Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паміж "А" і "Б"

Машков Владимир Георгиевич

Шрифт:

Я паматаў галавой. Кіра стаяла да мяне спінай і нічога не заўважала. Аднакласнікі ўсміхнуліся і хорам адказалі: “Не!”

— Потым Карабухін зусім распяражацца, пачне і на ўроках храпці, а там — кукарэцаць, мяўкаць. — Голас у важатай Кіры звінеў і мацнеў.

— Я не ўмею кукарэкаць, — не вытрымаў я. — І мяўкаць таксама не ўмею.

Я не люблю, калі мне прыпісваюць таленты, якіх у мяне няма. У мяне сваіх досыць, магу пазычыць, каму трэба.

Таварышы мае так і палеглі з рогату. А важатая Кіра сказала, што яна больш не можа, што такога нахабніка яна бачыць упершыню і што яна пойдзе скардзіцца дырэктару.

Мне было шкада важатую Кіру. Яна ўвогуле добрая, але чаму яна не можа зразумець, што я хроп не знарок? Крыўдна, калі цябе не разумеюць.

Нядаўна мне сказалі: “У цябе, Карабухін, толькі адны дрэнныя ўчынкі. А ты праяві сябе ў нечым добрым, карысным… Вось заўтра ўвесь клас ідзе збіраць металалом. У цябе ёсць шанец зарабіць добры ўчынак”.

“Ладна, — падумаў я. — Калі ў мяне толькі дрэнныя ўчынкі, хай будзе адзін добры”. І я пайшоў збіраць металалом.

На Пясчанай вуліцы знеслі некалькі старых развалюх. Там сяміпавярхоўку сабраліся будаваць. Мы пашнарылі трохі ў пошуках жалезных ці любых іншых скарбаў. І раптам я спатыкнуўся аб нешта і ледзь не ўпаў. Зірнуў — жалезная рэйка. Хацеў падняць — ого-го-го — вось гэта вага.

— Рушце сюды! — паклікаў я хлопцаў.

Раз-два — узяліся ўчатырох і паднялі. Глядзім, а да рэйкі дротам прывязана вечка. Мы яго адразу не разгледзелі, бо яно было засыпана смеццем.

Пад вечкам аказалася прамакутная адтуліна.

— Хлопцы, гэта падземны ход! — узрушана закрыкаў Уладзя.

— Лухта, — прамовіў разважлівы Сёмка. — Гэта проста склеп. У майго дзядзькі ведаеце які склеп!

— Ведаем, — адмахнуўся я. — У каго ёсць ліхтарык?

— У мяне, — сказаў Сёмка.

— У дзядзькі ўзяў?

— Свой, — пакрыўдзіўся Сёмка.

Я хацеў ужо спусціцца ў склеп, але ўбачыў, што няма ніякай лесвіцы.

А раптам склеп глыбокі? Грымнешся долу, а пасля пра каго ў сценгазеце пісаць будуць, як пра галоўнага разгільдзяя школы?

Я падумаў хвіліну.

— Здыміце рамяні.

І сам першы зняў раменьчык. За мной тое ж самае зрабілі хлопцы. Хутка з раменьчыкаў звязалі вяроўку. Атрымалася выдатная лесвіца. Я ўхапіўся за канец вяроўкі з раменьчыкаў, і хлопцы спусцілі мяне ўніз.

— Ну што там? — крычалі хлопцы. — Давай вылазь!

Я тузануў вяроўку.

— Цягніце!

Напружыўшыся, таварышы выцягнулі мяне. Калі я апынуўся на зямлі, то штомоцы чхнуў. Раз, другі, трэці… Вось ужо ніколі не думаў, што так хвацка ўмею чхаць.

— Ну што? — спыталіся хлопцы. — Нічога там няма?

— А вы чаго хацелі — салёных гурочкаў?

— Не, — адказаў Уладзя, — хоць бы якое карыта…

— А насмарку не хочаш? — сказаў я і чхнуў у чацвёрты раз.

Мы ўхапіліся за рэйку і пацягнулі яе. Рушылі па вуліцы і ў такт нашым крокам дружна спявалі:

— Наши жены — ружья заряжены.

І раптам:

— Стойце! Чакайце! Укралі!

За намі грукаў ботамі па вуліцы дзядзька ў кажусе і заечай шапцы.

— Аддайце, гэта мая рэйка, — сказаў ён, аддыхаўшыся.

Сёмка спрабаваў быў заспрачацца:

— Мы знайшлі гэтую рэйку. Яна валялася.

Я спыніў Сёмку і дабрадушна ўсміхнуўся:

— Калі ласка, бярыце!

Дзядзька пасоп, папыхкаў, нарэшце прыўзняў рэйку, прайшоў, хістаючыся, некалькі крокаў і кінуў сваю ношу на зямлю. Твар яго зрабіўся ўмольным.

— Хлопчыкі, памажыце. Вы ж піянеры, цімураўцы, так сказаць, памочнікі старэйшых.

Мы захоўвалі маўчанне.

Дзядзька зрабіў другую спробу, але ён быў старэнькі, і ўстанавіць сусветны рэкорд па пад’ёму цяжару яму не ўдалося.

Тады я пачаў штурм.

— Як ваша імя і імя па бацьку?

— Сідар Сідаравіч, — буркнуў дзядзька.

— Сідар Сідаравіч, дзяржава пра вас клапацілася. Вы атрымалі цудоўную трохпакаёвую кватэру ў цудоўным пяціпавярховым доме на цудоўным другім паверсе. У двары ў вас растуць цудоўныя саджанцы і звініць цудоўны дзіцячы смех.

Увесь час, пакуль я натхнёна нёс гэтую лухту, дзядзька пазіраў на мяне, вытрашчыўшы вочы, і згодна ківаў галавой.

— Мусіць, вы ўжо і пенсію атрымоўваеце?

— Атрымоўваю.

— Вось бачыце, вы цалкам забяспечаны і шчаслівы чалавек. — Я падміргнуў таварышам. — Чаго ж вам яшчэ трэба?

Мы ўзялі рэйку з прымацаваным да яе вечкам і выправіліся ў дарогу.

— Да пабачэння.

— Да пабачэння, — разгублена сказаў нам дзядзька.

Некалькі хвілін мы ішлі ды хіхікалі.

— Гэй, стойце, чакайце!

Мы са злосцю кінулі рэйку на зямлю, яна глуха бразнулася.

— Ну нашто яна вам? — Я больш не ўсміхаўся.

— А на склеп, — няўпэўнена сказаў дзядзька.

— На які? У вас жа цудоўная трохпакаёўка ў цудоўным пяціпавярховым доме.

Дзядзька апусціў вочы і пяшчотна паглядзеў на рэйку.

Зноў рэйка ў нашых руках, зноў мы тупаем па вуліцы.

Дзядзька не адстае ад нас і ные:

— Ён спатрэбіцца мне. Распілую на кавалкі і канькі ўнуку зраблю. Або грузілы на вуды…

Мы ішлі, зусім не зважаючы на яго стогны. Мы спыніліся толькі, каб перадыхнуць.

Нарэшце дзядзькавы мальбы мне надакучылі, і я рашыў яго прыпужнуць.

— Гэта не вы гаворыце, гэта ў вас перажыткі капіталізму гавораць.

Дзядзька захіхікаў і пацёр рукі.

— Ну, хлопцы, пасварыліся, і годзе. Па пачку марожанага на брата, і адцягнем рэйку да мяне ў цудоўную кватэру.

Мы не адказвалі.

Ну, хлопчыкі, па пачку пламбіру.

Я бачыў, як Сёмка аблізнуў губы.

— Поўны наперад! Свістаць усіх наверх! Зямля!

Наперадзе паказалася школа. Мы дадалі хуткасці.

— Хлопцы, па квітку ў кіно на брата і па пачку пламбіру…

Калі мы прыцягнулі праклятую рэйку ў школу, важатая сказала, што мы паступілі няправільна, не па-піянерску. І, каб выправіць памылку, павінны не марудзячы аднесці рэйку назад яе ўладальніку.

Уладальнік горача падзякаваў важатай, а я сказаў, што ў мяне дрэнных учынкаў хапае, я хацеў зарабіць добры, а таму няхай назад гэтую прыватнаўласніцкую рэйку цягнуць іншыя. І пайшоў. Дзвярыма я не ляпаў. У мяне няма такой дурной звычкі.

Поделиться с друзьями: