Мiхалка (на белорусском языке)
Шрифт:
Сярод людзей стаяў Мiхалка, перапалоханы, вiдаць, больш за ўсiх.
Страхоцце, што з iм рабiлася!.. Адчуваў увесь боль прыцiснутага, ягоны жах, адчай, а разам з тым - нейкую сiлу, якая штурхала яго наперад...
Здавалася, што ў гэтым натоўпе нiхто, а толькi ён адзiн павiнен ратаваць чалавека, якi прыйшоў сюды з вёскi на заработкi. I ў той момант, калi iншыя гаварылi самi сабе: "пайду", ён думаў:
"Не пайду! Не хачу!.."
Азiрнуўся з бояззю. Стаяў ён спераду, найблiжэй да сцяны.
– Не пайду!
– шаптаў i... падняў друк, якi ляжаў амаль пад нагамi.
У натоўпе пачуўся шэпт:
– Зiрнiце!.. Што ён робiць?..
– Цiха!
– Божа добры, злiтуйся!
– гукаў паранены, рыдаючы ад болю.
– Iду! Iду!..
– сказаў Мiхалка i... пайшоў у руiны.
– Абодва загiнеце!
– крыкнуў цесля.
Мiхалка быў ужо каля прыцiснутага. Убачыў яго раструшчаныя ногi, лужыну крывi, i ў вачах яго пацямнела.
– Браце мой! Браце!
– шаптаў паранены, абдымаючы яго за каленi.
Дзяцюк падсунуў друк пад бэльку i адчайным рыўком падважыў яе. Пачуўся трэск, а з вышынi трэцяга паверха звалiлася некалькi кавалкаў цэглы.
– Валiцца!
– закрычалi, разбягаючыся, рабочыя.
Але Мiхалка не чуў, не думаў, нiчога не адчуваў. Дужым плячом ён зноў падпёр свой друк i ўжо зусiм адсунуў бэльку з раструшчаных ног няшчаснага чалавека.
Зверху пасыпалiся кавалкi цэглы. Заклубiўся чырвоны пыл, запаўняючы сярэдзiну будынка. За сцяной чулася нейкая тузанiна. Паранены застагнаў мацней, а потым раптам змоўк.
У праёме раздзёртай сцяны паказаўся Мiхалка - прыгорблены, ён цяжка нёс чалавека. Паволi перабраўся цераз мяжу небяспекi i, спынiўшыся перад натоўпам, сказаў з наiўнай радасцю:
– Едзе!.. Едзе!.. Толькi адзiн яго бот там застаўся!..
Рабочыя падхапiлi параненага, якi самлеў, i асцярожна занеслi ў найблiжэйшыя вароты.
– Вады!
– крычалi.
– Воцту!
– Па доктара!..
Мiхалка павалокся за iмi, думаючы:
"Глядзi, якiя добрыя людзi ў гэтай Варшаве!.."
Убачыўшы, што рукi яго акрываўлены, памыў iх у лужыне i падышоў да варот, каля якiх ляжаў паранены. Усярэдзiну не палез. Што ён, доктар? Што ён паможа?..
Тым часам на вулiцы збiралася ўсё больш ды больш людзей. Беглi цiкаўныя, ляцелi рамiзнiкi, здалёк пачулiся нават званкi пажарнiкаў, якiм таксама хтосьцi паведамiў.
Новы натоўп ужо такiх, якiм толькi падавай цiкавыя ўражаннi, тоўкся каля варот, а гарачэйшыя прабiвалiся наперад, каб самому ўбачыць крывавае вiдовiшча.
Аднаму з такiх Мiхалка, якi стаяў каля варот, перашкаджаў.
– Ану, адсунься! Разявiўся тут!
– крыкнуў ягомасць, убачыўшы, што босы мужык не вельмi адступае ад нацiску яго рукi.
– А што?
– спытаўся Мiхалка, здзiўлены гэтай раз'юшанасцю.
– Ты што такi за тып?
– закрычаў цiкаўны.
– Што гэта, палiцыi няма, каб разагнаць такiх лайдакоў?..
"О, тут трымайся!.." - падумаў дзяцюк i спалохаўся, каб часам не трапiць у кутузку.
I ён, каб не наклiкаць бяды, палез далей у натоўп...
Праз некалькi хвiлiн ад варот пачалi гукаць таго, хто вынес няшчаснага з руiнаў.
Нiхто не адгукнуўся.
– Як ён выглядае?
– пыталiся людзi.
– Гэта мужык. У белай сярмязе, круглай шапцы i босы...
– Няма там такога на вулiцы?..
Пачалi шукаць.
– Быў тут такi, але пайшоў, - крыкнуў нехта.
Разбеглася палiцыя, разбеглiся рабочыя i... не знайшлi Мiхалку.