Людзі на балоце
Шрифт:
— Што ты? Што з табой? — трывожна запытала мачыха.
— Н-нічога. Сон п-прысніўся…
— А-а. Перахрысціся. Спі…
За акном церусіў дождж, было чорна і ціха, як у магіле. Лежачы, спакваля спакайнеючы, яна паспрабавала было ўспомніць, што снілася, але не змагла: згадваліся толькі абрыўкі. Луг, заліты сонцам. Васіль косіць. Капа сена. І неспадзеўкі — абруч гадзюкі на назе!..
Дурман ад гэтага сну не выходзіў увесь ранак. Жыў і цяпер. Што ён значыць, гэты сон? Аб чым кажа, што прадвяшчае?
Яна чула ўтому ва ўсім целе, як пасля цяжкой працы. Балела галава, і, як шчасця, хацелася цішыні, спакою, адзіноты. Але на ганак, у хату ішоў гоман, людзі, многа людзей. Нібы ў сне, нібы чужога, убачыла яна Яўхіма, які пад віск і грукат музык, што зайгралі марш на двары, уварваўся ў хату з Ларывонам, з Сарокай, з цэлай хэўрай прыяцеляў сваіх, такі ж, як яны, шумлівы, рухавы, вясёлы. Ён быў у новым касцюме, у скураных блішчастых галіфэ, у блішчастых ботах, сам увесь блішчасты: твар ільсніўся чырвона, як памазаны салам. Нават вочы былі быццам памазаныя, блішчалі масляніста, радасна. Шапачка з шырокім блішчастым казырком зухавата з'ехала на самае вуха. І ўвесь ён кідаўся ў вочы незвычайнай зухаватасцю. Не было відаць і знаку таго, што ён не спаў ноч, гуляў, піў.
"Набраліся ўжэ і сягоння, апахмяліліся…" — прайшло ў Ганнінай галаве.
— Памагай Бог у хату! — голасна сказаў Яўхім, зірнуў вясёлымі масляністымі вочкамі на Ганну.
— Дзякуем… Дзякуем на добрым слове! — выбегла наперад яму мачыха. Ганна ўбачыла — яна, як дзіця, прыціскала да грудзей новыя боты — напэўна, Яўхімаў падарунак. — Азалаціў ты мяне! — аж заспявала яна. — Век — пакуль буду — Бога маліцьму… за тваю ласку!..
Усе навокал шумелі, зайздросцілі мачысе: гэта дык падарунак — багацце цэлае! Вось жа шчасце ўвалілася ў рукі Цімашысе!
— Ето — кеб не гразко і не холадно хадзіць було к свайму зяцю! — Яўхім так гаварыў, так глядзеў на ўсіх, што Ганне падумалася: лічыць — ён тут самы жаданы, самы важны, гаспадар і бог!
— От, няхай табе, Яўхімко… — не магла супакоіцца мачыха, — што ты хочаш — няхай усё будзе. За тваю такую дабрату… — Яна паглядзела на боты, жаласна скрывілася, засмаркалася і раптам палезла к Яўхіму цалавацца. — Кеб табе ўсяго було добрага — вазамі. Кеб удача вялася, не пераводзілася…
Калі Яўхіма павялі да покуту, яна бегла побач.
— От тут… От тут, Яўхімко, зяцёк ты мой залаты!.. Тут тваё мясцечко!.. А тут — буяры твае!..
Яўхім сеў за стол, скамандаваў:
— Буяры-гусары! Наша пазіцыя, кажуць, тут! Садзіся!
Ганну з дружкамі пасадзілі за другі стол. Як толькі паселі, барадаты Пракоп наліў чарку гарэлкі, і за сталамі, і не толькі за сталамі — у парозе, каля печы, дзе тоўпіліся цікаўныя, нават за шыбамі, да якіх плюшчыліся твары, ураз прыціхлі: усе ведалі — зараз будзе не абы-якое відовішча!
— На талерку, на талерку пастаў!.. — пачулі ўсе ў хаце Сарочын шэпт. Сарока шмарганула свата за рукаў.
— Не трашчы! Сам знаю! — вырваў ад яе рукаў, аб'явіў уголас Пракоп.
Сарока закапыліла губы, пакрыўджаная, злосная. Пракоп жа паставіў чарку на талерку і няўклюдна, з важным выглядам паднёс да Ганны. Чуючы на сабе позіркі многіх людзей, Ганна, як у даўно завучанай ролі, паклала на чарку хустачку. Усе, хто сядзеў за сталамі, стаяў у парозе і за вокнамі, добра ведалі, што і як павінна быць далей, але сачылі з пільнай увагай. Жыццё ў людзей было не надта багатае на падзеі, на ўцехі — усе нязводна глядзелі, як Яўхім узяў хустачку, як выняў з пінжака, паклаў на талерку грошы. "Цэлыя тры рублі!" — заварушыліся, зашапталіся многія.
Ледзь не ўсіх здзівіла, што Ганна ўзяла такія грошы абыякава, быццам гэта былі не тры рублі, а нішто. "Бач ты, ганарыстая качка, шчэ й не пажаніліся, а ўжэ — як багачка!" — асудзіла маладую Сарока.
Сарока сачыла за ўсім не так, як іншыя, яна цікавала, нецярпліва прагнула: вось-вось прыйдзе момант, калі яна пакажа сябе! Але і недарэка Пракоп і Ганна, быццам назло ёй, рабілі ўсё як трэба: узяўшы грошы, маладая ўзяла потым і чарку і выпіла.
Як толькі выпіла чарку гарэлкі Ганніна дружка Маруся, мачыха выштурхнула наперад к сталам разгубленага, напалоханага Хведзьку, які, апынуўшыся перад людскімі позіркамі, стаў дзікавата азірацца — яўна хацеў шмыгануць у сенцы. Столькі казала, вучыла маці, што трэба рабіць, як прыйдзе яго пара, а выйшаў — ураз забыў усё.
— Хадзі ка мне! — пазвала яго Ганна. — Вазьмі за руку.
— Ідзі, ідзі! Не бойся, браток! — падскочыла да Хведзькі Сарока. — Вядзі к сталу маладога, кеб — даў залатога!
Хведзька азірнуўся на сенцы, падумаў трохі, неахвотна паслухаўся, узяў руку, якую падала Ганна. Глянуў, куды ж весці?
— Туды, да сватоў! — шапнула браціку Ганна, пайшла к Пракопу і Сароцы, якая ўжо важна сядзела за сталом.
— Скажы, кеб заплацілі за маладую! — не ўтрывала, памагла маці.
Хведзька выціснуў:
— Заплаціце… за маладую…
Страшны, як лясун, Пракоп паклаў яму ў далоньку вялікі важкі кружок: гэта быў пятак. Хведзька зацікавіўся, паднёс далоньку з кружком да твару, не адразу і заўважыў, што на яго забыліся. А калі заўважыў — як птушка, перад якой адчынілі дзверы, нырнуў у сенцы…
Пасля таго як бацька і мачыха блаславілі маладых на вянчанне, пад віск дудкі, плач гармоніка і буханне бубна Ганна і Яўхім выйшлі на двор. Ганне кінуліся ў вочы музыкі ў лапцях, аблепленыя гразёю да кален…
Было, як і раней, ветрана, хмарна, нібы збіраўся дождж.
— Трэба ж — столькі гразі нарабіло! — сказаў бацька і заспяшаўся к коням. — Бліжэй падгані! К самаму ганку! — крыкнуў ён хлопцу, які трымаў лейцы.
Ладаваліся ў царкву трыма вазамі: на першым Ганна з дружкамі, на другім Яўхім з братам Сцяпанам і дружынай, на апошнім — Пракоп і Сарока. Трэба было выпраўляцца ўжо, а працэсія не краналася: музыкі, якім трэба было ісці за сяло пешкі і перад вазамі, азіраліся на вазы, тапталіся. Цераз некалькі крокаў холадна паблісквала лужына — па калена, не менш…
— Чаго сталі?! — весела крыкнуў Яўхім. — Не бойцеся! Не патонеце!..
Ён зарагатаў. Пад гэты рогат музыкі асмялелі, зайгралі марш і, хоць без ахвоты, але і без скаргі, пацягнуліся к лужыне. Абавязак ёсць абавязак…
Добра, што хата была край сяла: вуліца, дзякуй Богу, нарэшце скончылася. За сялом неўзабаве дарога пайшла не такая гразкая, цвярдзейшая, і да таго ж тут музыкам — па закону — можна было ўжо сесці на воз. Яны з радасцю і палезлі да сватоў.
Цяпер, як і трэба, паехалі наўскач, з галёканнем, са звонам, аж гразь ляцела з-пад капытоў, з-пад калёс.