Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ордэн Белай Мышы

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Валерка быў на год старэйшы ад сябрукоў і ўз'яднаўся з імі ў нашым 5-м «А» класе, засеўшы з чатырма двойкамі на другі год. Ён прынёс з сабой яшчэ адну мянушку невядомага паходжання - Дагестанец. Магчыма, яна мела сувязь з Валеркавай смуглявасцю і ягонымі цыганскімі вачыма. Першая мянушка лічылася больш фамільярнай і прызначалася для ўнутранага карыстання сярод «гусей», астатнія ж, каб пазбегнуць непрыемнасцяў, мусілі называць Валерку Дагестанцам. (Цяпер я вазьму рэванш, мянуючы яго выключна Окаркам.)

Окарак адразу заняў у тройцы «гусей» месца верхавода. Тут прычыніліся і ягоная гітара, і блатныя песенькі, і тое, што ён застаўся на другі год ужо зацятым курцом. Дадам, што гэта быў самы прыгожы хлопчык у класе і, калі ў нас пачаліся вечарынкі, якія тады зваліся «блакітнымі агеньчыкамі», дзяўчынкі станавіліся ў чаргу, каб запрасіць Окарка на «белы» танец, тым больш, ён не таптаўся па нагах, а добра танцаваў нават вальс, што так і застаўся для мяне недасяжнаю вяршыняй.

Хлапчукі пабойваліся Окарка і стараліся ў блізкія стасункі з ім не ўваходзіць. Што да мяне, дык я люта ненавідзеў яго яшчэ з тых вакацыяў, як пасля трэцяга класа ўпершыню трапіў у піянерскі летнік.

Летнік мясціўся пад Полацкам у школе-інтэрнаце, адкуль выхаванцы раз'язджаліся да восені па хатах. Хто не меў куды ехаць, заставаўся і не прызнаваў аніякіх правілаў, ва ўсім даводзячы ўласную гаспадарскую зверхнасць. Валерку Акаркова яны прынялі за свайго, і якраз яму была даручаная экзекуцыя над намі, калі наш наймалодшы атрад павялі мыцца. Уварваўшыся з дзікім гіканнем у душавую, гаспадары перакрылі гарачую ваду, сагналі нас у кут, і Окарак з двух шлангаў з насалодаю хвастаў наш спалоханы збой ледзянымі струменямі. Некаторыя хлопчыкі не вытрымлівалі і плакалі, а я трываў з апошніх сілаў і, калоцячыся ад холаду, успамінаў аповед настаўніцы, як фашысты ў мароз палівалі са шлангаў на двары канцлагера савецкага генерала Карбышава. Нібыта зазірнуўшы ў мае думкі, хтосьці выгукнуў слова «фашысты», і мы падхапілі: «Фашысты! Фашысты!» За гэта інтэрнатаўская хеўра прыцягнула з распранальні і вымачыла да ніткі яшчэ і ўсё нашае адзенне.

З гадамі забавы Окарка і ягоных «гусей» рабіліся ўсё больш рызыкоўнымі і часам набывалі крымінальнае адценне. Згадваць такія драбніцы, як вытрасеныя з чужых кішэняў у час урока фізкультуры капейкі на булачку або вынесены Окаркам з кнігарні «Светач» за пазухай томік навелаў О'Генры, нават няёмка. У сёмым класе «гусі» абчысцілі аптэчны шапік. Тым разам чародны інстынкт чамусьці не спрацаваў: не патрапляючы падзяліць украдзеныя 56 рублёў пароўну, тройца ўсчала ў начным пад'ездзе бойку і была на месцы ўзятая міліцэйскім патрулём.

У восьмым класе нас паслалі ў калгас на бульбу. Там «гусі» зноў вызначыліся. Іх каларытнае трыо - шыракаплечы бамбіза Гарачоў, цыганісты Окарак і шпінгалет Байцоў - дружна заняло самыя далёкія ад учотчыка разагнаныя камбайнам барозны і выканала норму сабраных вёдзер удвая хутчэй за астатніх. Сакрэт гэткіх дасягненняў праз пару дзён быў раскрыты: кожны з «гусей» выпілаваў з фанеры да свайго вядра другое дно.

У тым самым восьмым класе маладзенькая і схільная без дай прычыны аблівацца малінавай чырванню настаўніца гісторыі атрымала на ўроку цыдулку з прапановаю спаткацца ўвечары на школьным гарышчы. Каб у яе не заставалася непатрэбных пытанняў наконт мэт сустрэчы, запрашэнне суправаджалася некалькімі малюнкамі. Праведзенае класным кіраўніком расследаванне не дало аніякіх вынікаў, калі не лічыць прысланы настаўніцы праз пошту ліст з абяцаннем зашыць «піську» і адрэзаць «сіські». Я не ўяўляў, што можна было ў нашай гістарыхі адрэзаць, аднак не сумняваўся: тут замяшаны Окарак.

Сюжэт з гарышчам і сіськамі скончыўся тым, што ў нас з'явіўся новы гісторык. Аднаго разу ён прыйшоў на ўрок з незашпіленым прарэхам, а аднойчы, калі мы праходзілі Вялікую французскую рэвалюцыю, знячэўку пачаў апавядаць пра блакаду Ленінграда: як там елі людзей і як ягоная сям'я выжыла толькі таму, што бабуля працавала ў Смольным прыбіральшчыцай і ёй дазвалялі забіраць са сталоў і сметніц надкусаныя лусцікі з ікрой, скрылікі вэнджанай кілбасы, цестачкі ды іншыя абкамаўскія недаедкі. Гэтаму немагчыма было даць веры, але наш настаўнік, сеўшы за стол, заплакаў, размазваючы кулакамі слёзы, і мы, здагадаўшыся, што ён п'яны, амаль паверылі ў неверагоднае. А неўзабаве гісторыка - за п'янства ці за такія ўспаміны - выгналі са школы, і ён уладкаваўся грузчыкам у прадуктовай краме насупраць, дзе канчаткова спіўся.

Але пры чым тут Юрка Весялоў?
– можаце запытацца вы.

А пры тым, што і ён прыехаў у Полацак з Гусь-Хрустальнага, аднак быў паміж сваімі супляменнікамі сапраўднай белай варонай.

Дзеля пачатку адзначу, што, у адрозненне ад іншых «гусей», бацькі не вызвалілі яго ад беларускай мовы. Атрымаць вызваленне ў тыя часы было гэтаксама проста, як купіць у летамцы порцыю малочнага марозіва за дзевяць капеек: адны нарадзіліся ў сем'ях вайскоўцаў; другія - у прыгарадных вёсках, ды чамусьці ў дакументах пісаліся расейцамі; трэція лічыліся беларусамі, але, на думку бацькоў, так моцна стамляліся на іншых уроках, што на беларускую мову ўжо не мелі ніякае змогі. У нашым класе з трыццаці вучняў мову вывучалі ўсяго восем чалавек і сярод іх - Юрка Весялоў, які доўга не мог асвоіць «ў» і старанна вымаўляў «кавнер» і «наставнік».

За прысутнасць на ўроках мовы Окарак і кампанія пагардліва ахрысцілі Юрку «колхозником». Гэта была не адзіная прычына нялюбасці. Калі «гусі» падбіралі ключы да аптэкі і дзялілі на траіх 56 рублёў, Весялоў чытаў Конан Дойла і Праспера Мерымэ. Між іншым, ён, Юрка, як і я, меў да Окарка даўні рахунак, і мне здаецца, што тады, у летніку, пад ледзяной вадою са шлангаў першы закрычаў «фашысты!» менавіта ён.

Я не скажу, што мы з ім сябравалі. Адбіўшыся з самага пачатку ад «гусінае» чарады, Юрка не прыстаў і да ніводнага з нашых хаўрусаў. Відаць, ён не надта і рваўся да кагосьці далучацца, бо атрымаў характар тыповага індывідуаліста. Калі, углядаючыся ў мінулае, я хачу ўбачыць гэтага высокага танклявага падлетка з акуратнай фрызураю-«канадкай» і тонкімі, быццам сплеценымі з адных жылаў, моцнымі рукамі, на якіх ён з дзівоснай лёгкасцю падымаўся па канаце пад самую столь спартовае залі, побач з ім ніколі нікога няма. Да дзевятага класа, пакуль у нас не з'явілася Ларыса Жылкіна, Юрка і за партаю сядзеў адзін. І ўсё ж бясконца трымацца ў такім узросце аднаму проста немагчыма, бо можна ўрэшце з'ехаць з глузду.

Развярэджанае самалюбства не дазваляе мне сказаць, што Юрка Весялоў выбраў мяне. Назавем выбар узаемным, хоць факт застаецца фактам: якраз Юрка на перапынку падышоў да мяне і, спакойна гледзячы сваімі неміргатлівымі шэрымі вачыма, абсалютна нечакана пацікавіўся, ці згодны я праверыць смеласць.

Ну што адказваюць на гэткія прапановы ў чатырнаццаць гадоў?

Так пасля ўрокаў мы з ім апынуліся пад мостам цераз Дзвіну.

Юрка растлумачыў, што раку можна перайсці не толькі па версе моста, але і знізу, дзе на выпадак вайны пакінуты ход мінёрам.

Вастрыня адчуванняў таго дня жывая ў маіх лейкацытах і эрытрацытах і сёння.

Услед за Юркам я караскаўся па хісткіх жалезных драбінах з адламанымі папярэчынамі, праціскаўся праз вузкія брудныя праходы ў бетоне і пераскокваў небяспечныя прамежкі між блокамі, адкуль цягнула вільготным страхам.

Найбольш вусцішным адцінкам экспедыцыі сталіся колькі метраў на падыходзе да трэцяга быка. Падарожнік мог пераадолець іх толькі па дзвюх перакінутых паміж блокамі дошках.

Дошкі, хоць і былі досыць шырокія і тоўстыя, прыкметна прагіналіся. Над якой-небудзь ручаінай я прайшоў бы па іх з завязанымі вачыма, аднак тут, далёка ўнізе, дыхаючы холадам, плыла цёмная восеньская Дзвіна, і мая разагрэтая дамешкам цыганскае крыві фантазія ўмомант намалявала віры і бохаты з аброслымі ракавінкамі тапельцамі. Насельнікаў дзвінскіх глыбіняў змяніў вобраз канатаходца з раскінутымі над безданню рукамі. Якраз так, расставіўшы рукі, і рушыў наперад Юрка. Небяспека хавалася яшчэ і ў тым, што дошкі мелі розную таўшчыню і пружынілі пад нагамі не аднолькава. Я заплюшчыўся і ўбачыў, як Юрка разам з дошкамі ляціць долу. Мільганулася думка, што, калі пашанцуе, гэта не смяротна: узімку, праламаўшы парапет, з моста сарваўся самазвал, але лёд вытрымаў і для кіроўцы ўсё абышлося зрушэннем мазгоў; выпісаўшыся з бальніцы, ён напіўся, як рамізнік, і буяніў на вуліцы, а міліцыянтам крычаў, што ён - савецкі касманаўт, а касманаўтаў не забіраюць.

Калі праз імгненне я адкрыў вочы, Юрка стаяў на тым баку прадоння. Мяне цягнула апусціцца на чатыры кропкі і перапаўзці гэтыя метры на карачках. Няхай у далоні і ў калені ўвап'ецца тысяча стрэмак - выцягваць іх у параўнанні з гэтай хвілінаю будзе суцэльнаю слодыччу.

Мост падаў у паветраную яму, а мае вантробы імкліва падымаліся да горла. Тым часам Юрка выняў з кішэні ключ, павярнуўся да мяне спінай і ціхамірна ўзяўся штосьці драпаць. Нейкая віхура сарвала мяне з месца і перанесла да Юркі. Азірнуўшыся, я згледзеў, што дошкі раз'ехаліся, і цяпер адтуль да нас перабраўся б хіба што кот.

Поделиться с друзьями: