Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мёртвым не баліць

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Эй, чуеш? Вазьмі!

Танкіст без слоў закідвае за плячо аўтамат, але Сахно груба спыняе яго:

— Стой! Я сам…

I рашуча праціскаецца паўз нас у хату.

Згінаючыся, мы выносім Юрку на падворак і ямчэй бяром зноў утрох: я, немец і Каця.

Танкіст кідаецца ў дзверы следам за Сахно. Мы моўчкі чакаем.

— Ось што будзе з кожным! — крычыць Сахно — З кожным панікёрам і ныцікам! У мяне рука не ўздрыгне!

Сцюдзёным ветрам павявае ў душу. I мы раптам адчуваем — гэта не пустыя пагрозы. Рашучасці ў яго хопіць.

Сахно выбягае на падворак.

— Ну! Шырай шаг!

Падаўленыя і прымоўклыя, мы хутка сігаем па дарозе ў поле. Ззаду ў варотцах застаецца стары. Ён моўчкі і доўга глядзіць нам у спіны. Я зноў кульгікаю з нацягнутым рогам паўшубка ў руцэ. Юркавы ногі валакуцца па снезе. А мне раптам робіцца шкада шафёра. I з кожным крокам усё шырэе нянавісць да капітана Сахно. Я ўжо выразна адчуваю: ён здольны на ўсё. У горшым выпадку, літасці ад яго не чакай. Але і шафёр, гэты самазваны лётчык, таксама зануда: столькі ашукваць нас.

31

У міліцыі нас, мусіць, не вельмі чакаюць. Пакуль мы па адным пралязаем праз вузкія дзверы, за сталом у пакоі дагульваецца партыя ў шахматы. Гуляюць малодшы лейтэнант у срэбных пагонах, які сядзіць за сталом, і міліцыянер, што стаіць збоку. Пры нас ужо яны па чарзе робяць некалькі паспешных хадоў. Але да мата, відаць, далёка, і міліцыянер ашчадна прыбірае дошку. Малодшы лейтэнант, хмурачы светлыя броўкі, акідвае нас позіркам, у якім начальніцкая прыдзірлівасць змагаецца са звычайнай хлапечай цікаўнасцю.

— Да сценкі! Да сценкі! Не таўпіцеся ля дзвярэй.

— Не ўцячэм! — кажа наш хлопец у чорным.

Трымаючы пэўную дыстанцыю ва ўзаемаадносінах, афіцэр суха кідае:

— Ахвотна веру.

Ён зусім яшчэ малады, мусіць, нядаўні выпускнік міліцэйскага вучылішча, і строгасці на ягоным твары праз меру. Старшына, што прывёў нас, становіцца ля дзвярэй. Мы ўсе выстройваемся ў рад, за тры крокі ад адзінага тут стала, і малодшы лейтэнант апускаецца на стул.

— Ну, у чым справа? Хто растлумачыць?

Гарбацюк памыкаецца да стала.

— Яны зняважылі мяне. Апроч таго, планкі…

— Вас мы ўжо чулі, — даволі рашуча перабівае яго афіцэр і ківае на мяне. — Скажыце вы!

— Што казаць? Планак у яго не было. Я іх не бачыў.

Малодшы лейтэнант кідае беглыя позіркі на іншых і спыняецца вачыма на Ігару.

— А вы што скажаце?

— Я далучаюся да таварыша. На жаль, не ведаю прозвішча.

— Так. Значыць, не прызнаяцеся. Тады будзем пісаць.

Ён разгортвае на стале канцылярскую кнігу. З кішэні кіцеля дастае аўтаручку.

— Та-ак! Пішам. Па парадку. Вас першым. Прозвішча, імя, імя па бацьку.

— Васілевіч Леанід Іванавіч.

— Год нараджэння?

– Іысяча дзевяцьсот дваццаць чацверты.

Ручка яго, аднак, не хоча пісаць, драпае паперу, і малодшы лейтэнант страсае яе ўбок. На чырвоным, заляпаным чарнілам абрусе з’яўляецца новая пляма.

— От, чорт! Далей?

— Кавалевіч Ігар Пятровіч. Тысяча дзевяцьсот трыццаць чацвёрты.

— Так. Далей.

— Цяслюк Віктар Сямёнавіч. Трыццаць восьмага.

Ручка ў афіцэра зноў драпае, і ён, павярнуўшыся, рэзка страсае яе ў гэты раз на падлогу.

— Цяслюк. Далей.

— Фогель Эрна Дзмітрыеўна. Тысяча дзевяцьсот сорак другога.

Малодшы лейтэнант узнімае твар.

— А вы што — сведка?

— Яна ні пры чым, — аб’яўляе Гарбацюк і з зацятым выразам закладвае рукі за спіну.

— Не. Я пры чым. Пішыце і мяне.

Гаспадар пакоя з недаверам пытаецца ў Гарбацюка:

— Яна, значыць, не абражала вас?

— Не. Яна не.

Малодшы лейтэнант вагаецца, і Эрна з раптоўнай рашучасцю ў вачах падскоквае да стала.

— Пішыце, пішыце! Я яшчэ абражу.

Малодшы лейтэнант амаль збянтэжана знізу ўгору глядзіць на яе. У чорных вачах дзяўчыны бунт і рашучасць. Афіцэр, не адрываючы ад яе позірку, вяла страсае ручку.

— Фогель?..

— Фогель Эрна Дзмітрыеўна. Тысяча дзевяцьсот сорак другога года нараджэння. Запісалі? А цяпер я скажу.

Вёртка крутнуўшыся ад стала на сваіх востранькіх шпільках, яна апынаецца тварам у твар да Гарбацюка.

— Вы, нягоднік! Чуеце! Нягоднік і правакатар!

Ігар падаецца да дзяўчыны, хапае яе за руку.

— Эрна!

— Эрна, ды кінь ты! — з другога боку да яе падыходзіць Цяслюк.

Ігар ставіць яе з сабой побач. Жывы, рэзка акрэслены твар дзяўчыны гарыць ад абурэння.

— А я не баюся! Ваша шчасце, што іх у вас не было. Я б іх сама сарвала. Вы іх няварты. Вы правакатар!

— Вы чуеце? Вы чуеце, таварыш малодшы лейтэнант! Я прашу запісаць.

Малодшы лейтэнант ускоквае за сталом і, як утрапёны, глядзіць на дзяўчыну.

— Замаўчыце!

Эрна змаўкае, але ўся аж калоціцца ад узбуджэння.

Гарбацюк тыкае ў нас пальцам і крычыць афіцэру:

— Вы бачылі? Яны ўсе п’яныя. Прашу запісаць.

— Ану, вядзіце сябе прыстойна. Тут не рэстаран, — строга кажа малодшы лейтэнант.

Эрна марудна супакойваецца. Абхапіўшы за плечы, яе туліць да сябе Ігар. Я з усяе сілы стараюся стрымацца, каб выглядаць спакойным, хоць адчуваю — маёй вытрымкі хопіць ненадоўга.

Хмурачы рэдзенькія броўкі, стаіць малодшы лейтэнант, стаяць міліцыянеры ў парозе. Зацяўшы ў сабе прыкрасць і гнеў, моўчкі стаім мы. Адзін толькі Гарбацюк прыкметна ажыўляецца і ўсё памыкаецца да стала.

— Ось, бачыце! Ось, бачыце. Прамыя выпады! Так, так! Урадавыя ўзнагароды ёсць акт Савецкага ўрада. А яна што сказала? Я папрашу ўсё запісаць. Я не дарую. Я гэтыя ўзнагароды заслужыў у баях!

— Безумоўна! — парушае напружанае маўчанне афіцэр. — Ніхто не даў права зневажаць тое, што заслужана на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

З акамянеласцю, якая зусім не пасуе да яго маладога твару, ён сядае. Яшчэ раз кінуўшы позірк на Эрну, моцна страсае ручку.

— Ну, не ўсё, што блішчыць на грудзях, у баях заслужана, — кажа ў цішыні Цяслюк.

Поделиться с друзьями: