Людзі на балоце
Шрифт:
Іх пасадзілі разам, Яўхіма і Ганну, на покуце. Госці яшчэ доўга тоўпіліся ля лавак, залазілі за сталы адзін за адным, рассаджваліся. Плёўся жвавы, радасны гоман са смехам, чулася, быў у хаце той настрой, які звычайна прыходзіць перад гульбою, гарэлкай, добрай ядою. Мачыха, гаманлівая, памаладзелая, прыгорблены задуменны бацька пайшлі з бутэлькамі паўз сталы, пачалі наліваць карцы, шклянкі, пазычаныя аж у Міхалеве далікатныя чаркі.
— Штоб шчасце маладым було! — сказаў Пракоп і грозна ўзняў карэц к чорнай барадзе.
— Кеб пілася і елася, кеб було ўсяго, чаго хацелася!..
Яўхім выпіў зразу, перакуліў карэц, няхай бачаць — да дна. Ганна ж, як бы штосьці перахапіла горла, ледзь прыгубіла.
— Усё трэба! Да канца! — першы заўважыў, крыкнуў Яўхім.
Усе ўраз зашумелі, падтрымалі яго:
— Да канца! Усё!
І прыйшлося паслухацца, перасіліць сябе. Потым ускочыла Сарока, паспытала нібы гарэлку, скрывілася, як ад палыну, стараючыся перакрычаць усіх, заявіла, што піць не можа, бо гарэлка горкая, і людзі, душачыся ядою, заверашчалі, загулі:
— Горкая! Горко-о!
Яўхім зухавата ўскочыў, пацягнуў Ганну. Яна ўбачыла перад сабой зноў пачырванелы задаволены твар, зноў нібы падмазаныя маслам гарэзныя вочы. На плячах яе быў моцны, упэўнены поціск далоні…
Калі апусцілася на лаўку, пачула, што ў галаве пачынае шумець. Але закусваць не стала, не хацелася. Стомленымі вішнёвымі вачыма паглядвала на гасцей, не магла адагнаць зноў адчування, быццам бачыць усё ў сне. Людзі за сталамі пілі, елі, як згаладалыя ў полі, чамусьці амаль не гаманілі, а крычалі, аж дрыжалі шыбы.
— Яўхімко, зяцёк мой даражэнькі, — завіхалася каля маладога мачыха. — Пі і закусвай, чым Бог паслаў! Не грэбуй, Яўхімко, калі што якое ненарокам… Чым багаты, тым і рады, са ўсёй душы стараліся… Кеб усё добра було, кеб не горай, як у другіх людзей… І вы, госцечкі, дружына, кумпанія ўся, піце і закусвайце, чаго каму хочацца!
— А мы і п'ём, і закусваем! — акідваў вачыма дружыну Яўхім. — Мы ету работу любім! Нам абы паболей — такой работы! — Яго прыяцелі дружна ржалі. — Толькі от — маладая чагосьці не есь, не п'е!.. — схіліўся Яўхім да Ганны.
— І так ужэ ў галаве шуміць, як у дождж, — сказала, апраўдваючыся, Ганна.
Бацька ўчуў, заступіўся:
— Няволіць не трэба! Кожны сам знае, сколькі каму выпіць! Сколькі хто можа, няхай столькі і п'е. — Ён паспрабаваў адвесці гаворку ад Ганны, сказаў да Яўхімавых хлопцаў: — Каторыя могуць, няхай п'юць, не баяцца. Гарэлка, сказаць, не куплёная. Грошай не пераводзіў. Сам у кустах нацадзіў!..
— А едкая, ядры яе! Пячэ — горай за агонь! Ето не тое, што хвабрычная! — пахваліў Ганнінага бацьку Ларывон.
— А закуска — шчэ лепей! — падтрымала гаспадароў, помнячы пра свой абавязак, дружка Маруся. — Такое ўсё смашнае, і смажэнне, і пячэнне!
Дзяўчаты, жанкі дружна заківалі галовамі, сталі хваліць яду, мачыху, Ганну, бацьку — хваліць усё, што падабалася і што не падабалася. Ганна слухала гэта без уцехі, ведала — хваляць больш таму, што так трэба ў гасцях. Ды і чаго дзівіцца: многім перабіраць вельмі не было ад чаго — дома картопля з расолам за шчасце…
Людзі п'янелі, і крык за сталом усё мацнеў. Мачыха ўжо не паглядвала з непакоем на сталы, на гасцей, не гадала — хопіць ці не хопіць, — хадзіла няроўна, піла і ела з усімі, падавала, што толькі было. Ганна бачыла, як яна падыходзіла то да адной, то да другой, прыўзнімала доўгі андарак, паказвала Яўхімавы боты, якія былі ўжо на яе нагах.
— Самы раз! Як на мяне шыты! — хвалілася яна Марусі. — А шкура — памацай, — прасіла яна і, калі Маруся мацала халяву бота, гаварыла, радая: — Шкура — цупкая, вырабленая! А падошвы — як зялезныя!.. На ўвесь век хопіць! Хоць кожны дзень насі, не зносіш!..
Але гэтага было мала, шчасце яе павінны былі бачыць усе — выйшла на сярэдзіну хаты.
— Глядзіце! Глядзіце — які падарак зрабіў мне Яўхімко!.. — Яна павяла вачыма, поўнымі шчасця і слёз, у бок Яўхіма: — Зяць мой, залатая душа!
Бацька ўзяў яе за руку, хацеў адвесці ў куток, далей ад бяды, але яна не паслухалася, адхінулася ад яго, павярнулася кругом, каб бачылі з усіх бакоў — якія боты!
— От прыдбала зяцька! — У шуме і гомане гасцей мачыха, размазваючы па твары слёзы шчасця, пайшла да Яўхіма, абняла: — Азалаціў ты цешчу сваю, Яўхімко!.. Век не забуду!.. Такія чобаты!
— Насіце на здароўе, мамо! — голасна і таксама задаволена сказаў Яўхім. — А парвяце — новыя падару! Насіце, не шкадуйце!..
Ён быў сп'янелы, але трымаўся яшчэ моцна. Між усіх, хто сядзеў поблізу, ён, здаецца, і піў, і галёкаў найбольш. Ён і тут чуў сябе самым важным, самым дужым — як бы хваліўся тым, што піць і крычаць можа без канца…
Калі сталі сварыцца прыпеўкамі сваты і дружкі, Ганна неспадзеўкі зноў убачыла Васілёвага браціка. Ён, аказваецца, быў ужо ў хаце — сядзеў з Хведзькам на прыпечку і глядзеў і слухаў — зноў, здалося Ганне, хмурна, не па-дзіцячы сур'ёзна. Ён, мусіць, адзін не рагатаў, чуючы, як дружкі на чале з задзірыстай, звонкай Марусяй кпілі, здзекаваліся са сватоў:
Наш сваток не ўмее ля стала стаяці
Дай з дружкамі размаўляці.
Ідзі ў места ды купі сабе мыла,
Штоб жонка любіла!
Штоб дзеці пазналі
Дай бацькам назвалі!
Ганна сачыла за малым з вінаватасцю і пяшчотай, глушыла ў сабе жаданне падысці да яго — пачаставаць, пагладзіць галоўку, сказаць што-небудзь добрае, ласкавае. Як ні туманіла галаву сп'янеласць, помніла — усе ведаюць, што было ў яе з Васілём, і пяшчоты з яго брацікам асудзяць…
І ўсё ж жаданне падысці да малога не адступала, не хацела слухацца развагі. Сп'янелай, ёй так цяжка, проста немагчыма было адагнаць раптоўную спакусу. "Пайду — бы да Хведзькі… Скажу што-небудзь Хведзьку, а тады — яму… Бы ненарокам…"
Яна ўзнялася, пастаяла трохі каля печы, прытуліўшыся спінай к пабеленай сценцы. Стаяць было нялёгка: падлога хадзіла, як плыт на вадзе. Цяпер спявалі, кпілі з дружак сваты — на яе, Ганну, не глядзеў ніхто. Як яе і не было тут, як і не яе вяселле. І праўда, можа — не яе, сон толькі… Глупства якое — чаго толькі не прычаўпецца сп'яну!.. Не сон, не сон — прапіваюць яе! Не каго другога!.. Прапілі ўжо!.. Але думаючы гэта, яна цяпер не трывожылася, не шкадавала ні аб чым, усё было абыякавае. Хацелася толькі аднаго — падысці да Валодзькі, дзіўнага сур'ёзнага малога, якога раней нібы і не заўважала.