Олівер Твіст
Шрифт:
«Трымай злодзея! Трымай злодзея!» Крык падхопліваецца сотняй галасоў, а натоўп павялічваецца на кожным рагу. Імчыцца пагоня, шлёпаючы па гразі, тупаючы па тратуарах; прачыняюцца вокны, з дамоў выбягаюць людзі, наперад імчыць гурт, гледачы пакідаюць Панча ў кульмінацыі яго прыгодаў, далучаюцца да бегу, падхопліваюць крык і з новай энергіяй гарлуюць: «Трымай злодзея! Трымай злодзея!»
«Трымай злодзея! Трымай злодзея!» Жарсць паляваць на каго-небудзь глыбока прыхаваная ў людскіх грудзях. Няшчаснае, змучанае дзіця, што задышліва хапае паветра, са страхам у вачах, глядзіць так, нібыта канае, і вялікія кроплі поту збягаюць уніз па твары, хлапчаня высільвае кожны свой нерв, каб уцячы ад пагоні, а пераследнікі вісяць на пятах і штохвіліны ўсё бліжэй, і вось яны з радасцю бачаць, што сілы пакідаюць бегляка, і яшчэ гучней гікаюць і равуць: «Трымай злодзея!» Гэй, дзеля Бога, трымай яго, хоць бы ты і спачуваў ахвяры!
Нарэшце ёсць. Спрытна ён яго. Малы злодзей ляжыць на тратуары, а натоўп з цікаўнасцю акружае яго, і кожны з тых, хто толькі што прыйшоў, працярэблівае сабе дарогу, каб хоць разок паглядзець.
— Адыдзіце ўбок! — Дайце яму дыхнуць! — Лухта! Ён гэтага не заслугоўвае! — Дзе той джэнтльмен? — Вось ён, падыходзіць па вуліцы. — Дайце месца джэнтльмену. Гэта той самы хлопчык, сэр? — Так.
Олівер ляжаў, пакрыты граззюй і пылам. З яго рота цякла кроў. Ён дзіка азіраўся на плойму твараў, якія атачалі яго. Тут самыя імклівыя пераследнікі паслужліва падвялі і праштурхалі ў круг старога джэнтльмена.
— Так, — сказаў ён, — баюся, што гэта той самы хлопчык.
— Баіцца! — прамармыталі ў натоўпе. — Добры дзядзька.
— Бедны хлапчына! — сказаў стары джэнтльмен. — Ён параніўся.
— Гэта я зрабіў, сэр, — сказаў, робячы крок уперад, малады бамбіза. — Вось, разбіў кулак аб яго зубы. Гэта я затрымаў яго, сэр.
Бамбіза з ухмылкай даткнуўся да капелюша ў чаканні атрымаць што-небудзь за працу, але стары джэнтльмен паглядзеў на яго з непрыязнасцю, спалохана азірнуўся навокал, як быццам ён сам збіраўся кінуцца наўцёк. Цалкам магчыма, што ён паспрабаваў бы гэта зрабіць, і пачалася б другая пагоня, калі б у гэты момант не падышоў паліцыянт (яны ў такіх сітуацыях заўсёды з’яўляюцца апошнімі) і не прабраўся ў цэнтр натоўпу, каб схапіць Олівера за каўнер.
— Давай, уставай! — груба сказаў ён.
— Гэта не я, сэр, насамрэч не. Напраўдзе, гэта два іншыя хлопчыкі, — сказаў Олівер, роспачна сціскаючы рукі і азіраючыся навокал. — Яны дзесьці тут.
— О не, іх тут няма, — адказаў палісмен. Ён хацеў, каб гэта прагучала іранічна, але гэта і насамрэч было так, бо Махляр і Чарлі Бэйц уцяклі праз першы прыдатны двор. — Ну, уставай!
— Не крыўдзіце яго! — спачувальна сказаў стары джэнтльмен.
— О не, я яго не пакрыўджу, — адказаў палісмен і ледзь не садраў з Олівера куртку, каб даказаць сказанае. — Пайшлі,ведаю я цябе. Твой нумар не пройдзе. Ты станеш на ногі ці не, шатан ты малады?
Олівер, які ледзьве мог трымацца на нагах, паспрабаваў устаць, і адразу яго павалаклі за каўнер па вуліцы. Джэнтльмен пакрочыў за палісменам. Тыя, хто мог паспець, забеглі наперад і раз-пораз аглядваліся на Олівера. Хлопчыкі пераможна крычалі, а гурт працягваў свой шлях.
РАЗДЗЕЛ ХІ
апавядае пра містэра Фэнга, паліцэйскага суддзю, і злёгку крытыкуе яго манеру адпраўляць правасуддзе
Злачынства здарылася ў межах сумнавядомага паліцэйскага ўчастка сталіцы, зусім блізка ад паліцэйскага офіса. Натоўп меў шчасце суправаджаць Олівера яшчэ па двух ці трох вулках уніз па раёне, які называецца Матэн-хіл*. Потым яго пад нізкай аркай правялі ў задні брудны двор гэтай усеагульнай прылады раздачы справядлівасці — у двор паліцэйскага суда. Гэта быў маленькі брукаваны дворык. Тут іх сустрэў мажны мужчына з кусцістымі бакенбардамі і звязкай ключоў у руцэ.
— Ну, што там здарылася? — пацікавіўся джэнтльмен з ключамі.
— Вось, малады паляўнічы на насоўкі, — адказаў мужчына, які вёў Олівера.
— Вы пацярпелы бок? — пацікавіўся джэнтльмен з ключамі.
— Так, — адказаў стары джэнтльмен, — але я няпэўны, ці сапраўды гэты хлопчык скраў маю насоўку. Я... я не хацеў бы прыспешваць падзеі.
— Цяпер трэба ісці да суддзі, сэр. Яго міласць вызваляцца праз якую хвіліну. Хадзем, вісельнік ты гэткі.
Гэта было запрашэнне для Олівера ўвайсці праз дзверы, якія мужчына адмыкаў, прамаўляючы апошнюю фразу, умаленькую мураваную камеру. Тут яго абшукалі і, не знайшоўшы нічога, замкнулі.
Камера сваім выглядам нагадвала склеп, толькі здавалася яшчэ больш цёмнай. Яна была страшэнна брудная, таму што справа была ў панядзелак раніцай, а з суботняга вечара тут сядзелі шасцёра п’янтосаў, якіх нядаўна замкнулі дзесьці ў іншым месцы. Але гэта дробязі. У нашыя месцы папярэдняга зняволення кожны дзень трапляюць мужчыны і жанчыны па самых нязначных абвінавачаннях, якія і абвінавачаннямі смех назваць; сядзяць яны ў зінданах, у параўнанні з якімі камеры ў Ньюгейце, населеныя найбольш агіднымі злачынцамі, што былі ўжо пад судом і чакаюць выканання прысуду, некаторыя нават смяротнага, выглядаюць як палацы. І няхай той, хто ў гэтым сумняваецца, параўнае іх сам.
Калі ключ скрыгатнуў у замку, стары джэнтльмен выглядаў амаль гэтаксама блага, як Олівер. Уздыхнуўшы, ён засяродзіў увагу на кніжцы, якая была нявіннай сведкай усяго гэтага пярэпалаху.
— Ёсць у твары хлопчыка нешта, — прамовіў ён сам сабе, адыходзячы ад дзвярэй і паляпваючы кніжкай сябе па барадзе, — нешта, што выклікае сімпатыю і цікавасць. Можа, ён невінаваты? Яго выгляд... Так, дарэчы! — ускрыкнуў стары джэнтльмен, раптам спыніўшыся і ўтаропіўшыся ў неба. — Прамілы Божа, дзе я мог бачыць раней такі пагляд?
Паразважаўшы колькі хвіляў, стары джэнтльмен гэтаксама засяроджана ўвайшоў у чакальню перад пакоем суддзі і там, прыткнуўшыся ў кутку, паклікаў перад сваё ўнутранае вока цэлы амфітэатр твараў, зацененых пыльнай заслонай забыцця ўжо шмат гадоў.
— Не, — прамовіў нарэшце стары джэтльмен. — Пэўна, мне здалося.
Ён агледзеў іх яшчэ раз. Паклікаўшы, нялёгка было зноў апусціць перад імі заслону, якая так доўга іх хавала. Тут былі твары сяброў і ворагаў; многіх людзей, якія цяпер назольна выглядвалі з натоўпу, ён амаль не ведаў. Тут былі твары маладых, квітнеючых дзяўчат, якія цяпер — старыя кабеты. Былі твары, якія змяніла і пагасіла магіла, але розум, насуперак ёй, усё яшчэ апранаў іх у колішнюю свежасць і прыгажосць, аднаўляючы бляск вачэй, шчырасць усмешкі, ззянне душы, якія праз маску тла нашэптвалі пра хараство па-за магілай, якое было страчана толькі для таго, каб быць паднятым на неба, было ўзята з зямлі, каб стала магчымым паслаць яго назад як прамень святла, лагодна і мякка асвятліць шлях на Нябёсы.
Але стары джэнтльмен не мог згадаць ніводнага аблічча, у якім можна было б знайсці рысы твару Олівера. Глыбока ўздыхнуўшы, ён развітаўся з успамінамі, якія абудзіў у сабе; на сваё шчасце, быў ён усяго толькі рассеяным старым джэнтльменам, таму схаваў іх зноў у пажоўклыя старонкі кніжкі.
З заглыбленасці ў чытанне ён вярнуўся да рэчаіснасці, калі дзядзька з ключамі крануў яго за плячо і прапанаваў ісці следам за ім у офіс. Стары джэнтльмен паспешліва загарнуў кніжку і неўзабаве ўжо стаяў перад велічнай, унушальнай постаццю містэра Фэнга.