Падары нам дрэва
Шрифт:
Усю астатнюю дарогу да турмы яны маўчалі. Оя была чымсьці дужа не задаволеная, нават раззлаваная — яна і не хавала свайго раздражнення. Заняты думкамі пра Юлю — дзе яна? што з ёю? яна ж, ты чуў, крыўдуе: «Чаму ты не шукаеш мяне?» — не асабліва лез у размову і ён.
Оя прывяла яго ў шкляны куб, кораценька сказала нешта наглядчыку — дзед Жыў, быццам прачнуўшыся, вытрашчыў вочы, нібыта ён нічога дасюль не бачыў і не чуў, паківаў на дзяўчыну пальцам: ці ж то жартачкі — нявольніка выпусціла! — і, паспешліва развітаўшыся, знікла за шклом.
Больш яна ў турме не з'яўлялася. Радзім нудзіўся адзін, спрабаваў гартаць падручнікі па чужой мове, якія загадзя прынесла Оя, але нічога ў іх не змог зразумець: усё было такое далёкае, чужое, незнаёмае, што не знаходзілася нават за што зачапіцца. Паклікаў быў дзеда Жыва, каб хоць у чым з яго дапамогаю разабрацца, але і той таксама нічому не даў рады — вачамі і пальцамі мову не растлумачыш.
Выпадкова дзед Жыў убачыў на яго стале «Хімію», пачаў гартаць яе, разглядаць, натрапіў на формулы і схемы, на табліцу Мендзялеева — і, нібы забыўся на ўсё на свеце, нібы ўсё для яго перастала існаваць, упіўся вачыма ў кнігу. Так і праседзеў ён у Радзімавым пакоі увесь дзень і ўсю ноч, здаецца, ні разу не схадзіўшы да свае чорнае конаўкі, каб глынуць з яе чорнай вадкасці,— прачынаючыся ўночы, Радзім бачыў, што дзед Жыў, адарваўшыся ад формул, глядзіць няўцямна некуды ўдалячынь: ці то задумаўся над імі, шукае рашэнне, ці то ўспамінае тыя далёкія часы, калі сам яшчэ быў таля-малем і калі ўсе хімікі знаходзіліся ў вялікай пашане — яны ратавалі народ ад голаду.
Пад раніцу ціхенька, азіраючыся, нібы баючыся, што на яго нехта будзе нападаць, каб нешта адабраць, дзед Жыў з «Хіміяй» у руках пайшоў на сваю палавіну шклянога куба і ўжо зараз зусім не звяртаў ні на што ўвагі — цэлымі днямі ён крукам сядзеў над кнігаю, рашаў формулы, штосьці падлічваў і зноў схіляўся над падручнікам, амаль зусім забываючыся на сваю конаўку — мусіць, кніга гэтая была для яго найлепшым наркотыкам.
У адзіноце Радзім нудзіўся ўсё больш і больш, не ведаючы, чым яму заняцца.
У невялічкім дворыку турмы, які быў прызначаны для праходак вязняў, ён вытаптаў усю зямлю — усё хадзіў і хадзіў, не спыняючыся, удоўж і ўпоперак, думаючы пра свой незайздросны лёс: навошта яго тут трымаюць? Што будзе далей?
Часам яму хацелася падняць камень, пабіць, памалаціць усе шкляныя сцены сваёй вязніцы і выйсці з яе. Але куды выйдзеш? У новую вязніцу з такімі ж самымі сценамі. Паб'еш і гэтыя, а далей што? Там жа, ён ведае, голая пустыня, там няма як дыхаць — кожны, хто выйдзе, задыхнецца без паветра.
І раптам зусім выпадкова ён знайшоў сабе занятак.
Прагульваючыся, хацеў дастаць з кішэні насоўку, якую вышыла і падаравала яму на дзень нараджэння Юля, — рукі ў яго цяпер былі ўвесь час вольныя: дзед Жыў, заняўшыся «Хіміяй», зусім забыўся на вязня — пальцамі наткнуўся на нейкае цвёрдае каліва, дастаў яго і абыякава хацеў кінуць пад шкляную сцяну — гэта было ўсяго толькі не патрэбнае тут яблычнае семка. Аднак нечакана ў вушах паўтарылася, як успомнілася, Оіна далікатная просьба: «Падары нам дрэва», і ён, усё яшчэ, здавалася б, безуважна гледзячы на карычневае семка, ужо ведаў дакладна, што будзе з ім рабіць.
Хуценька апусціўся на калені, пасярод двара пальцамі разгроб, узрыхліў зямлю, закапаў у яе семка, схадзіў у цэлю, набраў там у шклянку вады і, выйшаўшы зноў, паліў тое месца — а раптам семка і напраўду прарасце?
І дзіва дзіўнае — яно прарасло той жа дзень! Спачатку паказалася дзюбачка плёнчыка, затым з'явіліся два лісточкі. Радзім увачавідкі бачыў, як расце парастак, як ён большае, цягнецца ўгору, як на ім з'яўляюцца галінкі, і ад гэтага было крыху ніякавата: няўжо гэта наяве, а не ў сне?
Відаць, зернетку спадабалася зямля, а можа, наадварот — зямлі спадабалася зернетка… Якая розніца! Галоўнае, — што ў яго расце дрэва, якое ён неўзабаве зможа падараваць Оі.
На другі дзень у двары ўжо шумела густым зялёным лісцем вялікае дрэва — яму аж цесна было ў шкляных сценах! На трэці дзень яблыня зацвіла. Яна цвіла сем дзён і сем начэй. Божа мой, якая гэта была прыгажосць — бела-зялёная яблыня на фоне шэрай і сумнай зямлі!
Неўзабаве яблыня сваёю моцнаю кронаю, сваім неўтаймоўным цветам узламала, узняла на сабе шкляную столь — тая друзам асыпалася на дол — і, выпрастаўшы галіны, вольна і шырока зашумела над турмою.
Адарваўшыся ад табліц і формулаў, нарэшце заўважыў яблыню дзед Жыў. Ён як услупянеў. Доўга глядзеў не міргаючы, доўга нічога не мог зразумець. Спалох у яго ніяк не праходзіў. І ўсё ж ён перасіліў страх, падышоў да яблыні, памацаў рукою кару, пагладзіў яе, шурпатую, даланёю, затым вярнуўся да Радзіма і, паказваючы на дзіва пальцам, усё нешта пытаўся: га-ха? га-ха?
Радзім зразумеў: дзед пытаецца, што гэта такое, і растлумачыў яму:
— Дрэва.
— Дэва! Дэва! — нібы ўспомніўшы штосьці, узрадавана, усхвалявана некалькі разоў паўтарыў стары, з павагаю зірнуў на хлопца, прыклаў руку да сэрца, нізка пакланіўся Радзіму і выйшаў з турмы да людзей.
Справа ў тым, што ўжо некалькі дзён вакол шклянога куба, у якім, як у вазоне, расла яблыня, збіраліся натоўпы цікаўных зэмаў. Усе стаялі, як зачараваныя, глядзелі на гэты цуд і маўчалі — нават дзеці, якіх было тут многа, трымаліся ціха і не сваволілі, не гарэзавалі. Самыя цікаўныя аставаліся і на ноч, нібыта ім не хапала дня, а ўраніцы зноў тут было аж цесна ад вачэй.
Пасля шчодрага цвету з'явілася шмат завязі. Яблыкі раслі, большалі, наліваліся, спелі, як кажуць, не па днях, а па гадзінах.
Некаторыя зэмы зусім асмялелі: з натоўпу пачалі вылучацца самыя рызыкоўныя, яны падыходзілі вельмі блізка і нешта гаварылі да яго — яму здавалася, што людзі, гэтак жа, як калісьці Оя, просяць дрэва. І ён пераканаўся, што гэта так, калі неўзабаве то ў адным, то ў другім канцы плошчы, як на мітынгах, пачалі гучаць настойлівыя выкрыкі:
— Падары нам дрэва!
Вось тады па яго і прыйшлі. Прыйшлі тыя самыя канвойцы, якія і прывялі Радзіма ў гэтую турму. Адразу ж, насварыўшыўся на дзеда Жыва, зашчапілі на руках вязня Рубінавыя Ружы, якія да гэтага без патрэбы ляжалі на шкляным стале, і павялі. Куды, навошта — гэта ён не ведаў, а канвойцы не маглі растлумачыць. Але тое, што на яго адзелі наручнікі, гаварыла ўжо, мусіць, само за сябе: нічога добрага яму хутчэй за ўсё чакаць не варта. Відаць, ва ўсім вінавата яблыня — выгадаваўшы яе, ці не парушыў ён нейкіх тутэйшых законаў?
Вялі яго доўга крывымі, вузкімі вуліцамі і завулкамі — нібы пятляючы. Нарэшце спыніліся каля якогасьці шклянога, здавалася, невагомага шара, які быццам сам сабою вісеў у паветры — гэта пасля ўжо Радзім заўважыў тоненькую, але, відаць, моцную ножку, што трымала яго над зямлёю. З шара ў адно імгненне спусціўся трап, які іх адразу ж, як эскалатар, завёз усярэдзіну гэтага дзіўнага збудавання. Не паспеў Радзім як след агледзецца, як ужо стаяў адзін пасярод парожняга скляпеннепадобнага, нібы станцыя метро, памяшкання.