Падары нам дрэва
Шрифт:
— Нічога сабе эканомія! Тут вы эканоміце, а коней пад шклом вунь які статак трымаеце. Колькі яны з'ядаюць вашага паветра, не лічылі?
— Коней ты не чапай. Коні ў нас таксама святыя. Як у Індыі каровы.
— Святыя? А чаго ж яны тады цягаюць аўтобусы і тралейбусы, калёсы і аўтамабілі?
— Мы такім чынам спалучаем два пачаткі — духоўны і матэрыяльны. Коні ў нас святыя, але яны не дарэмна ядуць наша паветра, — яны жывуць нашымі клопатамі.
Оя памаўчала. А потым, мусіць, адважылася на тое, галоўнае, дзеля чаго яна і пачала гэтую размову:
— Слухай, падары нам дрэва! Такое, як у вас! Зялёнае-зялёнае… З пошумам лісця…
Ён нічога не адказаў. А што ён мог адказаць? Як ён мог падараваць дрэва такой зняможанай зямлі?
Оя зразумела гэта і адразу ж перавяла размову на іншае:
— Радзім, ты ўжо вельмі добра размаўляеш на сваёй роднай мове. Віншую! Наступны раз мы возьмемся за нашу. Ведаеш, я шчыра хачу, каб ты хутчэй змог пагаварыць з Жывам. Ён кажа, што ты яму дужа спадабаўся.
І праўда, цяпер Радзім не адчуваў ніякай насцярожанасці, падазронасці з боку наглядчыка. Рубінавыя Ружы ляжалі амаль заўсёды на стале — зняволены нават ўночы спаў без іх, вольна раскінуўшы рукі.
А аднойчы пасля заняткаў Оя, папярэдне пагаварыўшы з дзедам Жывам, — ласкава зазіраючы яму ў вочы, далікатна гладзячы яго па плячы, — узяла за руку Радзіма, і яны прашмыгнулі каля вартоўні і вартаўніка, які зрабіў выгляд, што нічога не бачыць, — нават адвярнуўся ў другі бок.
Па дарозе, хоць ён і дапытваўся, куды яны ідуць, Оя нічога не тлумачыла.
— Сам убачыш, — адно ўсміхалася зэмка.
На волі, між незнаёмых людзей яму ўжо было крыху ніякавата — пасля турмы вуліцы здаваліся цеснымі, шумлівымі, люднымі, і ён толькі асцерагаўся, каб крый бог не таўхануць, не зачапіць каго. Не хацелася, каб нехта глядзеў, разглядаў і яго самога. Але людзі былі занятыя сваімі клопатамі, да таго ж і ён нічым не вылучаўся між імі,— калісьці Оя прынесла ў турму яшчэ адны штаны (трыко ў абліпку) і нейкі світэр — традыцыйнае адзенне зэмаў,— і ў гэтым адзенні ён ужо быў, як свой, а таму ніхто не звяртаў на іх з Ояю ніякай увагі.
Яны ішлі хутка — Оя вельмі спяшалася, мусіць, баялася, каб іх не перанялі і не вярнулі раней часу ў турму, — і ён не паспяваў разгледзець тое, што бачыў вакол сябе. Адно ён зразумеў, што ўсё ў гэтым горадзе ды, пэўна, і ва ўсёй краіне — шкляное. Са шкла былі хаты і крамы, агароджы і тратуары. Многія шкляныя пліты былі трэснутыя, і ступаць на іх было боязна, як на тонкі, нямоцны яшчэ лёд. Таму ён стараўся ісці не па тратуары, а побач з ім, па звычайнай шэрай зямлі.
Шкляныя былі аўтобусы і трамваі, і толькі коні, што, фыркаючы, цягалі іх, былі сапраўдныя, зямныя.
Дзяўчына прывяла яго на нейкі пагорак, на якім ужо было шмат людзей. Усе яны, нібы ў храме, стаялі на каленях і глядзелі ў адзін бок — як маліліся ўсё роўна. Там, куды глядзелі зэмы, Радзім нікога і нічога не ўбачыў: позірк натыкаўся на шкляную сцяну, за якой недзе ўдалечыні відаць былі цёмныя, непрыветлівыя, суровыя горы, якія чамусьці не хацелася бачыць — такія голыя і жудасныя былі яны.
Оя, прайшоўшы каля ўкленчаных, і сама стала на калені. Каля яе апусціўся на зямлю і ён. Зірнуўшы ўніз, куды глядзела дзяўчына, Радзім убачыў ваду.
— Гэта наша мора, — шапнула яна. — Пакланіся яму.
Мора, якому ўсе пакланяюцца, на самай справе было невялікаю лужынаю, налітаю да самай шкляной сцяны, якая, нібы кавалак празрыстага лёду, адразала ваду. За шклом ужо нічога не было, і ён, успомніўшы, як стаяў з таго боку, пашкадаваў, што не меў тады часу, а так бы з-за сцяны можна было добра разгледзець, нібы ў марскім акварыуме, усё возера ў разрэзе — ад паверхні да самага дна.
Каля вады стаялі дрэвы. Зялёныя-зялёныя. Убачыўшы іх, Радзім здзівіўся: Оя просіць: «Падары нам дрэва», а дрэвы ж у іх ужо растуць. Але потым, прыгледзеўшыся, зразумеў, што дрэвы гэтыя, як і ўсё ў Зэміі, шкляныя — вунь як звініць на іх зялёнае шкляное лісце!
Адсюль само возера яму было кепска відаць, але, паважаючы маўклівую ўрачыстаць і стоеную, напятую цішыню навокал, ён не варушыўся і сам — рабіў выгляд, што таксама замоўк у шчырай споведзі да вады.
І вось тут раптам, зусім нечакана з'явілася перад ім яна, Юля. Яе прывідная, туманная, светлая выява ўзнікла спачатку на фоне чорных удалечыні гор. Яна ўсё большала і большала, набліжалася, пакуль нарэшце, бесперашкодна мінуўшы шкло, не спынілася непадалёку. Стаяла неяк дзіўна, як вясёлка — ці то на беразе, ці то на самой вадзе — і не танула. Хоць вусны яе былі сцяты, Радзім усё ж пачуў Юлін голас:
— Чаму ты не шукаеш мяне, Жэўжык?
І ў гэтым пытанні было столькі крыўды і дакору, што ён аж перасмыкнуўся.
Мусіць, нешта адчула Оя і таксама пачала трывожыцца.
— Пайшлі,— шапнула яна Радзіму і паднялася з каленяў.
Ён жа ўсё яшчэ стаяў укленчаны. Чамусьці захвалявалася і Юля. Яна, паволі, як усё роўна яе хто падняў, адарвалася ад зямлі і паціху, злёгку пагойдваючыся, пачала здаляцца, мінула шкляную сцяну, нібыта яна для яе ніякая не перашкода, і паплыла ў бок цёмных гор. Ён праводзіў Юлю позіркам аж да таго часу, пакуль яна маленечкаю хмаркаю не затрымалася ля самай высокай вяршыні, а затым, быццам перавалілася за гару — як яе пацягнуў хто — і зусім знікла.
Радзім нехаця ўзняўся з каленяў і пайшоў услед за Ояю — пайшоў у сваю шкляную турму.
Вяртаючыся, ідучы па вуліцах за Ояю, ён, нібы наўздагон ёй, шчыра расказваў зэмцы пра ўсё — і як яны з Юляю вучылі хімію, рыхтуючыся да экзаменаў, і як раптам пачалі змяншацца, і як глыба, якая яшчэ нядаўна была звычайнаю пясчынкаю, расшчапіла іх рукі, і як ён пасля гэтага згубіў аднакласніцу.
— А я ўсё гэта чула, — і яе валасы зрабіліся аранжавымі-аранжавымі.
— Чула? Дык дзе яна? — аж падскочыў да зэмкі Радзім.
— Хто яна? Ах, дзяўчынка твая… Не ведаю.
— А хто ведае? — настойваў, дапытваўся свайго ён.
— Ніхто. Разумееш, мы ўкралі цябе. У Дурбудаў. Усе маніпуляцыі з табою рабілі яны. І ты павінен быў трапіць у Дурбудзію. А мы перахапілі цябе. Нашы вучоныя вылічылі, што з табою павінна быць яшчэ і дзяўчына, але яе ва ўсёй папуляцыі нашых планет ніхто пакуль не можа знайсці.
Оя нейкі час ішла моўчкі, а затым журботна так патлумачыла:
— Ведаеш, вы з ёю можаце жыць побач, але ў розных вымярэннях. Можа, ты вось зараз знаходзішся на яе вейцы, а можа, яна стаіць у гэты час на тваёй далоні і, склаўшы рукі рупарам, крычыць на ўсю папуляцыю — кліча цябе. Ва ўсім свеце чуюць, а ты — не. Бо гэта ісціна: тыя, што жывуць у розных вымярэннях, ніколі не змогуць сустрэцца між сабою, не змогуць убачыць адно аднаго, пагаварыць.
Радзім зірнуў на свае далоні, быццам і напраўду спадзяваўся каго-небудзь на іх убачыць, але Оя вярнула яго на зямлю:
— Так што не шукай Юлі, Жэўжык…
Ён страпянуўся, затрывожыўся — адкуль яна ведае ягоную школьную мянушку? Можа, таксама пачула. Але нічога не адказаў зэмцы. Відзежа, якая нечакана з'явілася яму ля возера, усё стаяла перад вачыма, і хлопец чамусьці, насуперак словам Оі, верыў, што калі ён убачыў і пачуў Юлю, то яны па часе, нягледзячы на розныя вымярэнні, змогуць усё-ткі сустрэцца з ёю.