Над Вугерай — дождж
Шрифт:
Ільга злажылася і нават — на ўсялякі выпадак — стрэліла ў вяршыню скалы, што высока ўзносілася над вадою. Пацэліла, але страла, звонка стукнуўшыся аб камень, бяссільна ўпала ў Вугеру, закружылася, затанчыла ў хвалях і апусцілася на дно.
— Ты! — абвінаваўча мовіла Ільга, апусціўшы лук. — Ты ж з самага пачатку ведаў, што так адбудзецца. Што цмок не проста здранцвее, а скамянее. Так? Ведаў?
— Я не ведаў, чалавечае дзіця, — ускінуўшы галаву, зацягнуў сваю любімую песню Йурай. — Я проста ба...
Але дагаварыць не дагаварыў, бо асекся пад нядобрым позіркам Ільгі і, кашлянуўшы, прызнаўся:
— ...ведаў.
І адразу ж вохнуў, бо сярдзітая Ільга сунула яму кулаком у плячо. Нямоцна, збольшага для прыліку — бо няма чаго недагаворваць.
— Даруй, — папрасіў Йурай. І ўсміхнуўся квола, самым краёчкам вуснаў.
— Ну, ты і зараза, паэт, — сказала дзяўчына значна мякчэй, чым варта было б. Акінула позіркам скалу з застылым у ёй цмокам і падумала: рэкі не зменяць сваіх шляхоў яшчэ доўга-доўга. Прынамсі, для чалавека. І калі крылатаму аскялепку сівой даўніны няма месца ў свеце людзей, то, магчыма, будзе месца ў свеце пасля.
Маленькая, кволая надзея на будучыню — для даўніны.
А над Вугерай плыў сярэбраны звонкі дождж.
І гэта было — добра.
Ілюстрацыі аўтара.