Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Людзі на балоце
Шрифт:

Дубадзел даў яму знак сесці.

— От тут грамадзянін вашай вёскі Курані Дзяцел Змітро, — загаварыў ён зноў паважна, тым жа тонам кіраўніка і прамоўцы, — заяўляе…

— Заяўляў і заяўляць буду — ерунда!

У хаце зноў засмяяліся. Дубадзел пачырванеў:

— Грамадзянін Дзяцел Змітро, вам слова не давалі. Прашу не перабіваць! Тым больш што сваімі выкрыкамі вы некультурно замахваецеся не толькі на сельсавет, але і на выбраны ўсім народам вашага сяла орган — камісію!..

— Пляваў я на тваю камісію! — Міця рваўся к сталу, але яго стрымлівалі. Ён кіпеў: — Камісія! Таксамо мне — указ! Начальство!.. Я ў лесе — сам начальство! Над усімі елкамі і палкамі! І сею — дзе хачу! І не суйся!

— Д-добра! — злавесна сказаў Дубадзел. — Мы табе пакажам, куды можно і куды няможно сунуцца выбранай камісіі і сельсавету, які ёсць поўная ўлада на месцы!..

— Пакажы! — Міця не слухаў угавораў бліжніх. Душыла крыўда. — Усякае лезе ў начальство! А таго не дапетрыць, што ў мяне свой закон, свая ўлась!

— Усё сваё ў цябе! Правільно! — падчапіў з рогатам Хоня.

Смех і вясёлы гоман, што ўсё мацнелі ў хаце, падагравалі Міцю. Невядома, як закончылася б гэтая перапалка, калі б за сталом не падняўся незнаёмы ў вайсковым кіцелі. Спакойна, цвёрда загадаў:

— Прашу вывесці п'янага!

Міцю акружылі, узялі пад рукі, пад вясёлыя смешкі Хоні сілком вывелі з хаты. Пачакаўшы, пакуль не ўціх гоман, чалавек абцягнуў кіцель, ужо дзіўна лагодным голасам абвясціў:

— Калі ёсць якія-небудзь прэтэнзіі да камісіі па землеўпарадкаванню і калі такія прэтэнзіі могуць з'явіцца заўтра, — як бы выдзеліў апошнія словы незнаёмы, — прашу заявіць іх або камісіі, або мне асабіста.

— А хто ты такі? — крыкнула яму Сарока.

Чалавек з усмешачкай глянуў на Дубадзела: ваша віна, што не здагадаліся пазнаёміць у час.

Дубадзел не так назваў, як папракнуў Сароку за невуцтва:

— Таварыш Зубрыч ето! Спіцыяльны ўпаўнаважаны з воласці!..

Зубрыч кіўком галавы пацвердзіў гэта, зноў загаварыў да ўсіх:

— Такім чынам, таварышы, са ўсімі скаргамі, якія ўзнікнуць, прашу звяртацца да мяне. Мы іх не адкладваючы тут жа на месцы разам з вамі праверым і вырашым, як быць далей.

Зубрыч лагодна ўсміхнуўся. Гэтая ўсмешка Зубрыча старога Глушака не толькі не супакойвала, але насцярожвала: нават калі смяяўся ўпаўнаважаны з воласці, чуў стары, што гэты чалавек заўсёды сабе наўме.

"Смяецца, а ўсмешка як бы не яго, — падумаў Глушак. — Чужая нібы".

Другім жа Зубрыч, было відаць, прыйшоўся даспадобы. У хаце пасля яго слоў стаяў гул ухвалы: правільна, па-справядліваму трэба разабрацца, разам з людзьмі.

Упэўненая строгасць Зубрыча да Міці і абыходлівасць з людзьмі выклікалі пашану да яго і давер'е. Зубрыч раптам стаў жывой надзеяй куранёўцаў.

Ён адчуў гэта, лёгка, непрыкметна ўзяў кіраўніцтва сходам у свае рукі, аб'явіў, што слова мае старшыня камісіі па землеўпарадкаванню Дзяцел Міканор. Міканор выйшаў з-за стала, і Дубадзелу, так і не дагаварыўшы, хочаш не хочаш, давялося сесці.

— Дак от, тут дзядзько Пракоп, — адразу рынуўся ў наступ Міканор, — сказаў, што камісія няправільно памерала…

— Не я адзін. Міця унь болей гаварыў… — прагуў, апраўдваючыся, Пракоп.

— Міця — той п'яны і выйшаў з хаты.

— Ну дак што, калі выйшаў?

— А тое, што пра п'янаго, ды якого шчэ няма тут, — няма чаго і казаць!

— Дак калі ён, Пракоп, выйдзе — і пра яго не будзе гаворкі? — уварвалася ў спрэчку Сарока.

— Аге, праўда! — ухапіўся за падтрымку Пракоп. Ён, было відаць, хацеў толькі адступіць з годнасцю, ухіліцца ад удару.

Але Міканора гэта распаліла яшчэ больш.

— Вы не круціце, дзядзько!

— Чаго ты ўссеў на мяне! — раптам загарэўся Пракоп. Шыя яго налілася крывёю.

— І праўда, прычапіўся! — зноў падтрымала Пракопа Сарока.

Глушак думкаю быў на баку Пракопа, але стрываў, не заступіўся за яго: кінеш слова насуперак гэтай васпаватай заразе, толькі бяды лішне наклічаш! А тут і без таго невядома, што будзе і як самому адбівацца прыйдзецца.

"Але ж — зараза! От жа зараза, скажы ты! — падумаў пра Міканора. — І такое нахабнае! Пра Маслака нават і не думае, бы той яму нішто! Няўжэ і апаскі не ўзяло, што ён можа паявіцца?" Глушак пры гэтай думцы пачуў сябе кволым, бездапаможным…

— Я на вас не ўссеў! — не адпускаў Пракопа Міканор. — А толькі я не люблю няпраўды! Не люблю, калі абмануюць, ды шчэ другіх патом вінавацяць!

— А ён і не вінаваціць нікога — ні чорта, ні Бога! — заступілася Сарока.

— Не вінавачу…

— Дак не кажыце, што няправільно памералі. Вы паўтары дзесяціны не ўпісалі!

— А што яму — самому ўпісаць трэба було? — абазваўся Ларывон, і Глушак кіўнуў у знак згоды.

Тут у спрэчку ўлез Хоня, падкалоў:

— Папрасіць трэ було каго — хто граматны!

Міканор пабег позіркам па хаце, некага шукаючы.

— От тут шчэ адзін забуўся памераць сваю зямлю. — Ад адных гэтых слоў Глушак уведаў: пра яго зараз гаварыць будзе. — Не дамераў без чатырох сажняў тры дзесяціны!

— Хто ето? — вылез Андрэй Руды.

— Ето — Глушак Халімон.

Твар, плечы, рукі Глушака наліліся нечым важкім, як гарачая гліна, але ён перамог злосць, сказаў спакойна:

— Ну, дак дзякуй за ето. Што перамераў.

— Няма за што, — укалоў Міканор.

— Ну, пастараўся ж, пахадзіў усюды. Бо я сам, можа, век бы не сабраўся памераць!

— Вы і сям'ю палічыць не сабраліся, лішняга ўпісалі.

— І за ето дзякуй, што памог.

Глушак захінуў полы кажуха і зноў нагнаў на твар санлівасць: не зразумець было, ці то слухае чалавек, ці дрэмле. Але ўсярэдзіне ў яго ўсё кіпела: "Перамераў! Падлічыў! Няма каго, штоб перамераў цябе па спіне дубінаю! Ды падлічыў твае рабрыны, трасца шалудзівая!"

Поделиться с друзьями: