Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Падарожжа ў XIX стагоддзе

Мальдзіс Адам

Шрифт:

Творы беларускіх кампазітараў XIX стагоддзя выконваліся як сваімі, так і прыезджымі музыкантамі. Канцэрты ладзіліся не толькі ў губернскіх і павятовых гарадах, але і ў маленькіх мястэчках. Амаль у кожным буйным маёнтку была свая капэла. Так, граф Рудольф Тызензауз меў у Жалудку музычны квартэт. Адзін з яго ўдзельнікаў, нехта Карчміт, іграў на скрыпцы славутага майстра Страдыварыуса.

Беларуская зямля ў XIX стагоддзі была багата юнымі музычнымі талентамі. Адным з такіх «вундэркіндаў» з'яўлялася Багуміла Юзафовіч. Як паведамлялася ў «Незабудцы» Я. Баршчэўскага, здольная музыкантка нарадзілася ў Гродне ў 1828 годзе. У сем год Юзафовіч выступала ў Вільні разам са скрыпачом Рэутам. У 1837 годзе на канцэрце ў Гродне іграла варыяцыі Радэ, а чатыры гады пазней выступала ажно ў Пецярбурзе. Часта лёс юных талентаў канчаўся трагічна. У трынаццаць год, пасля свайго першага канцэрта ў Вільні, памерла ад сухотаў дачка мінскага фартэпіяннага майстра, здольная скрыпачка з абсалютным слыхам, Бэці Крыгер. Не ад добрага жыцця пакончыў самагубствам скрыпач з Навагрудчыны Кароль Стравінскі. Пасля паўстання 1831 года яму пагражала ссылка ў Сібір або здача ў салдаты.

Самымі значнымі фігурамі ў музычным жыцці тагачаснай Беларусі былі Міхал Агінскі, Станіслаў Манюшка і Антон Абрамовіч. Па-рознаму яны ставіліся да беларускага народнага меласу, па-рознаму яго выкарыстоўвалі. Жывучы ў Беларусі, Міхал Агінскі тым не менш заставаўся выключна польскім кампазітарам. Але ён ужо праяўляў цікавасць да беларускай песні (мінскі мастацтвазнаўца Л. Фёдараў сцвярджае, што водгукі беларускіх жніўных песень чуваць у вядомым паланезе «Развітанне з радзімай»). Яшчэ больш цікавіўся беларускімі мелодыямі Станіслаў Манюшка. Яны выкарыстаны ў многіх яго песнях, оперных арыях і інструментальных творах. Урэшце Антон Абрамовіч ужо свядома лічыў сябе беларускім кампазітарам. Некаторыя яго інструментальныя і вакальныя творы цалкам заснаваны на беларускім матэрыяле.

МІХАЛ КЛЕАФАС АГІНСКІ

...Аднойчы, год дзесяць назад, выпадковасць прывяла мяне на невялікую чыгуначную станцыю Залессе, якая знаходзіцца паміж Маладзечна і Смаргонню. Цягнік пазніўся — і пасажыры стоўпіліся вакол танклявага юнака з рэдкім тады яшчэ партатыўным радыёпрыёмнікам у руках. Перадавалі канцэрт па заяўках, а ў ім — абавязковыя частушкі, «Падмаскоўныя вечары»... І раптам загучаў элегічны паланез Агінскага. Бадай, усе прысутныя да драбніц ведалі гэту празрыстую лірычную мелодыю, у якой зліваецца ў адно непаўторнае цэлае і горыч паражэння, і сум расставання з усім, што бясконца блізкае і роднае, і адначасова — фанфарны заклік, «пабудка» ісці ўперад, да перамогі. Творы сапраўднага мастацтва — а паланез «Развітанне з радзімай» адносіцца да іх — не старэюць таму, што кожная сустрэча з імі адкрывае нешта новае, сугучнае нашым думкам і пачуццям... Вось чаму ўсе пасажыры, якія былі на пероне, студэнты і чыгуначнікі, служачыя і калгаснікі, слухалі, бы зачараваныя і прыварожаныя да месца.

Скончыўся канцэрт. Адышоў кудысьці юнак — а ўсе маўчалі.

Першы парушыў цішыню пажылы ваенны.

— Кажуць,— уздыхнуў ён,— гэты самы Агінскі застрэліўся. Закахаўся без узаемнасці ў арыстакратку — і пакончыў жыццё самагубствам. Каля яго трупа знайшлі шматок паперы, спісаны нотамі...

— А я чуў,— перапыніў ваеннага сусед пенсіённага ўзросту,— што за рэвалюцыйную дзейнасць цар загадаў пасадзіць Агінскага ў каземат. У ноч перад расстрэлам вязень развярэдзіў сабе палец і ўласнай крывёю напісаў на сцяне паланез. Таму і называецца ён «Развітанне з радзімай»...

У гутарку ўмешваліся ўсё новыя і новыя людзі, пачаліся спрэчкі. Хтосьці з жанчын успомніў радыёперадачу, у якой расказвалася пра тое, што ў час паўстання 1794 года Агінскі безнадзейна закахаўся ў панну Ядвігу, якая памагла яму ўцячы за граніцу, выратаваўшы ад расправы царскіх улад. Нехта прыгадаў, што на поўдні Беларусі ёсць канал, які носіць імя Агінскага. І ніхто з прысутных не звяртаў увагі на старога калгасніка, які ўвесь час імкнуўся нешта сказаць. Толькі тады, калі падышоў цягнік і ўсе кінуліся да вагонаў, ён звярнуўся да мяне:

— Людзі кажуць, што калісьці ў Залессі жыў пан па прозвішчу Агінскі. Добры, справядлівы быў чалавек. Любіў ён слухаць вясковых музыкаў. Вунь той парк, тыя прысады, што цягнуцца да Віліі,— усё гэта сляды ягонай бытнасці.

У цягніку я доўга думаў над словамі старога. Перад гэтым мне прыйшлося працаваць у адным з вільнюскіх архіваў. Там у рукі трапіўся пажоўклы дакумент, пад якім стаяў подпіс: «Міхал Клеафас Агінскі». І дата: «14 мая 1820 года, Залессе». Міжвольна ўзнікла думка, а што, калі гэта — адзін і той жа Агінскі і адно і тое ж Залессе?!

Усхваляваны, я вярнуўся дамоў і пачаў гартаць старонкі энцыклапедый, кнігу Ігара Бэлзы «Гісторыя польскай музычнай культуры». Там былі партрэты Агінскага. Са старонак кніг дапытлівым, праніклівым позіркам глядзеў на мяне чалавек з вытанчанымі рысамі твару, у модным тады парыку.

З энцыклапедый і даследаванняў Ігара Бэлзы я даведаўся, што Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 25 верасня 1765 года ў маёнтку Гузава (непадалёку ад Варшавы). Яго бацька паходзіў са старадаўняга роду, пачатак якому паклаў, атрымаўшы маёнтак Агінты, беларускі шляхціц Дзмітрый Глушонак. Дзяцінства будучага кампазітара праходзіла пераважна ў Слоніме, у доме дзядзькі, вялікага літоўскага гетмана Міхала Агінскага, па ініцыятыве якога, дарэчы, і быў пракапаны вядомы канал. У той час Слонім з'яўляўся буйным культурным цэнтрам. З прыгонных сялян гетман арганізаваў сімфанічны аркестр і тэатральную трупу, якая ставіла драмы, оперы і балеты. Будучага кампазітара ў Слоніме вучыў музыцы лепшы тагачасны выкладчык Казлоўскі. Пад яго кіраўніцтвам Агінскі напісаў некалькі фартэпіянных п'ес. Юнак пачаў марыць пра тое, каб стаць кампазітарам.

Аднак цяжкі для краіны час запатрабаваў ад Агінскага іншага. Падзеі прымусілі яго стаць дыпламатам, дзяржаўным дзеячам. У 25 год юнака накіроўваюць з важным даручэннем спачатку ў Галандыю, а потым у Англію. Неўзабаве ён ужо быў паслом. Даведаўшыся пра раздзел Польшчы, Агінскі вярнуўся на радзіму, прыняў удзел у паўстанні 1794 года пад кіраўніцтвам Касцюшкі. Пасля паражэння паўстання адважнаму патрыёту прыйшлося эмігрыраваць за граніцу. І толькі тады, калі на рускі трон уступіў Аляксандр І, кампазітару дазволілі вярнуцца на радзіму і нават увялі яго ў склад царскага сената, выбралі ганаровым членам Віленскага універсітэта. За сваё доўгае і бурнае жыццё Агінскі напісаў каля 60 вакальных і фартэпіянных твораў (з іх — каля 20 паланезаў). Цікавіўся ён і літаратурай: пісаў памфлеты, пераклаў з рускай мовы на французскую некалькі п'ес.

Аднак ні энцыклапедыі, ні кніга Бэлзы не давалі адказу на тыя пытанні, якія найбольш мяне хвалявалі. Ці меў Агінскі якое-небудзь дачыненне да Залесся? Дзе быў напісаны славуты паланез «Развітанне з радзімай»? Пачаліся пошукі. І вось у бібліятэцы Вільнюскага універсітэта ўдалося натрапіць на дзённік Агінскага, у якім расказвалася аб падзеях з 1788 да 1815 года. Упершыню гэты дзённік быў выдадзены ў 1827 годзе на французскай мове ў Парыжы. Затым у пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя яго пераклалі на польскую мову і выдалі невялікім тыражом у Познані.

У першым томе дзённіка Агінскі падрабязна расказвае аб сваім удзеле ў паўстанні 1794 года. Вестка аб паўстанні застала кампазітара ў Навагрудку. Агінскі адразу ж сабраў 40 тысяч дукатаў і рашыў падацца з імі ў Прусію, каб там за іх набыць зброю. Адначасова ён адправіў у Варшаву пісьмо сваёй жонцы, каб яна таксама прыехала ў Прусію. Аднак на граніцы кампазітара затрымалі і прымусілі вярнуцца ў Вільню. Такім чынам, аказваецца беспадстаўнай версія аб тым, што ў час паўстання юны Агінскі безнадзейна закахаўся ў панну Ядвігу і тая быццам бы дапамагла яму ўцячы за граніцу. Па-першае, у 1794 годзе Агінскі быў ужо жанаты на Ізабеле Лясоцкай. Па-другое, у дні паўстання Агінскаму так і не ўдалося перабрацца праз граніцу.

Трэба адзначыць, што Агінскі быў буйным магнатам. Толькі ў Беларусі яму належалі дзесяткі маёнткаў, у тым ліку Ракаў, Іўе, Бялынічы, Гаўя. Але, як адукаваны і перадавы чалавек свайго часу, Агінскі адразу ж зразумеў усё значэнне касцюшкаўскага паўстання і стаў адным з важакоў гэтага народнага руху, накіраванага супраць царскага самадзяржаўя, ён заявіў Нацыянальнаму савету, што «прыносіць у дар радзіме сваю маёмасць, працу і жыццё». У Вільні ён зблізіўся з прадстаўніком Касцюшкі Ясінскім, за свае грошы ўзброіў атрад у 480 чалавек і па патрабаванню гараджан узначаліў яго. Тады ж Агінскі выступіў перад жыхарамі Вільні з палымянай прамовай, якая заканчвалася словамі: «Няхай жыве свабода, няхай жыве радзіма, няхай загінуць здраднікі!»

Поделиться с друзьями: