Олівер Твіст
Шрифт:
Ён пачакаў каля падножжа высокага пагорка, пакуль да таго месца не наблізілася паштовая карэта, і папрасіў міласціну ў пасажыраў, якія сядзелі звонку, але на яго мала хто звярнуў увагу, а тыя, што азваліся, сказалі, каб ён пачакаў, калі яны даедуць да вяршыні, бо ім цікава паглядзець, ці зможа ён прабегчы гэтую адлегласць за паўпені. Небарака Олівер паспрабаваў трымацца ўпоравень з карэтай, але яго хапіла ненадоўга, бо ягоныя ногі былі слабыя і моцна балелі. Убачыўшы гэта, тыя, што сядзелі звонку, схавалі свае паўпені ў кішэні і абазвалі Олівера лайдакаватым шчанюком, які не заслугоўвае нічога. Карэта з грукатам знікла з вачэй, пакінуўшы пасля сябе воблака пылу.
У некаторых вёсках былі прымацаваныя вялікія каляровыя дошкі з абвесткамі, што тых, хто ў гэтай акрузе жабруе, здадуць у турму. Гэта вельмі напалохала Олівера, і ён быў вельмі рады знікнуць з паселішча з найвялікшай хуткасцю. У іншых вёсках ён стаяў каля пастаялых дамоў і ўмольна глядзеў на кожнага, хто праходзіў паўз яго. Звычайна гэта заканчвалася тым, што гаспадыня загадвала каму-небудзь з фарэйтараў, якія лазілі па двары, прагнаць чужога жабрака, бо была ўпэўненая, што той прыйшоў, каб нешта сцібрыць. Калі ён прасіў міласціну каля сядзібы селяніна, то ў дзевяці выпадках з дзесяці пагражалі нацкаваць на яго сабаку, а калі ён засоўваў нос у краму, то пачыналі казаць аб прыходскім кур’еры, ад чаго Оліверава сэрца, здавалася, падступала да самага горла, у якое цягам многіх гадзін не трапляла ані крошкі.
Насамрэч, калі б не дабрасардэчны вартаўнік ля заставы і не зычлівая старая лэдзі, Оліверавы нягоды скончыліся б урэшце гэтаксама, як у свой час скончыліся нягоды ягонай маці. Іншымі словамі, ён верагодней за ўсё ўпаў бы мёртвым на каралеўскім гасцінцы. Але вартаўнік даў яму на раз паесці хлеба з сырам, а старая лэдзі, у якой дзесьці далёка, у іншай частцы свету, пацярпеў крушэнне ўнук і цяпер блукаў басанож немаведама дзе, пашкадавала беднага бязбацькавіча і дала яму, што магла, а галоўнае — сказала пры гэтым такія лагодныя, ласкавыя словы, праліла такія слёзы спачування і сімпатыі, што яны запалі Оліверу ў душу глыбей, чым усе пакуты, якія ён перанёс.
Раненька на сёмы дзень пасля таго, як Олівер пакінуў родныя мясціны, ён, кульгаючы, памалу ўвайшоў у мястэчка Барнэт.
Аканіцы былі зачыненыя, вуліцы — бязлюдныя. Аніхто не прачнуўся яшчэ для будзённых спраў. Сонца падымалася ва ўсім сваім харастве, але святло толькі паказала Оліверу ягоную самоту і занядбанасць, калі ён са скрываўленымі нагамі, пакрыты пылам, сядзеў на каменным ганку.
Мала-памалу пачалі адчыняцца аканіцы, падымацца жалюзі, на вуліцы з’явіліся людзі. Некаторыя з іх на момант ці два спынялі пагляд на Оліверы, той-сёй на хаду паварочваўся і глядзеў на яго, але ніхто не дапамог яму і нават не паклапаціўся спытаць, як ён сюды прыйшоў. У яго ўжо не было духу прасіць міласціну. Так ён тут і сядзеў.
Нейкі час ён сядзеў на ганку, дзівячыся, як шмат тут шынкоў (кожны другі дом у Барнэце быў закусачнай, малой ці вялікай), гледзячы без імпэту на карэты, якія ехалі паўз яго, і думаючы, як гэта дзіўна, што яны за некалькі гадзін лёгка маглі зрабіць тое, на што яму спатрэбіўся цэлы тыдзень мужнага пераадолення і рашучасці, якія для яго ўзросту зусім не характэрныя. І тут ён звярнуў увагу на падлетка, які некалькі хвілін таму назад, не зважаючы на Олівера, прайшоў па вуліцы, а цяпер вось вярнуўся і пільна разглядаў яго з процілеглага тратуара. Спачатку Олівер не надаў гэтаму вялікай увагі, але гэтае сачэнне трывала так доўга, што Олівер падняў галаву і вытрымаў пагляд незнаёмца. Тут хлопчык перайшоў вуліцу і сказаў, падышоўшы да Олівера ўпрытык:
— Здароў, зух. Што здарылася?
Хлопчыку, які гэта прамовіў, было прыкладна столькі ж гадоў, колькі і Оліверу, але выглядаў ён вельмі дзіўна. Такога хлопчыка Оліверу не выпадала бачыць ніколі раней. Ён быў кірпаносы, з плоскім тварам, нічым асаблівым не вылучаўся і быў такім брудным, якім толькі можа быць падшыванец, але манеры і пастава ў яго былі зусім як у дарослага дзядзькі. Як на свой узрост, ён быў занадта малы, з досыць-такі крывымі нагамі і маленькімі, калючымі ды непрыемнымі вочкамі. Ягоны капялюш ледзь-ледзь трымаўся на макаўцы галавы; здавалася, што ён вось-вось зваліцца. Так яно і здарылася б, калі б яе гаспадар не меў завядзёнкі штохвілінна матляць галавой так, што капялюш зноў вяртаўся на належнае месца. На хлопчыку было паліто дарослага дзядзькі, якое яму было мала што не да пятаў. Рукавы ён адкасаў ледзьве не да самага локця, каб былі вольныя рукі, якія ён з задзірлівым выглядам засунуў у кішэні плісавых штаноў; відаць, для гэтага ён іх і вызваліў. Калі падагульніць, то гэта быў самы нахабны і самаўпэўнены малады джэнтльмен ростам з чатыры футы шэсць дзюймаў, у кароткіх ботах.
— Здароў, зух! Што здарылася? — сказаў Оліверу гэты дзіўны малады джэнтльмен.
— Я вельмі галодны і моцна стаміўся, — адказаў Олівер са слязьмі на вачах. — Я прайшоў шмат міляў. Іду ўжо сем дзён.
— Ажно сем дзён! — здзівіўся малады джэнтльмен. — Ну, бачу. Гэта што, дзюба загадаў, га? Але, — дадаў ён, заўважыўшы, як здзіўлена паглядзеў на яго Олівер, — здаецца, сябра, ты не ведаеш, хто такі дзюба?
Олівер ціхмяна адказаў, што ён заўсёды чуў, што гэтым словам называюць птушыны рот.
— Што я бачу! Які зялёны! — усклікнуў малады джэнтльмен. — Дзюба — гэта суддзя, і калі ты ідзеш на загад дзюбы, то ты ідзеш не проста, а заўсёды ўгару, на шыбеніцу, без звароту. Ты ніколі не быў на ступальні?
— На якой ступальні? — запытаў Олівер.
— На якой ступальні — вось табе і маеш! На ступальні, якую круцяць нагамі. Яна так мала месца займае, што працуеш, бы ў каменным мяшку, і чым лепш яна робіць, тым горш жывецца людзям, бо калі людзям жывецца добра, дык на яе ніяк не могуць знайсці рабочых. Але хадзем, — працягваў малады джэнтльмен, — ты хочаш узяць нешта на зуб, і ты возьмеш. Я і сам сяджу на мелі, усё, што маю, — гэта боб ды гарох, але калі ўжо такія справы, то адшкадую. Уставай на свае запалкі. Пад’ём! Руш!
Малады джэнтльмен дапамог Оліверу ўстаць і завёў яго ў краму непадалёку, дзе купіў вяндліны, палову чатырохфунтовага бохана хлеба, або, як ён сам выразіўся, «на чатыры пенсы вотруб’я». Вяндліну ён засцярог ад пылу дзякуючы хітрай выдумцы: ён выдаліў з буханкі частку мякіша і засунуў туды мяса. Узяўшы хлеб пад паху, малады джэнтльмен завярнуў у невялікі шынок і прайшоў у задні пакой, дзе была піўнуха. Тут на загад таямнічага маладзёна прынеслі куфаль піва, і Олівер, запрошаны сваім новым сябрам, доўга і ад душы еў. Дзіўны хлопчык час ад часу ўважліва разглядваў Олівера.
— У Лондан ідзеш? — спытаўся дзіўны хлопчык, калі Олівер нарэшце закончыў есці.
— Але.
— Ёсць дзе жыць?
— Не.
— Грошы?
— Не.
Дзіўны хлопчык свіснуў і засунуў рукі ў кішэні так глыбока, як дазволілі яму доўгія рукавы.
— А ты жывеш у Лондане? — спытаў Олівер.
— Так, калі бываю дома, — адказаў хлопчык. — Мяркую, што табе трэба сёння дзе-небудзь заночыць, га?
— Сапраўды, — адказаў Олівер. — Я не спаў пад дахам з таго часу, калі пайшоў з мястэчка.
— Можаш не церці наконт гэтага вочы, — прамовіў малады джэнтльмен. — Сёння ўвечары я маю быць у Лондане, і я ведаю аднаго шаноўнага старога джэнтльмена, які жыве там і дасць табе за ніц прытулак і рэшты не папытае, — зразумела, калі цябе прадставіць джэнтльмен, якога ён ведае. А мяне хіба ён не ведае? О, не, не ведае! Ні ў якім выпадку! Ні за што. Безумоўна, не!
Малады джэнтльмен усміхнуўся, быццам падкрэсліваючы, што апошнія яго словы былі сказаныя з іроніяй, і дапіў піва.
Нечаканая прапанова прытулку была занадта спакуслівай, каб яе адхіліць. Да таго ж, малады джэнтльмен адразу запэўніў, што памянёны стары джэнтльмен абавязкова, не губляючы часу, адшукае Оліверу якое-небудзь цёплае месца. Дыялог лагічна стаў больш прыязным і шчырым. З яго Олівер даведаўся, што ягонага сябра завуць Джэк Доўкінз і што ён улюбёнец і пратэжэ памянёнага старога джэнтльмена.