Падары нам дрэва
Шрифт:
Народ у нецярпенні збіўся ў кучу, людзі стаялі блізка адно да аднаго, а таму абслуга доўга ніяк не магла падаць трап — дурбудаўцы не расступаліся перад ім.
Калі трап усё ж падалі, калі адчыніліся дзверы, калі на прыступку з цёмнага чэрава самалёта ступіў сам Дурыс Першы, людзі нібы звар'яцелі. Яны скакалі, махалі рукамі, крычалі: «Няхай жыве!», «Хвала!», «Дур-р-ра!».
Прэзідэнт, магутны і плячысты, стаяў і самазадаволена ўсміхаўся.
Пышныя валасы, калматыя бровы, ламаны нос. Маленькія свінячыя вочкі. Тупыя-тупыя — як у асла.
Вецер матляе калашынне яго штаноў (дарэчы, пашытых з дзяржаўнага сцяга), а здаецца, што гэта трасуцца ногі — ці то ад страху, ці то ад якога захворвання. І сам ён таксама хістаецца.
— Прэзідэнт п'яны? — спытаўся Радзім.
— Ага, — адказаў Разумны, — і п'яны, і дурны. Дурыс Першы глядзеў на сваіх падданых нейкім невідушчым, замутнёным позіркам.
Пастаяўшы вось так — мусіць, для фотакарэспандэнтаў — ён пачаў паволі спускацца на зямлю. Па тым, як ён перастаўляў ногі, як махаў рукамі, як асцярожна ступаў на ніжэйшыя прыступкі, Радзіму да ўсяго яшчэ здалося, што гэта не жывы чалавек, а ўсяго толькі робат. Каб поўнасцю пераканацца ў гэтым, ён, распіхваючы тых, што стаялі перад ім, пачаў прабівацца да прэзідэнта. І ўсё ж дапяў да самага трапа, і калі Дурыс Першы спусціўся на самую ніжнюю прыступку, ён незаўважна для іншых дакрануўся рукою да яго рукі — яна была халодная-халодная — і кіпцюрамі калупнуў скуру. Скура лёгка ссунулася, і Радзім убачыў пад ёю не косць, а жалеза, начыненае нейкімі правадкамі. Божа мой, так і ёсць — гэта не чалавек, а робат, абцягнуты звычайнай чалавечай скурай! Яны ўсяго толькі выкарыстоўваюць, эскплуатуюць жывую скуру!
Прэзідэнт не адчуў нават ніякага болю, не звярнуў увагі на яго кіпцюры. Ён асцярожна злез з апошняй прыступкі і, нібы не заўважаючы працягнутую да яго руку чалавека з белага лімузіна, які ўжо таксама быў каля трапа, — паспеў, бачыце, і на пакаранне музыкаю і на сустрэчу прэзідэнта! — пайшоў уздоўж самалёта. Чалавек з лімузіна закрыў ужо адкрыты для прывітання рот, паплямкаў губамі, пацмокаў ротам, нібы глытаючы падрыхтаваныя словы, паправіў некалькі валасін на галаве, перакінуўшы іх праз лысіну, і незадаволена, сумеўшыся, апусціў руку.
А прэзідэнт тым часам абышоў самалёт, і неўзабаве з другога боку пачулася нешта падобнае на шум вады. Той жа час дальняе кола самалёта зрабілася мокрае і з-пад яго пацёк ручай.
Прэзідэнт вярнуўся і, як нічога і не здарылася, сам падаў чалавеку з белага лімузіна руку, патрос яе, нейкім сінтэтычным, невыразным, як усё роўна ў яго была ўстаўная сківіца, голасам адказаў на прывітанне таўстуна і зноў палез па трапе наверх.
— А ў яго і праўда ўстаўная сківіца. І не адна, а дзве, — апярэдзіўшы Радзімава пытанне, сказаў Разумны і дадаў: — Неяк прыязджаў з візітам да нас у Дурбудзію кароль з дальняга замежжа. Дык вось Дурыс Першы на працягу ўсяго візіту — а гасцяваў той тры дні — усё расказваў пра свае сківіцы: як іх ламалі, як устаўлялі…
Людзі тым часам аж вар'яцелі ад шчасця, людзі скандзіравалі:
— Хвала! Хвала! Хвала!
На верхняй прыступцы Дурыс Першы спыніўся, неяк вельмі штучна, па-старэчы, топчучыся на месцы, павярнуўся, абедзвюмя рукамі расправіў густыя-густыя, калматыя-калматыя бровы — дарэчы, Радзім успомніў, што якраз такія бровы былі ў аднаго з кіраўнікоў на зямлі,— і без усялякай падрыхтоўкі пракрычаў:
— Няхай жыве беспрацоўе!
— Дур-р-ра! — узрадавана зароў у адказ шматтысячны натоўп, быццам прэзідэнт сказаў людзям нейкую вельмі прыемную навіну.
— Далоў бясплатныя адукацыю, жыллё, медыцыну! — Дурыс Першы свае лозунгі выкрыкваў з цяжкасцю, быццам варочаў у роце цяжкія камяні.
— Дур-р-ра! — зноў разнеслася над лётным полем, і ўсчаліся раптам такія воплескі, якія заглушылі нават рэактыўныя рухавікі самалётаў, што збіраліся ўзлятаць.
— Мы павысім цэны! Мы зробім вас жабракамі! — прыкладаючы шмат намаганняў, хрыпеў Дурыс, а ў адказ — тыя ж воплескі, тое ж:
— Дур-р-ра!
Радзім слухаў і назіраў за ўсім, што робіцца, і ніяк не мог зразумець гэтых людзей: ці то яны і напраўду лічаць «вялікімі дасягненнямі» ўсё тое, што ім абяцае прэзідэнт, ці то яны на самой справе бачаць, што ім рыхтуецца, але няшчыра падтрымліваюць глупства, спадзеючыся такім чынам выжыць у гэтай калатнечы.
А ўрэшце яму здавалася, што людзі загіпнатызаваныя, таксама робаты і выконваюць яны ўсяго толькі загады нейкага схаванага гіпнатызёра. Нежывыя, яны, як добра змазаныя машыны, механічна працуюць і не скрыпяць.
Міжволі заўважыў, што бліжэйшыя дурбуды, крычучы «дур-р-ра!» і радасна пляскаючы ў далоні, насцярожана назіраюць за ім. Канечне, будзеш дзівіцца, калі ўсе аж заходзяцца ад радасці, весяляцца, смяюцца, а ён адзін сярод такога натоўпу стаіць і нічога не робіць.
— Пляскай хутчэй у далоні і крычы «дур-р-ра!» — адчуўшы небяспеку, зашаптаў яму Разумны. — А то зараз цябе будуць трэсці. У нас гэта робяць, каб вытрасці словы з тых, хто маўчыць падчас святочных урачыстасцяў.
Ён і сам зразумеў, што трэба было паводзіць сябе, як і ўсе. Але ўжо было позна. Да яго падышлі два дужыя малойцы, схапілі за ногі, лоўка, нават у такой цеснаце, перакулілі ўніз галавою і пачалі трэсці — хто яго ведае, можа, і напраўду верылі, што зараз з яго пасыплюцца словы.
Радзіму было кепска, непрыемна, галава матлялася, кроў прылівала да скроняў, а яны ўсё трэслі і трэслі.
Зразумеўшы, што саксупы не пакінуць у спакоі, пакуль не загаворыць, Радзім пачаў прарэзліва крычаць «дур-р-ра!» і малаціць у далоні.
І гэтага хапіла. Дужыя хлопцы адразу ж перасталі яго трэсці, гэтак жа лоўка, як і перакулілі, паставілі зноў на ногі, і задаволеныя, што так хораша выканалі работу, адышліся ўбок.
І тут жа аслупянелі. Нейкі час яны стаялі, вырачыўшы вочы, і не маглі вымавіць ніводнага слова. Радзім таксама глядзеў на іх, па інерцыі крычаў «дур-р-ра», але ніяк не мог зразумець што іх здзівіла.
А хлопцы, пастаяўшы крыху вось так, у разгубленасці, раптам схамянуліся і ў адзін голас закрычалі:
— Ён вярнуўся! Зірніце, ён вярнуўся!
Тады толькі Радзім здагадаўся, што здарылася. Ён памацаў, павадзіў рукою па валасах і аж сцяўся ад жаху: касніка на галаве не было…
Абодва малайцы, якія толькі што трэслі яго за ногі, падбеглі бліжэй і пачалі гладзіць рукамі па метцы — пальцы іхнія былі потныя, і Радзім адчуваў, як яны размазваюць па ілбе тое, што звалася мухаю ці пчалою і назаляла яму ў скафандры.
Завішчалі жанчыны, што стаялі непадалёку:
— Ён вярнуўся! Ой, Мечаны вярнуўся!
Яны таксама кінуліся да Радзіма і, адпіхваючы адна адну, лаўчыліся пацалаваць яго метку.
— Ён вярнуўся! — зараз ужо неслася з усіх бакоў.
Дурыс Першы ўсё яшчэ выкрыкваў свае дзівацкія лозунгі, але людзі ўжо не слухалі іх, а, павярнуўшыся ў той бок, дзе стаяў Радзім, падымаліся на дыбачкі, выцягвалі шыі, каб лепей разгледзець Мечанага, які, нарэшце, вярнуўся.
Мужчыны ўжо хацелі падхапіць яго на рукі, каб падкінуць угору, але жанчыны не аддавалі ім Радзіма, цалавалі і цалавалі ў метку.
Цяпер ужо ўся ўвага была не Дурысу Першаму, а яму, Радзіму. Оі, надзіва, ніхто не заўважаў — жанчыны, здаецца, прызналі яе за сваю.