Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Падарожжа ў XIX стагоддзе

Мальдзіс Адам

Шрифт:

Урэшце, многія кнігі, выдадзеныя за межамі Расійскай імперыі, канфіскоўваліся жандарамі на граніцы, праз якую іх пераносілі нястомныя і самаахвярныя кніганошы. Мабыць, такім чынам загінулі амаль усе тыльзіцкія выданні. З іх да нас дайшла толькі адна брашура «Дзядзька Антон», перакладзеная з польскага арыгінала Ш. Дыкштэйна на беларускую мову рэвалюцыянерам Мар'янам Абрамовічам. Аднак са слоў старога літоўскага друкара Марціна Янкуса вядома, што такіх выданняў было больш. У літоўскіх друкарнях Тыльзіта на грошы, атрыманыя М. Абрамовічам з Мінска, былі набраны беларускі лемантар, апавяданне «Ян Скіба» і яшчэ дзве-тры кніжкі, невядомыя сёння нават самым заўзятым бібліяфілам.

Беларуская літаратура XIX стагоддзя багата бібліяграфічнымі загадкамі. Было ці не было кніжнае выданне «Скрыпкі беларускай» Ф. Багушэвіча? Існавала ці не існавала выданне «Вязанкі» Я. Лучыны 1891 года? Друкаваліся ці не друкаваліся названыя Кіркорам творы А. Вярыгі-Дарэўскага? Выдаваўся ці не выдаваўся Чачотам нейкі «Кароткі слоўнік», названы ў адной амерыканскай бібліяграфіі? Пералік такіх пытанняў можа заняць цэлую старонку...

Ва ўмовах, якія ніяк не спрыялі беларускаму друкаванаму слову, кнігі хутка рабіліся бібліяграфічнай рэдкасцю. І таму сёння нас радуе кожная знаходка, кожнае адкапанае з забыцця выданне, звязанае так ці інакш з Беларуссю і беларускімі аўтарамі. Пошукі такіх кніг не заўсёды заканчваюцца ўдачаю, звязаны з цяжкасцю. Напрыклад, адзіны вядомы экземпляр польскага зборніка А. Рыпінскага «Паэзія» (1853) захоўваецца ажно ў Лондане. Нягледзячы на добры дзесятак год старанных пошукаў, мне не ўдалося натрапіць на след, скажам, «Слоўніка меней зразумелых беларускіх слоў» В. Каратынскага, «Баечак і забавак прозай і вершам» С. Кубліцкага (Гродна, 1887), сатыры С. Пазурадзерскага «Да вялікай капітулы Смаргонскага ордэна» (Вільня, 1816), зборніка Р. Зянкевіча «Вяселле» (Вільня, 1857), некалькіх падручнікаў і слоўнікаў, выдадзеных у Полацку сіламі выкладчыкаў езуіцкай акадэміі.

Аб некалькіх цікавых бібліяграфічных знаходках пойдзе гаворка далей.

У БАРАЦЬБЕ З САМАЎЛАДСТВАМ

Некалькі год назад Генадзь Кісялёў выказаў на старонках «Полымя» надзею, што з цягам часу будзе напісана гісторыя Мінскай гімназіі, са сцен якой у XIX стагоддзі выйшлі многія выдатныя вучоныя, дзеячы літаратуры і мастацтва. Сярод іх у першую чаргу трэба назваць імёны Бенедыкта Дыбоўскага, Станіслава Манюшкі, астранома Міхала Грушневіча, антраполага Феафіла Худзінскага. Выкладчыкамі гімназіі працавалі людзі, якія многае зрабілі для пашырэння асветы на беларускай зямлі.

Калі будзе пісацца летапіс Мінскай гімназіі, пачэснае месца ў ім павінны заняць успаміны настаўніка Фердынанда Шаблоўская. Яны выдадзены жыхаркай Радашковіч Зоф'яй Кавалеўскай («Мінскія абразкі 1850-1863 гг.», Вільня, 1912). Аўтар гэтых мемуараў у сярэдзіне мінулага стагоддзя выкладаў у Мінскай гімназіі геаграфію. Быў ён чалавекам перадавых поглядаў, разначынцам. Шаблоўскі выйшаў з беднай мяшчанскай сям'і. Каб зарабіць на яе ўтрыманне, ён мусіў адначасова з вучобай у гімназіі займацца рыбалоўствам. Толькі дзякуючы настойлівасці і імкненню да ведаў Шаблоўскі закончыў Маскоўскі універсітэт. Затым малады географ некаторы час працаваў у канцылярыі мінскага губернатара, а з 1851 года пачаў выкладаць у гімназіі. Пасля паражэння паўстання 1863 года Шаблоўскага звольнілі з пасады.

У мемуарах Шаблоўская нямала старонак прысвечана гісторыі Мінскай гімназіі. Яе папярэдніцай была гарадская школа, заснаваная езуітамі ў 1641 годзе. У 1773 годзе яна была ператворана ў свецкую школу і перададзена ў распараджэнне Нацыянальнай адукацыйнай камісіі. Пасля далучэння Беларусі да Расіі тут увялі выкладанне рускай мовы. Першым яе выкладчыкам з 1799 года быў нехта Захарэвіч. Праўда, у цэлым выкладанне вялося на нізкім узроўні. У 1801 годзе губернатар Карнееў пісаў пра школу: «Вядома, у ёй вывучаюць многія прадметы, але вучні нічога не ўмеюць».

Становішча палепшылася ў 1802 годзе, калі школу ператварылі ў гімназію і перадалі ў Віленскую вучэбную акругу. З 1803 да 1831 года гімназіі аказваў дапамогу Віленскі універсітэт, які пасылаў сюды сваіх візітатараў. Першым дырэктарам гімназіі быў нехта Цэйс. Зразумела, вучыліся тут пераважна дзеці буйной і сярэдняй шляхты: у 1821 годзе шляхецкага паходжання былі 302 вучні, мяшчанскага — 7. Сяляне аб вучобе сваіх дзяцей нават і не марылі.

І ўсё ж, нягледзячы на паходжанне, у палітычных адносінах гімназісты былі дыферэнцыраваны. У той час як сынкі арыстакратыі адносіліся да царскіх улад лаяльна, а часам нават дапамагалі ім высочваць «бунтаўшчыкоў», многія дзеці так званай шарачковай шляхты ўдзельнічалі ў нелегальным руху, накіраваным супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску. Шаблоўскі ўспамінае, што ў 1848 годзе ў сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі на Захадзе пачалося браджэнне і ў Мінскай гімназіі. Спярша былі выключаны за «крамольныя» выказванні вучні Масальскі і Дмахоўскі. Потым у гімназіі прапаў партрэт цара Мікалая І. Рэшткі партрэта былі знойдзены ў двары сярод смецця. А калі ў гімназію наведаўся архірэй, моладзь павыбівала вокны.

З асаблівай сілай «вальнадумства» вучняў Мінскай гімназіі праявілася ў час падзей 1863 года. Многія гімназісты змагаліся ў паўстанцкіх атрадах са зброяй у руках. Шаблоўскі называе прозвішча першакласніка Бароўскага, якога прывезлі ў Мінск з групай акрываўленых вязняў. Дванаццацігадовы паўстанец стойка пераносіў усе пакуты. Вучань восьмага класа Сулістроўскі разам з Ю. Бакшанскім загінуў пры акружэнні ля вёскі Свечкі пад Маладзечна. Тыя ж гімназісты, якія заставаліся ў Мінску, наладжвалі нелегальныя сходы, спявалі патрыятычныя песні, высмейвалі баязліўцаў, якія адседжваліся ў горадзе. Справа дайшла да таго, што паліцэйскія ўлады ля дзвярэй гімназіі паставілі спецыяльную варту на чале з маёрам Варанцом. Зразумела, што пасля паражэння паўстання рэпрэсіі не абмінулі і Мінскую гімназію. Калі да 1863 года тут займалася каля 600 вучняў, то пасля «школьнай рэформы» іх засталося ўсяго 240.

Мемуары Ф. Шаблоўская даюць багаты матэрыял для характарыстыкі нораваў, якія панавалі ў Мінскай гімназіі сто гадоў таму назад. Ва ўспамінах гаворыцца пра яе лепшых настаўнікаў (так, рускую літаратуру тады выкладаў Далматаў, рускую мову — Васільеў, польскую вядомы філолаг Чапялінскі). Мемуарыст дае цікавыя карціны грамадскага і культурнага жыцця ў Мінску ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Горад, нягледзячы на саракатысячнае насельніцтва, нагадваў хутчэй вёску. Пра каналізацыю нават і не марылі. На вуліцах стаялі бяздонныя лужыны. А калі ўспыхвала халера, бяднейшая жыхары паміралі сотнямі — такі дрэнны быў санітарны стан горада. Зімовымі вечарамі на вуліцах паяўляліся ваўкі. Соннае жыццё правінцыяльнага Мінска парушалася толькі мо такімі «падзеямі», як вяселле аднаго са Свентажэцкіх, які для вясельнага картэжу фарбаваў коней з чорнага колеру ў белы. І ўсё ж у нетрах па-вясковаму ціхага горада выспявалі сілы, якія ўзнялі на Міншчыне полымя паўстання 1863 года. Шаблоўскі падрабязна расказвае аб кіраўніках паўстання, аб рэпрэсіях царскіх улад, аб Каміле Марцінкевіч — дачцэ паэта Дуніна-Марцінкевіча, пасаджанай у мінскі астрог. Усхваляваныя старонкі прысвячае мемуарыст афіцэру рускай арміі Міхалу Цюндзявіцкаму, расстралянаму ў Мінску за распаўсюджванне «Мужыцкай праўды».

Успаміны Ф. Шаблоўскага з'яўляюцца цікавым дакументам эпохі, бо праліваюць святло на стан адукацыі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў Беларусі наогул і ў Мінскай гімназіі ў прыватнасці.

«ДАГІСТАРЫЧНЫ ДЗЁННІК» КОРЗАНА

Выпускніком Мінскай гімназіі быў таксама вядомы польскі гісторык Тадэвуш Корзан. Яго мемуары выдадзены ў Кракаве крыху пад іранічным загалоўкам «Мой дагістарычны дзённік».

Тадэвуш Корзан нарадзіўся ў 1839 годзе ў Мінску, тут правёў дзяцінства і юнацтва. Першы раздзел «Майго дагістарычнага дзённіка» (дарэчы, надрукаваны ў 1908 годзе ў «Мінскім календары») называецца: «Мінск у сярэдзіне XIX стагоддзя». Аўтар расказвае аб паўсядзённым жыцці мінчан, аб культурных падзеях у горадзе.

Як і Ф. Шаблоўскі, Т. Корзан вобразна апісвае норавы, якія панавалі ў Мінскай гімназіі. За самую нязначную віну вучняў ставілі на калені, за больш буйную, напрыклад за чытанне нелегальных вершаў,— секлі публічна розгамі. Аднойчы даведзены да адчаю вучань парэзаў партрэт цара Мікалая І. «Дзяржаўнага злачынца» тут жа здалі ў салдаты... Хаця выкладанне ў гімназіі вялося на даволі высокім узроўні, але казённая праграма задавальняла далёка не ўсіх вучняў. Многія з іх, у тым ліку і аўтар успамінаў, бралі яшчэ прыватныя ўрокі ў вядомага педагога і паэта І. Легатовіча, карысталіся паслугамі бібліятэкі, арганізаванай мовазнаўцам Ф. Чапялінскім. Гімназісты часта наведвалі спектаклі мясцовага тэатра (аўтар успамінае аб пастаноўцы «Марыі Тудар» В. Гюго). Моладзь, як правіла, была «асвоеная з беларускай мовай» — у кнізе прыводзіцца нямала беларускіх прыказак у арыгінальным гучанні.

Цікава склаўся лёс Т. Корзана пасля заканчэння Мінскай гімназіі. У 1855 годзе будучы гісторык паступіў у Маскоўскі універсітэт, дзе звязаўся з нелегальнымі студэнцкімі арганізацыямі. У Маскве Корзан пазнаёміўся з Борзабагатым, які ў 1863 годзе кіраваў паўстаннем на Навагрудчыне, філолагам Я. Карловічам. Пасля заканчэння універсітэта — выкладчыцкая работа ў Коўне, удзел у патрыятычных маніфестацыях. З Коўна Т. Корзан пісаў карэспандэнцыі ў герцэнаўскі «Колокол». А затым — арышт і ссылка ў Арэнбургскую губерню. Менавіта ў ссылцы наш зямляк пачаў сістэматычна займацца гісторыяй старажытнага свету і сярэдневякоўя.

Поделиться с друзьями: