Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мiхалка (на белорусском языке)

Прус Болеслав

Шрифт:

Дзяцюк увайшоў у двор. Дзе-дзе, а тут яму належыцца начлег. Ён жа сам гэты дом будаваў.

– Гэй! Гэй! А куды ты?
– гукнуў за iм з ганка чалавек у доўгiм кажусе.

Вiдаць, ужо было холадна на дварэ.

Мiхалка павярнуўся.

– Гэта я, - сказаў ён.
– Iду спаць у сутарэнне.

Чалавек у кажусе абурыўся:

– Тут што - жабрацкi гатэль, каб вам начаваць?

– А я ж тут рабiў усё лета, - збянтэжыўся дзяцюк.

У сенцах паказалася вартаўнiкова жонка, непакоячыся пра мужа.

– Што тут робiцца?.. Хто гэта?.. Можа, злодзей?
– спыталася яна.

– Ды не. Толькi вось гэты кажа, што ён тут працаваў, што i начлег яму належыцца... Дурнаваты!..

У Мiхалкi загарэлiся вочы, ён засмяяўся i падбег да вартаўнiка.

– Дык вы з нашай вёскi?
– спытаўся радасна.

– А чаму гэта?
– здзiвiўся вартаўнiк.

– Бо так на мяне гавораць у нашай вёсцы... Бо я - дурны Мiхалка!

Вартаўнiкова жонка захiхiкала, а сам ён пацiснуў плячыма i сказаў:

– Што ты дурны, дык гэта вiдно. Аднак я не з вёскi, а з горада... З Лапаў!* - дадаў ён такiм тонам, што пасумнелы дзяцюк ажно ўздыхнуў.

* Лапы - гарадок на Беласточчыне.

– Уга! Гэта ж, вiдаць, такi самы вялiкi горад, як Варшава?

– Такi - не такi, - адказаў вартаўнiк, - а ўсё ж горад нiшто сабе.

Ён памаўчаў, а потым:

– А ты, само сабой, кацiся адгэтуль, бо спаць тут няможна.

Дзяцюк i рукi апусцiў. Ён жаласна зiрнуў на вартаўнiка i спытаўся:

– Куды ж я пайду ў такi лiвень?

Трапнасць гэтай заўвагi ўразiла вартаўнiка. I сапраўды - куды ж iсцi ў такую навальнiцу?

– Што ж, - сказаў ён, - заставайся тады, калi лiвень. Толькi глядзi, каб ноччу красцi не захацелася. А ўранку на самым золаку ўцякай, каб гаспадар не ўбачыў. Бо гэта быстры пан!

Мiхалка падзякаваў, пайшоў у флiгель i вобмацкам залез у знаёмае сутарэнне.

Расцёр ацэплыя рукi, выкруцiў мокрую сярмяжыну i лёг на цаглянай крошцы i стружках, якiх калiсьцi нанасiў сюды.

Горача яму не было, наадварот - нават трохi холадна i мокра. Аднак ён з маленства прывык да галечы i на цяперашнюю невыгоду зусiм не зважаў. Горш было ад думкi: а што далей? Цi шукаць працы ў Варшаве, цi вяртацца дахаты? Калi шукаць працы, дык дзе ды якое? А як дахаты вяртацца, дык як i чаго?

Голаду ён не баяўся. Было ж яшчэ два рублi, ды, зрэшты - што той голад навiна для яго?

– Ат, што бог дасць, - шапнуў ён.

Перастаў непакоiцца пра заўтрашнi дзень, цешыўся сённяшнiм. На дварэ цурболiць дождж. Дрэнна было б цяпер у раўку, а тут жа так здорава!

I заснуў, як стомлены мужык, якi, калi яму што снiцца, кажа, што гэта душы нябожчыкаў яго наведвалi.

А заўтра... Будзе што бог дасць!

Зранку распагодзiлася, нават i сонца блiснула. Мiхалка яшчэ раз падзякаваў вартаўнiку за начлег i пайшоў. Быў ён зусiм бадзёры, хоць ад учарашняга дажджу валасы зляпiлiся, а сярмяга ўдубянела, як скураная.

Пастаяў трохi перад варотамi, раздумваючы, куды падацца, улева цi направа? Заўважыў паблiзу адчыненую карчму i зайшоў туды паснедаць. Выпiў добрую чарку гарэлкi i весялейшы пабрыў туды, дзе вiдаць было рыштаванне.

"Цi працы шукаць?.. Цi дахаты вяртацца?.." - таўклiся ў галаве яго думкi.

Раптам аднекуль непадалёку пачуўся гук, нiбы коратка загрымела, потым другi раз - мацней.

Дзяцюк зiрнуў туды.

Крокаў з дзвесце направа вiдаць быў верх рыштаванняў, а над iмi як быццам чырвоны дым...

Штосьцi там адбылося. Мiхалку ахапiла цiкаўнасць. Пабег туды, коўзаючыся i пляхаючы па лужынах.

На незабрукаванай вулiцы, дзе зрэдку стаялi дамы, мiтусiлiся ўстрывожаныя людзi. Крычалi i паказвалi рукамi на незакончаную будоўлю, каля якой ляжалi дошкi, паламаныя слупы i свежы друз. Над усiм гэтым уздымаўся чырвоны пыл.

Мiхалка падбег блiжэй. Там ужо ён убачыў, што здарылася. Абвалiўся новы дом.

Адна сцяна рассыпалася зверху да нiзу, а другая - на большую палавiну.

У разбураных сценах тырчалi вушакi i аконныя рамы, а бэлькi перакрыццяў абвалiлiся, пагнулiся ды паламалiся, як трэскi.

У вокнах суседнiх дамоў паказалiся перапалоханыя жанчыны. А на вулiцы, апроч рабочых, было толькi чалавек некалькi. Вестка пра здарэнне яшчэ не дайшла да цэнтра горада.

Першы апомнiўся галоўны майстар.

– Нiхто не загiнуў?
– спытаўся ён, дрыжучы.

– Здаецца, не. Усе якраз снедалi.

Майстар пачаў падлiчваць сваiх, аднак увесь час памыляўся.

– Чаляднiкi тут?

– Тут!

– А памочнiкi?

– Тутака!

– Енджэя няма!
– азваўся адзiн.

Прысутныя на момант анямелi.

– Так, ён быў усярэдзiне...

– Трэба яго шукаць!
– сказаў майстар ахрыплым голасам.

I пайшоў да абваленага дома, а за iм некалькi смялейшых.

Мiхалка машынальна падышоў таксама.

– Енджэй!.. Енджэй!..
гукаў майстар.

– Адыдзiцеся, пане!
– перасцерагалi яго.
– Гэтая сцяна ледзь-ледзь трымаецца.

– Енджэй!.. Енджэй!..

З сярэдзiны дома адказаў енк.

У адным месцы сцяна была раздзёрта на шырыню дзвярэй. Майстар забег з другога боку, зазiрнуў i схапiўся за галаву. Пасля як шалёны папёр у горад.

За сцяной круцiўся ў пакутах чалавек. Абедзве нагi раструшчыла i прыцiснула бэлька. Над iм вiсела недаразваленая сцяна, якая трэскалася ўсё больш ды больш, вось-вось гатовая абвалiцца.

Адзiн з цесляроў пачаў разглядацца навокал, а скамянелыя ад жаху рабочыя пазiралi яму ў вочы, гатовыя ратаваць, калi што яшчэ можна зрабiць.

Паранены сутаргава крутануўся i стаў на руках. Гэта быў селянiн. Губы яго былi чорныя ад болю, твар - шэры, а вочы пазападалi. Глядзеў на людзей, што стаялi непадалёку, стагнаў, але прасiць ратунку не асмельваўся. Гаварыў толькi:

– Божа мой!.. Божа лiтасцiвы!..

– Сюды нельга зайсцi!
– глуха сказаў цесля.

Натоўп адступiўся.

Поделиться с друзьями: