руку, але ён нечакана мякка сказаў мне:

– Братка, браток. Ідзі ты лепей адсюль, ідзі. Мы самі з ім пагаворым.

– Я вас яшчэ падаб’ю. З турмы выйду і падстрэлю, г… сабачае. Лягавыя якія знайшліся. І ласіцу гэтую я яшчэ заб’ю. Я тут усё пуста зраблю…

Ён смялеў, ён бачыў, што біць яго не будуць. Белая пена з’явілася ў кутках ягоных губ.

І тут Зміцер упершыню за ўсю маю дружбу з ім брыдка, мацерна вылаяўся. Ён узяў стрэльбу, трымаючы яе за рулю. Ён быў такі страшны, што мы прыціхлі. Ён узняў яе, і я, ведаючы яго нечалавечую моц і не маючы сіл кінуцца на дапамогу, закрыў вочы. Сухі трэск… “Пашкава галава”, – падумаў я…

…Зміцер трымаў у руцэ адзін ствол. Ён разбіў стрэльбу аб дрэва. І, гледзячы Пашку ў вочы, спакойна сагнуў ствол стрэльбы ў нешта накшталт васьмёркі. Пасля гэтак жа метадычна здзёр з браканьера патранташ, фінку ў чахле. Патранташ раздзёр, фінку скруціў у нейкі конус, парэзаўшы пальцы. Пашка белымі вачыма глядзеў на ўсё гэтае разарэнне.

– Ты мне яшчэ заплоціш за ўсё гэта, – глухім гарлавым голасам сказаў ён.

– Слухай, ты, – сказаў з бязмернай пагардай Зміцер. – Ты, чалавечая вош. Мы ўсе тут браканьерствавалі патрошку, але зараз ты, ты адзін. Ты зрабіў зараз такое, чаго апошняя свіння не зрабіла б, значыць, ты не толькі зверам, ты і людзям, ты і мне, яму і яму вораг. Самы паршывы, самы апошні. Словы на цябе не дзейнічаюць, не падзейнічае на такога смаўжа і суд. Такіх, як ты, б’юць жахам, апошнім жахам. Каб не пікнуў. І мы так зробім. Ты або здохнеш, або адвучышся. Папярэджваю: калі ты яшчэ возьмешся за старое, я цябе заб’ю і падпалю тваю хату… бабздыр. Я нікога не біў у жыцці, але цябе тады заб’ю. А зараз ты заплоціш мне за абразу. Каб ведаў, як пакутуе жывое ў такім стане, як яна, ласіха.

І каротка кінуў мне:

– Ідзі, ідзі на наша месца. Возьмеш рэчы і будзеш чакаць мяне і Вальку ля слупа № 223.

– Што вы будзеце з ім рабіць? – трывожна спытаў я.

– Нічога. Я абяцаю табе, што не крану яго нават пальцам. Хіба недастаткова, што я сказаў.

Я марудзіў.

– Ты друг мне ці не… Ну.

Я пайшоў. Гэтай клятве я паверыў бы нават, калі Зміцер стрэліў бы ў мяне.

Яны дагналі мяне ля слупа. Я чакаў не больш паловы гадзіны.

– Што з ім?

– Пайшоў дахаты, – змрочна кінуў Валька.

У той жа самы дзень я на два дні паехаў у горад, а калі прыехаў зноў, то даведаўся ад цёткі, што Пашка яшчэ не вярнуўся з палявання, што першы дзень ніхто за ім не непакоіўся, а зараз збіраюцца шукаць.

Кавалак пірага засеў у маёй глотцы. Няўжо Зміцер не стрымаў слова? Няўжо яны забілі гэтую дрэнь? Што ж рабіць?

Я паімчаў да хаты Шчарбянка так, як не бегаў ніколі ў жыцці. Мне пашанцавала. Ён сядзеў на вышках пуні і ладзіў клетку для трусоў. Поруч сядзеў Валька.

– Ну, – спытаў я, – што гэта вы там нарабілі? Чаму Пашкі няма? Забілі Пашку? Адказвайце! Гады печаныя.

Валька схаваўся ў цень, і толькі на яго чырвонай саколцы ляжалі касыя палосы святла. У цемры насцярожана паблісквалі ягоныя вочы. Затое твар Шчарбянка быў асветлены, і гэта быў той самы халодны, падабраны твар.

– Кінь плявузгаць, – сказаў Шчарбянок. – Хіба я не даваў слова?

– Дык дзе ж ён тады, быдла вы бязрогае?

– Напэўна, ідзе дахаты.

У мяне перахапіла дух ад такой бессаромнай хлусні.

– Як ідзе? Колькі ж яму трэба, каб прайсці тыя дваццаць кіламетраў лесам?

– Два дні, галубчык ты мой. Не менш як два дні.

Ён памаўчаў хвіліну і потым дадаў:

– Мы зрабілі яму “самалёт”.

– Які самалёт? – не разумеў я.

– А такі. Высеклі лату даўжынёй метраў дзесяць, паклалі на спіну і прывязалі да яе рукі.

– Ну а далей?

– А далей ён ідзе між дрэў з той хуткасцю, якую яму дазваляе тая лата.

– Што ж вы нарабілі?! – пахаладзеўшы ад жаху, крыкнуў я. – Гэта ж значыць, што не прабярэшся між дрэў, а ў хмызах і пагатоў! Гэта ж ён з голаду, ад смагі здохне.

Поделиться с друзьями: