Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Час ідзе, — кажа ёй адзін зычлівец.

— А мы старэем, — глыбакадумна дадае другі.

— І ніколі таго, пра што ты марыш, не будзе, — нібы між іншым заўважае трэці.

А яна адмахваецца ад іх і ўсё чакае. Хоць і сама не верыць, але чакае.

Тую ноч яна моцна спала. Нават не чула, калі разбушавалася бура. Прачнулася ад нейкага незразумелага дотыку — нібыта хтосьці дакрануўся да яе мокрага стану. Падпоўз у цемры і дакрануўся. Мокры дотык, але прыемны.

Быў моцны вецер. Ён, учапіўшыся за лісцё, гнуў яе, расхістваў ва ўсе бакі, і яна не супраціўлялася гэтаму. Не памятае, як вецер адарваў ад зямлі,— толькі пачула, як затрашчала карэнне, — і панёс наперад.

Яе мара збывалася! Яе каціла да Буда! Праўда, паспрабаваў быў затрымаць кавалер, што раней вырас перад ёю, але яны разам з ветрам справіліся і з гэтаю перашкодаю.

Вецер нарэшце прыкаціў яе да Буда. Анібара ўзрадавалася, абняла яго сваімі галінкамі і прашаптала:

— Родны, як я чакала гэтага моманту…

Буд доўга маўчаў, а потым шчыра прызнаўся:

— А я не чакаў.

— Як? Ты ж увесь час глядзеў на мяне! Буд зноў памаўчаў.

— Я глядзеў не на цябе, — злосна растлумачыў, пачакаўшы. — Я любаваўся той, што стаяла за табою.

Што? Ён любаваўся суседкай? Хіба можна ёю любавацца?! Скрыўлены стан, зламаныя галіны, рэдкае, непрыгожае лісцё…

— Я любаваўся не табою, — яшчэ раз паўтарыў Буд і абыякава адпіхнуў яе ад сябе.

— А я — табою, — пачула яна раптам аднекуль збоку.

Непадалёку стаяў Нёлк. Гэта ён гаварыў. Яна памятала, што той стаіць побач з каханым, але зусім не звяртала на яго ўвагі — ён для яе проста не існаваў.

— Гэта ж я і буру пачаў,— тлумачыў Нёлк. — Каб цябе забраць сюды…

Анібара маўчала, нічога не пыталася. А Нёлк усё роўна працягваў:

— А ведаеш, як я гэта зрабіў? Паварушыў адным лістком — скранулася крыху паветра. Паварушыў дзесяццю — яно зашумела. А калі ўсёй кронай зашумеў — пачаўся вецер. Ён вырваў цябе з зямлі і прыкаціў сюды.

Яна і на гэты раз нічога не адказала.

Ужо ўзыходзіла сонца. Анібара адчувала, як сушыць яно карэнне. І яшчэ адчувала, што пад ёю варушыцца зямля, — Нёлк шавяліў карэннем, прыкочваючы яе бліжэй да сябе.

І раптам яе аж скаланула: Буд ішоў туды, дзе толькі што, перад бураю, стаяла яна! Ён асцярожна выбіраў з зямлі свае карані, клаў іх наперад і, зачапіўшыся за што-небудзь, паступова выцягваў сам сябе з ямы і цягнуў па траве волакам.

Як? Ён ідзе да гэтай Апіл? Да крывабокай, абскубленай Апіл?

Ёй раптам усё зрабілася непатрэбнае і абыякавае — і бура, і Нёлк, і нават сам Буд. Але яна тут жа схамянулася: не, яна яго нікому не аддасць! І ўсё зноў пачынаецца спачатку, вяртаецца на кругі свае: ён і яна, як і раней, будуць стаяць адно насупроць аднаго…

Не, яна знойдзе спосаб зноў дабрацца да Буда! І Нёлк, калі кахае, паможа ёй у гэтым. Абавязкова паможа. І яна стане паміж ім і Апіл. Няхай выбірае…

Усе яны яшчэ не ведалі, што Апіл не зводзіць вачэй з Нёлка.

Што ж, і ў людзей, гэтаксама, як і ў дрэў, бывае такое: ён любіць яе, яна любіць другога, а другі любіць трэцюю…

Барацьба

Драндулет, якім ён дабіраўся сюды, на гэты далёкі сакрэтны аб'ект, дзе згадзіўся, нават даў падпіску адпрацаваць тры гады, разваліўся яшчэ па дарозе: спачатку пачаў даваць перабоі, захлынацца матор, пасля сапсавалася сістэма кіравання, а затым, калі мэта была ўжо зусім блізка, адляцела, як адрэзанае, пярэдняе кола.

Таму апошнія кіламетры давялося ісці пехатою.

Аб'ект быў у страшэнным запусценні. Да яго ніяк немагчыма было падысці: усё навокал зарасло бур'янам і нават праз бетонныя пліты колішняй сцежкі прарасла густая, высокая, як лес, трава — мясціна тут вільготная, балоцістая, што вельмі спрыяе росту раслін.

Непадалёк убачыў заржаўленую, але добра накляпаную касу, якую нібыта знарок хто ўторкнуў для яго касільнам у зямлю, зразумеў, што і праўда спярша трэба было б абкасіць падыход да аб'екта, але рабіць гэта не спяшаўся.

Першы камар укусіў яго, калі ён даставаў з кішэні цыгарэту і запалкі. «Во дробязь пузатая, — усміхнуўся чалавек. — На каго ты нападаеш?! Я табе зараз пакажу, нягоднік!»

Забіў ён камара лёгка і проста. Пляснуў, нават не прыцэльваючыся, даланёю па шчацэ, і той зваліўся мёртвы ў траву.

Другі ўжо ўкусіў больш балюча. Уткнуў так, як звычайна ў паліклініках колюць кавалачкам ляза, калі бяруць на аналіз кроў з пальца. «Бач ты, — ужо задумаўся чалавек, — такое малое, а так джаліць. Цікава, хто яму, гэтай драбязе, даў такую моцную іголку і такую сілу, што ён так лёгка працінае тоўстую, грубую чалавечую скуру?! Хабаток — усяго толькі тоненькі і, здавалася б, кволенькі валасок, а бач ты яго, як лязом, рэжа».

Забіваючы і гэтага камара, чалавек заўважыў, што іх панасядала на яго дужа многа: яны апанавалі ўжо і твар, і рукі.

— Вось я вам зараз, — усё яшчэ спакойна ўголас сказаў чалавек і прыкурыў цыгарэту.

Ад дыму і праўда камароў паменела. Але гэта толькі спераду. Ззаду, дзе не было дыму, іх, здаецца, яшчэ паболела. Яны паўпіваліся ў шыю, джалілі нават праз сарочку і пінжак.

Ён пачаў махаць рукамі — ліхаманкава, хапатліва, бязладна, спрабуючы забіваць насякомых яшчэ на падлёце, яшчэ ў паветры. Забіваў чалавек іх шмат, але камары як усё роўна звярэлі ад гэтага і нападалі яшчэ большымі плоймамі.

Дыму ад цыгарэты было ім мала, і яны ўжо, не зважаючы ні на што, лезлі ў вочы, у вушы, у нос, у рот. Ён выплёўваў іх з рота, змахваў з вачэй, выкалупваў з вушэй, з носа, варушыў плячамі, круціўся сам, а яны ўсё лезлі і лезлі. Урэшце зламаў ладную алехавую галіну, махаў ёю, ганяў вецер над галавою, сцябаў сябе па плячах, але і гэта не дапамагала: камары знаходзілі зацішнае месца на целе і ўпіваліся ў яго так, што аж хацелася крычаць ад болю.

Тады ён успомніў пра касцёр і ўзрадаваўся: ага, трэба хутчэй класці вогнішча — і дыму будзе многа, ды і ў агонь жа яны дужа не палезуць.

Хуценька пачаў збіраць трэскі, хвою, сухія сучкі, кару. Пакуль сабраў, пакуль распаліў вогнішча, камары шэрым бухматым покрывам абселі яго ўсяго — ужо нельга стала адрозніць, дзе цела, а дзе яно прыкрыта адзеннем.

Калі па-сапраўднаму задыміў касцёр, насякомыя, здаецца, разляцеліся, пакінулі яго ў спакоі, але варта было яму зноў трошкі адысціся ад дыму, каб прынесці, да прыкладу, новыя сырыя галінкі, як яны апантана, цэлаю хмараю наляталі на яго. Кідаючы галлё ў касцёр, чалавек соваў рукі ў самы дым і радаваўся, бачачы, як камары дружна, спяшаючыся ўзлятаюць з апухлых ужо рук і разлятаюцца ў розныя бакі.

Поделиться с друзьями: