Над Вугерай — дождж
Шрифт:
— Я не ведаю, чалавечае дзіця, — са спакойнаю ўсмешкаю паўтарыў не-чалавек. — Я — відуш. Я часам бачу.
Сказаў так проста, быццам Ільга павінна была адразу ўсё зразумець. Яна, аднак, не зразумела.
Але паверыць — паверыла. Амаль што.
А цмок з'явіўся тры начы таму.
Казалі, наляцеў апоўначы, узняўшы крыламі вогненную буру. Закружыў над горадам, дыхнуў агнём — раз, другі, трэці. Вартавыя затрубілі трывогу, але што зтаго?
Адну з веж цмок знёс як бы мімаходзь, адным ударам магутнага крыла, пасля цяжка ўпаў на саламяныя дахі, папоўз — распалены, як метал у кавальскім горне,
— апякаючы ўсё вакол, цягнучы за сабою доўгі, усеяны шыпамі хвост у вогненнай лусцы. Зямля скаланалася, і вакол быў агонь, і крыкі, і дымны смурод, і гар.
Кагось цмок ухапіў пашчаю — толькі без дапаможна храбуснулі косткі ды пырснула барваю. Хтось згарэў жыўцом або загінуў пад разбуранымі сценамі. Тых, каго атрымалася вывесці праз падземны ход, не набіралася і трох тузінаў. Усё збольшага дзеці,жанчыы і старыя.
— Мой бацька — войт, — дадала Ільга, змрочна ўтаропіўшыся ў спакойнае возера. — Быў.
Яны з паэтам сядзелі на тым самым узгорку пад дубам: Ільга спачатку завагалася, але адпачыць усё роўна трэба было б. Кружляючы між бясконцых лясных азёр, выбілася з сіл.
Йурай уважліва слухаў, паклаўшы падбароддзе на пераплеценыя пальцы, яго лютня спачывала тут жа — беражліва ўладкаваная ў траве пад дубам. Ільга, часцяком перапыняючыся, каб знайсці словы, расказвала. Спачатку не хацелася: думак пра тую ноч яна старанна пазбягала, не дазваляючы сабе ўспамінаць. Але, распавёўшы, нечакана адчула, як зрабілася трохі лягчэй. Быццам нарэшце выцягнула стрэмку.
І вось Ільга сядзела на траве, з асалодаю выцягнуўшы ногі, якія гулі ад стомы. Жмурылася на сонцы, падхоплівала лёгкія пасмы з твару. Возера дыхала прахалодаю, дубовае лісце перашэптвалася так мірна, так спакойна.
— А пасля ён паляцеў на поўнач. Ну, цмок. У Кудравіцах і Мокрай Дубраве бачылі яго ў небе.
Распавяла пра тую страшную ноч — і ўнутры стала пуста. Быццам толькі-толькі палымнеў цмокаў агонь, спусташаў і пёк. А зараз — згас, пакінуўшы попел і пустату. І цяжкую, даўкую, невыносную, мёртвую цішыню.
— То ты, значыцца, зараз ідзеш па галаву вогненнага цмока? Сама?
Ільга ленавата кіўнула. Паэт падціснуў вусны і прамармытаў нешта наконт таго, што — не аматар ён настолькі сумных фіналаў.
— Я табе не нейкая там пяшчотная князёўна, не-людзь, — сярдзіта сказала дзяўчына. — Мяне, каб ты ведаў, вучылі паляваць.
— Няўжо? На цмокаў?
Тон быў невыносна з'едлівы, але ў нечым паэт з Курганова Поля меў рацыю. Не паспрачаешся асабліва: на цмокаў, хоць вогненных, хоць не, Ільзе паляваць не даводзілася. Пакуль што.
— Высачу пачвару, — цвёрда прагаварыла яна, пераконваючы найперш саму сябе. — Высачу, а там яшчэ пабачым.
Каб зусім шчыра, Ільга дасюль неяк не паспела вырашыць, што адбудзецца, калі яна знойдзе цмокава логавішча. Увесь час думала: толькі б паспець, толькі б дагнаць. А тады...
А што, уласна кажучы, тады?..
Паэт пахітаў галавой.
— Зрэшты, — сказаў задумліва, памаўчаўшы. — Ты ўсё яшчэ можаш дапамагчы мне. А я ў такім выпадку дапамагу табе.
— Ты так і не сказаў, у чым патрэбна дапамога, — з прахалодаю заўважыла Ільга. — Можа, я і не пагаджуся.
І дадала пра сябе: вядома, не пагаджуся. Не хапала яшчэ — абяцаць штосьці каму з не-людзей. Што б сказаў бацька, заўжды такі мудры, такі асцярожны?
— Я згубіў... адну рэч, — Йурай мякка ўсміхнуўся. — І, мяркую, менавіта ты, не-князёўна, дапаможаш мне яе адшукаць.
— Утапіў, мабыць, у возеры штось? — са змрачнаватаю радасцю здагадалася Ільга. — З п'яных, мабыць, вачэй?
І сурова адрэзала:
— Нават і не спадзявайся, я нырца даваць за тваімі трантамі не буду.
Яна не паспела дагаварыць: паэт з Курганова Поля зарагатаў. Захлынаўся смехам, хапаючыся за жывот, аціраў слёзы.
Праз колькі імгненняў яго нястрымнага рогату Ільга палічыла патрэбным абразіцца.
— Чалавечае дзіця, — глуха мовіў Йурай, сяк-так супакоіўшыся. — Ты... О, Неба бачыць... Я ж меў на ўвазе натхненне.
Ільга насупілася. А паэт, трохі аддыхаўшыся, загаварыў — пра Курганова Поле, пра спаборніцтва паэтаў у княжым двары.
Каваны радок значыць куды болей за заточаны кавалак металу. Адно важкае адважнае слова перамагае і пераважвае ўсе астатнія, хоць бы і сказаныя самым магутным уладаром свету.
Курганова Поле спавіта чарамі і песнямі. Адно не існуе без другога, жывіцца адно адным. Песні адбіваюць свет, быццам люстра, і свет, адбіваючыся, змяняецца — па волі таго, хто сплятае словы. Калі, вядома, хапае майстэрства і агню ў сэрцы. І — натхнення.
Старыя гісторыі паступова пакрываюцца пылам, і словы, старанна сплеценыя калісь, губляюць свае чары і моц.
— Проста ўсё не тое і не так, — казаў Йурай, не хаваючы агіды. — Бляклае, бездапаможнае, брыдкае. Не атрымліваецца, не даецца, слізгае з пальцаў, так што — не ўхапіць.
Ён нават раззлавана стукнуў кулаком па выгнутым корані, які змяіўся ў траве побач.
Чароўная азёрная музыка досыць жыва помнілася Ільзе, і гэтая музыка не была ані бляклай, ані брыдкай. Была — сапраўднай.
— Таму я блукаю, — паэт кіўком паказаў на возера, і самацвет у ягонай завушніцы бліснуў ярчэй. — Шукаю нечага. Новага. Незнаёмага.
— Дзеля песень?
— Дзеля іх, — вельмі сур'ёзна пацвердзіў Йурай. — Нельга ж, пагадзіся, зноў і зноў апяваць подзвігі Вотана Косткасея.
Паэт прачысціў горла, паморшчыўся і напаўголаса дадаў, што незадаволены Косткасей усё роўна за тое апяванне абяцаў зламаць яго, Йурая, лютню аб яго ж галаву.
— Хто-хто, а ён, чалавечае дзіця, свае абяцанні выконвае.
Што ж я тут раблю, запознена падумала Ільга. Сяджу пад вячыстым дубам на беразе зачараванага возера, размаўляю пра песні з не-людзем. І нібыта так і трэба.
Яна паглядзела на ўпартыя кропкі мурашоў, што адна за адной жывою ніткаю цягнуліся між каранёў, на пярэстую кабылку, што мірна пасвілася непадалёк. Зірнула і на возера — чамусь падалося, быццам над спакойнаю вадою вось-вось вырастуць белыя вежы, і сцены, і сцягі, і сярэбраныя званы загудуць на ўсю ваколіцу. Ва ўсялякім разе, калі б зачараваны горад раптам узнік на месцы возера, Ільга зусім не здзівілася б: мусіць, перайшла тую мяжу, дзе магла здзіўляцца.