Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Олівер Твіст

Дыкенс Чарльз

Шрифт:

— Ты адразу пацэліў куды трэба, — панура згадзіўся Сайкс. — Шкада, таму што мне, да таго ж, яшчэ было б пад настрой.

Габрэй уздыхнуў і паныла пахітаў галавой.

— Я ведаю толькі, што, калі ў нас заладзіцца, мы нагонім страчаны час, — прамовіў Сайкс.

— Правільна гаворыш, мой даражэнькі, — габрэй нават не наважыўся паляпаць Сайкса па плячы. — Мне прыемна чуць гэта ад цябе.

— Прыемна чуць! — усклікнуў Сайкс. — Ну што ж, хай сабе.

— Ха-ха-ха! — зарагатаў габрэй, як быццам гэтая саступка прынесла яму палёгку. — Сёння, Біл, ты зусім такі, як раней, адзін да аднаго, як раней.

А я не пачуваюся як раней, калі ты кладзеш мне на плечы свае ўсохлыя старыя кіпці, так што забяры іх, — сказаў Сайкс і скінуў габрэеву руку.

— Біл, ты нервуешся; што, выдае на тое, быццам цябе схапілі? — сказаў габрэй, вырашыўшы не крыўдзіцца.

— Выдае на тое, што мяне схапіў д’ябал, — адпарыраваў Сайкс. — Яшчэ не было чалавека з такой мордай, як твая. Хіба што бацька твой, і я думаю, што яму цяпер, напэўна, падсмальваюць сіва-рыжую яго бараду. А можа, ты наўпрост паходзіш ад чорта, без аніякага бацькі, — я не здзівіўся б.

Фэджын нічога не адказаў на гэты камплімент, а толькі тузануў Сайкса за рукаў і паказаў пальцам на Нэнсі, якая скарысталася з іхняй размовы, каб апрануцца, і цяпер якраз надзявала на галаву капялюш, каб сысці.

— Гэй! — крыкнуў Сайкс. — Нэнсі, куды гэта, дзеўка, ты ўздумала ісці на ноч гледзячы?

— Недалёка.

— Што гэта за адказ? — запярэчыў Сайкс. — Куды ты выбралася?

— Кажу табе, недалёка.

— А я пытаю куды? — запярэчыў Сайкс. — Чуеш ці не: куды?

— Не ведаю куды, — адказала дзяўчына.

— Тады я ведаю, — сказаў Сайкс, не столькі таму, што ў яго былі важкія прычыны не пускаць яе, колькі адно з упартасці. — Нікуды. Сядай.

— Мне блага. Я ж казала табе, — запярэчыла дзяўчына. — Хачу падыхаць свежым паветрам.

— Дык высунь галаву ў акно, — адказваў Сайкс.

— Гэтага мала, — сказала дзяўчына. — Я хачу на вуліцу.

— Тады ты не пойдзеш, — адказаў Сайкс.

Сцвердзіўшы гэта, ён устаў, замкнуў дзверы, вынуў з іх ключ, зняў з Нэнсі капялюш і закінуў яго на старую шафу.

Вось так, — сказаў рабаўнік. — А цяпер сядзі ціха дзе сядзіш.

— Са мной не пройдзе. Капялюш мяне не затрымае, — сказала дзяўчына, спалатнеўшы. — Біл, ты што? Ты ведаеш, што ты робіш?

— «Ведаеш, што робіш», — во! — усклікнуў Сайкс, паварочваючыся да Фэджына. — У яе з галавой нешта, ты ж бачыш, інакш яна не наважылася б мне такое сказаць.

— Ты вымушаеш мяне зрабіць нешта такое... — прамармытала дзяўчына, прыціскаючы рукі да грудзей, быццам хацела такім чынам стрымаць нейкі магутны выбух. — Пусці мяне, пусці мяне ў гэтую хвілю... у гэтае імгненне...

— Не! — сказаў Сайкс.

— Фэджын, скажыце яму, хай ён мяне пусціць. Яму ж будзе лепш. Лепш будзе для яго. Чуеце? — закрычала Нэнсі і тупнула нагой.

— Ці чую я? — паўтарыў Сайкс, павярнуўшыся да яе разам з крэслам. — Ды калі я яшчэ з паўхвілі буду чуць, то сабака так грызяне цябе за гарляк, што адразу выхапіць увесь гэты вісклівы голас. Што на цябе найшло, брыда ты такая, што на цябе найшло?

— Пусці мяне, — сказала дзяўчына вельмі сур’ёзна; яна села ля дзвярэй на падлогу і працягвала: — Біл, пусці мяне, ты не ведаеш, што ты робіш. Ты насамрэч не ведаеш. Толькі на гадзіну — пусці, пусці мяне.

— Каб цябе пярун разбіў! — усклікнуў Сайкс і схапіў яе за руку. — Дзеўка з глузду з’ехала. Уставай!

— Не ўстану, пакуль не пусціш, па-куль не пус-ціш... Ні за што, ні за што! — пранізліва закрычала дзяўчына.

Якую хвіліну Сайкс чакаў нагоды, а потым раптам заламаў ёй рукі і пацягнуў у сумежны пакойчык, нягледзячы на супраціўленне. Там ён піхнуў яе на крэсла, а сам сеў побач на зэдлік, не выпускаючы яе з рук. Яна яшчэ нейкі час спрабавала вырвацца, упрошвала, пакуль не прабіла дванаццаць, а потым, стаміўшыся, перастала дабівацца свайго. Сайкс кінуў ёй напаследак папярэджанне, падмацаванае аб’ёмным брыдкаслоўем, каб яна больш не спрабавала сёння выходзіць з дому, пакінуў яе адну і далучыўся да габрэя.

— Вось дык вось! — сказаў хатні злодзей, выціраючы з ілба пот. — Даволі дзіўна паводзіць сябе дзеўка.

— Што ёсць, тое ёсць, Біл, — раздумліва паўтарыў габрэй. — Што ёсць, тое ёсць.

— Што гэта яна ўбіла сабе ў галаву сёння ўвечары, як ты думаеш? — спытаўся Сайкс. — Ну, ты павінен лепш за мяне ведаць. Што ты мяркуеш?

— Упартасць, жаночая ўпартасць — я так мяркую, мой даражэнькі, — адказаў габрэй, паціснуўшы плячыма.

— Хай сабе ўпартасць, — прабурчаў Сайкс. — Думаў, што ўтаймаваў яе, аднак яна такая ж дрэнь, як і раней.

— Горшая, — заўважыў раздумліва габрэй. — Я не помню, каб раней яна была такая, як сёння, — з-за кожнай дробязі...

— І я — не, — сказаў Сайкс. — Думаю, што тая ліхаманка яшчэ сядзіць у яе крыві.

— Можа быць, — адказаў габрэй.

— Ну дык я ўжо пушчу ёй крыху крыві без дапамогі лекара, калі яна зноў за старое ўзялася, — сказаў Сайкс.

Габрэй ухваліў гэтую ідэю, моцна ківаючы галавой.

— Калі я ляжаў і не мог устаць, яна не адыходзіла ад мяне дзень і ноч, а ты, з тваім ваўчыным чорным сэрцам, і носа не паказваў, — прамовіў Сайкс. — Да таго ж, мы сядзелі без грошай, і я думаю, што гэта так або іначай адбілася на ёй, і вось гэтае сядзенне мусовае праявілася, га?

— Так яно, так, — адказаў габрэй. — Ціха!

Як толькі ён прамовіў гэтыя свае словы, з’явілася сама дзяўчына і села на ранейшае месца. Яе вочы былі прыпухлыя і заплаканыя, яна раскачвалася ўзад-уперад, трэсла галавой, а потым раптам рассмяялася.

— Ну вось, цяпер яна пабегла ў другі бок! — усклікнуў Сайкс і кінуў на свайго кампаньёна позірк, поўны выразнага здзіўлення.

Фэджын падаў знак, каб ён не звяртаў на яе ўвагі, і праз некалькі хвілін дзяўчына вярнулася да сваіх звычайных паводзінаў. Фэджын прашаптаў Сайксу, што новага прыпадку можна не баяцца, узяў капялюш і пажадаў усім добрай ночы. Ля дзвярэй ён спыніўся і спытаў, ці не пасвеціць яму хто на цёмнай лесвіцы.

— Ідзі, пасвяці яму, — сказаў Сайкс, які ў гэты час набіваў люльку. — Шкада будзе, калі ён сам сабе зломіць карак і расчаруе гледачоў. Пасвяці яму.

Нэнсі са свечкай пайшла за старым. Калі яны дайшлі да пляцоўкі, ён прыклаў палец да вуснаў і, нахіліўшыся да яе, шэптам сказаў:

— Нэнсі, мілая, што здарылася?

— Што вы маеце на ўвазе? — таксама шэптам адказала тая.

— Прычыну ўсяго гэтага, — адказаў Фэджын. — Калі ён, — тут ён паказаў сваім усохлым пальцам наверх, — так кепска з табой абыходзіцца (а ён быдляціна, Нэнсі, рэдкая быдляціна), то чаму ты...

Поделиться с друзьями: