Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Засада! — крыкнуў ягоны напарнік, схапіўшыся за меч. Ды і ў яго між лапатак ужо тырчала страла.
Князёўна закрычала ад жаху. Мірошка ўскочыў на ногі, спужана азірнуўся. З дзесятак чалавек у доўгіх белых плашчах, на якіх былі нашыты чырвоныя крыжы і мячы, акружалі паляну. Адзін з іх зноў цэліўся з арбалета. «Мечаносцы», — здагадаўся Мірошка і крыкнуў Соф'і:
— Уцякайма, князёўна!
Соф'я пабегла за Мірошкам, ды мечаносцы кінулі вяровачную пятлю, падсеклі князёўне ногі, павалілі яе. Вой, што яшчэ быў жывы, мужна абараняў князёўну, адбіваючы ўдары шматлікіх ворагаў баявой сякерай, якая рэменем мацавалася да рукі. Трох ці чатырох мечаносцаў ён зваліў на лясную траву, рассекшы ім чарапы, але неўзабаве і сам упаў, абліваючыся крывёю. Мечаносец нагой, абутай у жалезны чаравік, наступіў вою на грудзі, шырока махнуў мячом.
Знямелая ад страху князёўна бачыла, як набліжаюцца да яе чужынцы, сцялася ў камячок. Жоўтабароды мечаносец схапіў князёўну на рукі, панёс да каня, які пад сядлом стаяў у глыбіні лесу.
— Бог паслаў нам дачку ўладальніка Кукейноса, — сказаў ён сваім сябрам. — Хутчэй у Рыгу. Епіскап Альберт чакае нас.
Аднаму Мірошку ўдалося ўцячы. Ён і прынёс у горад жахлівую вестку.
Праз дзень вярнуўся з Пскова князь Вячка, вясёлы, шумны, прывёз князёўне падарунак — маленькага бурага мядзведзіка, які ўмеў біць у бубен. Дабранега, уся ў чорным, з паніклай галавою, выйшла князю насустрач, прыпала галавой да запыленага паходнага стрэмені, заплакала.
Вячка, не злазячы з каня, здзіўлена і разгублена глянуў на княгіню, запытаўся:
— Чаго ты плачаш, Дабранега?
Княгіня стала на калені ў гарачы ад сонца сыпучы пясок.
— Далёка ты лётаў, князь, як чайка за мора. Прабач, калі зможаш… Бяда прыйшла ў твой дом, бяда вялікая. Няма тваёй перапёлачкі яснавокай.
— Дзе Соф'я?! — пабляднеў, крыкнуў Вячка. Ён у імгненне вока саскочыў з каня, абедзвюма рукамі ўзяў княгіню за плечы, павярнуў яе заплаканы твар да сябе.
— У мечаносцаў… у Рызе, — прашаптала княгіня.
— Эх ты! — Вячка адпіхнуў ад сябе жонку, і яна ўпала на спіну. — Не зберагла… Эх ты!
Ён выхапіў меч, глыбока, па самую крыжавіну рукаяці, усадзіў у пясок.
На некалькі дзён быццам знямеў Кукейнос. Нават царкоўны звон са званіцы гучаў квола і няўпэўнена. Чалядніцы ў цераме перагаворваліся шэптам.
Аднойчы надвячоркам бясшумна апусцілі пад'ёмны мост, і двое верхавых у чорных дарожных плашчах, бяззбройныя, калі не лічыць кордаў, засунутых за халявы ботаў, пакіраваліся ў бок Рыгі. Лясная цемра навалілася на іх адразу ж за Кукейносам. Хмары велізарным шэрым шчытом закрывалі ўсё неба. Пачаўся дождж, спачатку дробненькі, як макавае зерне, потым усё больш спорны, густы, і неўзабаве мора вады абрынулася на лес, на балоты, на верхавых, што калючымі шпорамі няшчадна падганялі сваіх коней, злёгку прыгінаючыся ў сёдлах.
— Хутчэй, — адно толькі слова паўтараў пярэдні коннік, уразаючыся ў змрок, у дождж. Ягоны спадарожнік маўчаў, толькі засяроджана грыз мокры чэрмны вус. Гэта былі Вячка і Халадок, і ехалі яны да епіскапа Альберта.
Раздзел чацвёрты
I
У Рызе, на плошчы перад царквой святога Пятра, адбывалася містэрыя 75 . Епіскап Альберт з усім сваім капітулам сядзеў у прасторнай крытай галерэі каля сцен царквы. Побач з ім сядзелі граф Генрых са Штумпенгаўзена, граф Кона з Ізенбурга, шмат рыцараў-пілігрымаў з Вестфаліі і Саксоніі, а таксама родны брат епіскапа Ротмар, які да прыплыцця ў Лівонію быў манахам Зегебергскага манастыра пад Брэменам.
75
Містэрыя — жанр сярэдневяковага рэлігійнага тэатра. Прадстаўленні даваліся на гарадскіх вуліцах і плошчах.
Ужо трох сваіх братоў — Германа, Энгельберта і Ротмара — прывёз Альберт у Рыгу. Род Буксвагенаў цвёрдай нагою ступаў на зямлю Лівоніі, зямлю прасвятой дзевы. Удача пакуль што спадарожнічала братам. Усё гэта, вядома, ішло ад вялікіх шчадрот божых, ад няспынных малітваў, з якімі Алейдзіс фон Буксваген, шаноўная іхняя маці, звярталася да бога, выпрошваючы ў яго шчасце для сваіх непаседлівых сыноў.
На містэрыю Альберт запрасіў і самых першых хрысціян з тубыльцаў. Гэта былі амаль стогадовыя Іла і Віэца з Ікескалы. Іх хрысціў яшчэ сам Мейнард, апостал Лівоніі. Сівагаловыя, сухенькія, зморшчаныя, яны сядзелі побач, як два яблыкі, прыхопленыя нечаканым марозам.
Не забыўся епіскап і пра верных рыжскай царкве старэйшын ліваў і земгалаў. Самым прыкметным і самым багатым быў паміж іх Каўпа з турайдскіх ліваў. Рослы, густавалосы, з цвёрдым позіркам шэрых стомленых вачэй, Каўпа першы з мясцовай знаці стаў на бок рымскай царквы, добраахвотна аддаў сына заложнікам у Тэўтонію. Разам з манахам Тэадэрыхам Каўпа ездзіў да папы Інакенція III у Рым і атрымаў ад божага намесніка сто залатых за верную службу царкве, епіскапу Альберту прывёз падарунак папы — біблію, пісаную рукой святога Грыгорыя.
Былі паміж запрошанай ліўскай і земгальскай знаці хрысціяне і язычнікі. У першую чаргу для нехрышчоных язычнікаў ставіў Альберт містэрыю — хацеў пасеяць у сляпых душах семя евангельскае.
Містэрыю ігралі рыцары з епіскапскай дружыны, манахі з Дзінамюндскага манастыра і манастыра святой дзевы Марыі, рыжскія купцы і рамеснікі. Былі паказаны сцэны з войнаў Давіда, Гедэона і крывадушнага цара іудзейскага Ірада.
— Услаўце бога, — сказаў акцёрам епіскап.
— Уславім, святы айцец, — дружна адказалі акцёры.
Перад самым пачаткам містэрыі ліў Каўпа спытаўся ў Альберта:
— Святы айцец, гэта праўда, што ў хрысціянскім раі няма цемры?
— Няма, — усміхнуўся куточкамі вуснаў епіскап.
— Толькі святло? Толькі дзень? — дапытваўся Каўпа. — А ці добра гэта — жыць без цемры?
Зараз Каўпа ва ўсе вочы глядзеў на бой войска Гедэона з філісцімлянамі. Воіны Гедэона былі ў цяжкіх металічных латах, у высокіх бліскучых шлемах, упрыгожаных яркімі пёрамі паўлінаў. Яны калолі ворагаў трохзубцамі і мячамі, накінуўшы на свае ахвяры сплеценыя з меднага дроту сеткі. Адзінаю зброяй філісцімлян былі вяровачныя прашчы, у якія яны закладвалі каменне-галышы. Воіны Гедэона, а яны сімвалізавалі моц рымскай царквы, білі філісцімлян, як зграю дзікіх звяроў. Альберт быў задаволены містэрыяй.
— Генрых, — паклікаў ён маладога светлавалосага клірыка, які перакладаў лівам словы Гедэона і ягоных воінаў з латыні на тутэйшую мову. Клірык падбег да крэсла, у якім сядзеў епіскап, схіліў у лёгкім паклоне галаву:
— Слухаю, мансіньёр 76 .
Белы прыгожы твар пакрыўся яркай, як у дзяўчыны, ружовасцю. «Маладосць — шчаслівы час», — падумаў епіскап, якому ўжо было пад пяцьдзесят.
— Генрых, сын мой, — сказаў ён клірыку, — містэрыя ідзе цудоўна. Я рады за нашых акцёраў і вельмі рады за цябе.
76
Мансіньёр — тытул каталіцкіх епіскапаў і архіепіскапаў.
— Дзякую, мансіньёр, — успыхнуў Генрых.
— Калі скончыцца містэрыя і нашы госці, лівы і земгалы, пакінуць Рыгу, зайдзі да мяне.
— Абавязкова зайду, мансіньёр, — яшчэ раз пакланіўся Генрых.
Генрыху было дваццаць гадоў. У шаснаццацігадовым узросце епіскап Альберт прывёз яго з Брэмена ў Рыгу, каб пасвяціць у сан пастыра і даць яму царкоўны прыход. Але свяшчэннікам можна стаць толькі дасягнуўшы дваццаці аднаго года. Яшчэ год, і Генрых, ягоны любімы Генрых, надзене сутану і панясе ў гэтых дзікіх краях непагаснае святло пропаведзі дзеля Ісуса Хрыста і яго ўлюбёнай мацеры, прасвятой дзевы Марыі.