Чтение онлайн

ЖАНРЫ

«…Міласці Вашай просім»

Гужалоўскі Аляксандр

Шрифт:

Да каго ж звярталіся грамадзяне БССР у пошуках праўды як да найвышэйшай інстанцыі?

У 1948 г., пасля абрання Г. М. Малянкова сакратаром ЦК ВКП(б), была праведзена рэарганізацыя апаратаў ЦК нацыянальных кампартый саюзных рэспублік, абкомаў, крайкомаў. Яе сутнасць заключалася ў скарачэнні штатаў і замене грувасткіх упраўленняў ЦК аддзеламі, заснаванымі па галіновым прынцыпе. У ЦК КП(б)Б былі ўтвораны: 1) аддзел партыйных, прафсаюзных і камсамольскіх органаў; 2) аддзел прапаганды і агітацыі; 3) сельскагаспадарчы аддзел; 4) аддзел цяжкай прамысловасці; 5) аддзел машынабудавання; 6) аддзел лёгкай прамысловасці; 7) аддзел транспарта; 8) планава-фінансава-гандлёвы аддзел; 9) аддзел адміністрацыйных органаў; 10) аддзел па рабоце сярод жанчын. Пра значэнне, якое надавалася вышэйшым партыйным кіраўніцтвам рабоце таго ці іншага аддзела, сведчыла не толькі яго месца ў вышэйпададзеным спісе, але і штатны расклад. Так, у найбольш шматлікім аддзеле — прапаганды і агітацыі — працавала 55 чалавек, у аддзеле па рабоце сярод жанчын — 4 чалавекі. У ЦК КП(б)Б у той час працавала 274 чалавекі, з якіх 200 займалі адказныя пасады і 74 — тэхнічныя{5}.

Кіраваў апаратам ЦК Сакратарыят ЦК КП(б)Б на чале з пяццю сакратарамі. Сакратарыят вызначаўся ў якасці стала дзеючага рабочага органа, асноўнай функцыяй якога была падрыхтоўка пытанняў да разгляду на бюро і праверка выканання рашэнняў. Галоўнай задачай бюро была праверка работы партыйных арганізацый, заслухоўванне справаздач абкомаў і райкомаў і прыняцце мер па паляпшэнні іх дзейнасці. Бюро разглядала і зацвярджала кіраўнічыя ўказанні па пытаннях арганізацыйнай і выхаваўчай работы. Асноўнай задачай аддзелаў ЦК вызначаўся падбор кадраў па адпаведных галінах і праверка выканання рашэнняў ЦК і Урада.

Узаемаадносіны цэнтра і месцаў нарадзілі асаблівую групу мясцовых палітыкаў — першых сакратароў абласных і раённых партыйных камітэтаў. Звычайна яны прызначаліся ў Мінску, таму іх шлях наверх альбо падзенне былі вынікам рашэння ЦК КП(б)Б. Большасць мясцовых партыйных сакратароў былі дзецьмі ваеннай фартуны. Аднак рэпрэсіі канца 1930-х гг. помніліся добра, іх трымалі ў напружанні з дапамогай сакрэтнай інфармацыі пра «справы» кшталту ленінградскага. У эканамічным плане мясцовая партыйная эліта канцэнтравала сваю ўвагу перш за ўсё на выкананні планаў па пастаўках сельгаспрадукцыі. А паколькі сельская гаспадарка практычна паўсюль была занядбана, перад абласнымі і раённымі партыйнымі кіраўнікамі ў той час паўставалі, як правіла, невыканальныя задачы{6}. Палітычная ж дзейнасць мясцовай партнаменклатуры зводзілася пераважна да тлумачэння народу рашэнняў вышэйшага партыйнага кіраўніцтва.

Пасля вайны працягвалі губляць палітычны ўплыў Саветы — скарацілася колькасць сур'ёзных дэбатаў, значных ініцыятыў, адбылося канчатковае падпарадкаванне дыктату партыі ў кадравых прызначэннях. У іерархіі структур, якія ўтваралі сталінскую сістэму, Саветы знаходзіліся не толькі пасля партыі, але і служб дзяржбяспекі, арміі, выканаўчых органаў урада. Любы крок Саветаў усіх узроўняў папярэдне абмяркоўваўся і адабраўся адпаведнай партыйнай інстанцыяй. Так, падчас правядзення выбараў у Вярхоўны Савет БССР 25 лютага 1951 г. спісы кандыдатаў у дэпутаты, парадак дня сесій, перамяшчэнні савецкіх работнікаў па службовай лесвіцы, узнагароджванні і да т. п. — усё гэта зацвярджалася сакратарыятам ЦК КП(б)Б.

Прызначэнні савецкіх работнікаў адбываліся ў партыйных кабінетах, а за іх работай уважліва сачылі аддзелы партыйных, прафсаюзных і камсамольскіх органаў адпаведных камітэтаў партыі. Падрыхтоўка савецкіх работнікаў праводзілася ў партшколах, дзе яны вучыліся разам з будучымі партыйнымі функцыянерамі. І па заробках, і па іншых прывілеях партыйная і савецкая наменклатура былі прыкладна ў аднолькавым становішчы. Склад дэпутатаў Саветаў камплектаваўся ў асноўным з асоб, якія ўваходзілі ў наменклатурныя спісы партыйных камітэтаў. Да іх дадаваліся пэўныя групы рабочых і сялян, каб пацвердзіць тытульную назву Саветаў працоўных. Вызваленыя савецкія работнікі камплектаваліся пераважна з менш удалых партыйных функцыянераў, якія не бралі да ўвагі факт агоніі Саветаў. Роля гэтых органаў, калі паглядзець парадак дня сесій таго часу, была зведзена да руціннага прыняцця бюджэтаў, адабрэння указаў, ужо ўхваленых у партыйна-урадавых інстанцыях, а таксама да зацвярджэння вызначанага канстытуцыяй кола работнікаў. Асабліва бачны заняпад Саветаў быў на нізавым узроўні.

Сістэма не магла працаваць без адпаведных «кадраў», на якіх звярталі вялікую ўвагу. Кожнае міністэрства і цэнтральнае ведамства мела сярод намеснікаў міністра (кіраўнікоў) чалавека, звычайна афіцэра МДБ у цывільным, які адказваў за гэту работу. Кадравікі адсейвалі тых, хто здаваўся ненадзейным і прасоўвалі наперад лаяльных і рэзультатыўных. У пасляваенных умовах сталінскі лозунг «кадры вырашаюць усё» пераўтварыўся ў практыку, калі ўсё, уключаючы лёсы людзей, вырашалі аддзелы і ўпраўленні кадраў. Асаблівая ўвага надзялялася «кадрам», жыццёва важным для функцыянавання сістэмы. Акрамя адбору, запалохвання і «клопату» аб такіх людзях, ужываліся больш тонкія метады, уключаючы разгалінаваную сістэму прывілей — да размеркавання прадуктаў, спажывецкіх тавараў, паслуг. Многія, калі не ўсе партыйныя і ўрадавыя арганізацыі стваралі ў сябе падраздзяленні забеспячэння для аказання паслуг ключавому персаналу. Насельніцтва абуралася падобнай практыкай. Перад XIX з’ездам КПСС выказвалася шмат незадаволенасці наконт прыслугі ў непрацуючых жонак кіраўніцтва, персанальных машын, якія выкарыстоўваліся для задавальнення асабістых патрэб, матэрыяльнай дапамогі высокапастаўленым чыноўнікам.

Людзі вельмі часта скардзіліся ў ЦК КП(б)Б на несправядлівасць судовай сістэмы і жорсткасць альбо абыякавае стаўленне да іх праваахоўных органаў. Галоўнай прычынай злачыннасці, якая ахапіла ўвесь СССР ў пасляваенны перыяд, была беднасць. Для набыцця самага неабходнага — ежы, адзення і да т. п. людзі ішлі на крадзеж, рабаўніцтва, забойства. У склаўшыхся абставінах кіраўніцтва краіны ўзмацняла карныя функцыі дзяржавы. Указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 чэрвеня 1947 г. «Аб крымінальнай адказнасці за крадзеж дзяржаўнай і грамадскай маёмасці»{7} і «Аб узмацненні аховы асабістай уласнасці грамадзян»{8} пераўзышлі па сваёй жорсткасці Закон ад 7 жніўня 1932 г., празваны ў народзе «законам аб пяці каласках». У адпаведнасці з указамі 1947 г. мінімальны тэрмін за крадзеж, прысваенне альбо растрату дзяржаўнай маёмасці складаў ад 7 да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў, а за паўторнае альбо здзейсненае ў групе падобнае злачынства — да 25 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Указ аб ахове асабістай маёмасці быў больш лагодны. У ім за разбой, гэта значыць напад з мэтай завалодвання чужой маёмасцю з ужываннем альбо пагрозай гвалту давалася ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Паводле сакрэтнага распараджэння Савета Міністраў СССР, дзеянне ўказаў ад 4 чэрвеня 1947 г. было распаўсюджана і на дробныя крадзяжы на вытворчасці, у выніку чаго рабочыя, калгаснікі, служачыя асуджаліся за дробны крадзеж не да аднаго года пазбаўлення волі, як гэта было раней, а да 7-10 гадоў. На практыке судовыя ворганы ў большасці выпадкаў за крадзёж дзяржаўнай маёмасці, незалежна ад асобы абвінавачанага, а таксама ад характару і памераў скрадзенага (напрыклад, парожняга мяшка), прызначалі найвышэйшы тэрмін — 10 гадоў. Указы і пастановы раздулі нечувана гучную кампанію па барацьбе з крадяжом. У сціслыя тэрміны суды правялі сотні і тысячы паказальных працэсаў. Праз паўгода пасля выхаду ўказаў турмы і лагеры былі перапоўнены. Але ў пасляваенных эканамічна складаных умовах эскалацыя крымінальнага заканадаўства ўдарыла не столькі па сапраўдных крымінальніках — буйных рабаўніках дзяржаўнай і асабістай маёмасці, колькі па абяздоленых людзях, у тым ліку жанчынах і падлетках. Па ўсіх відах злачынстваў дамінавалі самыя нізкааплатныя і найменш адукаваныя сацыяльныя групы насельніцтва — рабочыя і сяляне.

Нізкім быў узровень таго, што мела назву сацыялістычнай альбо рэвалюцыйнай законнасці. Канешне, рабіліся крокі ў накірунку захавання прынамсі знешняга выгляду законнасці ў паўсядзённым жыцці грамадзян, але дакументы сведчаць, што парушэнняў было шмат. Указам Вярхоўнага Савета СССР ад 23 ліпеня 1951 г. «За ўхіленне ад грамадска карыснай працы і за вядзенне паразітычнага ладу жыцця» уводзілася крымінальная адказнасць{9}. Характэрна, што «псіхушкі» ужо выконвалі рэпрэсіўную функцыю. Начальства стала практываць адпраўку ў псіхіятрычныя клінікі асоб, якія надакучвалі настойлівымі просьбамі, петыцыямі і г.д. Былі выпадкі адпраўкі здаровых людзей з прыёмнай Вярхоўнага Савета СССР у псіхіятрычную клініку толькі таму, што чалавек прыходзіў туды кожны дзень, займаў чаргу і чакаў.

У вялікай колькасці зваротаў грамадзян да вышэйшых партыйных інстанцый знаходзім вельмі цікавыя замалёўкі паўсядзённага жыцця беларускага горада і вёскі.

Напрыканцы 1940-х — пачатку 50-х гг. у беларускіх гарадах рабіліся першыя крокі па наладжванні мірнага жыцця. Быў узноўлены 8-гадзінны працоўны дзень, адменены абавязковыя звышурочныя работы, рабочыя і служачыя зноў атрымалі штогадовы аплачваемы адпачынак, наладжваў работу транспарт. Амаль нанова была адбудавана сталіца БССР. За пяць пасляваенных гадоў у горадзе было ўзноўлена і пабудавана звыш 400 тыс. квадратных метраў жылой плошчы. Узнаўляліся іншыя гарады рэспублікі. За той жа перыяд была адноўлена дзейнасць 29 ВНУ, 110 тэхнікумаў, каля 12 тыс. школ, дзе навучалася звыш 1,5 млн. дзяцей. За пасляваеннае пяцігоддзе ў рэспубліцы было выдадзена 2 141 найменне кніг агульным накладам у 43 872 000 асобнікаў{10}.

У першыя пасляваенныя гады працэсы урбанізацыі БССР у значнай ступені фарміраваліся пад уплывам Вялікай Айчыннай вайны, дэмаграфічныя вынікі якой для рэспублікі былі выключна цяжкімі. Колькасць насельніцтва рэзка скарацілася — у 1950 г. у БССР пражывала 7 778,1 тыс. чалавек, у тым ліку ў гарадах 1 619,5 тыс. чалавек (21 % насельніцтва).

Гарадскія работнікі з’яўлялася другой па колькасці, пасля калгаснікаў, групай насельніцтва. Невялікі слой узорных работнікаў (стаханаўцаў), а таксама работнікі стратэгічных галін прамысловасці прыкметна адрозніваліся ўзроўнем жыцця ад асноўнай массы працоўных. Вялікую і няпростую па свайму складу групу ўтваралі служачыя. Яна складалася з многіх падгруп з розным доступам да тавараў і паслуг, па-рознаму аплачваемых і кіруемых. Многія з гэтых людзей амаль не адрозніваліся ад простых рабочых і сялян, але некаторыя належалі да субэліт па доступу да ўлады і матэрыяльных выгодах. Інтэлектуалы разглядаліся рэжымам як дзяржаўныя служачыя. Толькі адзінкі з іх здолелі захаваць матэрыяльную і духоўную незалежнасць дзякуючы таму, што ўлада не магла адмовіцца ад іх спецыяльных ведаў і навыкаў.

Поделиться с друзьями: