Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Над Вугерай — дождж
Шрифт:

Яна павісла на адной руцэ, другою сутаргава схапіўшыся за ножны на поясе. Бацькаў нож ладна і спраўна лёг у далонь. Ільга выдыхнула і ўсадзіла нож па самае ўзорыстае дзяржальна ў цмокаву лапу — паміж двух пальцаў, у тонкі зазор між лускавінамі, дзе прасвечвала бялёсае цела.

З ровам адхінуўшы лапу, цмок адхіснуўся і сам, выпусціўшы набранае ў грудзі полымя проста ў неба. Раз'юшаны, грозны, затупаў, гнеўна забіў хвастом і крыламі.

І тады, нарэшце, здрыгануўся да самага падмурка стары мост — і пайшоў доўгаю рванаю расколінаю ўпрост пасярэдзіне. Каменныя пліты лавінаю пасыпаліся ў бурлівую ваду, са скрыгатам падламіўся роўны шэраг пазелянелых ад часу калон. Добрую палову моста павяло ўбок, і цмок, учапіўшыся ў старыя камяні, дарэмна спрабаваў утрымацца. З таго берага ракі ў звера, быццам цэлы рой куслівых вос, пасыпаліся стрэлы вугеркаўскіх вояў, а змей роў і пляваўся ў лучнікаў агнём. Стрэлы шкодзілі яму не болей, чым пчалінае джала мядзведзю, але злавалі, адцягвалі ўвагу.

У гэтай сумятні Ільга паспрабавала выбрацца — падцягнулася на руках, намацала нейкае апірышча для ног. Пліта, за якую яна трымалася, раскалолася напалову і папаўзла ўніз. Ільга адчула спінаю бездань, паспрабавала ўтрымацца за іншую пліту, але не дастала, адно вырвала колькі высахлых былінак, што прараслі ў шчыліне.

Аднак не ўпала — Ільгу цвёрда ўхапілі за руку. Матляючы нагамі над далёкай — усё яшчэ далёкай — вадой, Ільга падумала з палёгкаю: тры дні таму наўрад ці магла ўявіць, што настолькі рада будзе бачыць не-людзя.

Йурай выцягнуў яе, і своечасова: мост хіліўся набок усё мацней і мацней, калоны пад ім крышыліся ад бязладнага тупату і ўдараў цмокавага хваста. Давялося бегчы па плітах, якія ад першага ж дотыку падалі, сыпаліся, бегчы навыперадкі з расколінамі, з праваламі, што расходзіліся ўсё далей і далей, аплятаючы старыя камяні шчыльнаю сеткаю. Цмок, адчуваючы пад сабою зыбанне, закрычаў успуджана, працяжна. Паспрабаваў распрасцерці крылы, ударыў імі, разганяючыся, — і камнем паваліўся ў халодныя імклівыя хвалі. Упаў разам з абломкамі калон, расколатымі плітамі ды дробным друзам і знік у агромністым слупе іскрыстых пырскаў. Звер з пакутаю закрычаў зноў, і разам з яго крыкам ад вады паднялося воблака густой шызай пары, затапіла бераг, быццам ранішні туман.

Ільгу прабіў халодны пот, ад лёгкага павеву ветру яна задрыжэла, дробна застукала зубамі. З-пад яе ног сарваўся туды, ў вусцішную густую пару, каменьчык — і ў Ільгі валасы заварушыліся на галаве.

— А цмок... ён жа ўсё яшчэ там, так? — з цяжкасцю выціснула яна, дарма спрабуючы хоць нешта разгледзець унізе.

— Там, — пацвердзіў Йурай. Ільга паківала, зноў паглядзела ўніз і пругкім крокам пайшла да пярэстай, што схавалася ў алешніку. Зняла калчан са стрэламі, па-гаспадарску пералічыўшы, колькі засталося, прымацавала яго да пояса. Зняла лук, праверыла пальцам цеціву.

З кустоўя паказаліся чырвоныя плашчы вугеркаўцаў. Тамаш Дубыніч, вынырнуўшы з-пад ніцай вярбы, паклікаў Ільгу па імені, замахаў рукою. Пасля падбег, з асцярогаю косячыся на абрушаны мост.

— Дзеўка, — мовіў уражана. — Ты. ну ты, аднача, і штука! Сапраўды ж, бач, цмока. таго.

— Кон гэта! — гукнуў хтось з вояў. — Як прарочана было: дзева-вой!

І другі ўскрычаў з падобным захапленнем:

— Блаславенне багоў!

Ільга тольгі пагардліва чмыхнула. Ведала, што гэта ніякія не багі толькі што рызыкавалі ўласнымі каркамі.

— Ды яшчэ, бач, — працягваў Дубыніч, звонка пляснуўшы сябе па сцягну. — Трасца цябе вазьмі, адна!..

— Я была не адна, — суха выправіла яго Ільга, таропка папраўляючы наплечны шчыток.

І рушыла — далей ад іх позіркаў ды перашэптванняў — да высокага берага Вугеры. Агледзелася, прыкідваючы, як лепей было б спусціцца да вады і ці атрымаецца гэта ўвогуле зрабіць, не скруціўшы шыю. Бераг быў досыць круты, камяністы, густа парослы бадзяком і дзядоўнікам.

З пахмурнага нізкага неба зарадзіў дождж — лагодны, ціхі, дабратворны. Прыбіваў пыл і попел да зямлі, суцішваў палкае полымя, змінаў змяіны смурод, шчодра рассыпаючы сярэбраную свежасць.

Дождж рассцяліў над Вугерай шырокае шэрае радно, замгліў далі, адмыў пяшчотную маладую зеляніну, і тая ажно заззяла. Дождж змягчаў гукі і фарбы, горача шаптаўся з рачною вадою, дробна крочыў па густых зарасніках. Мусіць, недзе побач цвіў бэз, бо ад дотыку дажджу салодкі бэзавы водар зрабіўся больш акрэсленым, больш яўным, галавакружным, запаланіў усё вакол. Ільга стомлена прыкрыла вочы, падстаўляючы разгарачаны твар небу.

Добра было, што — вось вакол і бэз, і дождж, і засмужаная далячынь. Ільга адкінула валасы з твару і ўсміхнулася — дажджу.

Крокі Йурая, як звычайна, былі бязважкія, але Ільга неяк адчула яго прысутнасць побач самою скураю, як адчуваюць цяпло. Праміргалася, слаба кіўнула.

— Цмок унізе, — сказаў Йурай. — Здранцвелы, зняможаны, заложнік сцюдзёнай вады, звонкай і злой, звязаны і зломлены.

У гэтых словах перакотвалася чароўная сталь, і Ільга насцярожылася. А паэт моўчкі глядзеў на зацягнутую парай раку — з непрыхаванаю скрухаю, з жалем і шкадаваннем. Пасля пытальна зірнуў на Ільгу. Тая нахмурылася, бо прачытала ў яго вачах незададзенае пытанне.

Дакладней — неагучаную просьбу.

— Ну, не! — выгукнула Ільга сярдзіта. — Нават і не думай!

— Ты перамагла, — адчаканіў Йурай. — Гэтыя дурні і так будуць насіць цябе на руках. Чула? — і перадражніў, наўмысна гнюсавячы: — «Воля багоў».

— Воля-шмоля! — злосна мовіла дзяўчына, нават прытупнула. — Думаеш, мне да іх увогуле ёсць справа? Цымус не ў гэтым, хіба не разумееш?

Йурай звузіў вочы.

— О, вядома. Цымус у тым, каб зусім знішчыць. Каб выпаліць карэнне. Каб не засталося і звання.У голасе яго зноў бліснула тая небяспечная сталь, і Ільзе на імгненне зрабілася страшна — мусіць, нават страшней, чым тады, калі яна вісела над безданню, а на яе любаваўся крыважэрны вогненны змей.

Адчувалася, што размова ўжо не зусім пра цмока. А можа, нават і зусім не пра цмока.

Ільга зябка павяла плячыма.

— Ты атрымала сваю помсту. Атрымаеш сваю славу, — гаварыў Йурай з горыччу. — Але гэтага недастаткова, праўда, чалавечае дзіця? Вам жа ніколі не бывае дастаткова.

Ільга задумліва пацерла лоб, размазваючы сажу. Паглядзела з-пад сваёй рукі на Йураеў твар, на дзіва змрочны, і адзначыла пра сябе: такім паэта ёй яшчэ не даводзілася бачыць.

Чужая скруха зноў адазвалася ўнутры балючым рэхам, ажно знутры разанула вочы. І ўспомнілася з былой размовы: цмокаў даўно не было відаць. Гэты, мабыць, апошні.

Агніста-залаты, з каронаю з рагоў, з касцянымі грэбнямі, з магутнымі крыламі. Драпежны, злосны, крыважэрны. І, каб яго, — прыгожы.

— Нельга яго пакідаць, — не здавалася Ільга. — А калі адляжыцца і зноў пачне паляваць на людзей?

— О, не пачне, — упэўнена адказаў Йурай. — Ажно пакуль рэкі не зменяць сваіх рэчышчаў. Глядзі.

І махнуў рукою на раку пад разбураным мостам, быццам разводзячы ўбакі крылы шызай пары. Ільга ахнула.

Сцюдзёныя хвалі Вугеры амывалі чорную, гладкую, быццам шкло, скалу. У камні ледзьве згадваліся прытоеныя пад блішчастай паверхняй і звівы агромністага змеева цела, і золата лускі, і вострыя кажанавы крылы — застылыя, надзейна закаваныя ў камень.

Поделиться с друзьями: