Меч князя Вячкі
Шрифт:
Якаў з канюшым Амяллянам заліваў трэшчыну на конскім капыце воскам. Конь быў падвязаны, падцягнуты вяроўкаю да высокага слупа з перакладзінаю, і пярэднія ногі ў яго не краналіся зямлі. У вялікіх конскіх вачах трымцеў страх.
— Якаў! — крыкнуў Мірошка.
Якаў азірнуўся і ў адзін скок апынуўся побач з ім, абняў за плечы, моцна прытуліў да сябе.
— Братка мой, — аж задыхаўся ад хвалявання Якаў.— Вось мы й сустрэліся. А я думаў, што адзін застаўся, што ўсіх вас пабілі ці ў палон пагналі. А дзе твая маці?
— Мамку ваўкі загрызлі,— сумна адказаў Мірошка. Слёзы пакаціліся па загарэлых шчоках.
— Ну, не плач, не плач, — пачаў супакойваць яго Якаў, хоць і сам гатоў быў заплакаць. — Будзем разам жыць. Не кінем адзін аднаго. Праўда?
— Праўда, стрый, — кіўнуў галавою Мірошка. Яму ўсё ніяк не верылася ў тое, што ён адшукаў Якава, што стаіць побач з ім. Узмужнеў, падрос Якаў за гэты час. Плечы шырока разгарнуліся, рукі і ногі наліліся няўтрымнай сілай, над верхняй губою цвёрда праклюнуўся чорны пушок.
— Амяллян, адпусці мяне, — папрасіўся Якаў у канюшага. — З браценнікам хачу пагаварыць. Браценніка сустрэў.
Вялізны доўгавалосы Амяллян ласкавым сінім вокам зірнуў на Мірошку, хітра падміргнуў яму, сказаў Якаву:
— Ідзі. Я ўжо тут адзін спраўлюся. Але помні, што заўтра едзем на ловы.
— Помню, Амяллян, — радасна ўсміхнуўся, бліснуў белымі зубамі Якаў.
Яны падышлі да гарадскога вала, селі каля яго, прыхіліўшыся да цвёрдай як камень гліны. Трэшчынкі беглі па гліне. Сонца добра напякло яе.
— Дасталося нам з табою, — грызучы травінку, сказаў Якаў.— Ты на якой рабоце ў Кукейносе? Кухаркам дровы падносіш?
— Не, Якаў. Я за ўнота ў перапісчыка пергаменаў Клімяты Аднарука. Памагаю яму. Чытанню і ліку ён мяне вучыць.
— Чытанню? — здзівіўся Якаў.— Трэба ж… Пашанцавала табе, Мірошка. Ану пачытай, што ў мяне на спіне напісана.
Ён узняў на спіне палатняную кашулю. Спіна была ў цёмна-сініх пісягах.
— Што гэта? — уздрыгнуў Мірошка.
— Лаза, — хмура сказаў Якаў, апускаючы кашулю. — Баярын Іван, вош ненажэрная, пачаставаў. У рабстве быў я, Мірошка, валом пад'ярэмным быў. Цяжка нават успамінаць…
Твар у Якава быў бледны. Якаў сядзеў згорбіўшыся, кусаў губы.
— Помніш нашу пушчу, Мірошка? — ціха спытаўся ён, і вочы пасвятлелі.— Як вецер у ёй шумеў… Як дождж ліўся… Як снег падаў… Помніш?
— Помню, — таксама прыцішваючы голас, пагладзіў стрыеву руку Мірошка. Скура на руцэ была шурпатая, цвёрдая.
— Не вярнуцца нам туды… Не пабачыць болей пушчу, — сумна глядзеў на высокі гарадскі вал Якаў.— Часта я яе ўспамінаў, асабліва ноччу, калі ўся чэлядзь баярская спала. Дзядам і бацькам нашым лягчэй было. Яны ведалі, што, калі памруць, іх закапаюць у роднай зямлі — у Гарэлай Весі. А мы не ведаем, хто і дзе нашы косці ў зямлю кіне… Ды што гэта я расплакаўся? — Якаў матнуў галавою, ускочыў з бервяна, падхапіў, закружыў Мірошку:
— Разам мы, браценнічак. Разам!
Вочы ў Якава зноў былі вясёлыя, іскрыстыя. Ён падкінуў Мірошку, злавіў, потым яшчэ раз падкінуў. Сонца плыло над Кукейносам. Белыя хмаркі беглі па сінім небе адна за адною. Высокі русавалосы вой глядзеў з забаролаў на Якава і Мірошку, усміхаўся ім. Ён быў малады, і яму, пэўна, таксама хацелася пабегаць, пабарукацца з кім-небудзь на мяккай зялёнай траве. Але ён толькі глыбей надзеў, насунуў на самыя бровы шлем, крыкнуў, трасянуўшы кап'ём:
— Полацк!
І пакацілася па забаролах Кукейноса:
— Менск! Друцеск! Рша!
Мірошка з Якавам яшчэ б доўга ўспаміналі Гарэлую Весь, але прыбегла дзяўчына-чалядніца, задыхана сказала:
— Ты Мірошка, што ў Клімяты Аднарука жыве?
Княгіня загадала цябе знайсці і прывесці да яе ў святліцу. Пайшлі хутчэй.
Са страхам шыбаваў Мірошка ўслед за чалядніцай. Што хоча ад яго суровая княгіня?
Дабранега сядзела на мяккай зялёнай канапцы, трымаючы ў руках белую пушыстую кошку.
— Вось ты які, маленькі смерд, — сказала княгіня. — Падыдзі бліжэй.
Мірошка нясмела ступіў некалькі крокаў. Пры яго набліжэнні белая кошка выгнула дугой спіну, пагрозліва звузіла вочы.
— Ты не брудны? Не хворы? — строга дапытвала княгіня. — З табою чамусьці любіць гуляць князёўна Соф'я. Я не забараняю ёй, але ты павінен помніць, хто ты і хто яна. Ты павінен заўсёды гэта помніць.
Яна выпусціла з рук кошку, устала з канапы.
— Сёння князёўна Соф'я хоча схадзіць за гарадскі вал у грыбы. З ёю пойдуць воі, і ты пойдзеш таксама. Ідзі збірайся і помні тое, што я табе сказала.
Не хацеў Мірошка ісці ў лес, да Якава хацеў на стайню збегаць, але паспрабуй не выканаць княгінін загад. У Клімяты Аднарука ўзяў ён лубяны кошык і нож у жоўтых касцяных тронках. Соф'я і тры ўзброеныя воі ўжо чакалі яго каля гарадскіх варот.
Разважна шумеў яловы лес, гаманіў з ветрам. Грыбоў было няшмат. Князёўна знайшла-такі адзін баравік, горда паказвала яго воям і Мірошку. Воі для прыліку дзівіліся спрыту князёўны, але па іхніх тварах было відно, што патрэбны ім гэтыя грыбы як сабаку пятая нага. Каб не капрыз князёўны, сядзелі б яны зараз у малой грыдніцы, гулялі ў косці.
Мірошка ж, апынуўшыся ў лесе, успомніў сваю пушчу, і так радасна зрабілася, хоць спявай. Ён ішоў побач з князёўнай, павучаў яе, як трэба шукаць грыбы.
— Кожнаму грыбу трэба пакланіцца, князёўна, — казаў ён словы, якія калісьці чуў ад свайго бацькі.— Грыб хавацца любіць. Пад куст, пад мох, пад ігліцу залазіць. Сядзіць там і цікуе на людзей — знойдуць або не? Паспеху не любіць грыб.
На вузкай сцежачцы ўбачыў Мірошка бітву рыжых лясных мурашак з сінімі жукамі. Жукоў было тры, а мурашак незлічонае мноства. Яны абляпілі ў жукоў ногі, крылцы, не даючы ўзляцець. Аднаго перавярнулі на спіну і цягнулі ў свой мурашнік. Знясілены жук толькі слаба варушыў вусікамі і ўжо не супраціўляўся.
Мірошка стаў на каленцы, ціха паклікаў князёўну Соф'ю, каб і яна паглядзела.
— Выратуй жука, — адразу папрасіла Соф'я. — Мурашкі з'ядуць яго. Выратуй хутчэй.
Мірошка ўзяў яловую лапку, пачаў асцярожна змахваць, змятаць мурашак з сіняга жука. Але не так проста было гэта зрабіць, бо рыжыя разбойнікі мёртвай хваткай учапіліся ў яго.
— Як у людзей вайна, — сказаў сівавусы вой, што таксама назіраў за гэтым няроўным паядынкам.
Князёўна Соф'я неўзабаве стамілася, і воі на лясной паляне зрабілі прывал. Сівавусы расклаў цяпельца, выразаў ражно, накалоў на яго грыб, спёк у агні і з'еў, пасаліўшы соллю, якую насіў з сабой, загарнуўшы ў мяккую белую анучачку. Ён сядзеў, выціраў рукою вусы, і раптам свіснула страла і ўпілася яму ў грудзі. Вой паваліўся тварам у цяпельца.