Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
Шрифт:
— Я зараз, канечне, нічога зрабіць не магу для бедалагі, — сказаў нарэшце Гёфген.
Ірыг, які сам хацеў сказаць гэта, кіўнуў. Потым абодва зноў замоўклі. Гёфген пакручваў муштук цыгарэты. Ірыг адкашліваўся. Магчыма, яны саромеліся адзін аднаго. Кожны ведаў, пра што думае другі. Гёфген думаў пра Ірыга, а Ірыг пра Гёфгена: "Так, так, дарагі мой, ты такая самая свіння, як і я". Гэтую думку кожны ўгадваў па вачах субяседніка. Абодвум было сорамна.
Маўчанне зрабілася нясцерпным. Гёфген устаў.
— Трэба ператрываць, — сказаў ён ціха і паказаў рэвалюцыйнаму крытыку бледны твар гувернанткі. — Нялёгка, але трэба пацярпець. Бывайце, дарагі сябар.
У Гендрыка былі ўсе падставы радавацца: усмешкі Лоты Ліндэнталь рабіліся ўсё саладзейшыя, усё больш абяцалі. Калі рэпетыравалі якую-небудзь інтымную сцэну — а камедыя "Сэрца" амаль уся складалася з інтымy паміж жонкай буйнога дзялка, ролю якой выконвала Лота, і галантным сябрам дома, якога іграў Гендрык, — здаралася, яна з уздыхам прыціскала свае грудзі да грудзей партнёра і кідала на яго вільготныя позіркі: Гёфген, са свайго боку, быў стрымана-меланхалічны і дысцыплінаваны, але так, быццам за гэтым крылася ліхаманкавая жарсць. Ён трымаўся з фройляйн Ліндэнталь з элегантнай стрыманасцю, часцей за ўсё называў яе "ласкавая фраў", а ў рэдкія хвіліны "фраў Лота", і толькі падчас працы, у руплівасці сумесных рэпетыцый, у яго прарывалася даверлівае таварыскае "ты". Але вочы яго, здавалася, увесь час маўлялі: "Ах, каб толькі я мог, як бы я хацеў абняць цябе, радасць мая! На мой вялікі жаль, я мушу стрымлівацца, таго патрабуе лаяльнасць да нямецкага героя, які называе цябе сваёй..." Вось якімі палкімі, па-мужчынску стрыманымі пачуццямі ззялі прыгожыя вочы артыста Гёфгена. А насамрэч ён думаў так: "Ну, чаму, Госпадзе, чаму прэм'ер-міністр, які мог бы мець любую, выбраў менавіта гэтую? Яна, магчыма, нішто сабе баба і выдатная гаспадыня, але ж страх якая тоўстая і пры тым смех якая манерная. Зрэшты, і актрыса нікудышняя..."
На рэпетыцыях часта падмывала накрычаць на Ліндэнталь. Любой іншай актрысе ён сказаў бы ў твар: "Тое, што вы робіце, дарагая, гэта самы пошлы правінцыйны стыль. І той факт, што вы іграеце рафінаваную даму, не дае вам прычыны гаварыць такім высокім штучным голасам і так адтапырваць мезенец. У рафінаваных дам зусім не канечне такія манеры. І дзе гэта сказана, што жонка буйнога камерсанта, фліртуючы з сябрам дома, павінна адстаўляць локці, нібыта яна выпацкала блузку смярдзючай вадкасцю і баіцца замараць яшчэ і рукавы? Кіньце, зрабіце ласку, гэтыя свае глупствы!"
Ясна, нешта падобнае сказаць Лоце Гендрык асцерагаўся. Але і без гэтых цалкам заслужаных грубясцяў яна, відаць, адчувала сябе не зусім на вышыні.
— Я адчуваю сябе яшчэ так няўпэўнена, — скардзілася яна і рабіла наіўны твар маленькай дзяўчынкі. — Берлінская абстаноўка збівае мяне з панталыку. Ах, я правалюся з ганьбай, водгукі ў прэсе будуць жахлівыя.
Яна паводзіла сябе так, быццам была маленькай дэбютанткай, якая сур'ёзна баіцца берлінскіх крытыкаў.
— Ах, калі ласка, калі ласка, Гендрык, ну, скажыце мне, — пры гэтым яна па-дзіцячы пляскала ў далонькі, — мяне разнясуць? Стопчуць, спляжаць?..
Гендрык грудным голасам, з поўнай перакананасцю ўмаўляў яе, што не ж, гэта абсалютна выключана.
Пакуль Гёфген і Ліндэнталь рэпетыравалі камедыю "Сэрца", стала вядома, што ў рэпертуар Дзяржаўнага тэатра зноў збіраюцца ўключыць "Фаўста". На свой жах, Гендрык даведаўся, што Цэзар фон Мук — відаць, са згоды міністра прапаганды — рашыў аддаць ролю Мефістофеля актору, які ўжо шмат гадоў быў членам нацыянал-сацыялісцкай партыі і якога некалькі тыдняў таму назад запрасілі з правінцыі ў Берлін. Так аўтар "Танэнбэрга" помсціўся Гёфгену, які адхіляў яго п'есы. Гендрык адчуваў: "Я прапаў, калі гнюсны план Мука спраўдзіцца. Мэфіста — мая галоўная роля. Калі яна мне не дастанецца — усім будзе ясна, што я ў няміласці. І значыцца, Ліндэнталь не пускае дзеля мяне свой уплыў, альбо, можа, і зусім ніякага ўплыву не мае, яго ёй прыпісваюць. І тады мне не застаецца нічога іншага, як толькі спакаваць чамаданы і адчальваць у Парыж, дзе мне, магчыма, якраз і трэба было застацца; бо тут, калі гаварыць шчыра, агідна. Становішча маё жалю вартае, асабліва калі параўнаць яго з ранейшым. Усе глядзяць на мяне з падазронасцю. Усе ведаюць, што дырэктар і міністр прапаганды мяне ненавідзяць. І пакуль няма ніякага доказу, што я карыстаюся хоць якой прыхільнасцю генерала авіяцыі. Нішто сабе сітуацыя! Мэфіста мог бы ўсё выратаваць... Так, ад яго цяпер залежыць усё!"
Да пачатку адной рэпетыцыі Гёфген падышоў да Лоты Ліндэнталь, і голас яго гэтым разам дрыжаў без фальшу:
— Фраў Лота, у мяне да вас вялікая просьба.
Яна ўсміхнулася крыху спалохана:
— Я заўсёды пасабляю калегам і сябрам, калі магу.
І тады ён, гледзячы ёй у вочы глыбокім гіпнатычным позіркам, сказаў:
— Я павінен сыраць Мэфіста. Вы разумееце мяне, Лота? Я павінен.
Яго сур'ёзнасць напалохала яе, да таго ж яе ўзбуджала напорыстая блізкасць яго цела, ужо даўно ёй не абыякавага. Пяшчотна пачырванеўшы, апусціўшы вочы, як маладая дзяўчынка, якой робяць прапанову і якая абяцае параіцца з бацькамі, яна прашаптала:
— Я паспрабую ўсё, што магчыма. Сёння ж я пагавару з ім.
У Гендрыка вырваўся глыбокі ўздых палёгкі.
На раніцу сакратарыят дырэктарату дзяржаўных тэатраў паведаміў яму па тэлефоне, што пасля абеду яго чакаюць на першы збор актораў, занятых у будучай пастаноўцы "Фаўста". Гэта была перамога. Прэм'ер-міністр прасіў за яго. "Я ўратаваны", — думаў Гендрык Гёфген. Ён паслаў вялікі букет жоўтых ружаў Лоце Ліндэнталь; да кветак ён прыклаў цыдулку, на якой кранальна вуглаватымі літарамі надрапаў толькі адно слова: "Дзякую".
Яму здалося цалкам натуральным, што дырэктар Цэзар фон Мук перад рэпетыцыяй запрасіў яго да сябе ў кабінет. Нацыянальны пісьменнік выказаў яму самую глыбокую задушэўнасць, сыграную на куды большым мастацкім узроўні, чым высакародная стрыманасць Гёфгена.
— Я рады бачыць вас у ролі Мефістофеля, — сказаў драматург. Сталёвыя вочы яго мякка заблішчалі, і ён з мушчынскай сардэчнасцю схапіў абедзве рукі чалавека, якога марыў знішчыць. — Я, як дзіця, шчаслівы буду пабачыць вас у гэтай вечнай, глыбока нямецкай ролі.
Ясна было: дырэктар поўны рашучасці адразу і прынцыпова змяніць свае адносіны да Гёфгена з таго моманту, як прэм'ер-міністр заступіўся за яго. Вядома, як і раней, Цэзар фон Мук не забываў пра галоўную мэту: трэба было не дапусціць, каб гэты тып надта ўзнёсся і пры першай жа магчымасці турнуць яго з Дзяржаўнага тэатра. Але цяпер ён лічыў разумным павесці барацьбу супроць старога ворага больш тайна і хітра. Гер фон Мук ні ў якім разе не быў схільны сварыцца праз Гёфгена з магутным прэм'ер-міністрам альбо з гэтай Лотай Ліндэнталь. Дырэктар прускіх дзяржаўных тэатраў мае ўсе падставы імкнуцца да такіх самых добрых адносінаў з прэм'ер-міністрам, як і з міністрам прапаганды...
— Паміж намі, — сказаў далей дырэктар даверліва, — гэта мне вы абавязаны тым, што зноў будзеце граць Мэфіста. — У яго вымаўленні сёння быў асабліва адчувальны саксонскі акцэнт. Магчыма, такім спосабам ён хацеў падкрэсліць сваю прастадушную шчырасць. — Былі сякія-такія сумненні, — ён прыглушыў голас і скроіў грымасу шкадавання, — сякія-такія сумненні ў міністэрскіх колах, вы ж разумееце, мой мілы Гёфген... Баяліся, каб дух папярэдняй пастаноўкі "Фаўста" (у пэўным сэнсе бальшавіцкі дух, так там сказалі) вы не перанеслі ў нашу новую пастаноўку. Але мне ўдалося абвергнуць гэтыя апасенні, пераадолець іх! — радасна закончыў дырэктар і рашуча паляпаў артыста па плячы.
Гёфгену ў гэты такі паспяховы дзень давялося перажыць і моцны пярэпалах. Ступіўшы на сцэну, ён твар у твар сутыкнуўся з маладым чалавекам. Гэта быў Ганс Міклас. Колькі тыдняў Гендрык наогул не ўспамінаў пра яго. Вядома, Міклас жывы-здаровы, яго нават прынялі ў Дзяржаўны тэатр, і ён грае Вучня ў новай пастаноўцы "Фаўста". Да гэтай сустрэчы Гендрык не быў гатовы. Пра размеркаванне малых роляў ён неяк яшчэ і не думаў. Цяпер імгненна: "Што мне рабіць? Як трымацца? Гэты ўбоіна ўсё яшчэ ненавідзіць мяне. Гэта ясна. Злосны позірк, які ён толькі што кінуў на мяне, даволі красамоўны. Ён ненавідзіць мяне, ён нічога не забыў, і ён можа мне напаскудзіць, калі захоча. Гэта ж возьме ды ляпне Лоце Ліндэнталь, за што мы тады пасварыліся ў "Г. М.". Калі раскажа, я прапаў. Але не, не адважыцца, так далёка не пойдзе. Зраблю выгляд, быццам мне на яго напляваць, спалохаю яго сваёй пыхай. Тады ён падумае, што я ўжо зноў на кані, што ў мяне на руках усе казыры і што ён супроць мяне нуль".