Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Меч князя Вячкі

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Абодва яны засмяяліся, а потым рамей, пасур'ёзнеўшы, сказаў:

— У нас, у Канстанцінопалі, імператара шануюць, як бога. Імператар — сонца на зямлі.

Ён ведаў, на які мазоль наступіць князю. Уладзімір адразу ж пазмрачнеў, вочы зрабіліся сталёвымі, заблішчалі. Князь парывіста схапіў астролага за плячо:

— У маіх жылах таксама цячэ кроў рамейскіх парфіраносцаў. Я — князь! У мяне дружына! Веча разганю, асабліва шкодных баяр жыўцом спалю. Полацк будзе мой. Чуеш, рамей? Мой!

— Чую, — ціха адказаў астролаг. — Планеты за цябе, князь.

Уладзімір вачамі, што востра заблішчалі, як прапёк рамея.

Астролаг пайшоў са сваімі кнігамі, а князь, усхапіўшыся з ложа, забыўшыся пра хваробу, падбег да акна, прагна пачаў глядзець на золатагаловую Сафію, на дзядзінец, на каменныя палаты за ракой. Там ён павінен быць, гаспадаром павінен сядзець, вялікім князем. Уладзімір аж застагнаў.

Нячутна расчыніліся дзверы, і ў святліцу ўвайшла княгіня Улляна з тоненькай свечкаю ў руках. Уладзімір глянуў на яе, і на сэрцы зрабілася цёпла і светла.

— Чаму не ляжыш, князь мой? — з вялікай спагадаю ў голасе сказала Улляна. — Ты ж хворы. Ляж, князь.

Уладзімір прыпаў галавой да яе пляча, запытаўся:

— Чаго са свечкай ходзіш, Улляначка? Яшчэ ж не вечар.

— Злы дух ад цябе адганяю, хваробу, — слаба ўсміхнулася княгіня. — Цяжка табе, балесна. Я ўсё бачу. Ночы не спіш, усё аб нечым думаеш. Я ведаю аб чым.

Уладзімір прыўзняў галаву з жончынага пляча, запытальна паглядзеў на яе. Твар у жонкі быццам свяціўся, вочы былі натхнёныя і ў той жа час жаласныя.

— Не думай, князь, пра вялікую ўладу. Бог — адзіны ўладар усяго. Ёсць мы з табой. Ёсць дзеці нашы. І дзеці нас любяць. Што яшчэ трэба табе?

— Ты што? — зашаптаў Уладзімір, адхінаючыся ад жонкі, нібы пякельным жарам яго абдало з галавы да пят. — Ты што?

— Пашкадуй сябе, мой князь, — умольна глядзела проста ў вочы Уладзіміру Улляна. — Усё часова на зямлі. Улада, сіла, багацце — усё пройдзе. Пра душу думай. Пра мяне думай і сваіх дзяцей. Мы — твая душа, князь.

— Ты звар'яцела, — амаль адпіхнуў яе ад сябе Уладзімір. — Хіба я не думаю пра вас? Хіба не дзеля вас пакуты мае, бяссонніца мая?

Ён глядзеў на жонку з нянавісцю, але яна ведала, што ён кахае яе, і спакойна, як на шкадлівага хлапчука, пазірала на вялікага князя. Яна пагладзіла яму галаву і адчувала, як зноў хіліцца гэта галава да яе пляча. Яна асцярожна пагладзіла яму шыю, і моцная, налітая сілай мужчынская шыя рабілася мяккай, пакорнай.

— Чаго ж ты хочаш, Улляначка? — прашаптаў Уладзімір, і голас ягоны ўздрыгнуў.

— Не трэба табе вялікая ўлада, князь, — ціха сказала Улляна. — Зломіць яна цябе, скрышыць. Жалезнае сэрца, жалезныя рукі і ногі для ўлады трэба. А ты ж — слабенькі. Ты, як журавель у небе. Усе стрэлы ў цябе цаляюць.

Гэтыя словы яна казала пра высачэзнага шыракаплечага мужчыну, пра здаравяка, які на выцягнутых руках адрываў ад зямлі кадзь 57 , напоўненую жытам. Але яна добра ведала яго, калі казала гэтыя словы. Ён быў каменем і быў воскам.

— Чаго ж ты хочаш? — зноў паўтарыў сваё пытанне Уладзімір, паўтарыў дрыготкім няўстойлівым голасам.

— Наш сын Якаў — княжыч. Дачка наша Красава за добрым мужам, баярыня. А мы з табой, князь, давай пойдзем у манастыр, за дзяцей нашых маліцца пойдзем.

57

Кадзь — бочка, старадаўняя мера сыпучых цел, якая раўнялася 14 пудам.

Яна не паспела скончыць, як Уладзімір вырваў у яе з рукі свечку, паламаў, змяў, растаптаў нагамі. Ён, здавалася, і яе растаптаў бы.

— У манастыр захацела? — наліваючыся гарачай чырванню, закрычаў князь. — А Полацк? Каму я Полацк аддам? Ім? — Рукою, сціснутай у кулак, ён цяжка махнуў у бок Сафіі, у бок дзядзінца. — Ці, можа, рыжскаму Альберту? Ці сысунку Вячку?

Княгіня спакойна сустрэла вывяржэнне гэтага вулкана.

— Мужчыны клапоцяцца, каб была крэпасць, жанчыны — каб была лепасць, — сказала яна і, нагнуўшыся, пачала збіраць з дубовай падлогі камякі воску ад растаптанай князем свечкі.— Навошта святую свечку знішчыў? — дакорліва гаварыла яна князю, ушчувала яго. — Бог не даруе.

— Бог? — аж задыхнуўся Уладзімір. — Дзе быў бог, як полацкае веча выгнала мяне з дзядзінца, з княжых палат? Дзе ён быў, калі ў мяне на полацкіх вуліцах кідалі гразёю?

Прыгожы хударлявы твар княгіні пабляднеў, яна перахрысцілася, паклала мужу рукі на плечы, страсна зашаптала:

— Прасі ў бога літасці за неразумныя словы свае. На калені стань. Чалом богу бі, каб дараваў табе дзёрзкасць тваю!

Уладзімір палахліва, як хлапчук, глянуў на княгіню, уздрыгнуў, грузна апусціўся на калені. Княгіня падышла да сцяны, зняла з яе вялікі крыж-складзень, з крыжам у руках стала на калені побач з мужам.

— Святы божа, — ціха загаварыла яна, — у цішыні нябеснага Іерусаліма пачуй мяне, рабу сваю. Дай шчасце роду майму. Дай сілу мужу майму. Дай, каб не ўбачыла я смерць дарагіх дзяцей маіх, папялішча на месцы дома свайго.

Яны стаялі на каленях, князь і княгіня, а за шырокім акном грукатала разняволеная Дзвіна, мокрыя крыгі трашчалі, звінелі, налазілі адна на адну, і не было лёду ніякага паратунку — пад вогненным позіркам сонца ён крышыўся на маленькія кавалачкі, скакаў, як жывы, на бераг і там плавіўся, знікаў, ператвараўся ў срэбныя зіхоткія лужынкі.

Князь Уладзімір кепска спаў усю ноч. Слёзы душылі яго, халодны страх прыліпаў да сэрца. Бачылася яму, як святая Сафія на велізарнай чырвонай крызе — ці не ад крыві чырвань? — адплывае ад яго па Дзвіне. Бег князь берагам ракі за Сафіяю, рукі ў неба працягваў, спатыкаўся, а Сафія растваралася ў тумане, аддалялася, і князь не вытрымаў, упаў, а калі ўзняў ад зямлі галаву, позірк ягоны накалоўся на рыжскага епіскапа Альберта. Стаяў Альберт па калена ў вадзе, рукі распасціраў, смяяўся, чакаў, пакуль Сафія падплыве да яго.

А раніцай ударыў на дзядзінцы вечавы звон. Выходзілі са сваіх палат баяры, спяшаліся з торжышча купцы, рамеснікі тушылі горны, клалі ўбок малаткі, абцугі, стамескі. Усе кіраваліся на дзядзінец, на плошчу перад Сафійскім саборам. Вулічныя хлапчукі таксама джгалі туды, але варта з гарадскога апалчэння адганяла іх ад Сафіі доўгімі арэхавымі кійкамі. Дзіцячыя вушы, як і жаночыя, як і вушы халопаў, не павінны чуць, аб чым гавораць і спрачаюцца мужы-вечнікі. Дзецям, жанчынам і халопам не дадзена мудрасць, іхнія слабыя душы блукаюць у прыцемках.

Поделиться с друзьями: