Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Ён нецярпліва пераступаў босымі нагамі па памосце, падскокваў, ліхаманкава махаў рукамі. А ўсе яго рухі, кожны ўзмах рукі і выгіб цела лавілі аркестранты і стараліся як мага дакладней перадаць гукамі.

— Чаго ён танцуе? — спытаўся Радзім.

— Дык пад нагамі ж бляха, а яна гарачая, — адказаў дурбурд.

Так яно і было на самой справе: ахвяра дырыжыравала аркестрам! Яна сутаргава курчылася ў канвульсіях, а аркестранты ігралі яе пакуты.

— І дакуль яны будуць іграць? — спытаўся Радзім.

— Да самага канца.

— Што гэта значыць — да канца?

— Да яго смерці. Паступова рухі цішэюць, слабеюць, а разам з імі цішэе і сціхае музыка. З апошнім уздыхам чалавека замаўкае і аркестр. Але ж дурбуды ёсць дурбуды! Яны тут жа грымнуць на ўсю моц — аж сцены задрыжаць у суседніх дамах — марш «Радуйся!»

— Хадзем! — раздражнёна сказаў Радзім і першы пайшоў прэч з гэтай плошчы.

— А ты ведаеш, куды трэба ісці? У які бок? — пацікавіўся дурбуд, які рушыў услед за ім.

Радзім нічога яму не адказаў.

На вуліцы, за плошчаю было ўжо шмат людзей і ўсе яны цяпер ішлі ў адным кірунку — вядома, шыбавалі на аэрадром. Дарогу яму паказваць ужо не трэба было, таму ён не чакаў, калі дурбуд абгоніць яго і стане паперадзе — сам ішоў разам з усімі.

Праз нейкі час дурбуд усё ж дагнаў яго.

— Ну, цяпер убачыў, як мы жывём? Зразумеў? — зазіраючы яму ў вочы, спытаўся ён.

Радзім і на гэты раз прамаўчаў. Размашыста ішоў сярод іншых і думаў якраз пра тое ж.

Дурбудзія яго здзівіла і ўразіла. І чым больш ён разумеў яе жыццё, тым страшней яму рабілася: краіна сама сябе знішчае! Ён здагадваўся, што яна, відаць, ідзе па тым жа самым згубным шляху, які прайшлі перад ёю Зэмія, Талямалія, Жалезны Хаос. Яны ж таксама хутчэй за ўсё былі некалі вось такія квітнеючыя, а ў што ператварылі іх дурні: голая зямля, шэрая пустыня, горы мёртвага жалеза, дзе жыць можна толькі пад зямлёю ці ў штучных аазісах…

Гэта ж трэба дадумацца — яны абражаюцца, злуюцца, калі іх назавуць разумнымі, і радуюцца, калі ім прысвояць, да прыкладу, вельмі пашаноўнае тут званне — Ідыёт Першай Ступені.

— Слухай, хлопча, не крыўдзіся, я сур'ёзна гавару, — не адставаў ад яго ні на крок Разумны. — Паколькі яны прызналі цябе за Пляшывага, можа, і праўда не адмаўляйся. Вазьмі ўладу ў свае рукі і ратуй Дурбудзію. Хаця табе і браць нічога не трэба — уладу ж на дзяржсавеце заўтра яны самі ўручаць.

— А потым вернецца сапраўдны Пляшывы… Што тады будзе?

— Анічога не будзе. Проста арыштуеш яго, у турму пасадзіш. Скажаш, што самазванец.

— А народ?

— Народ «дур-ра» табе будзе крычаць.

Яны ішлі ў натоўпе, які цяпер вельмі пагусцеў, і нікога не баючыся гаварылі пра такія небяспечныя справы. Але іхняй размовы ніхто не чуў. Людзі ішлі радасныя і шчаслівыя, узбуджаныя і задаволеныя, яны жылі прадчуваннем свята, і гэтае свята — сустрэча з прэзідэнтам — было ўжо зусім блізка, а таму яны ні на кога не звярталі ўвагі, смяяліся і ажыўлена гаварылі самі.

— А ты ведаеш, што Дурыс Першы-калматы, які цяпер ляйчыць намі, пра нас за мяжою гаворыць? Што Дурбуды нягоднікі, тупіцы, мярзотнікі, што мы сволачы, падлюкі, гультаі, што мы не ўмеем працаваць, што мы брудныя і нікчэмныя.

— За мяжою? Пра свой народ? — не паверыў сваім вушам Радзім. — Які ён ні ёсць, але ж гэта свой народ. І прэзідэнты звычайна хваляць і абараняюць сваіх землякоў.

— А наш — ненавідзіць. Яны ж, — Разумны махнуў вакол сябе рукамі, нібы стараючыся захапіць у гэты круг як найболей людзей, — бягуць, спяшаюцца, каб не спазніцца, каб у час сустрэць свайго дарагога, усенародна абранага прэзідэнта.

Цяпер ужо людзі не ішлі, яны беглі трушком — відаць, самалёт павінен быў хутка прызямліцца.

Радзім бег разам з усімі, побач з Разумным. За імі спяшалася Оя.

Цяпер ужо натоўп бег зусім хутка, як кажуць, з усіх ног, людзі былі яшчэ больш узбуджаныя і шчаслівыя. Нарэшце яны зноў убачаць свайго дарагога і любімага правадыра!

— Такую зямлю спаскудзілі, сволачы, — нібы сам сабе гаварыў Разумны. — Такую зямлю…

— Дарэчы, а чаму вы не змагаецеся супраць усяго гэтага глупства?

— Я не змагаюся? Хлопча ты мой дарагі, ды я ж з турмы не вылажу. І вось зараз я на волі толькі таму, што твар змяніў. Але гэта часова. Думкі — не твар, не зменіш. Мяне высачылі саксупы і ідуць па следзе. Хутка арыштуюць…

— Дык чаму вы не сцеражэцеся, а ідзяце якраз туды, дзе вас могуць арыштаваць. Там жа, дзе сустракаюць прэзідэнта, заўсёды шмат саксупаў.

— А навошта сцерагчыся? Усё роўна, што я адзін зраблю? А іх жа, — Разумны зноў махнуў вакол сябе рукою, — ніхто ніколі ні ў чым не пераканае. Бачыш, якія яны шчаслівыя?

Ён крыху памаўчаў. Бег нейкі час, нічога не гаворачы, адно толькі загадкава ўсміхаўся. Затым, падбегшы зусім блізка да Радзіма, пачаў гаварыць яму як не на самае вуха — так, каб не чула нават Оя:

— А ведаеш, што іх больш за ўсё раздражняе. Не тое, што я хачу скінуць прэзідэнта, а тое, што я сцвярджаю, што ўсе мы жывём на звычайнай седаўцы. І аром на седаўцы, і дрэвы садзім на ёй, і чыгункі па ёй пракладаем… І ўсё на седаўцы. Я ім кажу пра гэта, а яны не вераць. Злуюцца. Абураюцца. Як? Наша цудоўная, квітнеючая краіна — і ўсяго толькі седаўка?! Таксама разумнік знайшоўся! У турму яго, згнаіць! І гнояць. А мы як жылі на седаўцы, так і будзем жыць. Незалежна ад таго, у турме я ці не. Бо і турма ж на седаўцы стаіць. Гэта ашаламіла Радзіма.

— А адкуль вы яе ўзялі? Седаўку сваю?

— Што, і ты не верыш? — зласліва спытаўся Разумны.

— Як бы вам сказаць…

— Нічога мне не трэба гаварыць. Але сам ты неўзабаве пераканаешся, што я кажу праўду. Словам, бяры заўтра ўладу. Я табе буду дапамагаць.

Іх абагнаў белы лімузін. Відаць, экзекуцыя на плошчы ўжо закончылася.

Па ўсім адчувалася, што аэрадром зусім блізка…

Праз колькі часу яны праціснуліся праз шырока, гасцінна расчыненыя вароты і далучыліся да людзей, якія прыбеглі сюды раней за іх і задаволеныя, у нейкім нервовым нецярпенні пільна сачылі за небам, каб крый божа не прапусціць таго моманту, калі між светлых аблачынак з'явіцца маленькая крапка самалёта, якая ўсё будзе большаць і большаць, пакуль нарэшце не чыркне коламі па бетоннай паласе.

Людзі, асабліва нафарбаваныя дамачкі, нібыта ў экстазе, закочвалі вочы, шапталі: «Ой, ён зараз прыляціць! Ой, ён зараз вернецца!» — і аж дрыжалі ад напружання.

Таму не дзіўна, якое вар'яцтва пачалося тут, калі хтосьці першы ўбачыў самалёт, а калі той урэшце сеў, ніхто і нішто ўжо не змог стрымаць да слёз расчулены натоўп — ні ланцугі міліцыянераў і салдат, ні жалезныя загародкі. Людзі ўмомант змялі ўсё гэта і той жа час апынуліся на лётным полі — самалёт падрульваў ужо да натоўпу, і многія сустраканцы апынуліся пад яго крыламі.

Поделиться с друзьями: