Падары нам дрэва
Шрифт:
Шкада, што нікога не было побач, а то, калі б хто ўбачыў, як шчыруе, святадзеіць ля ямы чалавек, зразумеў бы, якая гэта для яго радасць — садзіць яблыню!
Ён распраўляў ёй карэнне, пульхніў пад ёю зямлю, разгладжваў лісточкі, паварочваў яе і так, і сяк, паглядаючы раз-пораз на сонца — каб кожнай галінцы было ўтульна і сонечна.
Дзядзька закапваў яблыньку, рабіў каля яе ствала невялікае паглыбленне, каб не сцякала вада, браў вядро, якое стаяла непадалёку, і ішоў да рэчкі.
Паліваў яблыньку і толькі пасля гэтага адкасваў калашынне, абтрасаўся ад пылу і зямлі і ішоў да каменя. Там адкасваў і рукавы сарочкі, ускідваў на плечы пінжак, садзіўся на камень і даставаў капшук з махоркаю.
Курыў і глядзеў на яблыню — ужо любаваўся ёю.
І так кожны дзень, з дня ў дзень. Усе сто гадоў, а можа, і болей ён прыходзіў сюды і ўпарта садзіў штораніцы па яблыні.
Уяўляеце, які павінен быў бы быць на гэтым месцы сад — сто гадоў усё-ткі ж!
Але саду ніякага не было. Раніцою дзядзька садзіў яблыньку, а ўвечары ці, можа, уночы хтосьці прыходзіў сюды, вырываў яе з зямлі, абтрасаў карэнне і некуды зносіў.
Тут жа аставаліся адны ямкі, якія можна было пазнаць толькі па крыху запалай, мякчэйшай зямлі. Замест саду дрэў тут атрымаўся вялікі «сад ямак».
Аднаго разу, здаецца, ужо ў новым стагоддзі, яму ўсё ж захацелася прасачыць, зразумець, убачыць, куды дзяюцца, дзе знікаюць яго яблыні, і ён застаўся начаваць у сваім садзе.
Сядзеў на звыклым, высліжаным ім жа самім камені, курыў, чакаў.
І вось яшчэ завідна, яшчэ і не сцямнела добра, калі ён нечакана ўбачыў нейкага чалавека, які імкліва, размашыста ўвайшоў у яго сад, падышоў да яблыні, толькі што раніцою пасаджанай, і ўзяўся за яе ствол. Дзядзька хацеў закрычаць: «Што ты робіш?!», але ўсё ж стрымаўся — цікава было паглядзець, што будзе далей.
Гэты Хтосьці беражліва, лёгка дастаў яблыньку з зямлі — зямля ж яшчэ не зляжалася, была рыхлаю, — асцярожна абтрос карэнне, загарнуў яе ў нейкі мяшок, паклаў дрэўца на плячо і пайшоў назад — туды, адкуль і прыйшоў.
Дзядзька не крыкнуў, нават не азваўся, а назіркам пайшоў услед за злодзеем — балазе, можна было ісці незаўважаным, бо якраз ужо зусім сцямнела.
Ішлі ўсю ноч. Нараніцу, калі ўзышло сонца, яны ўзабраліся на нейкую не дужа высокую гарушку, якая спрэс была засаджана дрэвамі.
Злодзей прайшоў амаль увесь сад і там, дзе ён ужо канчаўся, пачаў садзіць яблыньку — ямка была гатовая, яе ён падрыхтаваў, мусіць, загадзя.
Пры святле і сонцы дзядзька ўжо добра разгледзеў злодзея — ён вельмі быў падобен на яго самога. І садзіў дрэўца гэтак жа рупна і беражліва, як і сам садоўнік: паварочваў саджанец доўга перад тым, як пасадзіць, шукаючы яму самае зручнае і ўтульнае месца.
І тады садоўнік, разгледзеўшыся, пазнаў свой сад. Вось жа ён, плён ягонай працы за сотню гадоў! Такі сад! Яго сад!
Адны яблыні ўжо састарэлі, але ўсё яшчэ былі плодныя, жывыя, другія — у самым саку, як не ламаліся ад пладоў, а трэція — напрыканцы, вось тут, дзе яны стаялі, яшчэ толькі набіраліся сіламоцы і рыхтаваліся прыняць на свае плечы спелыя яблыкі.
Садоўнік падышоў да злодзея.
— Што ж ты робіш, нягоднік?!
— Цябе ратую, — абыякава, нібыта ён даўно ведае садоўніка, нават не павярнуўшы галавы на голас, адказаў злодзей.
— Крадзеш мае яблыні і яшчэ здзекуешся з мяне. Такі сад украў!
— Не, я не здзекуюся і саду ў цябе не краў: і сад твой, і цябе я праўда ратую. Бо там, дзе ты садзіў сад, хутка землятрус будзе… Усё знішчыць.
Памаўчаўшы, злодзей паказаў рукою ў глыбіню саду. Садоўнік, зірнуўшы туды, убачыў прыгожы, як цацка, дом — яблыні паапускалі на яго дах свае абцяжараныя пладамі галіны.
— І дом гэты таксама твой.
— А ты хто, такі добры?
— Я твой бог.
Яны абняліся і пайшлі праз сад — сцежкаю да новай хаты садоўніка.
І ў гэты час здрыганулася пад нагамі зямля.
— Чуеш, там землятрус пачаўся, — сказаў бог.
Яны замоўклі — ішлі па садзе і доўга маўчалі. Зямля здрыганулася зноў.
— А навошта ты мяне выратаваў? — спытаўся чалавек.
— Буду паказваць цябе людзям. Як прыклад упартасці і настойлівасці. Сто гадоў рабіць марную працу… Здавалася б, марную… Не, Садоўнік, ты варты самага найлепшага музея. І гэтым музеем будзе твой сад і твая хата.
Бога раптам не стала.
А каля саду ўжо спыніўся і нецярпліва бібікаў аўтобус, — ён прывёз у музей першых экскурсантаў.
Гара
Гара пайшла сама сабою.
Яшчэ ўчора яе спакой здаваўся вечным і непарушным: на ёй, на яе ніжніх схілах пасвіліся каровы, коні і авечкі, стаялі хаты, дзеці па крутых, пратаптаных між зараснікаў сцежках лазілі яшчэ вышэй, сягалі аж туды, дзе ўжо хадзілі толькі дзікія жывёлы, і ніхто нічога не баяўся, ніхто нічога не прадчуваў.
Таму ўсе здзівіліся, калі гара раптам пачала выпінацца, вырастаць і неяк зверху насоўвацца над імі.
Спачатку пасыпаліся зверху камяні, жарства, перамешаная са снегам. Потым пачалі ссоўвацца ўніз выціснутыя з расколін дрэвы — яны сунуліся і вершалінамі, і карэннем наперад, сунуліся доўга, паволі, чапляліся за дрэвы, што раслі ніжэй, завісалі на іх, аж пакуль не падалі гэтыя вываратні.
Пасля пачалі лопацца і хаты — як семкі на агні. Развальваліся сцены, каціліся па кустах бёрны, сунулася ўніз усё, што яшчэ нядаўна было хатаю, і ўжо там, ля падножжа, гара павольна, не спяшаючыся, наступала на іх, падмінала пад сябе.
Гара ішла нетаропка, але настойліва і ўпарта. Здавалася нават, што яна коціцца па зямлі, як дарожны каток, і накрывае сабою ўсё на свеце.
Звяры, жывёлы ўцякалі ад гэтай гары — мусіць, гнаў іх звычайны інстынкт. Яны, збегшы ці скаціўшыся ўніз, спяшаліся як мага хутчэй адбегчыся адсюль — адчувалі, што тут затаілася вялікая небяспека.
Людзі ж за доўгі час наіўнай веры ў тое, што чалавек — валадар прыроды, мусіць, назусім страцілі гэты інстынкт. Яны нікуды не ўцякалі і нічога не рабілі, каб уратавацца, — проста стаялі і няўцямна глядзелі на ўсё, што адбываецца навокал.
Гара скідвала і іх, як дрэвы і хаты, уніз і гэтак жа раўнадушна, спакойна падмінала пад сябе: спачатку яшчэ відны былі то рука, то нага, а праз нейкае імгненне ўсё ўжо знікала пад гэтым няўмольным катком.
А яны, некалькі чалавек, усё ж паспелі разам з жывёламі адбегчыся ад гары. Дабеглі да недалёкай вёсачкі і спыніліся, каб агледзецца і прыдумаць, што рабіць далей.