Пахаджане. Прыпавесці
Шрифт:
Пацукі падалі ў бочку амаль праз роўныя прамежкі часу, — усіх моцна вабіў дужа смачны пах сыру. Пад раніцу ў бочцы іх аказалася восем штук, у тым ліку два буйныя самцы з восеньскага памёту пацукоў. Амаль у поўнай цемры ён нюхам пазнаў бы іх, бо ўжо ня раз з імі біўся і цяпер падумаў, што іхняя сустрэча дабром ня скончыцца. У падпольлі дагэтуль яны стараліся пазьбягаць адзін аднаго, але тут такая магчымасьць мінулася. Зараз тут прыйдзецца вырашыць, каму з іх жыць. Мабыць, аднак, разумным сябе лічыў не адзін Хвастаты, а і яшчэ некаторыя з тых, што трапілі ў гэтую пастку. Сьпярша ўсе яны нерухома сядзелі, павольна ачуньвалі ад шоку падзеньня. Затым у цемры раздаўся быццам бы беспрычынны прарэзьлівы піск, і пачалася бойка. Пачуцьцё жаху ахапіла пацукоў, хтось, не стрымаўшыся, першы кінуўся на суседа. Магчыма, гэта быў адзін з двух братоў, — ягоны кліч стаў сігналам да пачатку сьмяротнай схваткі ўсіх з усімі. Хвастаты ведаў і памятаў яшчэ з часу ўласнай маладосьці, што марудзіць у такіх выпадках не выпадае — тое можа каштаваць жыцьця. Перамагае самы рашучы і самы спрытны. Хвастаты ў адказ таксама прарэзьліва праверашчэў і накінуўся ў цемры на суседа, — можа, таго самага, што сьледам за ім трапіў у бочку. Ён даволі лёгка забіў яго, разарваўшы таму горла. Але тут і сам ледзьве пасьпеў выкруціцца з-пад нейчых вострых зубоў, перавярнуўся цераз галаву і ўпіўся зубамі ў чыйсьці цёплы і мяккі жывот. У цеснай бочцы ўтварыўся вірлівы клубок з целаў ахопленых жахам пацукоў, якія рвалі, грызьлі, тапталі адзін аднаго, — нападалі і абараняліся адначасна. У бочцы надта патыхала пацучынай крывёй, і ў яе паху зусім патануў нядаўна яшчэ жаданы пах сыру.
Гэта быў жорсткі і даўгі бой не на жыцыдё — на сьмерць, з якога да ранку ўцалела двое — Хвастаты і малады пацук восеньскага памёту. Усе астатнія, сьцякаточы крывёю, валяліся на дпе бочкі; некаторыя ўжо страцілі ўсе адзнакі жыцьця. Самец быў моцна паранены нейчымі зубамі, але, пачуўшы ўцалелага Хвастатага, намогся на слабы баявы кліч і аскаліў зубы. Зьнясілены ў бойцы Хвастаты, зрабіўшы спрытны кароткі выпад, без усялякага сігналу ўхапіў зубамі за ўжо скрываўленае горла і дабіў самца.
Крывавая бойка скончылася — у бочцы Хвастаты застаўся адзін. Адзінота гарантавала яму нейкую магчымасьць жыцьця — хоць бы да раніцы. Вядома, гэтага было мала, але інстынкт падказваў пацуку, што часам з самых малых магчымасьцяў складваецца даўгое жыцыдё. Асабліва калі мець волю змагацца за яго да канца і надта не сьцерагчыся прынцыпаў. Хвастаты са страхам чакаў ранку, калі прыйдзе Вусаты і прыкончыць яго ў бочцы. Гінуць ён па-ранейшаму не хацеў. Праўда, ягонае самалюбства падагравала ўсьведамленьне таго, што ўсё ж ён перамог усіх уласных суродзічаў. Што ж да чалавека, дык вядома, што яго перамагчы немагчыма.
I ён прыйшоў, той страшны Вусаты. Сьпярша загрукалі ягоныя боты каля канторкі, пасьля ўспыхнула элсктрычнае сьвятло, якое адразу разагнала паўзмрок у секцыі. Здаецца, Вусаты быў не адзін. Хвіліну Хвастаты слухаў, як яны там размаўлялі, пасьля прагучэў чыйсьці бесклапотны сьмех — здаецца, гэта быў малады грузчык Белабрысы. I вось ярка пыхнула лямпачка пад стольлю ў секцыі — у бочцы стала амаль відна. Хвастаты акінуў задаволеным позіркам нерухомыя целы сваіх ахвяр і нарыхтаваўся да сустрэчы з Вусатым. Калі той працягне руку, пацук адразу ўчэпіцца ў яе і загіне — як і належыць пацуку-пераможцу, пацуку-лідэру. Ён быў пацук ганарысты і не хацеў хавацца сярод трупаў іншых, што кучкай ляжалі на дне бочкі, не хацеў прыкідвацца мёртвым. Калі над бочкай паявіўся ненавісны твар Вусатага, ад якога дужа сьмярдзела цыгарэтамі «Мальбара», што штабялём ляжалі пад вакном секцыі, ён ашчэрыў зубы і пагрозьліва засіпеў. На болей гучны кліч у яго ўжо не хапіла сілы.
— Ну як там? — пачуўся голас здаля. Гэта пытаўся Белабрысы.
— Парадак! — задаволена адказаў Вусаты. — Твая праўда.
— Хто-небудзь застаўся?
— А вунь сядзіць Хвастаты…
— Во і добра. Выпускаем.
Бочка раптам нахілілася, Хвастатага ледзьве не заваліла мёртвымі целамі пацукоў, але ён адскочыў і апынуўся на самым краі бочкі. Зусім побач быў ненавісны твар Вусатага, але ён ня меў на сабе ні пагрозы, ні злосьці. Бочка нахілілася і яшчэ ніжэй.
— Ну, матай адсюль! — зусім незласьліва сказаў Вусаты.
Здаецца, той яго выпускаў. Хвастаты нарэшце сьцяміў гэта і хуценька нырнуў з бочкі пад скрынкі. Ягоныя адносіны да Вусатага разам зьмяніліся — ён перастаў ненавідзець чалавека. Аказваецца, той зусім ня кепскі — той добры. Той яго паратуе. Гэта ягоныя суродзічы-пацукі спрабавалі яго забіць, а чалавек яму дорыць жыцьцё. Які ж ён быў дасюль дурань, што ненавідзеў людзей!
З-пад скрынак ён удала перабраўся да сваёй нары і схаваўся ў яе выратоўчай цемры. Ён толькі пасьпеў пачуць, як ззаду ў чымсьці засумняваўся Вусаты, і Белабрысы яму адказаў:
— Нічога, усё будзе о’кей! Трэніроўку меў, што трэба. Праз месяц ніводнага не застанецца…
Затаіўшыся ў нары, Хвастаты марудна ачуньваў ад начных перажыванак і думаў, што цяпер яго галоўныя ворагі — яго ж суродзічы. Ён будзе іх бязьлітасна нішчыць ужо хоць бы таму, што ён самы дужы. А ў каго сіла, у таго і праўда. Хаця ніякая праўда яму не была патрэбная. Няхай праўду шукаюць слабакі. А над ім ёсьць Вусаты. Ён яго бог і праўда.
Вусаты ж, мабыць адчуўшы перамену ў настроі пацука, а можа з свае дабрыні, паклаў каля ягонай нары той самы кавалак духмянага сыру, які ноччу пацуку не дастаўся. Але Хвастаты на яго не рэагаваў — цяпер яго хваляваў толькі пах крыві.
Праз месяц на складзе сапраўды не засталося ніводнага пацука. Апроч Хвастатага, зразумела…
Хутаранцы
Пад лесам жыла сямейка. Не багата і ня бедна, дзень і ноч працавала, бяз хлеба ня ела. Зямлі было няшмат, але клопату сямейцы хапала. Сьпярша поле апрацоўвалі бацькі зь дзедам, пасьля, як памёр дзед, — бацька з маткай. Пакрысе падрасьлі сыны — Янка і Васіль, упраўляцца стала лягчэй, і хутаранцы былі задаволеныя.
Неяк на пачатку восені, калі, павячэраўшы, сямейка зьбіралася класьціся спаць, у дзьверы пастукалі. Госьцяў у хаце не чакалі, але бацька мусіў адамкнуць дзьверы, — ці мала каму выпала пільніца па начы. Увайшоў сьціпла, хоць і прыстойна апрануты чалавек, сеў на лаве, закурыў гарадзкую папяросу. І пачаў гаманіць. Аказаўся на дзіва гаманкі, дасюль у тутэйшых мясьцінах такіх не трапляла. Увесь сэнс ягонай гаманы палягаў у тым, што хутаране жывуць незаможна, бадай, кепска, адстала, і трэба інтэгравацца. Гэта значыць, далучыцца да недалёкай вёскі. Гаспадары недаўменна ўтаропіліся ў чалавека — ужо яны ведалі, як жывуць у суседняй вёсцы. Кожнай вясны адтуль прыбягалі на хутар то па кошык бульбы, меру збажыны, а то пазычыць капейчыну ці ўзяць каня прывезьці дровы. Яны так і сказалі захожаму. А той — сваё. Трэба інтэгравацца, бо іначай не выпадае, увесь сьвет інтэгруецца, трэба сіла, каб супрацьстаяць таму сьвету. Хутаранцы маўчалі, яны не разумелі, чаму трэба супрацьстаяць сьвету? Калі тая бязглуздая гутарка добра надакучыла, гаспадар сказаў, што сям'і трэба класьціся спаць, заўтра шмат працы ў полі, хай бы чалавек ішоў, адкуль прыйшоў. Чалавек устаў з лавы, але доўга яшчэ балбатаў у парозе, яны ледзьве выбавіліся ад яго. Як ён пайшоў, матка перахрысьцілася і кажа: «Гэта ж д'ябал! Яй Богу! У яго ж хвосьцік ззаду…» Гаспадар і хлопцы падзівіліся з тых матчыных словаў — яны не прыкмецілі ніякага хвосьціка. Але ўсё магло быць…
Наступны вечар усё ў той жа час у дзьверы зноў загрукалі — ды ўжо мацней, нават нібы абурана. Бацька не хацеў адчыняць, але хлопцы сказалі: хай! Зноў увайшоў той самы, ранейшы захожы і зноў пачаў тое самае. Трэба інтэгравацца, бо будзе кепска, а аб'яднаўшыся, будзе лепш. Яны ўсе неўпрыкмет узіраліся пад ягоную апратку — ці ня высунецца дзе хвосьцік. Але не, нічога нідзе ня высунулася. Недзе блізка ля поўначы ледзьве выбавіліся ад яго, і маці заплакала — зноў яна бачыла хвосьцік. Мужчыны ня ведалі, што і думаць.
Дачакаўшыся ранку, гаспадар узяў у сьвіране чорнае хварбы і на ўсіх дзьвярох намаляваў невялікія крыжыкі. Маці супакоілася: калі то д'ябал, дык пад крыжыкі ён ня ўвойдзе. Са страхам і надзеяй пачалі чакаць наступнай начы.
Вечар мінуў спакойна, ніхто ня стукаў. Трохі яшчэ счакаўшы, сямейка паклалася спаць. Ды яшчэ ня ўсе заснулі, як у падваконьні штось грукнула. Бацька зьлез з палацяў, засьвяціў лямпу. На покуце ўжо сядзеў той самы чалавек. Вакно за ім было выстаўлена знадворку, і ў хату дзьмуў вецер.
— Я наконт інтэграцыі, — спакойна пачаў знаёмую песьню захожы.
— Прэч! — крыкнуў бацька.
Тут ускочылі сыны, сталі поплеч з бацькам. Матка воддаль заплакала. Захожы цепнуў плечуком і нібыта з затоенай крыўдай вылез праз вакно назад.
Рэшту тае начы хутаранцы ня спалі, а як настаў ранак, пачалі мацаваць засаўкі на дзьвярох, мацней прыбівалі вокны. Бацька сказаў, што трэба будзе ў горадзе замовіць аканіцы. Вядома, дорага, але без аканіц не абысьціся.
Наступная ноч прамінула спакойна, ніхто ня стукаў, ня лез у хату. І сямейка патроху супакоілася. Па аканіцы ў горад гаспадар вырашыў паехаць пасьля, як зьвязе з поля снапы.
Але яшчэ празь дзён пару ноччу раптам спалохана крыкнула матка — абодва сыны разам ускочылі, Васіль уключыў электрычны ліхтарык, які надоечы купіў у сельмагу. Матка, плачучы, паказвала ў печ. Сапраўды, там штось адбывалася, чуўся невыразны шорах. У печы на тую пару не палілі, ежу гатавалі ў двары пад паветкай. Але нейкі дзіўны шум-шоргат мкнуў з чалесьніку, і хутаранцы напалохана чакалі. Аж неўзабаве бразнула засланка, з грукатам звалілася на падлогу, і зь печы выкараскаўся ўсё той жа, перапэцканы сажай, чалавек. Вылезшы, моцна чыхнуў два разы, працёр вочы.