Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Людзі на балоце
Шрифт:

Упаўнаважаны, застаўшыся адзін з Васілём і Яўхімам, загаварыў не адразу. Засунуўшы рукі ў кішэні, пільна, аж неяк пранізліва разглядваў спачатку аднаго, потым другога і не спяшаўся выкладваць тое, што таілася ў яго галаве. Доўга-доўга, здавалася абодвум, маўчаў — аж трываць цяжка стала маўчанку.

— Ну-с, значыць, так, — расшчапіў нарэшце губы ўпаўнаважаны, — самі пачалі землеўпарадкаванне!

Т-так!..

Яўхім запярэчыў:

— Я не пачынаў… Ён ка мне ўлез! Я толькі за сваё дабро ўступіўся!..

— Було тваё!.. Паўдзесяціны цяпер мае!.. Паўдзесяціны мне выдзелілі!..

— Етыя табе выдзелілі?

— А якія? Мо такія, якія ты сам выбераш?

Зубрыч адрэзаў строга, жорстка:

— Спыніць спрэчку! Тут не дыскусія! Я дапытваю вас! І будзьце ласкавы слухаць мяне! І адказваць тады, калі я запытаюся! — Ён зірнуў на Васіля, раптам ударыў пытаннем: — Сядзеў ужо?

У Васіля ў грудзях пахаладзела.

— Ну, чаго маўчыш?

— М-мяне адпусцілі…

— Можам вярнуць назад! — Васіль глядзеў, не пазнаваў упаўнаважанага: калі тут была ўсмешка! Не твар, а камень. — Зноў захацеў туды?!

Васіль быў разбіты.

— Усё адно! — абураўся ўпаўнаважаны. — Што хачу, тое бяру! Законы яму — нішто! Нуль!.. Савецкія законы яму не пісаны!.. Анархізм поўны! Не анархізм, а разбой! Разбой сярод белага дня! Адкрыты бандытызм!..

— Я не… бандзіт…

— Не бандыт, дык бандыцкі паслугач!

— І не… паслугач…

— Мы ўсё помнім! Мы не забылі, як вы Маслака вадзілі пад вокны савецкіх дэпутатаў!

— Дык яны ж заставілі! Абрэз уткнулі ў жывот!.. — Васіль гатоў быў зараўці ад крыўды.

— Абрэз! Хто вам паверыць! Дурняў знайшлі! Вы ж і цяпер — толькі Маслак, апякун ваш, аб'явіўся — зноў расперазаліся! На законы савецкія плюяце! Думаеце, пры Маслаку ўсё дазволена! — Упаўнаважаны гнеўна паківаў пальцам перад Васілёвым тварам: — Не, рукі кароткія! Савецкая ўлада не такіх уціхамірвала! Не такіх абсякала!..

Зубрыч з тымі ж пагрозай і гневам загадаў:

— Ідзіце! Ды чакайце, як мы вырашым!.. — Ён заўважыў, што хлопец і не глядзіць на Гуза, які мірна дрэмле. Крыкнуў услед: — Каня забярыце!

Васіль схамянуўся, паплёўся да Гуза.

Маці, радая, што допыт скончыўся так хутка, што Васіля адпусцілі, хоць і бачыла, што сын вельмі ж паныла горбіцца, выцерла слёзы, сказала весела:

— А я баялася, што, барані Бог, заарыштуе! Аж не, пусціў!! І не мучыў доўго! — Яна, відаць, хацела супакоіць сына. — Добры, кажуць, справядлівы ён! Кеб Крывароты, не дай Бог, той пападзержаў бы!..

"Добры! — аж запякло Васілю ад матчыных слоў. — Штоб яму на тым свеце, такому добраму, — не знаю што!.. Усе яны добрыя, справядлівыя такія, няхай іх сарочка не чапае… Маслака прыплёў! У паслугачы Маслаковы запісаў, справядлівы такі!.. Помнім, кажа. Не забылі. Не дакапаліся толькі… Але — дакапаюцца. Выкапаюць усё, чаго і не було ніколі. Абы толькі захацелі — выкапаюць. Набрэшуць, а ты паспробуй дакажы, што няпраўда! Такім дакажаш!.."

Не бачыў, як дабраўся да загуменнай дарогі, пацёгся між восецяў, гумнаў, платоў. З-за Чарнушкавых варот да яго кінуўся радасны Валодзька з Хведзькам, але Васіль нават не зірнуў на брата. Хведзька адразу ж адстаў, паскакаў назад, а Валодзька доўга ішоў моўчкі, таіў у сабе турботу.

— Ты даў яму? — не вытрываў, запытаў ён ужо каля павеці. — Праўда, даў?

— Што? — не зразумеў Васіль.

— Етаму Карчу — даў?

Васіль зазлаваў:

Ідзі ты, спрос… — Адумаўся: — Даў, канешне…

— Я так і знаў, — узрадаваўся Валодзька. Ён сказаў з захапленнем, з зайздрасцю: — Ты — дужы!..

6

Прасачыўшы, як хлопец пляцецца да каня, упаўнаважаны доўгім позіркам зноў паглядзеў на другога віноўніка бойкі. Паглядзеў ужо не так пільна, але з нейкай патайнай, вострай усмешачкай, за якой хавалася, як пачуў Яўхім, штосьці пагрознае. Упаўнаважаны, здавалася, гатоў быў нечым ударыць у любы момант. Але, як і спачатку, ён не спяшаўся: яму нібы прыемна было бачыць ахвяру, якой усё роўна няма куды дзецца.

"Няхай паспрабуе… Я яму не Дзятлік!.." — абнадзеіў сябе Яўхім, рыхтуючыся адбівацца ад усяго. Але рыхтаваўся ён дарма: неўзабаве і ён, як перад тым Дзятлік, быў у дужых руках таварыша ўпаўнаважанага…

Зубрыч усміхнуўся ўжо адкрыта, сказаў з нейкім гуллівым папрокам:

Што ж гэта, таварыш Глушак? Кулачкамі права сваё абараняеце?.. Я разумею вас — і нават, можна сказаць, хвалю… За тое, што заступаецеся за сваё дабро. Не аддаяце паслухмяна, як пакорлівае цялё!.. Гэта з пункту гледжання барацьбы за існаванне — правільна! Трэба трымацца, ваяваць за сваё права жыць пад сонцам!.. Але ваяваць — не кулачкамі! Нават калі яны такія, як у вас!.. Кулачкамі ў наш час многа не даб'ецеся! Гэта — атавізм, аджыло!.. Тым больш што слова "кулак" цяпер і не вельмі добра гучыць!

Чым больш Яўхім слухаў яго, тым больш не разумеў: "Нашто ён вярзе, разводзіць ету анцімонію?.. У нерат завесці дурнем хоча, ці што?.."

— Ці не на гэтыя кулачкі, — з той жа гуллівай усмешачкай сказаў упаўнаважаны, — вы разлічвалі, калі гразіліся на сходзе: "І на вас управа ёсць!" Гэта значыць — на камісію па землеўпарадкаванню, на прадстаўнікоў сельсавета і воласці?..

Яўхім насцярожыўся: "От, от яно, тое, да чаго вёў ён!.. Кажа такое — і смяецца, хоць бы што! А прызнайся — дак упячэ, што і не выберашся!.. Э, на тое мы табе адкажам як трэба!.."

Але адказаць не давялося. Зубрыч апярэдзіў, адказаў сам:

— Не на кулачкі? А, ведаю! Ведаю — спадзяваліся на савецкія законы?.. Савецкая ўлада не дасць у крыўду працоўнага чалавека!..

— Па савецкаму закону не паложано етаго. Штоб браць ад чалавека, што ён зарабіў сваім мазалём…

— Не паложана! Па савецкаму закону!.. — Упаўнаважаны хітра, недаверліва хмыкнуў. Гулліва засмяяўся: — Брэшаце! Па вачах відаць, што брэшаце! Не ўмееце ілгаць!..

— Вы мяне не разыгрувайце! — з годнасцю, рэзка сказаў Яўхім. — Я етых смешак не люблю.

— Не любіце! Што ж, пахвальна! — Упаўнаважаны перастаў смяяцца. — Хоць мне і даводзіцца жартаваць, я таксама люблю сур'ёзныя размовы! Сур'ёзных людзей… Будзем гаварыць як сур'ёзныя, сталыя людзі!.. — Спакойны, нібы задуменны, ён разам з тым уважліва глядзеў на Яўхіма, як бы хацеў дазнацца, што той думае на яго словы. Гэты нязводны позірк трымаў Яўхіма ў насцярожанасці. — Калі вы згодны, я вам магу адразу і ясна заявіць: мне добра вядома, што значыла ваша пагроза! У мяне няма ніякіх сумненняў у тым, на каго вы спадзеяцеся! — Упаўнаважаны скоса павёў позіркам па полі, прыцішыў голас: — Атаман Маслак!

Поделиться с друзьями: