Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мёртвым не баліць

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Васілевіч! Васілевіч!

У мяне абмірае сэрца — немцы? Я выскокваю ў дзверы і на парозе сутыкаюся з Сахно. Ледзьве не збіўшы мяне з ног, капітан хапаецца за карабін.

— Дай сюды!..

I бяжыць за рог да штыкетніка. Я кульгікаю туды ж, чакаючы адразу ўбачыць бяду. Але танкіст, бяспечна лежачы на сваім месцы, неяк ужо дужа спакойна ўзіраецца ўдалячынь. Пасля паўзмроку дамоўкі асляпляе снежная яркасць, аднак мне здаецца, быццам па полі нехта ідзе. Далёка і нібы толькі адзін. Тым часам Сахно таропка перазараджае карабін і, прыткнуўшы яго да штыкеціны, цэліцца. Неўзабаве гахае срэл.

— Што такое?

Танкіст азіраецца, ягоны твар, аднак, да абыякавасці спакойны. Хлопец ківае ў стэп.

— Ды той вунь драла дае…

Разведчык? Ну, так і ёсць. Далёка, пад самым пагоркам, варушыцца адзінокая блеклая постаць. Відаць, добра адышоўшыся ад нас, ён збочыў з дарогі і цяпер наўпрасткі некуды шыбуе па снегавой цаліне. Спярша гэтая навіна апякае мяне гневам, потым прыходзіць здзіўленне — куды ж ён кіруе? Каб да немцаў, не трэба было сходзіць з дарогі: немцы ж у сяле… Тым часам Сахно зноў страляе.

— Стойце! — крычу я. — Што вы робіце?!

Аднак капітан, не слухаючы, страляе яшчэ, толькі, відаць, усё ж далёка: не трапіш. Разведчык жа, мабыць, пачуўшы яго стрэлы, прыпыняецца і разы два ўзмахвае над галавой: маўляў, чорта мяне дастанеце!

— Што вы робіце? Хіба ён да немцаў?

Сахно, як затраўлены воўк, азіраецца і ўскоквае на ногі.

— А вы замаўчыце! Замаўчыце! — крычыць ён. — Вы разгільдзяй! Вас у штрафную трэба! Вы разлагаеце дысцыпліну! Я ў трыбунал вас перадам!..

Я ўнутрана смяюся. Напалохаў! Трыбунал! Дурань ты, хочацца мне сказаць, але я ведаю, цяпер з ім лепей не звязвацца. Я нагінаюся за карабінам, які ён аднаруч кідае мне пад ногі, і адыходжу. Сахно ж, выкрычаўшы пагрозу, таропка ідзе ў дамоўку. На рагу, аднак, сутыкаецца з Кацяй. За ёй шкандыбае стары. Каця ўстрывожана.

— Што за пальба?

Не адказваючы, капітан запальчыва ўскідвае свой падбародак.

— Ану, збірайце манаткі! Марш адсюль!

— Куды марш? Навокал немцы, — спакойна кажа Каця.

Сахно з кароткай збянтэжанасцю пазірае на яе.

— Туды! Упярод! Да сваіх! — махае ён за дамоўку ў поле.

Каця ўздыхае і адварочваецца. Да Сахно, хутаючыся ў ватоўку, падыходзіць стары.

— Там міны, сынок. Надоечы немцы раскладвалі. Сам бачыў. Тут увакурат грузавікі стаялі. А яны па полі разносілі.

Каця, стоячы збоку, зашпільвае паўшубак. Танкіст, падышоўшы ззаду, ссоўвае на патыліцу свой зухаваты шлем і прыслухоўваецца да размовы. Сахно пранозліва глядзіць на старога. А я амаль фізічна адчуваю, як нешта ў маім нутры паныла і відавочна асядае.

— Дзе край міынага поля? Дзе абход? Будзеш паказваць! — загадвае Сахно.

Стары разводзіць рукамі.

— А хіба ж я ведаю? Спярша дык бачыў. А пасля яны мяне ў горад завезлі. Колькі яны тут наклалі — д’ябал іх ведае!

На маленькім падворку настае напружаная паўза. Чуваць толькі самалётны гул. Некалькі вераб’ёў злятаюць са страхі і рухава скачуць па снезе ля нашых ног. Сахно азірае аколіцу.

— Так, — рашае капітан. — Раненых пакінуць. Немца шлёпнуць. Хаця адставіць. Немец пойдзе з намі.

Падаўшыся наперад, я апынаюся перад капітанам.

— Малодшага лейтэнанта таксама возьмем.

Мой голас дрыжыць. У тоне нічым непрыкрыты выклік. На гэты раз я яму не саступлю. I Сахно, здаецца, разумее гэта. Строга бліснуўшы на мяне злым позіркам, ён адварочваецца.

— Толькі пры ўмове, што ты яго панясеш.

— Памогуць. Яны памогуць, — кажу я і ўмольна пазіраю на Кацю.

Тая, аднак, скіроўвае свой позірк у поле. Тады я паварочваюся да танкіста:

— Друг, ты ж падсабіш?

Танкіст незадаволена чмыхае:

— А я што — конь?

Мая стаўка рушыцца. Я ледзьве стрымліваю слёзы. Сволачы абое! I Каця таксама. А я спадзяваўся!.. Цяжка! Страшна! Вядома, свая кашуля прыліпла да цела. Баягузы праклятыя! Ну, але чорт з вамі! Яшчэ пабачым — хто выгадае.

Мяне душаць крыўда і гнеў. Трэба б ім нешта сказаць, абразіць, зняважыць. Але я не знаходжу слоў і кідаюся ў хату.

Дзвярэй я за сабой не зачыняю — цяпер мне пляваць на ўсё ў цэлым свеце. Я схіляюся над Юркам. Ён з намаганнем узнімае запалыя вейкі.

— Юр, ну як ты?

— Так, нішто, — ціха, перасільваючы стогн, кажа ён і пытаецца: — Чаму стрэлы былі?

Я не адказваю.

— Юра, ты можаш? Як-небудзь бярыся за мяне. Рукамі бярыся.

З раптоўнай трывогай у вачах ён паслухмяна цягне да мяне свае рукі. Я паварочваюся бокам, каб падставіць яму свае плечы. У гэты час у дамоўку нячутна заходзіць Каця. Побач на падлозе я бачу яе валёнкі.

— Ну, якраз. Толькі табе і несці! — злуецца яна, і ад гэтае яе злосці нешта ва мне расслабляецца ў добрасці. Каця азіраецца: — Эй, фрыц, ану, падсабі!..

— Яволь! Айн мамэнт!..

Немец з гатоўнасцю ўскоквае. Я чую, як тупацяць па падлозе ягоныя падкаваныя боты. З дапамогаю Каці ён пераймае з маіх плячэй даволі-такі цяжкае Юркава цела. Палаткі, аднак, няма, і яны бяруць Юрку за каўнер і полы паўшубка. I тады на падлозе ўсхопліваецца лётчык.

— А я? А мяне? Кідаеце? Завялі ў акружэнне і кідаеце?.. Сволачы вы! Пяхота праклятая! — ашалела крычыць ён, размахваючы ў паветры рукамі-кульцяпкамі. I раптам істэрычна хліпае: — Браточкі! Што ж вы робіце? Не кідайце! Я камандуючага вазіў. Я яго асабістым шафёрам быў. Ён з вас душы павытрасае! Сволачы! Вы чуеце? Я не дарую!

— Ах, вось што! — спыняючыся, кажа Каця. — Вось які ты лётчык!

— Я не лётчык. Я шафёр камандуючага. Зразумелі! Цяпер вы мяне не пакінеце. У мяне вайсковая тайна. Я маю тайну. Ага!

Я бянтэжуся і не ведаю, што рабіць. Агідна і жахліва адначасна чуць усё гэта. Але ён такі здаравенны — нам яго не падняць. Хіба, можа, возьме танкіст? Трэба б як перанесці яго з гэтае будкі куды ў лепшае месца.

Мы выносім Юрку на ганак, і я крычу танкісту, які разам з Сахно стаіць на двары. Аказваецца, тут усё чутна.

Поделиться с друзьями: