Олівер Твіст
Шрифт:
— Гы-гы! — зарагатаў Мастэр Бэйц. — Што гэта будзе за пацеха, хіба не так, Фэджын? Я кажу, вось Джэк ім уваб’ецца ў пячонкі!
— Уваб’ецца! — падхапіў габрэй. — Як піць даць, уваб’ецца.
— Што тут казаць, уваб’ецца, — паўтарыў Чарлі, паціраючы рукі.
— Мне здаецца, што я бачу яго перад сабой, — усклікнуў габрэй, утаропіўшыся ў свайго вучня.
— І я, — усклікнуў Чарлі Бэйц. — Гы-гы-гы! І я таксама. Усё-ўсенькае бачу, як наяве, далібог, Фэджын, бачу. Вось забава! Вось дык забава! Усе парыкі намагаюцца быць важнымі, а Джэк Доўкінз звяртаецца да іх так сардэчна-шчыра, як быццам ён родны сын суддзі і прамаўляе пасляабедзенны спіч — гы-гы-гы!
Насамрэч, Фэджын так дасканала паўплываў на свайго эксцэнтрычнага маладога сябра, што Мастэр Бэйц, якіспачатку схільны быў разглядаць увязненага Махляра як ахвяру, цяпер бачыў у ім галоўную дзейную асобу на сцэне, надзеленую вельмі несамавітым, адметным гумарам, і з нецярпеннем чакаў таго часу, калі яго стары кампаньён атрымае нагоду паказаць свае таленты.
— Нам трэба неяк выхітрыцца ды выведаць, як ён сёння маецца, — сказаў Фэджын. — Трэба падумаць, якім чынам.
— Можа, я пайду? — спытаў Чарлі.
— Ні за што на свеце, — адказаў габрэй. — Ты што, звар’яцеў, мой даражэнькі, звар’яцеў канчаткова, калі збіраешся пайсці ў месца, дзе... Не, Чарлі, не. Нельга губляць больш, чым аднаго зараз.
— Я думаю, што самі вы ісці туды не збіраецеся, — падміргнуўшы, сказаў Чарлі.
— Гэта было б не зусім добра, — адказаў Фэджын, хітаючы галавой.
— То чаму б не паслаць гэтага новага? — спытаў Мастэр Бэйц і паклаў руку на плячо Ноэ. — Яго ніхто не ведае.
— Ну, калі ён не мае нічога супраць... — заўважыў габрэй.
— Супраць? — уставіў Чарлі. — А што ён можа мець супраць?
— Насамрэч, нічога, мой даражэнькі, — сказаў Фэджын і павярнуўся да містэра Болтэра, — насамрэч, нічога.
— О, тут я мушу вам сказаць, — уступіў у размову Ноэ, адыходзячы спінай да дзвярэй і з апаскай трасучы галавой. — Не, не — ні ў якім выпадку. Гэта не па маёй частцы, кіньце.
— А што тады па яго частцы, Фэджын? — пацікавіўся Мастэр Бэйц, з вялікай непрыязнасцю мераючы позіркам кашчавую постаць Ноэ. — Змывацца, калі нешта не так, і жэрці, каб аж з горла выпірала, калі ўсё ў парадку — гэта па ягонай частцы?
— А якая розніца? — адказаў містэр Болтэр. — А ты, хлапчаня, не дазваляй сабе зашмат са старэйшымі, бо заробіш.
Пачуўшы гэтую выдатную пагрозу, Мастэр Бэйц так гучна зарагатаў, што Фэджын не адразу дабіўся магчымасці адрэагаваць і растлумачыць містэру Болтэру, што наведванне паліцэйскага пастарунка яму нічым не пагражае, таму што ні справаздача пра яго малую афёру, ні апісанне яго асобы яшчэ не перададзеныя ў сталіцу, ды і ўвогуле вельмі верагодным было тое, што ніхто нават і не падазрае пра тую магчымасць, што ён можа схавацца ў Лондане, а таму — калі ён належным чынам пераапранецца — для яго наведванне гэтага месца будзе такім жа бяспечным, як і візіт у любое іншае месца Лондана, тым больш што з усіх месцаў гэтае — самае апошняе, дзе можна чакаць яго добраахвотнага з’яўлення.
Часткова перакананы гэтымі аргументамі Фэджына, але ў значна большай меры праз страх перад ім, містэр Болтэр нарэшце з вельмі вялікай неахвотай згадзіўся на вылазку. У адпаведнасці з указаннямі Фэджына ён неадкладна змяніў свой касцюм на адзежу фурмана, вельветавыя штаны і скураныя гетры — усё гэта было ў Фэджына напагатове. Яшчэ яму далі лямцавы капялюш, аздоблены квіткамі з заставы, і пугу. Адзеты такім чынам, ён мусіў зайсці ў пастарунак, як зрабіў бы гэта які-небудзь вясковы вахлак з кірмашу ў Ковэнт-Гардэне, каб наталіць сваю цікаўнасць. Паколькі Ноэ быў якраз такім няўклюдным, грубым, нязграбным хлопцам, які быў патрэбны, то містэр Фэджын не сумняваўся, што ён зробіць сваю справу як належыць.
Пасля таго як гэтыя падрыхтоўчыя захады былі выкананыя, яму давялі неабходныя для апазнання Спрытнага Махляра прыкметы і характарыстыкі, і Мастэр Бэйц цёмнымі і пакручастымі завулкамі правёў яго ўшчытную да Боў-стрыт.
Чарлі Бэйц дакладна апісаў размяшчэнне пастарунка і дадаў шматлікія ўказанні, як прайсці завулкам, як, перасекшы двор, ісці наверх прыступкамі направа і што трэба зняць капялюш, калі ён зойдзе ў пакой. Потым Бэйц развітаўся з Болтэрам, сказаўшы напаследак, каб ён паспяшаўся далей адзін і што ён будзе чакаць яго на гэтым самым месцы.
Ноэ Клэйпал, або Морыс Болтэр, калі пажадае чытач, дакладна выконваў указанні, якія атрымаў і якія — з прычыны таго, што Мастэр Бэйц быў няблага знаёмы з ваколіцай, — былі настолькі дакладнымі, што яму ўдалося дайсці да пастарунка, не спытаўшы анікога і не напаткаўшы ніводнай перашкоды. Ён апынуўся сярод цеснай гурмы людзей, у асноўным жанчын, якія тоўпіліся ў брудным, душным пакоі, у аддаленай частцы якога за парэнчамі было відаць невялікае ўзвышэнне, а на ім, злева каля сцяны, — лава падсудных, пасярэдзіне — кафедра для сведкаў, а з правага боку — стол суддзі; гэтае апошняе страшнае месца было яшчэ аддзелена перагародкай, якая хавала суддзяў ад вачэй простых людзей і дазваляла плебсу ўявіць (калі ён у стане зрабіць гэта) усю веліч правасуддзя.
На лаве падсудных сядзелі толькі дзве жанчыны, якія ўвесь час ківалі сваім сябрам-заўзятарам, што былі ў пакоі, у той час як клерк чытаў двум паліцыянтам і нейкаму чалавеку ў цывільным, які схіліўся над сталом, нейкія паказанні. Наглядчык турмы стаяў, абапёршыся на парэнчы, і ад няма чаго рабіць пастукваў сябе па носе вялікім ключом, робячы перапынкі ў гэтым занятку толькі з той мэтай, каб раз-пораз прыкрыкнуць і такім чынам задушыць у зародку спробу распачаць размову сярод разявак, або каб глянуць суворым вокам і загадаць якой-небудзь жанчыне: «Вынесіце гэтае дзіця!» — калі сур’ёзнасць правасуддзя пачынала парушацца слабым плачам якога-небудзь хілага немаўляці, ледзь чутным з-пад матчынага шаліка. У пакоі не было чым дыхаць; сцены былі няпэўнага бруднага колеру, а столь пачарнелай. На каменнай паліцы стаяў стары, закуродымлены бюст, а над лавай падсудных вісеў запылены гадзіннік — адзіная з наяўных рэчаў, якая быццам бы служыла належным чынам, у той час як заганы, беднасць або блізкае знаёмства з імі пакінулі на ўсіх істотах нейкі адбітак, наўрад ці менш непрыемны, чым тоўсты слой тлустага куродыму, які ляжаў на ўсіх прадметах, якія змрочна глядзелі на ўсё, што адбывалася.
Ноэ нецярпліва азіраўся ў пошуках Махляра, аднак хоць тут і было некалькі жанчын, кожная з якіх запраста магла б быць маці або сястрой гэтага выбітнага чалавека, і больш чым адзін з прысутных мужчын выглядаў на ягонага бацьку, ні адна асоба нават блізка не адпавядала апісанню знешнасці містэра Доўкінза. З вялікім неспакоем і няўпэўненасцю Ноэ чакаў, пакуль жанчын, супраць якіх была ўзбуджаная крымінальная справа, не вывелі з памяшкання; але далей прыйшла палёгка: з’явіўся наступны зняволены, які відавочна не мог быць нікім іншым, як тым, дзеля каго ён прыйшоў.
Гэта і насамрэч быў містэр Доўкінз: з закасанымі, паводле сваёй завядзёнкі, задоўгімі рукавамі сурдута, з левай рукой у кішэні, капелюшом у правай руцэ ён зайшоў у пакой, соўгаючы нагамі, а наагул дык хадой, якую нельга апісаць, сеў на лаву падсудных і гучна спытаў, навошта яго паставілі ў такое прыніжанае становішча.
— Трымай язык за зубамі! — азваўся наглядчык вязніцы.
— Я ангелец, ці не так? — запярэчыў Махляр. — Дзе ж тады мае прывілеі?
— Хутка ты атрымаеш свае прывілеі, — запэўніў наглядчык, — а ў дадатак перцу.