Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
Чым займаліся сто гадоў таму Герцыковічы, я не даведаўся, аднак сын старога Залмана Айзік, што працаваў завучам нашае школы, меў бясспрэчныя заслугі ў змаганні з шыкоўнай фрызурай будучага беларускага літаратара Вінцэся Мудрова, а пляменнік Айзіка Залманавіча Аркаша Кацман кіраваў пазней папулярнай секцыяй аэробікі. Пасля агульных заняткаў ён зазвычай пакідаў у зацішнай спартовай залі адну са сваіх выхаванак, каб яшчэ з паўгадзіны пазаймацца індывідуальна, а потым прыходзіў я, мы рэзаліся ў пінг-понг, і я прапаноўваў Аркашу трохі адрэдагаваць назву секцыі, дадаўшы перад «б» літару «е». Гуляючы са мной развітальную партыю напярэдадні ад'езду ў Лос-Анджэлес, Аркаша Кацман прамовіў сакраментальную фразу: «Не пойму я никак, Володя, почему ты вырос среди евреев, а никак приличную квартиру не получишь».
Але гэта прычынілася праз шмат гадоў пасля дзяцінства, а ў той малечы час, жывучы сярод суседзяў, якіх спрэс звалі Хаімамі, Абрамамі, Ізраілямі ды Мойшамі, я ад душы здзіўляўся, што ў майго таты такое нетутэйшае імя - Аляксей.
Дом маіх бацькоў на вуліцы першага касманаўта атачалі будынкі розных установаў, дзе пасля шасці заставаліся толькі вартаўнікі і вахцёры, а таму ўвечары ў нас было пустэльна і ціха. Затое за нашым гародам пачыналіся ажно тры густа населеныя вуліцы з парадкавымі нумарамі пад агульнаю назваю Рабочая. Каб там жылі калі-небудзь нейкія рабочыя, я не памятаю. Там жылі габрэі, і гэтыя вуліцы, прынамсі, старэйшая частка іхняга жыхарства, гаварылі на ідыш.
У цёплыя летнія адвячоркі гаспадары выходзілі з драўляных дамовак, уладкоўваліся на лавачках каля гародчыкаў, у якіх раслі бэз, «разбітае сэрца» і жоўтыя вяргіні, і паважна гаманілі на не зразумелай мне мове. На ўтравелых вуліцах, дзе машыны з'яўляліся толькі калі хтосьці паміраў, хадзілі козы і куры, бегалі непародзістыя каты і сабакі рознае масці, і мы з габрэйскімі дзецьмі гулялі ў «пікара» і «калім-бам-ба».
Тоўстая, як капешка, цётка Роза Саламонаўна любіла пачаставаць нас агрэстам або малінамі. На свята з яе пульхных пальцаў можна было атрымаць кавалак габрэйскага мядовага перніка пад экзатычнаю назваю «тэйгэлэх». Цётка Роза працавала касіркаю на атракцыёнах у парку каля Дзвіны і сваім людзям адказвала па-свойму: «Драйсік копікес білет». З мяне грошай яна ніколі не брала. Па часе я зразумеў, здаецца, прычыну такое дабрачыннасці: мой тата быў пракурорам, а яе сын Фіма цягнуў тэрмін за тое, што зарэзаў жонку. Гэтае злачынства ўяўлялася мне бясконца загадкавым, бо якраз будучы забойца даў мне пачытаць «Маленькага прынца» і яшчэ багата цікавых кніжак.
Тэрмін Фіма атрымаў невялікі, бо ўчыніў смертазабойства, як казалі дарослыя, «на почве ревности». Мая дзіцячая спроба дазнацца, што гэта за «почва», скончылася нічым. Ну і што з таго, што заспеў жонку з іншым?
– разважаў я над пачутым тлумачэннем, інтуітыўна падазраючы, што з гэтае прычыны можна перарэзаць занадта шмат жонак. І потым было зусім незразумела, навошта - калі заспеў яе з іншым - рэзаць менавіта жонку, а не таго іншага.
Ведама ж, нашы суседзі-габрэі не толькі прадавалі квіткі ў парку культуры і адпачынку ды рэзалі жонак. Царскі генерал Міхаіл Без-Карніловіч, што выдаў у 1855 годзе кніжку «Истбрические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии», пісаў аб полацкіх і наогул прыдзвінскіх габрэях наступнае: «Предприимчивы, любопытны, проницательны. Заранее рассчитают барыши, какие может доставить предпринимаемая операция; исчислят расходы, и тогда только возьмутся за дело. Избегают утомительных работ: между ними найдете много портных, сапожников, шапошников, стекольщиков, лудильщиков, жестянщиков, резчиков печатей, золотых и серебряных дел мастеров; редко встретите кузнеца, плотника, пильщика. В вере тверды, единодушны, любят помогать своим, в особенности когда пострадают от пожара».
Усё праўда.
Муж цёткі Розы Ізраіль Майсеевіч таксама пазбягаў пыльных ды «утомительных» работ і зарабляў на хлеб начным вартаваннем паркавых атракцыёнаў. Хоць імя гэтага мужнага чалавека ў памяці палачанаў ужо сцёрлася, ягоны подзвіг назаўсёды ўвайшоў у гарадскія аналы. Калі ў парку паставілі атракцыён «Пятля Несцерава», двое міліцыянтаў з дзяжурнага патруля раскатурхалі Ізраіля ў ягонай вартоўні і загадалі пракаціць. Муж цёткі Розы паслухмяна націснуў кнопку і пайшоў дасыпаць. Міліцыянты «пятлялі» ў скляпаным з бляхі самалёце давідна. Знялі іх непрытомных і ледзь жывых. На шчасце, адзін з «лётчыкаў» перад тым як знепрытомнець, здолеў выцягнуць пісталет і разрадзіць абойму ў бок вартоўні, чым і парушыў бесклапотны сон пільнага Ізраіля Майсеевіча. (Перад ад'ездам у Ізраіль муж Розы Саламонаўны, праўда, прызнаваўся, што не заснуў у тую ноч ні на волас.)
І наконт пажару праўда. Калі ў Герцыковічаў згарэла палова дому, ім папрыносілі з усіх Рабочых вуліцаў столькі рэчаў, што стары Залман быў проста шчаслівы і хваліўся, быццам у адбудаванай дамоўцы цешыцца са сваёй Сімай не на двух, як да пажару, а ажно на чатырох ложках.
Яшчэ адна Сіма - Сімачка Музыкант, дачка інспектара гарана, жыла побач з намі ў завулку з глыбокай лужынай, у якую глядзеліся цераз плот падвязаныя сінімі стужкамі мальвы. Смуглявая, з глыбокім малінавым румянкам і зялёнымі міндалевымі вачыма, Сіма надоўга заняла месца ў маіх эратычных фантазіях і самотных забавах. І дагэтуль, перачытваючы «Найвышэйшую песню Саламонаву», я бачу кранутыя лёгкім загарам Сіміны ножкі - палевыя з блакітнымі жылкамі.
Так, варта было выйсці з дому, прабегчы сотню крокаў, і ты як быццам трапляў у іншую краіну - з яе моваю, з яе абліччамі і імёнамі, нязвыклымі звычаямі і стравамі.
Неадменнаю часткаю гэтай краіны, над якой дзьмулі далёкія гарачыя вятры, быў дзядзька Грыша Цымерман, што сядзеў на лавачцы каля дагледжанага, пафарбаванага ў тэракотавы колер дамка і задуменна глядзеў выцвілымі лавандавымі вачыма на стогадовую таполю.
Удзень бацька Вовы Цымермана працаваў шаўцом у будцы каля першай у Полацку крамы самаабслугоўвання. Увечары, перш чым выйсці са свайго прапахлага скураю і клеем закутка, каб паглядзець на таполю, ён таксама працаваў шаўцом. Асабліва захапляла мяне тое, як па-цыркавому спрытна дзядзька Грыша выплёўваў з рота маленькія цвічкі і адным снайперскім ударам заганяў іх у належнае месца. На вайне ён служыў у артылерыі, атрымаў кантузію, і кожны год, на схіле лета, яго апаноўвала замарачэнне. Ён рабіўся гаваркі, апавядаў, як выпіваў з маршалам Жукавым і бачыўся на перадавой з самім Сталіным, а разышоўшыся, пачынаў выгукваць артылерыйскія каманды. Тады дзядзьку забіралі на месяц за Дзвіну, дзе ў колішніх мурах братоў-бернардзінаў месцілася вар'ятня. Хворых лекавалі там не толькі медыкаментамі, але і псіхатэрапіяй. Напрыклад, калі медыкам спатрэбілася цэгла, бабінец кляштарнага сабора разабралі, а косткі з пахаванняў пад ім раскідалі проста пад нагамі ў пацыентаў.
Пасля лекаў дзядзька Грыша да наступнага жніўня губляў усю ваяўнічасць, рабіўся ціхмяны ды лагодны і штовечар займаў звычную пазіцыю насупраць таполі. Ягоныя адносіны з гэтым дрэвам прыводзяць мне на памяць пачуцці, што звязвалі палкоўніка Аўрэліяна Буэндыя з каштанам, уткнуўшыся ў які лбом герой Маркеса назаўсёды развітаўся з нашым светам.
Калі ў гады «развітога сацыялізму» дамы, лавачкі і гародчыкі на Рабочых вуліцах пазносілі, а таполю спляжылі і, прычапіўшы тросам да бульдозера, кудысьці адвалаклі, Цымерманы атрымалі кватэру ў дзевяціпавярховіку побач з іхнім былым падворкам. Дзядзька Грыша штовечар уладкоўваўся каля вакна на пятым паверсе і да цёмнага глядзеў у той бок, дзе некалі шамацела лістотаю ягоная таполя. Думаю, у тыя хвіліны ён па-ранейшаму сядзеў на выслізганай азадкамі лавачцы пры цёплай тэракотавай сцяне. У новай кватэры ніхто ўжо не пачуў ад яго ні ўспамінаў пра Жукава, ні артылерыйскіх камандаў. Не дачакаўшыся жніўня, дзядзька Грыша аднойчы адчыніў вакно.
Але я забягаю наперад. Да вакна, праз якое Воваў бацька задуменна ступіў у любы яму зруйнаваны свет, яшчэ заставалася палова дзяцінства.
Мы пераходзілі з класа ў клас, пачыналі чытаць братоў Стругацкіх і Брэдберы, пісаць любоўныя цыдулкі і ціскаць іхніх адрасатак у школьным гардэробе. Мне падабалася поўненькая аднакласніца Поля Кругляк. У шостым класе я колькі разоў падводзіў яе дахаты і прапаноўваў «дружить». Поля чырванела, апускала вочы і, картавячы «р», ціха казала, што яна згодная толькі на сур'ёзныя адносіны. Я не ведаў, што такое сур'ёзныя адносіны, і маркотна пазіраў услед поўным Поліным нагам, падобным да літровых малочных бутэлек.
Да Сімачкі Музыкант Полі было, безумоўна, далёка, аднак Сіма з бацькамі ўжо з'ехала ў Ізраіль. Выправілася на гістарычную радзіму і шмат іншых суседзяў. З'ехалі Шэфы з сынам Іллюшам, маім аднагодкам, што меў не надта, відаць, зручную для ізраільскага грамадзяніна мянушку з нейкім арабскім прысмакам - Мустафа Ягло-Ягло. З'ехалі Кацнельсоны са сваім Мішам, мянушка ў якога (прышчэпленая, дарэчы, Фімам-забойцам) была шматкроць даўжэйшая, велягурысцейшая і дзіўнейшая - Мабута Чомба Лэя Пінзя Скавародкін.
«Жиды редеют, а ряды жидеют», - са злосцю зацятага антысеміта казаў школьны ваенрук Іван Кірылавіч, што на занятках па грамадзянскай абароне вучыў нас з малалецтва карыстацца супрацьгазам, які аднойчы назваў таямнічым словам «гандон». Я не разумеў ягонае злосці. Мне было шкада аднакласнікаў, што назаўсёды знікалі з майго жыцця разам з мянушкамі, бацькамі, брацікамі і сястрычкамі. У шостым класе афіцыйных габрэяў у нас засталося ўсяго трое - Поля Кругляк, Марк Альтбрэгін, якому я пякуча зайздросціў, бо ў яго дома было ажно два тэлевізары, і Бора Гасіль.