Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Людзі на балоце
Шрифт:

— Чаго ето? — Васіль няветліва адвярнуўся.

— Агеньчык раскладзем!

Васіль пастаяў, зрабіў выгляд, што заняты, — развязаў торбачку, стаў перабіраць у ёй, нібы чагосьці шукаў. Думаў, што малы не стане чакаць, але той не адыходзіў, сачыў за кожным яго рухам.

Што з ім зробіш! Васіль сярдзіта пажаваў скарынку, завязаў торбачку. Накінуў на плечы світку.

— У нас е запалка, — радасна паведаміў Хведзька, забягаючы наперад Васіля.

Ганна ўжо раскладвала агонь сама. Кволы агеньчык, перад якім яна ляжала наўколенцах, ледзь-ледзь жыў. Ён быў такі немачны, што не мог запаліць нават жмуток сухога сена, які трымала на ім дзяўчына. Амаль прыпаўшы тварам да агеньчыка, нібы ў паклоне, старалася вярнуць Ганна яму жыццё, дзьмухала, падтрымлівала, а ён тлеў усё слабей. Дзяўчына была ў адчаі.

— Дай я!

Васіль стаў наўколенцы поруч з ёю. Яна крыху адсунулася, але не адышла. Так яны некалькі хвілін і ляжалі, плячо каля пляча, намагаючыся ажывіць агеньчык, што канаў. Шчаку Васіля казытала пасма яе валасоў, незвычайна блізкая, але ён не адхіляўся. У яго быў адзін клопат, адзін непакой.

Агеньчык патух. Ганна ўстала, уздыхнула. Стала чуваць, як гудуць камары.

— Нічога. Я пайду пазычу вугольчык… — прамовіў суцешліва Васіль.

Вакол у розных месцах свяцілася ў цемры некалькі агнёў. Ён выбраў самы блізкі і хутка нацянькі пакрочыў на вясёлы гэты бляск. Каля агню ўкруг сядзелі стары Глушак Халімон, празваны па-вулічнаму Карчом, — сухенькі, няголены, — фарсісты Карчоў сын Яўхім і іх парабак, малады рабаваты хлопец з-за Прыпяці.

Вячэралі.

Васіль павітаўся.

— Што скажаш, чалавеча? — лагодна, сціпла сказаў стары.

— Вугольчык пазычце…

Яўхім устаў, плюнуў на далоні, прыгладзіў чуб. Фарсун, ён і тут ужо быў у крамным пінжаку, у ботах.

— Свой трэба мець!

— А вам шкода?

— Шкода не шкода, а трэба мець! Цяпер жа ўласць усё для такіх стараецца!..

— Яўхім! — адгукнуўся строга, нават грозна, бацька, папярхнуўшыся куляшом. Стары Глушак лагодна зірнуў на Васіля. — Бяры, чалавеча!.. Ён смяецца…

— Не, я — сур'ёзно. Аб етым унь напісано ў «Беднаце»…

— Яўхім! — павысіў голас стары Корч. Пасля паўзы ён запытаўся строга: — Ты куды?

— Да Аўдолі-салдаткі. Ці то — чырвонаармейкі?

Парабак засмяяўся.

— Як ты кажаш бацьку! — пачырванеў Глушак.

— Ну, куды? — Яўхім павёў плячамі. — Ну, пайду, пашукаю весялейшай кумпаніі!..

— Глядзі, недалёко. Штоб на бандзітаў не нарвацца! Чуў я, у Мокуці ўчора булі…

— Не нарвуся!

Нёс вугольчык Васіль голымі рукамі — перакідваў з далоні ў далонь, нібы гуляў. Чырвонае вочка весела бегала ў цемры.

Часам прыпыняўся і дзьмуў на агеньчык, каб не гас. Калі прыбег да Чарнушкаў, там адразу зрабілася клопатна. Ганна хутчэй падала жмуток сухога сена, схілілася разам. І зноў яе пасма казытала яго шчаку, але цяпер гэта не толькі не замінала, а было нават дзіўна прыемна яму. Яны разам дзьмулі на вугаль, на сена, і гэта таксама было прыемна.

Яшчэ больш прыемна стала, калі вугаль падпаліў сена і ўскінуўся жвавы агеньчык. Хведзька, які бегаў каля іх, хутчэй паспрабаваў сунуць галіну.

— Куды ты такую! Дурны, і дурны ж ты! — Ганна адпіхнула галіну і чамусьці засмяялася.

4

Нічога асаблівага не было ў гэты вечар, але памяць пра яго грэла і трывожыла іх потым многія гады.

Ганна памыла ў блізкай ямцы бульбу, насыпала ў кацялок і хацела паставіць яго пры агні, але Васіль перабіў:

— Давай я ралцы зраблю!

Ён, стараючыся не траціць паважнасці, па-мужчынску стала пакапаўся ў ламаччы, што было каля вогнішча, выбраў дзве дубовыя голькі, выразаў з іх ралцы і ўткнуў у зямлю. Зрабіўшы перакладзінку, паспрабаваўшы яе моц у руках, узяў у Ганны кацялок і павесіў над агнём.

— Так лепей, — прамовіў Васіль пад канец.

Ганна прамаўчала, але ў яе маўчанні ён пачуў згоду. Для Васіля гэта было ўцехай. Яны сядзелі адно супраць аднаго, глядзелі на ваду, што пачынала кружыцца, зацягвацца белай малочнай плеўкай, і хоць не гаварылі ні слова, дзіўна разумелі, чулі адно аднаго. Між іх жыла незвычайная лагода і добрая згоднасць. Не ўмаўляючыся, узялі яны кожны сабе абавязак і глядзелі яго: Ганна здымала накіп з вады, сачыла за кацялком, Васіль падкладваў ламачча, каб вогнішча не спадала. Пакуль варылася бульба, ён з Хведзькам некалькі разоў схадзіў у лес, падбавіў галля і толькі тады, калі запас быў зроблены добры, зноў сеў перад агнём.

Калі Ганна, зліваючы ваду, папрасіла яго вячэраць, Васіль, ад звычкі, якой трымаліся амаль усе ў Куранях, ад прыроджанай схільнасці да адзіноты, усё ж хацеў быў адмовіцца.

— Я пад'еў ужэ.

— Калі ты там еў! — як гаспадыня, запярэчыла яна. — Садзіся. Нядобра без гарачаго!..

Васіль паслухаўся, але без ахвоты. Ён прынёс ад свайго воза паўкаравая хлеба, брусок сала і жменю зялёнай цыбулі, паклаў перад Ганнай на хустку.

Вячэралі маўклівыя, насцярожаныя, нязвыклыя да такой, нібы сямейнай, блізкасці. Абдзіраючы ліпкую шкурку з бульбін, Васіль хмурыў лоб і ўсім сваім выглядам паказваў, што ён зусім не бянтэжыцца, што яму ведама, як належыць у такім разе трымацца мужчыну, але вачэй на Ганну не падымаў і ў думках злаваў на свае асабліва непаслухмяныя пальцы.

Толькі адзін Хведзька, мусіць, не зважаў ні на што: душачыся гарачай бульбай, прыкусваючы салам ды цыбуляю, выбіраў з кацялка бульбіну за бульбінай. Ён першы адступіўся ад кацялка.

Услед за ім выцер рукі аб штаны і Васіль.

— Шчэ еш, — сказала Ганна. — Ты ж не пад'еў.

— Не, хопіць…

— Нясмачная, можа, картопля?..

— Картопля як картопля…

Ён сапраўды не заўважыў, смачная ці нясмачная была гэтая бульба. Не да таго было. Ён нават быў рады, што гэта дзіўная, цяжкая вячэра скончылася. Падумаў, што сказаў, напэўна, нядобра, што трэба было б пахваліць бульбу. Але хваліць бульбу — гэта значыла хваліць і Ганну, а ён ніколі ў жыцці нікога не хваліў, тым больш дзяўчат. Гэтага ніхто з мужчын не рабіў.

Як мог стрымана, паважна, як і належыць мужчыну, Васіль падзякаваў.

— Няма за што, — адказала Ганна.

Васіль устаў, паглядзеў на сіняватае, глыбокае, зорамі вышытае неба.

— Пагода павінна буць!..

Ён хацеў быў ужо ісці да свайго воза, але Хведзька папрасіў:

— Дзядзечко, вы з намі застаньцеся!

Васіль нерашуча стаў. Ганна брала хустку, маўчала. Васіль кінуў на яе насцярожаны позірк.

— За Гузам глядзець трэба…

Ганна адгукнулася:

— Яго і адсюль відаць…

— Адсюль не так.

Ён намерыўся ісці, але Ганна, зразумеўшы гэта, ускінула на яго вочы, ціха, спалохана прызналася:

— Мне страшно…

— Чаго ето?..

— Бандзіты раптам аб'явяцца…

Яе шчырае слова, просьба ўразілі яго, адразу размякчылі ганарыстае мужчынскае сэрца. Такой просьбе ён не мог адмовіць. Сказаў, што застанецца. Прайшоў толькі да каня, паглядзеў, як трымаюцца путы, забраў з воза світку і зноў вярнуўся да вогнішча.

Поделиться с друзьями: