ЖАНРЫ

«Нарадзіўся я ліцьвінам…»: Тадэвуш Касцюшка

Юхо Язэп

Шрифт:

У барацьбе за незалежнасць Злучаных Штатаў Амэрыкі

Не знайшоўшы сабе занятку на радзіме, Касцюшка ўвосень 1775 года зноў выехаў у Францыю, а ўлетку наступнага — у Паўночную Амэрыку, дзе тым часам пачалася вайна супраць ангельскага каланіяльнага ўладарніцтва. Гэтая вайна, па сутнасці, была буржуазнай рэвалюцыяй, якая выклікала да жыцця моцны дэмакратычны рух. Несумнеўна, рэвалюцыйныя ідэі барацьбы за незалежнасць і свабоду амэрыканскага народа былі блізкія Касцюшку. У жніўні 1776 года Касцюшка прыбыў у Амэрыку і 18 кастрычніка быў залічаны ў войска ў званні палкоўніка.

На працягу сямі гадоў Касцюшка змагаўся ў шэрагах амэрыканскай арміі. Асабліва каштоўныя былі яго веды як вайсковага інжынера, бо войска складалася ў асноўным з фермераў і простых месцічаў, мела вострую патрэбу ў прафесійных вайскоўцах. Першым сур'ёзным выпрабаваннем яго таленту было складанне праекта і будаўніцтва ўмацаванняў на берагах ракі Дэляўэр для аховы Філядэльфіі, дзе ў тым часе было сканцэнтравана кіраўніцтва барацьбой за незалежнасць. У Філядэльфіі збіраліся першы і другі кантынентальныя кангрэсы прадстаўнікоў калоній, якія ўзняліся на барацьбу за незалежнасць. Тут жа была прынятая Канстытуцыя ЗША. Аб значэнні Філядэльфіі сведчыць і той факт, што на працягу 10 гадоў горад быў сталіцай краіны. Касцюшка выдатна справіўся з заданнем, у сувязі з чым Рада бяспекі штата Пэнсыльванія ўзнагародзіла яго дадатковай сумай грошай.

Увесну 1777 года галоўная небяспека для Злучаных Штатаў навісла з поўначы, дзе ангельцы, дзейнічаючы з Канады і Нью-Ёрка, рыхтаваліся разграміць паўстанцаў. У сувязі з гэтым паводле пастановы Кангрэса была створаная армія Поўначы, у якую галоўным інжынерам быў прызначаны Касцюшка.

Вялікага поспеху Паўночнае войска дамаглося ў бітве пад Саратогай, дзе было разгромленае буйное злучэнне ангельскай арміі. Гэтая перамога ў значнай ступені была дасягнутая дзякуючы добрым фартыфікацыйным умацаванням, пераадолець якія ангельцам не ўдалося. Яна паслужыла пачатковым этапам паразы Ангельшчыны, узняла дух амэрыканскага войска і яго аўтарытэт у Эўропе, садзейнічала афіцыйнаму прызнанню эўрапейскімі краінамі дзяржаўнай самастойнасці Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Начальнік войска ў афіцыйным рапарце Кангрэсу адзначаў, што палкоўнік Касцюшка дакладна выбраў і адмыслова ўмацаваў пазіцыі. Пасля бітвы пад Саратогай прозвішча Касцюшкі ведаў ўжо і Джордж Вашынгтон. У лісце старшыні Кангрэсу 10 лістапада 1777 года ён пісаў, што Касцюшка «з'яўляецца чалавекам навукі і вышэйшых якасцяў. Згодна з атэстацыяй, якую маю аб ім, заслугоўвае, каб мець яго на прыкмеце»{3}.

На пачатку 1778 года Кангрэс прыняў пастанову аб стварэнні фартэцы на ўзбярэжжы ракі Гудзон, у сувязі з чым Вашынгтон на пасаду галоўнага інжынера прапанаваў кандыдатуру Касцюшкі, які і быў зацверджаны Кангрэсам. На працягу двух з паловай гадоў Касцюшка кіраваў будаўніцтвам найвялікшай цытадэлі Злучаных Штатаў у Ўэст-Пойнце, дзе адзін час знаходзілася і штаб-кватэра Вашынгтона. Пазней у Ўэст-Пойнце была створаная Вайсковая акадэмія ЗША. (У 1830 годзе там быў пастаўлены помнік Т. Касцюшку.)

Пасля паразы на поўначы ангельцы паспрабавалі дамагчыся поспеху на поўдні, куды былі перанесены галоўныя ваенныя дзеянні. Для арганізацыі аховы паўднёвых штатаў Кангрэс арганізаваў Паўднёвую армію, галоўным інжынерам у якую быў прызначаны Касцюшка. У гэтым войску ён не толькі займаўся інжынернымі работамі — умацаваннямі, мастамі, пераправамі, але і камандаваў баявымі лінейнымі аддзеламі.

Наколькі высокі быў аўтарытэт Касцюшкі ў Амэрыцы, могуць сведчыць лісты найвышэйшых службовых асобаў ЗША. Так, Вашынгтон у лісце да генерала Грына ў 1780 годзе пісаў, што ён добра пазнаёміўся з Касцюшкам і высока цэніць яго веды, агульныя паводзіны і настойлівасць, з якімі ён праводзіў работы ў Ўэст-Пойнце. Генерал Грын адзначаў, што сярод яго таварышаў па зброі найбольш карысным і прыемным быў палкоўнік Касцюшка. За выдатныя заслугі Кангрэс ЗША 13 кастрычніка 1783 года надаў яму званне брыгаднага генерала і ў пастанове запісаў, каб ваенны міністр «выдаў палкоўніку Касцюшку дыплом на званне брыгаднага генерала і засведчыў гэтаму афіцэру, што Кангрэс прасякнуты высокім усведамленнем яго працяглых і асабліва каштоўных заслугаў».

За баявыя заслугі Касцюшка ў ліку трох іншаземцаў быў узнагароджаны сама высокім баявым ордэнам ЗША — ордэнам Цынцыната і прыняты ў склад «Таварыства Цынцынатаў», ганаровым сябрам якога быў Дж. Вашынгтон. Акрамя таго, Касцюшка атрымаў амэрыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел, а таксама ў якасці асабістага падарунка ад Вашынгтона пару пісталетаў.

Тадэвуш Касцюшка і Томас Джэфэрсан

Знаходзячыся ў Злучаных Штатах, Тадэвуш Касцюшка пазнаёміўся і пасябраваў з многімі выдатнымі людзьмі гэтай краіны. Ён браў актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці, быў блізка знаёмы з многімі вайсковымі і палітычнымі дзеячамі таго часу. У прыватнасці, сябраваў з Томасам Джэфэрсанам, аўтарам Дэкларацыі незалежнасці, абраным у 1800 годзе прэзідэнтам ЗША. Аб дружбе Касцюшкі з Джэфэрсанам і блізкасці іх грамадска-палітычных поглядаў сведчыць тэстамант Касцюшкі наступнага зместу: «Я, Тадэвуш Касцюшка… гэтым сведчу і пастанаўляю: у выпадку, калі потым я не распараджуся ў маім тэстаманце інакш сваёй уласнасцю, што знаходзіцца ў Злучаных Штатах, то даручаю майму сябру Томасу Джэфэрсану цалкам выкарыстаць гэтую маёмасць на выкуп мурынаў, якія належаць яму самому або іншым, на дараванне ім волі ад майго імя, на навучанне іх рамёствам або іншым навукам, на выхаванне ў іх маральных якасцяў, якія дапамогуць ім стаць добрымі суседзямі, добрымі бацькамі і маткамі, мужамі і жонкамі, на выхаванне ў іх сумленнага стаўлення да грамадзянскіх абавязкаў і перадусім да абароны сваёй свабоды, сваёй краіны і добрага грамадскага парадку, на іх узгадаванне ва ўсім тым, што можа зрабіць іх шчаслівымі і карыснымі. Я прызначаю вышэйназванага Томаса Джэфэрсана выканаўцам гэтага тэстаманту»{4}.

У Дэкларацыі незалежнасці ЗША, падрыхтаванай Т. Джэфэрсанам у 1776 годзе, было запісана: «…Мы лічым відавочным наступныя ісціны: усе людзі створаныя роўнымі і ўсе яны надзеленыя творцам некаторымі неадлучнымі правамі, да ліку якіх належыць жыццё, свабода і імкненне да шчасця. Для забяспечання гэтых правоў усталяваныя сярод людзей урады, якія надзяляюцца справядлівай уладаю са згоды грамадзян. Калі ж дадзеная форма кіравання становіцца пагібельнаю для іх мэтаў, то народ мае права змяніць або скасаваць яе і ўстанавіць новы ўрад, заснаваны на такіх прынцыпах і з такой арганізацыяй улады, якія, на думку гэтага народа, больш за ўсё могуць спрыяць яго бяспецы і шчасцю». Гэтыя ідэі Амэрыканскай рэвалюцыі супадалі з поглядамі Касцюшкі, пра што можна меркаваць па яго дзейнасці на Бацькаўшчыне, куды ён вярнуўся ў 1784 годзе.

Зноў на Радзіме

Пяць гадоў у Сяхновічах

Вяртанне Касцюшкі ў родныя мясціны было бязрадасным. Маёнтак у Сяхновічах быў абцяжараны даўгамі з прычыны дрэннага кіравання і безгаспадарчасці брата. Месца ў войску для аднаго з сама адукаваных і з багатым досведам вядзення ваенных дзеянняў генерала не знайшлося. У краіне панавала бязладдзе і свавольства магнатаў, а асноўная частка насельніцтва — сялянства знаходзілася ў бяспраўным становішчы. Застаўшыся без справаў, баявы генерал на працягу пяці гадоў вымушаны быў займацца сельскай гаспадаркай у Сяхновічах.

Чатырохгадовы Сойм Рэчы Паспалітай

У апошняй чвэрці XVІІІ стагоддзя ў Рэчы Паспалітай узмацніўся працэс раскладання прыгонніцтва і актывізавалася дзейнасць прыхільнікаў правядзення рэформаў дзяржаўнага ладу. Атрымлівалі распаўсюджанне працы С. Сташыца, Г. Калантая, К. Нарбута, І.Храптовіча ды іншых ідэолагаў правядзення рэформаў. У 1788 годзе сабраўся Чатырохгадовы Сойм, які пачаў праводзіць рэформы. Спачатку ў гэты Сойм было абрана 177 дэпутатаў, пасля дадатковых выбараў у 1790 годзе іх колькасць павялічылася на 182 дэпутаты, з якіх 112 былі прыхільнікамі рэформаў.

Служба ў польскай арміі

Пастановай Сойму войска павінна было павялічыцца да 100 000 жаўнераў і афіцэраў — прыкладна ў пяць разоў параўнальна з ранейшай колькасцю. У сувязі з гэтым, а таксама па рэкамендацыі Берасцейскага сойміка ў 1789 годзе Касцюшка атрымаў пасаду камандзіра брыгады ў польскай арміі, хоць жадаў ён служыць толькі ў войску Вялікага Княства Літоўскага.

У лісце да генерала К. Несялоўскага 7 лютага 1790 года ён прасіў вырваць яго з польскай арміі і вярнуць у Вялікае Княства Літоўскае: «Хіба Вы адмаўляецеся ад мяне і лічыце няздольным служыць Вам? Кім жа я з'яўляюся? Хіба ж я не ліцьвін, Ваш зямляк, Вамі абраны? Каму павінны дзякаваць <за рэкамендацыю Берасцейскага сойміка>, калі не Вам? Каго павінны абараняць, калі не Вас і сябе самога? Калі гэта Вас не кране для ўнясення прапановы пра мяне на Сойме, каб вярнуўся, то я сам буду вымушаны, бачыць Бог, што-небудзь кепскае сабе ўчыніць! Таму што злосць мяне бярэ: каб з Літвы ў Кароне (Польшчы) служыў, калі вы не маеце і трох генералаў. Калі вас вешаць на вяроўцы будуць гвалтаўнікі, тады толькі адумаецеся і пра сябе пачняце клапаціцца…Заклінаю ўсім, што ёсць у жыцці наймілейшага, жоначкай і дзеткамі… каб схацеў, яснавяльможны пане дабрадзею, вырваць мяне з такога непрыемнага месца… Бачыць Бог: слова не маю да каго сказаць — і добра, бо з валамі ніколі не размаўляў. Што за гасконцы [1] ! Край прыгожы, і ён павінны б быць прызначаны для пачцівых і гаспадарлівых ліцьвіноў, а не для іх, гультаёў і нядбальцаў» {5} . На радзіме пра Касцюшку не забываліся. 13 лютага 1790 года берасцейскі гаспадарчы соймік абавязаў паслоў ад ваяводства на Вальным Сойме ў Варшаве К. Сапегу і Т. Матушэвіча прыкласці ўсе намаганні, каб «амэрыканскі генерал» абавязкова «мог быць у сваім рангу да войска Літоўскага пераведзены» {6} . Аднак, нягледзячы на ўсе старанні, здзейсніць сваё жаданне Касцюшку не ўдалося.

1

У тыя часы слова «гасконец» (г. зн. жыхар Гасконі, правінцыі Францыі) было сінонімам самахвальства, пыхі, ганарлівасці. Гэтак наш зямляк характарызаваў жыхароў тых мясцінаў у Польшчы, дзе ён служыў у войску.

Асабістае жыццё ў Касцюшкі складвалася няўдала. Знаходзячыся ў польскім войску, будучы камандзірам брыгады, размешчанай у Заходняй Украіне, ён сустрэў дзяўчыну, якую пакахаў і якая адказала яму ўзаемнасцю, нягледзячы на тое што ён быў старэйшы за яе на 27 гадоў. Але бацька не дазволіў ёй выйсці замуж, бо лічыў, што ў абранніка няма добрага маёнтка (паводле іншых крыніцаў, дзеля таго, што ў яго закахалася маці нявесты).

14 ліпеня 1789 года пачалася Вялікая французская рэвалюцыя, якая прыметна паўплывала на многія эўрапейскія народы, у тым ліку і на народы Рэчы Паспалітай. Актывізавалася дзейнасць дробнай гарадской буржуазіі ды інтэлігенцыі, пачалі ўзнікаць палітычныя арганізацыі. Сойм прыняў шэраг важных законаў, накіраваных на ўмацаванне органаў дзяржаўнай улады.

Поделиться с друзьями: