Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Людзі на балоце
Шрифт:

— Васіль, — сказала раптам Ганна дзіўна, нясмела і вінавата, — ты, мабуць, сердзішся… што я пасмяялася… Пра вочы і пра валасы — розныя…

Васіль нахмурыўся, прамаўчаў.

— Ты не сердзіся. — Яна пашкадавала. — Як што за язык цягне мяне — каб цябе зачапіць! Але ты не сердзіся! Я — не ад зла на цябе…

Неяк не хацелася верыць таму, што чуў. Усё чакаў, што выкіне што-небудзь зноў. Але не, не зарагатала. Пад канец дык проста збянтэжыла Васіля, аж пачырванеў.

— А што вочы такія ў цябе — дак мне ето, папраўдзе, даспадобы! Такіх ні ў кога няма болей. І сам ты — харошы, толькі што маўклівы, унурысты. Усё адно як грэбуеш дзеўкамі ці баішся!

— Е чаго пагарджаць ці баяцца.

— Ну, а так здаецца!..

Памаўчалі. Ганна стала ладзіць Хведзьку і сабе пасцелю. Хутка яна, абняўшы адной рукой брата, другой адбіваючыся ад камарэчы, ляжала каля вогнішча, а Васіль яшчэ сядзеў, праз меру ўважліва пазіраў на агонь. Было вельмі радасна ад таго, што яна сказала пра кпіны свае і пра яго вочы. І ўжо як і не было злосці на яе. Была толькі радасць і турбота, якая мяшалася з гэтай радасцю і з якой невядома што было рабіць. Усё-такі класціся тут, каля Ганны, хоць яна і прасіла, было не проста, няёмка.

— Дзядзечко, а вы чаго седзіце? — не ўтрываў нарэшце Хведзька.

— Не хочацца нешто спаць…

— А ты ляж, паспрабуй… Заснеш, можа… — параіла Ганна.

Васіль стаў ладаваць світу на другі бок вогнішча, але Хведзька — вось жа зараза! — папрасіў:

— Сюды ідзіце, бліжай!

Васіль, каб не падумалі чаго-небудзь непатрэбнага — што ён баіцца Ганны, напрыклад, — перанёс світу бліжэй.

Доўга не спалася Васілю ў гэту ноч, такую звычайную і незвычайную. Укрыўшыся з галавою ад камароў, ён толькі прыкідваўся, што спіць, але сон не ішоў да яго. Расплюшчваючы вочы, бачыў Васіль з-пад світы, як ападаў, гас агонь, як сівелі вугольчыкі, бачыў у парадзелай цемры воз і каня непадалёк, які час ад часу пырхаў, бачыў, як пануе далей белым возерам туман. І ўсё, што ён бачыў, было дзіўна сагрэта Ганнінай блізкасцю, яе стомленым дыханнем, якое ён слухаў, нечым цёплым, невыказным, незразумелым, што паявілася ў гэты вечар, што бянтэжыла яго і ад чаго аж млелі перапоўненыя радасным чаканнем грудзі.

Але змора нарэшце ўзяла сваё.

Абудзіўшыся ўранку ад штуршка, Васіль убачыў над сабою Яўхіма Карча, які, мусіць, вяртаўся з начной уцехі.

— А хітра прыладзіўся, Дзятлік! — падміргнуў Яўхім. — Такі нібы варона, а як да дзеўкі — не промах!

Васіль спасцярожліва азірнуўся на Ганну — яна ўжо не спала, усё чула, — і губы яго задрыжалі ад гневу.

— Адыдзі ты!..

Яўхім дабрадушна ўсміхнуўся.

— Не бойся, не адаб'ю. Такога цвету — па ўсяму свету!

Ганна едка адгукнулася:

— Чаго не ясі, таго ў рот не нясі! Шчасце якое! Патрэбен ты мне, як хата сабаку!

— Патрэбен не патрэбен, а, мабуць, не адмовіла б!

— Малы жук, ды — вялікі гук!

Яна сказала гэта з такой абразлівай насмешкай, што Яўхім адразу не знайшоў, што і сказаць. Не зважаючы на яго, Ганна папрасіла Васіля ласкава:

— Я хутка паснедаць чаго зраблю. Прыходзь. Добра?

— Добра…

— Ну, язык Бог даў!

Яўхім плюнуў, павёў плячом і ляніва пацягнуўся да свайго табара.

Раздзел другі

1

Усё лета перад хатай Чарнушкаў ціха грэлася на сонцы маладзенькая, з тонкім, як дубец, камлём рабіна. Ніхто ў Куранях, бадай, не заўважыў, калі і хто пасадзіў яе, не бачылі як трэба яе і тады, калі яна красавіцкай раніцай апранулася ў лёгкае празрыста-зялёнае плацце з кволых, рэзных лісточкаў. Дні за днямі цікаўна, але нясмела глядзела яна на вуліцу, на ўсіх, хто праходзіў міма, — сціплая, непрыкметная, за нязграбным плотам, блізка ад вялікіх дрэў. Ніхто не даваў ёй ніякай увагі, мылі яе, песцілі толькі цёплыя дажджы ды любілі шумець маладым лісцем вятры. Людзі ж яе як бы не заўважалі, спачатку таму, што проста не прыкмецілі, а потым таму, што непрыкметна прывыклі.

І неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак. І не адны вочы, не абыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства, глядзелі здзіўлена, зачаравана: «Глядзі ты!..»

Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна. Яшчэ, здаецца, учора была гарэза, падлетак, а вось ужо, глядзіце — у самай добрай пары дзяўчына, у самай красе сваёй! Калі толькі вырасла!

Глядзелі на Ганну, разважалі і — за малым выключэннем прыдзір з жанок — згаджаліся: выспела, нявеста, нічога не скажаш! Часам пры гэтых гаворках — асабліва жанкі — успаміналі Ганніну маці-нябожчыцу, казалі, што дачка ва ўсім выйшла ў матку. З аблічча — дык як вылітая: і невялікая ростам, і не гладкая — худая, можна сказаць, і плечы, як у маткі, вузкія, і рукі тонкія. І косы чорныя, густыя, аж блішчаць, бы намочаныя, і смуглявасць на твары такая ж, і шчочкі таксама ж выпінаюцца.

Іншы раз языкі жанок — прыдзір ці зайздросніц — меркавалі, што грудзі ў Ганны малаватыя, як кулачкі: чым толькі дзіця карміць будзе, калі давядзецца? Але пры ўсім тым — нават прыдзіры і зайздросніцы не пярэчылі — Ганну ніяк нельга было палічыць за кволую: збоку, з аднаго позірку відаць было — крамяная ў Цімоха дзяўчына, дужая, сілаю ўся налілася! Вунь якая пругкая ў хадзе, спрытная якая ў рухах, так і відаць — маладосць, сіла ў кожнай жылачцы!

Той, каму быў час і ахвота прыглядацца, хто лепш бачыў Ганну, заўважаў, што перамянілася яна не толькі з аблічча. Багата што інакшае было і ў тым, як яна хадзіла між людзей, — стрымана і паважней, як трымалася з хлопцамі, — стражэй і з нейкай кплівасцю. Нават смяялася цяпер яна інакш, як дасюль, — смех быў ужо не бесклапотны, не пусты па-дзіцячы, у ім таксама звычайна чулася кплівасць; і штосьці як бы таілася ў гэтым смеху. І глядзела яна інакш, — нядаўна адно дзікавата-цікаўнымі вачыма. Як і раней, не было, здавалася, такой хвіліны, каб вочы яе, вільготна-цёмныя, падобныя на спелыя вішні, былі абыякавыя, нудлівыя, увесь час блішчэла, ззяла ў іх няўціхнае хваляванне. Але сачылі яны з-пад шаўкавіста-чорных смелых броваў цяпер з падсцярожлівай, пільнай уважнасцю і, здавалася, толькі і чакалі выпадку кпліва падсмяяцца. Іншы раз маглі яны, як і раней, бліснуць весялосцю, але часта, вельмі часта гарэлі ў іх недавер'е і насмешка. У іх таксама ж нешта таілася, у цудоўных вішнёва-чорных вачах.

Амаль усе куранёўскія цёткі і дзядзькі згодна лічылі, што, набыўшы паважнасці, Ганна разам з тым стала і больш неспакойнай і — аж залішне задзірыстай. Не аднаму ў Куранях не даспадобы была і яе ганарыстая ўпэўненасць: ледзь не кожным учынкам Ганна, здавалася, паказвала, што ў яе на ўсё свае сталыя меркаванні, свой цвёрды погляд…

Хлопцы і гарнуліся да яе і нібы пабойваліся. Акрамя таго, што стрымлівалі Ганніна задзірыстасць і ганарлівасць, ім помнілася, што не лішне асцерагацца і яе язычка. Ведалі яны і тое, што Ганну не дай Бог увесці ў гнеў: тады яна ўмомант страціць роўнасць сваю, забудзецца на ўсё, загарыцца адным. Гарачая, нястрымная, небяспечная яна, ганарліўка Ганна!..

Васіль не прыглядаўся асабліва, не перабіраў, не вымяркоўваў. Ён быў для гэтага вельмі ж здзіўлены, зачараваны. Жылі побач, бегалі з другімі на выган, пасвілі жывёлу, колькі гадоў бачыў між іншых і не ведаў, не здагадваўся, хто такая Ганна. І нечакана пасля вечара на лузе адкрылася ўсё, і, убачыўшы, адчуўшы такое, збянтэжаны, уражаны, стаў як сам не свой. Свет як бы перайначыўся адразу.

Ён быў цяпер поўны цудаў і радасці, незвычайны свет, — і ўсе цуды і радасць у ім тварыла Ганна. Адны яе рукі, пераплёўшыся пальцамі з Васілёвымі, маглі рабіць яго многія ночы шчаслівым. Калі яна паслухмяна тулілася, яго поўніла дзіўнае, незразумелае і невыказна харошае тамленне ў грудзях. Туман таямнічы над балотам, ціхі шэпт груш — нават яны змяніліся, сталі інакшыя, дзівосныя дзякуючы ёй. Калі яна была побач, радасць, шырокая, бязмежная, жыла ў ім, ва ўсім, што акружала іх. У гэтай радасці ночы не плылі, а ляцелі, і світальныя зоры прыходзілі заўсёды вельмі рана. Цэлымі днямі, што б ні рабіў, Васіль зачаравана ўспамінаў Ганну, думаў пра Ганну, шукаў вачыма Ганну, чакаў ночы спаткання з Ганнай.

Час быў не для кахання — гарачы жнівеньскі час. Людзі ўставалі раней за сонца, вярталіся ў сяло ўпоцемку. Павячэраўшы, куранёўцы адразу валіліся спаць. Кароткія яшчэ ў жніўні ночы, вечар ледзь не сустракаецца са світаннем, а трэба даць уціхнуць зморы ў руках, у нагах, учыгунелай спіне, адпачыць целу ад едкага поту. Васіль жа, ледзь толькі пачне гусцець поцемак, бачыў адно жардзяны плот каля Чарнушкавага агарода, дзе стаялі першы раз, калі яшчэ не асмельваўся ўзяць Ганну за стан, і дзе з таго вечара стаялі ўсе ночы.

Поделиться с друзьями: