Олівер Твіст
Шрифт:
— Калі ласка, сэр, я хачу яшчэ трохі.
Наглядчык быў тоўсты, здаравенны мужчына, але ён спалатнеў. У тупым сподзіве ён некалькі хвілін глядзеў намаленькага бунтара, а потым, у пошуках падтрымкі, абапёрся на кацёл. Памочніцы былі спаралізаваныя ад здзіўлення, хлопчыкі — ад страху.
— Што? — вывеў нарэшце наглядчык слабым голасам.
— Калі ласка, сэр, — адказаў Олівер, — я хачу яшчэ трохі.
Наглядчык выцяў Олівера чарпаком па галаве, моцна схапіў
за рукі і гучна паклікаў кур’ера.
Рада засядала, нібы той рымскі канклаў, калі містэр Бамбл у вялікім узрушэнні ўварваўся ў пакой і, звяртаючыся да джэнтльмена ў высокім фатэлі, сказаў:
— Містэр Лімкінз, прашу прабачыць, сэр! Олівер Твіст папрасіў дабаўкі!
Усе былі збянтэжаныя. На кожным абліччы быў напісаны жах.
— Дабаўкі? — перапытаў містэр Лімкінз. — Вазьміце сябе ў рукі, кур’ер, і адказвайце дакладна. Я зразумеў так, што ён запытаў пра дабаўку, з’еўшы прызначаную яму вячэру?
— Менавіта, сэр, — адказаў Бамбл.
— Гэты хлопец скончыць жыццё на шыбеніцы, — прамовіў джэнтльмен у белай камізэльцы. — Я ведаю, ён прыйдзе да шыбеніцы!
Ніхто не аспрэчыў прароцтва джэнтльмена. Адбылася ажыўленая дыскусія. Быў выдадзены загад накіраваць Олівера ў турму для дзяцей, а назаўтра ўранні на браме звонку быў прыклеены загад, у якім таму, хто згодзіцца пазбавіць прыход ад Олівера Твіста, абяцалася дзякло ў пяць фунтаў стэрлінгаў. Іншымі словамі, пяць фунтаў — і Олівер Твіст прапаноўваўся кожнаму мужчыну ці жанчыне, хто, маючы заняткам рамяство, гандаль ці нешта іншае, меў патрэбу ў вучню.
— Я ніколі ні ў чым іншым у сваім жыцці не быў упэўнены больш, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы, стукаючы наступным ранкам па браме ды чытаючы загад, — я ніколі ні ў чым іншым у сваім жыцці не быў упэўнены больш, чым цяпер у тым, што гэты хлопчык скончыць на шыбеніцы.
Маючы намер паказаць далей, меў ці не меў рацыю джэнтльмен у белай камізэльцы, я, мабыць, магу пашкодзіць займальнасці апавядання (калі дапусціць, што яна ёсць). Гэта здарылася б, калі б я насмеліўся акурат цяпер намякнуць, ці мае жыццё Олівера Твіста гэтую гвалтоўную зададзенасць, або яе няма.
РАЗДЗЕЛ ІІІ
апавядае, як Олівер Твіст ледзьве не атрымаў месца, якое зусім не было б сінекурай
Тыдзень пасля таго, як Олівер учыніў блюзнерскае і ганебнае злачынства — папрасіў дабаўкі, — ён сядзеў пад замком у цёмным пустым памяшканні, дзе яго зачынілі згодна з мудрым і міласэрным рашэннем рады. На першы погляд падаецца разумным, што калі б ён з належнай пашанай паставіўся да прароцтва джэнтльмена ў белай камізэльцы, то мог бы раз і назаўсёды пацвердзіць прадказальныя здольнасці гэтага індывіда, прывязаўшы адзін канец насоўкі да крука ў сцяне і павесіўшыся на другім. Аднак існавала адна перашкода для здзяйснення гэтага подзвігу: насоўкі, якія былі залічаныя да прадметаў раскошы, на ўсе будучыя гады і вякі былі забраныя ад насоў беднякоў адмысловым загадам рады ў поўным яе складзе, і загад гэты быў уласнаручна ўсімі падпісаны і завераны пячаткамі. Яшчэ большай перашкодай быў дзіцячы ўзрост Олівера і адпаведныя яго схільнасці. Ён цэлымі днямі адно толькі плакаў, а калі надыходзіла доўгая, маркотная ноч, затульваў рукавом вочы, каб схавацца ад цемры, зашываўся ў куток і спрабаваў заснуць, час ад часу ўздрыгваючы і прачынаючыся і яшчэ шчыльней прыціскаючыся да муру, як быццам хацеў упэўніцца, што халодная цвёрдая паверхня сцяны абараняе яго ад навакольнай цемры і адзіноты.
Няхай ворагі «сістэмы» не падумаюць, што падчас сядзення ў адзіночцы Олівер быў пазбаўлены карысных практыкаванняў, магчымасці стасункаў або рэлігійнай падтрымкі. Што да практыкаванняў, дык было выдатнае халоднае надвор’е, і Оліверу было дазволена штораніцы аблівацца ў каменным двары вадой з помпы ў прысутнасці містэра Бамбла, які глядзеў, каб Олівер не прастудзіўся, і кульбай дамагаўся, каб яму было цёпла па ўсім целе. Што да стасункаў, яго праз дзень вадзілі ў залу, дзе абедалі хлопчыкі, і лупцавалі там пры ўсіх, каб іншым не хацелася. А каб не пазбавіць духоўнай падтрымкі, яго кожны вечар кухталямі выганялі на малітву ў адзін і той самы пакой і дазвалялі там суцяшаць свой дух, слухаючы малітву хлопчыкаў з адмысловым дадаткам, зацверджаным радай. У гэтым дадатку хлопчыкі прасілі, каб іх зрабілі добрымі, годнымі, паслухмянымі і каб пазбавілі ад грахоў, якімі абцяжараны Олівер Твіст. Пра яго ў малітве дакладна гаварылася, што ён знаходзіцца пад асаблівай апекай і абаронай сілаў ліха і з’яўляецца нядаўнім вырабам самога д’ябла.
Аднаго ранку, калі Олівер знаходзіўся ў ранейшым прыемным і камфортным стане, па Хайстрыт ішоў містэр Гэмфілд, камінар. Ён быў вельмі заглыблены ў абдумванне шляхоў і сродкаў выплаты нядоімкі, якую ягоны арэндадаўца ад яго даволі настойліва патрабаваў. Самыя аптымістычныя разлікі не дазвалялі містэру Гэмфілду збіць запатрабаваную суму, зрабіўшы яе меншай за пяць фунтаў; ён прыйшоў у стан нейкай арыфметычнай прастрацыі і ламаў галаву то сабе, то свайму аслу, пакуль, мінаючы працоўню, яго вочы не натрапілі на абвестку на браме.
— Тпру! — сказаў містэр Гэмфілд свайму аслу.
Асёл быў у стане глыбокай задуменнасці і думаў наконт таго, ці пачастуюць яго адной-дзвюма качарыжкамі пасля таго, як ён пазбавіцца ад двух мяхоў сажы, якімі быў нагружаны маленькі вазок; такім чынам, не зважаючы на каманду, ён працягваў трухаць наперад.
Містэр Гэмфілд пачаў сыпаць праклёны на асла ўвогуле, але больш на яго вочы, потым дагнаў яго і нанёс яму жахлівы ўдар па галаве, ад якога, напэўна, раскалоўся б любы іншы чэрап, акрамя аслінага. Потым ён, ухапіўшыся за аброць, моцна тузануў за яе, каб ласкава нагадаць жывёліне, што яна не сама сабе гаспадар, і гэткім чынам завярнуў назад. Пасля ён яшчэ раз улупіў аслу па галаве, каб замацаваць навуку. Закончыўшы гэтыя падрыхтоўчыя захады, ён пайшоў да брамы чытаць абвестку.
Каля брамы, заклаўшы рукі за спіну, стаяў джэнтльмен у белай камізэльцы, які толькі што выказаў некалькі глыбокіх думак на пасяджэнні рады. Будучы сведкам маленькай спрэчкі паміж містэрам Гэмфілдам і аслом, ён пачаў весела ўсміхацца, калі той падышоў чытаць абвестку, бо адразу зразумеў, што містэр Гэмфілд якраз такі гаспадар, які патрэбны Оліверу Твісту. Прачытаўшы паперу, містэр Гэмфілд таксама ўсміхнуўся, бо пяць фунтаў былі якраз неабходнай яму сумай; што да хлопчыка, які быў даважкам, дык містэр Гэмфілд, ведаючы рацыён працоўняў, не сумняваўся, што той будзе досыць мініятурным узорам чалавечае прыроды, рыхтык для чысткі комінаў. Таму ён зноў па складах прачытаў абвестку да канца і потым, у знак пашаны даткнуўшыся да сваёй футравай шапкі, звярнуўся да джэнтльмена ў белай камізэльцы.
— Еты хлопчык, сэр, якога прыход хоча аддаць на вывучку... — пачаў містэр Гэмфілд.
— Менавіта так, даражэнькі, — з паблажлівай усмешкай азваўся джэнтльмен у белай камізэльцы. — Дык што?
— Калі б прыход хацеў, каб ён вывучыўся файнаму і даходнаму рамяству камінара, — працягваў містэр Гэмфілд, — дак мне патрэбен вучань, і я хочу яго ўзяць.
— Зайдзіце, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы.
Містэр Гэмфілд крыху памарудзіў і пасля яшчэ раз улупіў аслу па галаве ды тузануў за цуглі, каб той не ўцёк без гаспадара, а потым пайшоў следам за джэнтльменам у белай камізэльцы ў той пакой, дзе Олівер упершыню ўбачыў гэтага джэнтльмена.
— Гэта гідкая праца, — заўважыў містэр Лімкінз, калі Гэмфілд паўтарыў сваю прапанову.
— Здаралася, што хлопчыкі задушваліся ў комінах, — сказаў другі джэнтльмен.
— То ж бо мачылі салому ў вадзе перш чым патпаліць. Ад етага тока дым каромыслам, а вагню — ні на грош! А от ад дыму дак толку ніякага, каб прымусіць хлапца вылезці, бо ад дыму ён толькі ўчадзее і засне, а яму тока таго і трэба. Жэнтальмены, яны ж такія лайдакі ўпартыя, і няма нічога лепш за агонь, каб прымусіць гэтых гіцляў павылазіць з коміна як мага хутчэй. Ета што ні кажы, па-людзку, бо нават калі яны засядуць у коміне, а ім падсмажыш пяткі, дак яны аж са скуры вылузваюцца, каб вызваліцца хутчэй.