Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Олівер Твіст

Дыкенс Чарльз

Шрифт:

— Якія труны, такія і... — адказаў кур’ер, дазволіўшы сабе ў выразе твару якраз столькі весялосці, колькі гэта можа дазволіць сабе высокапастаўленая асоба.

Містэра Саўэрберы гэта вельмі развесяліла. Так яно і мела быць, і ён доўга, без перапынку смяяўся.

— Але, але, містэр Бамбл, — прамовіў ён нарэшце. — Няма сумніву, што з тае пары, як увялі новую сістэму харчавання, труны зрабіліся вузейшымі і ніжэйшымі, чым раней. Але ж і мы мусім мець нейкі прыбытак, містэр Бамбл! Даспелая драўніна дарагая, сэр, а жалезныя ручкі давозяць каналам аж з Бірмінгема.

— Праўда, праўда, — сказаў містэр Бамбл, — кожнае рамяство патрабуе выдаткаў. Прыбытак у межах закону, зразумела, магчымы.

— Зразумела, — пацвердзіў трунар, — і калі я не атрымаю прыбытку па тым ці іншым асобным артыкуле, дык урэшце ўсё роўна вазьму сваё, хі-хі-хі!

— Чыстая праўда, — пацвердзіў містэр Бамбл.

— Хоць мушу сказаць... — працягваў трунар, падсумоўваючы назіранні, перапыненыя кур’ерам, — хоць мушу сказаць, містэр Бамбл, што я не магу не назваць аднае вельмі вялікае нявыкруткі: тоўстыя людзі паміраюць найчасцей. Тыя, хто жыў няблага і плаціў падаткі шмат гадоў, трапіўшы ў працоўню, паміраюць першымі, і мушу сказаць вам, містэр Бамбл, што тры ці чатыры цалі звыш калькуляцыі — гэта вялікая дзірка ў прыбытку, асабліва калі ў цябе на ўтрыманні сям’я.

Містэр Саўэрберы вымавіў гэтыя словы з абурэннем; містэр Бамбл адчуў, што сказанае нейкім чынам можа негатыўназакрануць гонар прыходскае ўлады, і вырашыў, што пара змяніць тэму размовы. Паколькі ў галаве яго дамінаваў Олівер Твіст, то ён звярнуўся менавіта да гэтай тэмы.

— Між іншым, — сказаў містэр Бамбл, — ці ведаеце вы каго-небудзь, хто шукаў бы сабе хлопчыка, га? Прыходскага вучня, які цяпер павіс на прыходзе, як жоран, так бы мовіць, на прыходскай шыі. На выгадных умовах, містэр Саўэрберы, на выгадных умовах!

Пры гэтых словах містэр Бамбл прыклаўся кульбай да абвесткі, што вісела ў яго над галавою, і тры разы выразна стукнуў па словах «5 фунтаў», якія былі набраныя раманскім шрыфтам загалоўнымі літарамі гіганцкага памеру.

— А Божа ж мой! — усклікнуў трунар, беручы містэра Бамбла за крысо яго абшытага залатым галуном шыняля. — Гэта ж якраз тая рэч, пра якую я хацеў пагаварыць з вамі. Вы ведаеце... Містэр Бамбл, што ў вас за цудоўны, элегантны гузік! І як я яго не заўважаў да гэтага часу?

— Але, згодны, гузік досыць паглядны, — ганарліва адказаў кур’ер, гледзячы зверху ўніз на вялікія бронзавыя гузікі, што ўпрыгожвалі ягоны шынель. — Адбітак той самы, што на прыходскай пячатцы: добры самарыцянін, які лякуе хворага і нямоглага. Прыходская рада падаравала мне гэты шынель на Новы год, містэр Саўэрберы. Помню, першы раз апрануў яго, каб быць сведкам на судовым разбіральніцтве па справе таго гандляра, які збанкрутаваў і замерз апоўначы перад дзвярыма.

— Прыгадваю, — адказаў трунар. — Прысяжныя вынеслі прысуд: «Памёр ад уздзеяння холаду і ад нястачы сродкаў, неабходных для падтрымання жыцця».

Кур’ер кіўнуў галавой.

— І яшчэ, — працягваў трунар, — здаецца, яны вынеслі асобае вызначэнне, дадаўшы колькі слоў, што быццам калі чыноўнік, які наглядае за справамі бедных...

— Абы-што! Лухта! — перапыніў яго кур’ер. — Каб рада слухала пра тое, што балбочуць гэтыя ідыёты прысяжныя, у іх справы было б рабіць не перарабіць.

— Вельмі слушна вы кажаце, — падхапіў трунар, — што праўда, тое праўда.

— Прысяжныя, — працягваў містэр Бамбл, моцна сціскаючы кульбу, што заўсёды сведчыла пра яго ўзрушанасць, — прысяжныя — гэта нягоднікі, блазнюкі і невукі!

— Абсалютная праўда, сэр, — пацвердзіў трунар.

— Яны разбіраюцца ў філасофіі ды ў палітычнай эканоміі роўна вось гэтулькі, — і кур’ер з пагардай пстрыкнуў пальцамі.

— Не болей, — падтакнуў трунар.

— Я пагарджаю імі! — усклікнуў кур’ер, пачырванеўшы тварам.

— І я, — далучыўся трунар.

— Адзінае, чаго б я хацеў, — каб гэтыя незалежныя прысяжныя на тыдзень-другі трапілі ў наш дом; рэгламент і правілы рады хутка выбілі б з іх гэты іхні дух.

— Ану іх лепей у балота, — прапанаваў трунар. Сказаўшы так, ён ухвальна ўсміхнуўся, каб суцішыць лютасць абуранага прыходскага чыноўніка, што мацнела з кожнай хвіляю.

Містэр Бамбл зняў сваю трохкутку, выняў з рога насоўку і выцер пот, што праступіў на лбе ў выніку яго ўзрушэння, потым зноў насадзіў трохкутку на галаву і, павярнуўшыся да трунара, ужо больш спакойным голасам сказаў:

— Добра, дык што з хлопчыкам?

— О! — адказаў трунар. — А як жа, містэр Бамбл, вы ж ведаеце! Я плачу вялікія падаткі на карысць бедных!

— Гм! — прамовіў містэр Бамбл. — Ну і?

— Ну, — працягваў трунар, — дык я ўжо думаў, што калі я так шмат сплачваю на іх карысць, то меў бы права ўзяць з іх столькі, колькі магу, містэр Бамбл, так што... так што... я думаю, што я сам вазьму хлопчыка.

Містэр Бамбл падхапіў трунара пад руку і павёў у будынак. Містэр Саўэрберы пяць хвілін дамаўляўся з чальцамі рады, і было вырашана, што Олівер тым жа вечарам будзе пасланы да яго «на выпрабаванне».

У дачыненні да прыходскага вучня гэта азначала наступнае: калі гаспадар пасля кароткай праверкі прыходзіў да высновы, што ён можа загрузіць хлопчыка дастатковай колькасцю працы, не надта трацячыся на ежу, то ён мог захаваць яго ў сябе на гады і рабіць з ім, што толькі пажадае.

Калі маленькага Олівера ў той вечар паставілі перад «джэнтльменамі» і абвясцілі яму, што ён мусіць сёння ісці да трунара за служку ў доме і што калі ён пажаліцца або яшчэ раз вернецца ў прыход, то яго сашлюць у мора, каб ён там патануў, або каб яму размажджэрылі галаву, як гэта часта бывае, — Олівер успрыняў гэта так абыякава, што ўсе як адзін закляймілі яго закаснелым малым нягоднікам і загадалі містэру Бамблу выдаліць яго з памяшкання.

Хоць, зразумелым чынам, чальцы рады якраз мусілі найперш і ў найвышэйшай ступені пранікнуцца дабрачынным здзіўленнем ды жахам пры самых малых прыкметах адсутнасці рэагавання з боку каго б ні было, але ў гэтым выпадку яны памыляліся. Проста Олівер замест таго, каб быць занадта няўражлівым, быў занадта ўражлівы і дзеля захавання жыцця адключаўся і рабіўся зацяты і маркотны, калі з ім абыходзіліся дрэнна. Ён у поўным маўчанні выслухаў навіну аб сваім прызначэнні; яму сунулі ў рукі ягонае майно, несці якое зусім не было цяжка, бо яно ўсё змяшчалася ў карычневым пакунку з паперы памерам з паўфута даўжыні і цалі з тры шырыні. Ён насунуў на вочы шапку і, ушчаперыўшыся ў крысо кур’еравага шыняля, накіраваўся з гэтым службоўцам да месца новых пакутаў.

Нейкі час містэр Бамбл валок яго моўчкі, без каментароў, бо ён, як гэта і належыць прыходскаму кур’еру, трымаў галаву проста; дзень быў ветраны, і крыссё шыняля, лунаючы ў вятрыску, цалкам закрывала маленькага Олівера і вельмі выгадна расхінала камізэльку кур’ера з доўгімі лацканамі і яго кароткія карычневыя аксамітныя штаны. Калі яны падышлі да месца прызначэння, містэр Бамбл усё-ткі палічыў патрэбным зірнуць уніз і ўпэўніцца, што дзіця выглядае як мае быць, яго можна паказваць новаму гаспадару. Так ён і зрабіў, надаўшы твару выраз велічна-апякунскі.

Поделиться с друзьями: