Людзі на балоце
Шрифт:
Трывога, спачатку няпэўная, няясная, перамешаная з радасцю, з добрымі марамі, з'явілася ў ім, калі ён пабачыў, што камісія пайшла па хатах. Цешачыся тым, што жаданы перадзел усё ж збудзецца, гадаючы, колькі пяройдзе яму зямлі, ён разам з тым непакоіўся, каб як-небудзь не абышлі яго, не схітравалі і не абдзялілі. І на людзей, абраных у камісію, ён глядзеў з надзеяй і асцярогай, як бы гадаў, што яны прысудзяць яму. Сярод гэтых людзей найбольш турботных думак даваў яму Ганнін бацька, які, здавалася Васілю, цяпер не можа быць, каб не стаў заступацца за Карчоў, сваякоў сваіх, падрываць Васілёвы шанцы на ўдачу…
Камісія не абмінула Васілёвай хаты, перамерала і яго поле. Васіль сам гаварыў, калі яны запісвалі, колькі ў яго зямлі і якая сям'я, хадзіў побач, калі перамервалі паласу. У тыя дні, як ніколі, была ў яго ахвота пасябраваць з Міканорам, і не праходзіла дня, каб Васіль раз, а то і два не зазірнуў да свайго суседа. Але Міканор дома сядзеў цяпер рэдка, не раз даводзілася гаманіць адно са старым Дамецікам, ад якога не было ніякай карысці. Праўда, і ад сустрэч з Міканорам добрага было не многа больш: Міканор неяк заважнеў, нешта таіў у сабе, не выказваў вельмі зычлівасці. Толькі і дазнаўся Васіль, што ў каго-нікаго знайшлі лішкі, што яму павінны прырэзаць з паўдзесяціны, але якія будуць гэтыя паўдзесяціны — зямля ці пустэча, — так і не ўведаў. У Міканора на ўсе выпыты быў адзін адказ: сход збярэцца, камісія памяркуе, і Васілю было відаць, што на якую-небудзь асаблівую прыхільнасць спадзявацца не трэба. Гадаючы, якім бокам павернецца да яго доля, прызвычаены чакаць горшага, ён у думках не раз, не два нядобрым словам памінаў Міканора.
Са злой радасцю цешыўся Васіль гаворкам, што асабліва багата павінны абрэзаць зямлі ў Глушакоў. Некаторыя гаварылі, што павінны пакараціць глушакоўскія палі не менш як напалавіну, другія — што нават больш. Былі і такія гаворкі, што калі ўжо абразаць, то лепш было б, каб абрэзалі не абы-якую зямлю, а тую, каля цагельні. Праўда, потым за гэтымі гаворкамі папаўзлі чуткі, што зноў аб'явіўся Маслак, гразіўся карміць зямлёй усіх тых, хто яе вельмі прагне, і гаворкі пра перадзел прыціхлі.
Канешне, і малому кожнаму было вядома, што калі людзі цяпер і менш гаварылі пра перадзел, то думалі, мусіць, яшчэ больш. Думаў і Васіль. Чуткі пра Маслака, якія нагадвалі яму не такую далёкую страшную ноч, гразіліся хлопцу, напэўна, вастрэй, як каму другому. Яму і цяпер, здавалася, чуўся на спіне дотык бандыцкага абрэза, і цяпер, пры адным напамінку, халадзела сэрца ад страху. І ўсё ж надзея на зямлю, што стала была такой блізкаю, не хацела гінуць, тачыла і тачыла яго. Страх і надзея мяшаліся ў душы, змагаліся адно з адным, то прымушалі маўчаць, таіцца, то поўнілі хлопца адчайнай смеласцю, адвагай, гатовай на ўсё.
Гэтыя пакорлівасць і бунтарства, страх і адвага біліся ў ім асабліва горача тады, калі ён сядзеў на сходзе, сачыў, як то набліжаецца, то адступае яго шчасце. Ён праз увесь сход і не думаў гаварыць. Спадзяваўся, што і без яго абыдзецца, але раптам дрыгва, здалося, разарвалася і пад ім. Ён пачуў, што гіне. Надзеі ні на каго не было. Трэба было ратавацца, ваяваць за сваё жыццё самому. І ён ускочыў, рынуўся ў бой. Закрычаў, не помнячы, не баючыся нічога…
Цяпер ён ішоў па цёмнай вуліцы, мясіў куранёўскую гразь і патроху астываў пад сырым, халаднаватым ветрам з балота. Непадалёк брылі людзі, была чутна гамонка, але ён не далучаўся ні да каго і нічога не чуў, жыў сваім хваляваннем, сваімі клопатамі. Было трывожна ад таго, што от не ўтрываў, выскачыў супроць Маслака, і невядома, што цяпер будзе. Але ні страх, ні каянне не бралі, цвярдзелі ў душы ўпартая непахіснасць і рашучасць. "Ну і няхай, няхай грозяцца! Што ж мне — ад зямлі самому адракацца! Так можно і без нічога астацца, калі баяцца ўсяго!.. Няхай шчэ самі падумаюць, як бы іх хто-ніхто зямлёй не накарміў!.." У гэтую хвіліну не толькі Міканор і другія куранёўцы, але і Харчаў з Шабетам прыгадваліся без крыўды, не як няпрыяцелі, а як супольнікі. "І вельмі можа буць, што "накормяць" маслачкоў. Харчаў, мабуць, толькі і чакае, цікуе дзе-небудзь. Няхай толькі паткнуцца!.."
Побач апынуўся Ігнат, Хадосьчын бацька, пайшоў нараўне.
— Багато шчэ малаціць?
— Да ўжэ хутко. Мо з капу якую…
— І мне небагато. Лёгко ў етым годзе…
— Аге. Не важко…
Далей тупалі моўчкі, але Васіль чуў, што чалавек не так сабе падышоў, трымаецца побач не так сабе — шануе, паважае. Напэўна, за смеласць сённяшнюю, за тое, што не пабаяўся, выказаў праўду перад усімі!
Калі Ігнат збочыў на свой двор, у Васіля засталася аб гэтым згодным сяброўскім маўчанні добрая, лагодная радасць.
Дома дымела, трашчала лучына і каля прыпека варушыўся ў камізэльцы дзед Дзяніс. Васіль бачыў яго на сходзе і не ведаў, як стары ўправіўся вярнуцца раней: мабыць, не дабыў да канца.
— От і гірой наш! — задаволена сказаў дзед. Ён весела загадаў маці: — Дай бо чаго пад'есці!
Паставіўшы міску з расолам і чыгун з картопляй, маці прысела на лаўку і доўга глядзела на Васіля вачыма, поўнымі трывожнасці і шкадавання.
— Ну, чаго вы! — не вытрываў, няласкава буркнуў Васіль. — Усё адно як не бачылі век!
— Боязно мне, сыночак. Нашто табе було выстаўляцца?..
— А што було, тым часам, рабіць, калі ўсе маўчалі, як вады ў рот набраўшы? — адобрыў Васіля дзед.
— Усё адно. Кеб, барані Бог, паганаго чаго не выйшло.
— Ну, от бо! — Васіль, узлаваны, гатоў быў кінуць лыжку. — Вечно вы!
— А ты не кіпі! — строга зірнуў на яго дзед. — На тое яна матка, штоб за дзіця баяцца!.. І ты, — ён папракнуў ужо маці, — лезеш са сваім стогнам не ў пару, пад'есці не дасі!
Ужо калі леглі, дзед Дзяніс прамовіў упоцемку з печы:
— Етаго старога Карча аж трасучка ўзяла, як ты гаварыў. Разарваў бы, кеб прымеў! Не пападайся яму цяпер ці Яўхіму! Але ты, тым часам, не бойся! Не вельмі-то і папускацца трэба! І нікому папускацца не трэба! Ніхто за цябе не заступіцца, як сам не заступішся. Дак няхай, тым часам, знаюць, што і ў цябе зубы е!
Памаўчаў трохі, пакруціўся на печы, уладжваючыся: мабыць, пёк чарэн. Як бы чытаў Васілёвы думкі, калі параіў:
— І заўтра, тым часам, не драмлі. Як будуць дзяліць, скажы — абы-якой зямлі не трэба! Штоб людскую ўдзялілі, патрэбуй! Не папускайся, адным словам! Не папускайся!
2
Васіль прачнуўся рана, да першых пеўняў. У хаце ўсе яшчэ спалі, адно Валодзька на печы штосьці гаманіў у сне. Гэтая гаворка, мусіць, і разбудзіла Васіля. Ён ужо гатоў быў зноў задрамаць, але ў санлівую бесклапотнасць яго раптам пранізалася згадка-турбота: сёння! Сёння павінна пачацца!..
Толькі дайшоў сэнс згадкі, як спакою нібы і не было. Успомніліся спрэчкі на сходзе, страх, што адкладуць перадзел, успомніліся, закружыліся, запяклі зноў гарачыя свае словы, якія вырваліся былі на сходзе. Зноў нібы гаварыў, крычаў, нападаў на тых, хто асцярогай, баязлівасцю ледзь не сарваў перадзелу, заступаўся за сябе, за свае паўдзесяціны. "Добра вам казаць, калі е з чаго пракарміцца: удосталь зямлі, і такой, што як кінеш, дак вырасце нешто! А як мне, на адным пяску, на пустэчы етай? Як?!" З гэтымі думкамі-крыўдамі перапляталіся зноў напамінкі пра Маслаковы пагрозы, але і цяпер страху не паддаваўся: "Самі няхай не вельмі вылазяць, калі хочуць цэлыя буць, вужакі балотныя!"
Што б ні ўспамінаў, разам з усім, ні на момант не прападаючы, жыла ў ім, цешыла і вярэдзіла душу турбота пра зямлю. Да ўчарашняга дня ён толькі марыў пра яе, а цяпер яна была ўжо ледзь не ў яго руках. І не жменька, не дробязь якая — больш за паўдзесяціны! Калі б пашанцавала пры дзяльбе ды людскі кавалак прырэзалі, урадлівы, то гэта было б усё роўна што ўраз пабагацець!
Не першы раз прасіў, маліў у думках: той бы, што каля цагельні, якую ў Карча абрэжуць!
Марыў, а сам паліў сябе, прадракаў упэўнена, як ведаў загадзя: "Аге, чакай, так табе і дадуць яе! Пабачыш, як свае вушы! Многа там дурных такіх у камісіі ці з тых, што каля яе аціраюцца, кеб такі ласы кавалак аддаць некаму другому!" Ён амаль на свае вочы бачыў, як гэты — такі жаданы, даўно-даўно аблюбаваны — кавалак пераходзіць у нечыя іншыя, спрытныя, хітрыя рукі. "На ласы кавалак лаўцоў тут аж занадто. І не агледзішся, як выхапяць з-пад носа! З кішэні і то, кеб ухаваць можно було, выцягнуць лаўцам етым — як плюнуць!"
Трывожачыся, поўны лютасці да лаўцоў, праз якіх ніколі не абярэшся ад крыўды, Васіль як бы чуў дзедава павучанне, якое яшчэ больш гарачыла, падбівала на смеласць: "Не папускайся! Няхай знаюць, што і ў цябе зубы е!"
Добра сказаць: не папускайся! Васіль гатоў быў узлавацца на дзеда Дзяніса: няхай сам паспрабаваў бы не папусціцца, з такімі людзьмі жывучы!
І ўсё ж Васіль не хацеў і не мог папусціцца: вельмі ж вабіў яго гэты ласунак, што каля цагельні! Вельмі ж шкода было б выпусціць дабро такое, даць, каб спажыў яго нехта чужы!