Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Хай будуюць, — паўтарыў Уладзімір. — Крыж наш ад суседства з крыжам лацінскім плесенню не пакрыецца. А вышэй Сафіі тэўтонам храм усё роўна не ўзвесці.
— Вышэй Сафіі? — аж задыхнуўся Дыянісій і адразу надзеў на галаву свой клабук. — Ды як ты можаш так гаварыць, князь?
— Полацкія князі гавораць тое, што думаюць, — спакойна глянуў на яго Уладзімір. — Хай збудуюць свой храм за попрышча ад нашай царквы. А ты чаго крычыш, ойча? Забыўся, як пад Гольмам нас тэўтоны камянямі пачаставалі? Хочаш зноў пад камяні лоб падставіць?
Епіскап слухаў князя і бляднеў, задыхаўся ад гневу, але Уладзімір, помсцячы за ўсё, не даваў яму рот раскрыць, гаварыў далей:
— Дзвіну ўсё роўна не перагародзіш. Будзе цячы, як цякла. А да мяне ўчора ганец прыехаў з Суздаля, ад вялікага князя. І просіць князь суздальскі, наш з табою брат па веры, каб далі мы вольную дарогу ягонаму ячменю, воску і салу, якія людзі суздальскія ў Рыгу вязуць і далей, за мора Варажскае, у Любек і Брэмен.
Кажучы ўсё гэта, Уладзімір адчуў такую сілу бадзёрую ва ўсіх членах, што ўстаў без старонняй дапамогі, дайшоў да акна, каля якога міг назад стаялі епіскап з тысяцкім. «Хай цяпер яны на маю спіну паглядзяць», — помсліва думаў князь.
На Дзвіне гуў крыгалом. Рака, быццам спяшаючыся забыць пра доўгія месяцы зімовага маўчання, трашчала льдзінамі, злавесна шумела зеленавата-белай вадой.
Праз акно Уладзімір бачыў высокія чырвоныя сцены Барысаглебскага манастыра, які быў пабудаваны ў Бельчыцах дойлідам Іаанам. Там жа ўзвышалася царква Параскевы-Пятніцы, і там былі магілы князёў полацкіх.
— Ваша прэасвяшчэнства, — за спінаю ў князя звярнуўся да епіскапа тысяцкі Жыраслаў,— мужы-палачане заўтра веча склікаюць. Там і пра лацінскую царкву рашаць будуць.
— Я прыеду на веча, — адказаў Дыянісій. Як і многія свяшчэннаслужкі таго часу, ён не любіў хадзіць пешшу, а ездзіў верхам на кані.
«Не за мяне тысяцкі,— зразумеў Уладзімір. — Не мой чалавек. Баярскі пёс. Трэба асцерагацца яго».
Веча! Зноў — веча. Як бяльмо яно на княжым воку. Рукі князю вяжа, волі ягонай крылы падсякае.
Цярпі, князь. Усміхайся баярам, але не забывай пра купцоў і рамеснікаў. Яны — твая апора. Ім трэба гандляваць, у моры цёплыя і ледзяныя плаваць. Ім трэба свой тавар прадаваць, і яны з табою супроць баярства пойдуць, якое сядзіць у сваіх вотчынах, адгарадзіўшыся ад белага свету, гноіць хлеб у свірнах.
З тэўтонамі трэба змірыцца. Епіскап Альберт абяцаў плаціць Полацку даніну за ліваў. Хай плоціць. Тэўтоны ўмеюць даніну выкалочваць. Галоўнае — мір з імі. Будзе мір з Рыгай — будзеш ты, князь, на залатасёдлым кані сядзець. Пойдзеш ваяваць, паслухаўшыся гарлапана Вячкі з Кукейноса — уладу страціш і галаву.
— Пра лацінскую царкву трэба падумаць, князь, — прымірэнча, міралюбна сказаў Дзяніс.
Ага, і гэты абскубены певень зразумеў, што баяры і з яго могуць клабук садраць, у манастыры свечкі ляпіць прымусяць. Ну што ж, епіскап з тых храбрацоў, што толькі на ўласным ложку могуць кулакамі махаць, а ледзь прыпячэ, адразу ў іх заечыя ногі вырастаюць.
— Мыта 56 плоцяць тэўтоны? — спытаўся ў епіскапа Уладзімір.
— Спраўна плоцяць, — адказаў за епіскапа тысяцкі Жыраслаў.
— Храмы святыя пустуюць, — са скрухаю ўздыхнуў Дзяніс. — На ігрышчах бывае болей народу, чым у храмах. Пойдзеш іншы раз туды і бачыш: адны на дудках іграюць, другія скачуць, трэція барукаюцца між сабою. А ў іншых яшчэ большы д'ябал пасяліўся — сядзяць, падаюць адно аднаму знакі, пераміргваюцца, шчыкаюцца…
— Дык і ты, святы ойча, на ігрышчы ходзіш? — зрабіў выгляд, што здзівіўся, Уладзімір. Епіскап злёгку пачырванеў, засоп маленькім носам.
56
Мыта — падатак, які браўся з купцоў пры перавозе тавараў.
Як толькі Дзяніс і Жыраслаў паехалі з Бельчыцаў, у святліцу да князя Уладзіміра ўвайшоў ягоны верны халоп-саглядатай Станімір. У Станіміра не было носа — князь адрэзаў у хвіліну гневу. Станімір нізка пакланіўся, застыў на парозе святліцы.
— Што чутно пра князя Вячку, бязносы? — пранізліва глянуўшы на халопа, спытаўся Уладзімір.
— Вячка з малой дружынай і з маладой жонкай Дабранегай спыніўся на падвор'і баярына Цвердахлеба, родзіча Рагвалода Свіслацкага, бацькі Дабранегі.
— І што робіць Вячка?
— Не п'е. З мужамі-вечнікамі перамовы вядзе.
— Аб чым перамовы?
Тут Станімір задрыжаў усім целам:
— Пакуль невядома, вялікі князь.
— Глядзі ў мяне! — злосна тупнуў нагою князь. — Ты можаш стаць і бязвухім. Каб усё высачыў, вынюхаў. Пайшоў прэч, пёс!
Станімір бясшумна знік, а князь Уладзімір загадаў паклікаць да сябе вучонага рамея, што ўжо даўно жыў у Полацку і, састаўляючы гараскоп, адгадваў князева будучае. Рамей быў смуглатвары, чорнавалосы, з шырокімі чорнымі бровамі, якія зрасліся на пераноссі. На галаве ён насіў круглую чырвоную шапачку, на нагах — пазалочаныя сандалі з вострымі загнутымі насамі.
Князь, вядома, нічога не разумеў у гараскопах. Рамей, як толькі з'явіўся ў Полацку, доўга тлумачыў яму сваю дужа мудрую навуку. Гараскопы, іх складанне, патрабуюць хоць невялікага знаёмства з небам, з астраноміяй. Трэба ведаць, што ёсць экліптыка — вялікі круг нябеснай сферы, па якому адбываецца бачны воку гадавы рух Сонца. Чалавек нараджаецца ў канкрэтны месяц, у канкрэтны дзень, і астролаг, састаўляючы гараскоп, устанаўлівае кропку экліптыкі гэтага чалавека на небасхіле. Пачынаючы ад гэтай кропкі, усё неба дзеліцца на дванаццаць «дамоў» — дом шчасця, багацця, братоў, радні і г. д. Заўсёды трэба мець на ўвазе становішча галоўных планет у адносіне да ўсіх «дамоў». Кожная з планет лічыцца «гаспадаром» таго ці іншага «дома». І блізкасць або, наадварот, аддаленасць планеты ад свайго «дома» ўплывае на чалавечы лёс. Адным словам, можна не толькі нагу — выю зламаць ва ўсім гэтым, але Уладзіміру падабалася таямнічасць смуглатварага астролага, падабалася трымаць у руках і гартаць пацямнелыя ад часу тоўстыя кнігі, дзе былі намаляваны сонца і зоркі, нейкія кругі, вялікія і зусім маленькія. Князь, размаўляючы з астролагам, адпачываў душой. Далёка былі баяры і іхняе крыклівае веча, тэўтоны, літоўцы, Вячка з Кукейноса. Уладзімір на нейкі міг зноў рабіўся хлапчуком, цікаўным, гарэзлівым, і, здавалася, з драўляных сцен менскага замка глядзеў на залітую месячным святлом Свіслач, слухаў шум вакольных лясоў.
Ён не верыў астролагу, але і сёння, як заўсёды, запытаўся:
— Ці доўга я буду князем?
Рамей хітравата ўсміхнуўся, слінячы ўказальны палец, пачаў гартаць кнігу. Яны з князем ужо не першы год, не прызнаючыся адзін аднаму, гулялі ў зразумелую, прыемную толькі ім дваім гульню. Нешта дзіцячае было ў гэтым.
— Планеты на сферы размясціліся спрыяльна для цябе, князь, — сказаў рамей і дадаў: — Твой епіскап ненавідзіць мяне.
— Што епіскапу да цябе? — лёгка прыўзняў бровы Уладзімір.
— Епіскап не любіць разумных людзей, бо…
— Бо дурны, як неабпалены гаршчок, — хуценька давёў ягоную думку да канца князь.