Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паміж "А" і "Б"

Машков Владимир Георгиевич

Шрифт:

Ці баяцца сабакі козыту?

Вось так і не ўдалося мне здзейсніць добры ўчынак.

Ну, Карабухін, — сказалі мне, — калі ўжо ты металалом збіраць не ўмееш, то ведаеш…

І развялі рукамі.

А Галка Наважылава пры ўсіх вымавіла:

— Мы вырашылі, Карабухін, заняцца табой ушчыльную і ўсур’ёз. Сёння пасля ўрокаў да цябе накіруецца піянерскі патруль.

А навошта патруль? — спытаў я. — Што я — злачынца?

— Двойкі атрымліваць — хіба не злачынства? — сказаў Лёнька Аляксандраў і паважна паправіў акуляры на пераноссі.

Я задумаўся.

— Паслухайце, — сказаў я нарэшце. — Можа, без патруля абыдземся?

— Нельга, — пазяхнуў Лёнька. — Да цябе больш даверу няма.

— Ладна, — уздыхнуў я. — Прыходзьце. Толькі калі Эльбрус нападзе на вас, я не адказваю.

Усе паглядзелі на мяне ўважліва.

— А хто такі Эльбрус?

— Дабярман-пінчэр. Сабака такі. Як убачыць каго чужога, асабліва дзяўчынку, адразу кідаецца, — цярпліва патлумачыў я.

Аднакласнікі сцішыліся.

— Хлусіць ён! — раптам закрычаў Сёмка. — Я ў яго ўчора на тэлевізары сядзеў, ніякага дабярмана, ніякага пінчэра ў яго няма. У яго нават кошкі няма.

Галка Наважылава асуджальна пахітала галавой:

— А падманваць таварышаў, Карабухін, і зусім сорамна.

Я толькі сцепануў плячыма, а Сёмку паказаў кулак — пагаворым сам- насам, як мужчына з мужчынам.

Трэба было штосьці прыдумаць. Я ведаў, што такое піянерскі патруль. Гэта — прыходзяць да цябе дадому, засмучаюць маму, пытаюцца, як ты рыхтуеш урокі, які ў цябе распарадак дня, — увогуле, соваюць нос куды не трэба. А пасля ўсяго мама плача: “І навошта ты мне на гора такі ўрадзіўся?”

Не, трэба было дзейнічаць рашуча. “У мяне няма сабакі, - падумаў я, — дык яна ў мяне будзе. Ну, не дабярман-пінчэр, а просты дварняк — усё роўна ва ў сабачых пародах анічога не цяміце”.

Як толькі кончыліся ўрокі, я на скрут галавы памкнуўся дадому і куляй уляцеў на пяты паверх. Там жыла адна бабуля. У яе быў кучаравы беленькі сабачка з чарнюткім, як кнопка, носам. Калі яго пабачыць здалёк, то можна спужацца — страшная пачварына. А калі яе пабачыць бліжэй, то адразу стане ясна, што гэта бяскрыўдны пакаёвы сабачка.

Але ў мяне не было выбару, больш сабак у нашым доме не вадзілася.

Я сказаў бабулі, што вельмі люблю сабак, але ўсе сабакі свету, у тым ліку і дабярманы-пінчэры, не вартыя і адзінага кіпцюрыка яго, бабулінага, сабачкі. І хай таму яна, бабуля, дазволіць мне пагуляць з яе сабачкам па двары.

Бабуля была расчулена. Яна забылася, як я цягаў яе сабачку за хвост і купаў у лужыне.

Бабуля замілавана пралепятала:

— Ты чуеш, Ружа, які цудоўны хлопчык жыве ў нашым доме? Выхаваны, любіць жывёл… Ідзі з ім пагуляй. Толькі, хлопчык, нядоўга, а то Ружа сёння кашляў.

Я баюся, ці не прастудзіўся ён.

Я хутка спусціўся ўніз. І якраз своечасова — па лесвіцы ўжо пляскаў галёшамі піянерскі патруль. Я ледзь паспеў зачыніць за сабой дзверы, як. Дзынь! Патруль!

Я тузануў Ружу за хвост: вось зараз забрэша! Але ён толькі жаласна заскуголіў. Я яшчэ раз тузануў — ну, пабрашы, старэча, табе шкада, ці што?

Ружа ледзь не заплакаў, але брахаць не хацеў. Ён проста не ўмеў, напэўна.

Тады я ўстаў на карачкі, каб паказаць Ружы прыклад, і натхнёна прагаўкаў: гаў! гаў!

Другі званок захліпнуўся на першай жа ноце.

Я рахмана спытаўся:

— Хто там?

— Гэта мы, — дрыготкім голасам адказала Галка. — А адкуль у цябе сабака?

— Я ж вам расказваў, а вы мне не паверылі. Пачакайце хвілінку. Я яго прывяжу, а то ён не чужых кідаецца. Асабліва на дзяўчатак.

Бразгаючы ланцужком, я завёў сабачку ў кут, ускалмаціў на ім поўсць, і выпадкова мае рукі трапілі Ружы пад пахі.

Я крыкнуў:

— Заходзьце! Эльбрус на ланцугу!

І тут адбылося нешта надзвычайнае. Напэўна, Ружа як агню баяўся козыту. І дужа не любіў, калі яго казыталі. Таму што ў тую хвіліну, калі аднакласнікі з’явіліся на парозе, Ружа вырваўся з маіх рук, шалёна віскнуў, забрахаў і ўсчаў гойсаць па калідоры. Ускалмачаны, раззлаваны, ён казаўся такім страшным, што нават я забаяўся.

А таварышы? Змінаючы адно аднаго, яны скаціліся па лесвіцы ўніз.

Я ледзьве супакоіў разлютаванага Ружы і адвёў яго да бабулі.

Раніцай, ледзь я пераступіў парог класа, на мяне наляцела Галка Наважылава.

— Ну, Карабухін, гэта пераходзіць усякія межы. На сваіх таварышаў нацкоўваць шалёнага сабаку! Так гэта табе не спусцім.

Яна агледзела арліным паглядам увесь клас і прамовіла:

— Наш атрад вырашыў аб’явіць табе байкот. З сённяшняга дня мы з табой не размаўляем. Ты нам не таварыш.

— Усе са мной не размаўляюць? — Я зірнуў на Сёмку.

Сёмка адвярнуўся.

— Усе, — адрэзаў Лёнька Аляксандраў.

На першым уроку са мной ніхто не размаўляў, на пераменцы таксама, на другім уроку ў мой бок ніхто нават не зірнуў, на другой пераменцы на мае пытанні не адказвалі, на трэцім уроку — таксама, на вялікай пераменцы — пяць хвілін! — са мной ніхто слоўцам не перакінуўся, на чацвёртай пераменцы байкот працягваўся.

Пасля пятага ўрока я змрочна прамовіў:

— Пайсці ўтапіцца, ці што!.. А што яшчэ застаецца чалавеку?

І, ледзь перастаўляючы ногі, пацёгся па калідоры.

Я аб’яўляю галадоўку

Канешне, тапіцца я не думаў. Я накіраваўся ў кіно. З учарашняга дня ва ўсіх кінатэатрах ішоў фільм “Парыжскія таямніцы”.

Па горадзе былі расклеены блакітныя афішы. З афіш усміхаўся шыракаплечы хлопец. Ад яго ўдараў ва ўсе бакі разляталіся тыпусы са змрочнымі фізіяноміямі.

Хіба можна было не пайсці на такі фільм? Лягчэй у школу не пайсці…

Кіно мне спадабалася. Здорава б’ецца гэты маркіз. Трэба будзе мне патрэніравацца. Бокс у жыцці спатрэбіцца.

Заняты такімі думкамі, я рушыў па вуліцы. І нічога не заўважаў. Раптам на мяне наляцеў і ледзт не збіў з ног Сёмка.

— Ты што правілы вулічнага руху парушаеш? — усердзіўся я.

— Ты жывы? — У Сёмкі дрыжэлі рукі, дрыжэў партфель, а твар быў такім напалоханым, быццам ён толькі што пабываў у пашчы ў льва і толькі цудам вырваўся.

— Цікава, чаму я павінен памерці? — здзіўлена спытаў я.

Поделиться с друзьями: