Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Падарожжа ў XIX стагоддзе

Мальдзіс Адам

Шрифт:

А ў валасным праўленні якраз сабралася многа прыгонных сялян. Адзін прыйшоў прасіць, каб адтэрмінавалі падаткі, другі — каб зменшылі прыгон, трэці — каб паскардзіцца на самавольства пана, які здаў у рэкруты апошняга з хаты кармільца. Ды ці мала было крыўд у прыгонных беларускіх сялян... З нізкім паклонам саступілі мужыкі дарогу свайму войту, а той горда падышоў да пісара і ткнуў яму пад нос таямнічае пісьмо. Змест пісьма здаўся пісару настолькі цікавы, што, не зважаючы на прысутнасць «непажаданых» асоб, ён пачаў чытаць яго ўголас:

«Да смаргонскіх сялян!

Нашы сяляне, або, як іх называюць, мужыкі, пачалі іграць вельмі важную ролю1 ў сённяшнім свеце; прычыны таму наступныя: 1-я, здаўна ўсім вядома, што амаль усю сілу народа складае клас, які называюць мужыкамі; 2-я, апрацоўка зямлі, а адсюль і ўсе сродкі пракарміцца знаходзяцца ў руках мужыкоў; 3-я, уся ваенная сіла складаецца з тых жа мужыкоў; 4-я, вышэйшы клас, або шляхта, мае маральную сілу — гэта значыць, асвету або розум; гэтая шляхта, убачыўшы слабасць неадукаваных сялян, задумала праз свой розум заўладаць сялянамі і панаваць над імі; 5-я, калі шляхта захапіла пад сваё панаванне мужыкоў, яна пачала вельмі злоўжываць сваёй уладай — забылася, што яны такія ж самыя людзі, як і ўсе, забылася і пра тое, што гэты клас корміць шляхту і абараняе ад ворага; шляхта пачала абыходзіцца з мужыкамі горш, чым з жывёлай; гэтым яна давяла іх да таго, што яны пачалі задумвацца над сваім няшчасным становішчам, пачалі набірацца розуму, пазнаваць сваю вялікую сілу; 6-я, з усіх мужыкоў першымі зразумелі сваё слёзнае становішча сяляне, якія жывуць у Галіцыі, што знаходзіцца ў Аўстрыйскай дзяржаве, і ў мінулым 1846 годзе яны супольнымі сіламі выразалі сваіх паноў і аканомаў. Страшэнны гэта шлях, але вельмі карысны для сялян! Паны і аканомы пачалі іх баяцца і таму перасталі іх прыгнятаць. Праз боязь імператар зменшыў паншчыну на два дні ў тыдні, зменшыў падаткі і земскія павіннасці, усе пачалі мужыкоў шанаваць і паважаць, як людзей. У нас у Літве (так тады звалі і Беларусь.— А. М.) у многіх месцах мужыкі пачынаюць згаворвацца з салдатамі аб тым, што ім трэба раптоўна зрабіць супольнымі сіламі.

Вось чаму смаргонскія мужыкі і мяшчане павінны, дагаварыўшыся з сабой і з салдатамі, якія кватаруюцца ў іх, напасці на афіцэраў, аканомаў і паноў, выразаць іх і затым патрабаваць, каб усім далі поўную свабоду,— у супрацьлеглым выпадку страшыць агульнай разнёй. Дастаць грошы, каб купіць нажы, вельмі лёгка, а гэта такім чынам: пайсці да рускіх падрадчыкаў, быццам бы наняцца на будаўніцтва чыгунак; за грошы, выдадзеныя ў задатак, купіць нажы, а на работу не ісці. Усё гэта трэба рабіць вельмі патаемна.

Гэтую адозву трэба паказаць усім старшынам».

Змест пісьма маланкай разнёсся па Смаргоні, а затым па навакольных вёсках і бліжэйшых паветах. З валаснога праўлення адозву забраў паліцэйскі прыстаў Банькоўскі, які хацеў перадаць яе па інстанцыях. Але здарылася так, што на некалькі гадзін Банькоўскаму прыйшлося адлучыцца з Дому, жонка ж дазволіла зняць копіі з таямнічай адозвы сваім знаёмым. Гэтыя копіі разышліся па наваколлю, выклікаючы жах сярод паноў і сялянскія хваляванні. Яшчэ не выкрыўшы аўтара адозвы, шэф TV акругі корпуса жандараў генерал. Буксгэўдан выказаў меркаванне, што пісаў яе чалавек, які добра ведае людзей, у чые рукі яна павінна была трапіць: «Усе гэтыя людзі надзелены такім характарам, што ні адзін з іх не мог захаваць у таямніцы змест адозвы; кожны з іх павінен быў разнесці па людзях гэты змест па сваёй непісьменнасці, неасцярожнасці і балбатлівасці».

20 красавіка акруговы начальнік дзяржаўных маёнткаў ужо даносіў віленскаму генерал-губернатару Мірковічу, што, пачуўшы пра адозву, на ўсёй Смаргоншчыне сяляне «збіраюцца натоўпамі, вядуць нарады і расказваюць адзін другому розныя неймаверныя рэчы...» Цікава, як трансфармаваўся змест адозвы ў свядомасці сялян. Прыгонная Міхаліна Адамкевіч сказала пры допыце, што адозва заклікала сялян, каб яны выразалі «паноў і афіцэраў». Юры Дурэйка, які быў у воласці пры чытанні адозвы, запомніў, што заклікала яна «зрабіць тое, што адбылося ў Аўстрыі, пайсці на чыгунку, купіць жалеза, зрабіць з яго нажы і ўсіх выразаць». У адным з маёнткаў трынаццацігадовая пакаёўка амаль слова ў слова паўтарыла сваёй пані тэкст крамольнай адозвы.

У канцы красавіка ўсіх мясцовых паноў агарнула трывога. Шляхціц Аляксандр Букаты, які пазнаёміўся з адозвай у кватэры Банькоўскага, паспешна вярнуўся ў свой маёнтак і прыняў меры, каб «адозва не трапіла ў народныя рукі». Калі ў доме пана Козела група яго суседзяў чытала копію, знятую з адозвы, гаспадар «асабіста закрыў усе дзверы, каб не чулі лакеі». Шляхціц Струміла з-пад Смаргоні хутчэй выехаў у Вільню, бо не быў перакананы, ці «прабыванне на вёсцы не пагражае небяспекай».

Неўзабаве ў Смаргонь асабіста выехаў генерал-губернатар Мірковіч і шэф жандараў Буксгэўдан. Была створана спецыяльная камісія па канфіскацыі ўсіх копій адозвы. У цэлым па Літве і Беларусі было выяўлена некалькі дзесяткаў копій, зробленых рознымі асобамі.

Па сургучнай пячатцы на канверце паліцыі ўдалося знайсці і аўтара таямнічай адозвы. Ім аказаўся дробны шляхціц Юльян Бакшанскі, чалавек з гераічнай біяграфіяй. Бацька яго меў невялікі маёнтак Тупалтшчына і адначасова працаваў аканомам у Смаргоні. Да паўстання 1831 года смаргонскі маёнтак належаў графу Пшэздзецкаму, а пасля быў канфіскаваны і перайшоў у рукі царскай дзяржавы. Становішча смаргонскіх прыгонных мала чым адрознівалася ад становішча ўсіх тагачасных сялян у Расійскай імперыі: яны ўвесь час дабіваліся павелічэння надзелаў і змяншэння падаткаў. У 40-я гады прыгонных прымушалі працаваць, выклікаючы войска і паліцыю. Дзеля гэтага ў мястэчку заўсёды знаходзіўся батальён салдат. Каб навесці парадак, з Пецярбурга прыбылі чыноўнікі па спецыяльных даручэннях.

Усё гэта бачыў у дзяцінстве і юнацтве Юльян Бакшанскі. Яго сэрца напаўнялася спачуваннем да паднявольных сялян і нянавісцю да іх прыгнятальнікаў. Стаўшы ў 1838 годзе вучнем Віленскай гімназіі, ён чытаў забароненыя вершы, удзельнічаў у рабоце тайных згуртаванняў. У 1841 годзе пятнаццацігадовага юнака арыштавалі і саслалі ў Разань, дзе ён бясплатна працаваў у губернскім праўленні па 14 гадзін у суткі. Бакшанскага пазбавілі нават права: выходзіць за горад і перапісвацца са сваякамі. Аднойчы ён спрабаваў расказаць аб сваім становішчы губернатару, але той цынічна адказаў, што ...дазваляе закончыць жыццё самагубствам. Даведзены да адчаю, Бакшанскі спрабаваў застрэліцца. Калі пасля выхаду з бальніцы ён напісаў скаргу на імя цара, яго на год кінулі ў турму.

У пачатку 1846 года Бакшанскага адпусцілі на волю. Але па-ранейшаму ён быў гатовы да любога самаахвярнага кроку ў імя свайго народа. Пазней Бакшанскі прызнаўся пры допыце, што яго фантазію распальвалі «паўстанні ў Аўстрыі і ў Кракаве, а таксама арышты людзей за палітычныя справы — ва мне гарэла нянавісць да ўлады, і, будучы патрыётам, я шукаў выпадку, каб адпомсціць».

Як бачна са следчых матэрыялаў, адозва «Да смаргонскіх сялян» была толькі першапачатковым этапам запланаванага сялянскага паўстання. Са слоў Бакшанскага відаць, што ён спецыяльна заключыў дагавор з кампаніяй па будаўніцтву маскоўскай чыгункі, каб бесперашкодна раз'язджаць па Смаргоншчыне і Ашмяншчыне і такім чынам весці рэвалюцыйную агітацыю сярод беларускіх сялян. Паўстаўшы, яны павінны былі накіравацца ў Вільню і ўзяць горад.

Адозва «Да смаргонскіх сялян» дазваляе зрабіць вывад, што яе аўтар па сваіх перакананнях быў рэвалюцыйным дэмакратам. Бакшанскі пераконвае сялян, што яны з'яўляюцца асноўнай вытворчай сілай грамадства, што прыгоннае права, прыгнёт чалавека чалавекам трэба знішчыць, бо ўсе людзі маюць аднолькавае права на свабоду і шчасце. Аўтар апраўдвае класавую нянавісць сялян да паноў і кліча сялян расправіцца са сваімі прыгнятальнікамі ўзброеным шляхам. Для гэтага трэба аб'яднацца з салдатамі, якіх таксама прыгнятаюць афіцэры. Знамянальна, што, як і Сыракомля ў «Добрых весцях», Бакшанскі спасылаецца на нядаўнія падзеі ў Галіцыі, дзе польскія і ўкраінскія сяляне рашуча распраўляліся са сваімі класавымі ворагамі. Але, адмаўляючы тагачасную рэчаіснасць, Бакшанскі не дае станоўчай праграмы, нічога не піша пра тое, якім павінен быць грамадскі лад пасля перамогі ўзброеных сялян.

Як сведчыць сучасны польскі гісторык Д. Файнгауз, апрача адозвы «Да смаргонскіх сялян», Бакшанскаму належыць таксама адозва да інтэлігенцыі, якую рэвалюцыянер збіраўся разаслаць ад імя тайнага Саюза сяброў чалавецтва. У гэтай адозве выразна гучаць патрыятычныя нацыянальна-вызваленчыя матывы. «Мы жывём у гістарычны час,— пісаў Бакшанскі.— Кожны дзень мы можам спадзявацца, што пачнуцца хваляванні ва ўсёй Еўропе, пачнецца вайна з агульным дэспатам. Кожны дзень мы можам спадзявацца смерці або доўгай і трывалай свабоды — для нас і нашых дзяцей».

Поделиться с друзьями: