Чтение онлайн

ЖАНРЫ

«…Міласці Вашай просім»

Гужалоўскі Аляксандр

Шрифт:

Нарэшце, шэраг матэрыялаў зборніка адлюстроўвае латэнтную палітыку дзяржаўнага антысемітызму ў пасляваенным СССР, і, як вынік яе, павелічэнне колькасці праяў побытавай юдафобіі. Пачынаючы з 1949 г. антысемітызм спалучаўся з «барацьбой супраць касмапалітаў», якая дасягнула апагею ў 1953 г., падчас «справы ўрачоў». Першым моцным ударам па савецкіх яўрэях у пасляваенны час была справа Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта, якая пачалася ў 1946 г. Ніякіх доказаў антысавецкай дзейнасці сябраў камітэта ў органаў дзяржбяспекі не было. На сваіх паседжаннях яны абмяркоўвалі спецыфічна яўрэйскія праблемы — генацыд яўрэяў падчас ІІ сусветнай вайны, аднаўленне яўрэйскіх культурных устаноў, закрытых у 1930-х гг., стварэнне новых яўрэйскіх газет. Тады ж паўстала пытанне пра ўтварэнне ў Гомельскай вобласці аўтаномнага яўрэйскага этнічнага рэгіёна і рассяленне яўрэяў, што засталіся пасля нацысцкага генацыду, на тэрыторыі Крыма (ў Сталіна былі зусім іншыя планы — ён рыхтаваў дэпартацыю ўсяго яўрэйскага насельніцтва СССР на Далёкі Усход).

У студзені 1948 г. у Мінску быў забіты старшыня Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта, народны артыст СССР С. М. Міхоэлс{18}. У верасні таго ж года пачаліся арышты сябраў камітэта, абсалютная большасць якіх была расстраляна. Са справай Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта было штучна звязана яшчэ каля 70 спраў. Па ўсёй краіне пачаліся антысеміцкія судовыя працэсы, атрымаўшыя афіцыйную назву «працэсаў над удзельнікамі арганізацый яўрэйскіх буржуазных нацыяналістаў». Пад нож рэпрэсій трапілі работнікі шэрагу міністэрстваў, сродкаў масавай інфармацыі, аховы здароўя і інш. Пачалося выцісканне яўрэяў пад рознымі зачэпкамі з кіраўнічых пасад у прамысловасці і культуры. Узніклі складанасці з прыняццем абітурыентаў-яўрэяў у ВНУ. На кухнях камунальных кватэр, падчас перапынкаў на прадпрыемствах наладжваліся калектыўныя чытанні фельетонаў пра махлярствы яўрэяў. У краіне стваралася атмасфера пагрому.

Такім чынам, атмасфера пасляваеннага беларускага грамадства фарміравалася не толькі поспехамі ў аднаўленні народнай гаспадаркі, энтузіязмам перамогі, але і ўсеагульным страхам, знявагай да чалавечай асобы, беззаконнасцю, дагматызацыяй грамадскай думкі. Магчымасць аўтарытарнага вырышэння пытання нараджала адчуванне безадказнасці ў адных і пасіўнасць у другіх, кансервавала грамадскую думку, стрымлівала яе развіццё аглядкай на высокія аўтарытэты. Пры вырашэнні надзённых пытанняў апелявалі не да патрабаванняў практыкі, а да падтрымкі гэтых аўтарытэтаў, перш за ўсё Сталіна. Імя Сталіна выкарыстоўвалася як сцяг, вышэйшая інстанцыя, апошні аргумент у любой спрэчцы. Сціплыя спробы ўзняць «хворыя пытанні» танулі ў агульнай плыні паўтораў афіцыйнага пункту гледжання і адзінадумстве. Быў працягнуты курс на нарашчванне эканамічнай магутнасці дзяржавы, замаскіраваны пад пабудову камунізму. Каркасам гэтага курсу з’яўлялася грамадска-палітычная сістэма сталінізму.

У прапануемым зборніку змешчаны выключна архіўны матэрыял без скарачэнняў, с захаваннем усіх стылістычных і арфаграфічных асаблівасцей арыгіналаў. На думку ўкладальніка, мова, якой паўстагоддзя таму карысталіся аўтары зваротаў (у першую чаргу гэта тычыцца сялян), уяўляе адзінае цэлае са зместам і перадае каларыт эпохі. З этычных меркаванняў імёны аўтараў лістоў, а таксама асоб, на якіх яны скардзяцца, пазначаны ініцыяламі. Пасля кожнага ліста ў сціслым выглядзе змешчаны вынікі яго разгляду ва ўладных структурах (за выключэннем тых выпадкаў, калі вынікі не захаваліся).

Хацелася б спадзявацца, што прапануемы архіўны матэрыял падштурхне да рэканструявання складанага, супярэчлівага і пакуль малавывучанага паўсядзённага жыцця людзей у БССР.

А. А. Гужалоўскі

Хроніка грамадска-палітычнага і культурнага жыцця БССР у 1951 г

24 студзеня — з нагоды згоды Сталіна балаціравацца ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Сталінскай акрузе ў Мінску адбыўся 100-тысячны агульнагарадскі мітынг;

Студзень — у БДУ адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная працам Сталіна па пытаннях мовазнаўства;

Студзень — на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы ў Маскве БССР была прадстаўлена маштабным палатном «Слава вялікаму Сталіну!» мастакоў Я. Ціхановіча і І. Давідовіча;

Студзень — выйшаў з друку альбом «К. Я. Варашылаў і Беларуская ССР»;

3–4 лютага — адбыўся VI пленум ЦК ЛКСМБ, на якім абмяркоўваліся шляхі паляпшэння работы піянерскай арганізацыі;

12–14 лютага — адбыўся VI пленум ЦК КП(б)Б, прысвечаны ўмацаванню калгасаў і ўздыму сельскай гаспадаркі;

25 лютага — адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет БССР, дзе ўсе аднагалосна прагаласавалі за «блок камуністаў і беспартыйных»;

Люты — заслужаны дзеяч мастацтваў БССР скульптар А. Бембель закончыў работу над скульптурай беларускай сялянкі, якая неўзабаве ўпрыгожыць беларускі павільён на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы;

Люты — прынята рашэнне аб узвядзенні 20-мятровага помніка Сталіну на Цэнтральнай плошчы ў Мінску;

Люты — закончыўся конкурс на лепшы праект помніка-манумента ў Мінску на Круглай плошчы воінам Савецкай Арміі і партызанам, загінуўшым у баях за вызваленне Беларусі (конкурс выйгралі архітэктары Г. Заборскі і В. Кароль);

Люты — распачата выданне 6-томнага збору твораў Я. Купалы;

Люты — адсвяткаваў сваё 30-годдзе БДУ, на шасці факультэтах якога навучалася 1700 студэнтаў;

1 сакавіка — адбылося чарговае паніжэнне цэн на прамысловыя і харчовыя тавары на 10–20 %;

26 сакавіка — у Мінску адбылася рэспубліканская нарада жанчын-актывістак сельскай гаспадаркі;

27 сакавіка — ў Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР адбылася сустрэча моладзі з артыстамі тэатра, дзе маладыя рабочыя, служачыя, студэнты падверглі справядлівай дзелавой крытыцы работу тэатра;

8 красавіка — у мінскім Доме афіцэраў адбыўся канцэрт Д. Шастаковіча;

Красавік — адбыўся IV пленум праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР, прысвечаны мове літаратурнага твора ў святле прац Сталіна па мовазнаўстве;

1 мая — у новым будынку адкрыўся літаратурны музей Я. Купалы;

7 мая — адкрыўся Пінскі абласны гісторыка-краязнаўчы музей;

Май — арганізавана прайшоў подпіс на дзяржаўную пазыку;

25 чэрвеня — у Мінску ў парку Чалюскінцаў адбыўся матацыклетны крос на першынства горада;

29 чэрвеня — у Маладзечна прайшоў кінафестываль «Наша вялікая Радзіма»;

Чэрвень — у Віцебскім парку культуры і адпачынку імя Фрунзе адкрыўся Зялёны тэатр;

27 ліпеня — у тэатры імя Я. Купалы адкрыўся сход інтэлігенцыі г. Мінска, прысвечаны вынікам партыйнай вучобы;

Ліпень — на плошчы Свабоды ў Мінску адкрыўся кніжны кірмаш;

Ліпень — прайшла VII усебеларуская спартакіяда;

Поделиться с друзьями: