Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паром на бурнай рацэ

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Нейкая страшная сіла хіліла да зямлі яго нечалавечы моцнае цела. Ён змагаўся, але яна паставіла яго на дрыжачыя калені і потым шпурнула на траву сваёй магутнай рукой.

І Гораў кінуўся на дапамогу, забыўшы ўсё; прыўзняў галаву, ірвануў мундзір, раздзёр сарочку на грудзях і пабачыў нізка, пад левым саском, маленькую круглую ранку.

Гэта было зусім нястрашна, толькі адна-дзве кроплі крыві. Але Горава здзівіла не гэта. Яго здзівілі вочы Леановіча, у якіх зараз не было пустаты, а было смяротнае здзіўленне і яшчэ нешта.

Леановіч варухнуў вуснамі.

– Пісталет... пісталет у багну, - заспяшаўся ён.

Здзіўленыя, неяк па-дзіцячы светлыя вочы спыніліся на Гораве, які тросся ад непапраўнасці зробленага.

Пора-Леановіч заварушыў рукамі па грудзях і раптам, на апошнім дыханні, сказаў ясным і чыстым голасам:

– Дзякуй вам... Дзякуй...

І паймаўшы руку Горава, пацалаваў яе дрыжачымі вуснамі.

Потым гэтыя вусны замёрлі, а позірк здзіўлена і безуважна спыніўся на шэрым небе, пад якім усё яшчэ лёталі і енчылі аб літасці кнігаўкі.

– Усё, што я вам расказаў, - праўда, - сказаў Гораў.

Гэта было праз два дні пасля двубою. За кардонам, у лугах, непадалёк ад той вярбы, ля якой яны стрэліся ў дзень дуэлі, стаяла на Збароўскай дарозе знаёмая параконная брычка. Жанчына ў чорным сядзела на заднім сядзенні, прыклаўшы да рота чорную карункавую хустачку. Гораў стаяў адной нагою на прыступцы брычкі. У абаіх былі празрыстыя ад бледнасці твары.

– Вам не варта насіць жалобу, - сказаў Гораў, - вы ж ведаеце, што Мураўёў забараніў нашэнне жалобных убораў, ён і тут бачыць жалобу не па забітых, а па радзіме. Вас могуць з гэтай прычыны абразіць на дарозе...

Ён убачыў вялізныя змучаныя вочы. Амаль на паўтвару.

– Мне ўсё адно, - сказала жанчына.

– І ўсё ж накіньце паўзверх плашч другога колеру. Пасты на дарогах падвоены з прычыны забойства афіцэра.

– Вы расказалі мне жахлівую рэч, - сказала жанчына, - я і сама здагадвалася, што з гэтым мураўёўскім загадам не ўсё добра. Цяпер я пераканалася ў гэтым. Але чаму зараз менавіта вы начальнік кардона?

– Я ж казаў: пасты на дарогах падвоены з прычыны забойства капітана Пора-Леановіча.

– Хто яго забіў?
– уважліва гледзячы на Горава, спытала жанчына.
– Няўжо інсургенты зноў з'явіліся?

– Яго забіў я, - цвёрда і сумна сказаў Гораў, - не трэба непакоіцца. Мы страляліся на сумленнай дуэлі.

– Не варта было. Ён толькі выконваў загад.

– Варта было, - сказаў Гораў, - варта для яго самога.

Жанчына моўчкі глядзела на мокрыя лугі, што драмалі пад плямамі скупога сонца. Потым нахілілася, выцягнула з дарожнага кофра цёмна-сіні плашч і накінула яго паўзверх жалобнага адзення.

– Бадай што, ваша праўда, - сказала яна.
– Я была зусім разбітая, але вы сваёй мужнасцю далі мужнасць і мне. Я ведаю, што мне рабіць.

– Куды вы зараз?

– У Вільню. Да Мураўёва. Я даб'юся ў яго аўдыенцыі і не пабаюся сказаць яму, што я думаю аб яго паводзінах.

– Гэта вельмі небяспечна. А вы яшчэ такая маладая, і для вас не цяпер, не зараз, але магчыма шчасце.

Нясцерпны жаль і немае замілаванне ахапілі душу Горава, калі яна ўзяла яго руку ў свае.

– Я ведаю, ёсць многа добрых людзей, - сказала яна, - людзей з усёабдымным, з чалавечым сэрцам. Такіх, як вы. Але што я магу зрабіць, калі мне ўсё жыццё будуць трызніцца тыя дзесяць хвілін, на якія я спазнілася. Калі для сэрца чалавечага няма і не будзе забыцця... Дарагі мой чалавек. Я ведаю - у мяне ўсё канфіскуюць. Мяне хутчэй за ўсё чакае Сібір.

Яна схіліла галаву, а потым, праз імгненне, ускінула на Горава цёмныя вочы.

– Але мне лягчэй. Людзі заўсёды людзі. Людзі паўсюль людзі... Дай вам Бог шчасця за добрае сэрца. Шчасця з невядомай мне рускай жанчынай, такой самай добрай, як вы.

– Не трэба, пані, - сказаў Гораў.

– Маўчыце, - сказала яна амаль сурова.
– Чым я магу аддзякаваць за ўсё? Толькі словам. Дай вам Бог шчасця. І вам, і дзецям, і ўсім нашчадкам вашым. Дай Бог, каб мае ўнукі ніколі не варагавалі з вашымі.

– Рушай, - сказала яна фурману пасля хвіліны цяжкага маўчання.
– Бывайце, дарагі.

– Бывайце.

Брычка павольна пакацілася па дарозе. Гораў хацеў было ўжо саскочыць з прыступкі, але яна ўзяла доўгімі далонямі яго галаву і прыцягнула яе да сябе на грудзі. Пацалавала ў высокі лоб.

Ён нахіліўся і прыпаў вуснамі да бязвольнага сугіба ля кісці яе рукі.

– Ідзіце... Ідзіце, - шэптам сказала яна.

Споўнены гаротным неўразуменнем, бунтуючы ўсім сэрцам супраць сляпой сілы, якая няўмольна разлучае людзей, Гораў скочыў з прыступкі. Брычка пакацілася хутчэй.

Бясконцыя лугі ляжалі вакол.

А ён стаяў і глядзеў, як брычка, зрабіўшыся цёмнай кропкай, знікала недзе пад чорнымі хмарамі, ад якіх цягнуліся да зямлі шэрыя і напаўпразрыстыя завесы дажджу.

Так скончылася гэта гісторыя. Ураган размёў чалавечыя існаванні і не дазволіў сустрэцца зноў. Паўстанне грымела, усё далей адсоўваючыся на захад, а ў Прыдняпроўі настала ўжо «заспакаенне» і «ўціхаміранне».

І тады да Горава пачалі прыглядацца. Смерць Пора-Леановіча некаторым здалася падазронай. Доказаў не было і не магло быць. І ўсё ж агульнае падазрэнне было такім, што Гораў хутка быў вымушаны падаць у адстаўку.

Незадоўга да гэтай знамянальнай падзеі яго, памятаючы бой пад Ракавам, узнагародзілі медалём «За ўціхаміранне»... Медаль ён не насіў.

І пайшло далейшае жыццё, такое, як ва ўсіх. Жаніцьба. Масква. Усё тое, аб чым ён марыў за дзень да падзей на пароме.

Няскора ён зразумеў, што паром і жахлівая вераб'іная ноч былі водападзелам яго жыцця, што ўся плынь яго існавання і думак пацякла з той ночы ў зусім іншым напрамку. А калі зразумеў, - агарнула туга.

Яна прыходзіла нячаста, чамусьці часцей за ўсё ў дажджлівыя асеннія ночы. І тады ў вачах паўставаў далёкі край бязлюддзя, крыжы на ростанях, павалены лес паабапал дарог і імклівая быстрыня Дняпра з лядаштым паромам ля адхону.

Ён быў шчаслівы, але чамусьці ў непатольнай цемры начэй усё часцей успамінаў кнігавак над лугамі, шэрыя завесы дажджу і рукі з доўгімі пальцамі, рукі, што сціскалі яго скроні, рукі той, якая знікла, каб ніколі больш не сустрэцца з ім.

У неасэнсаваным жаданні ажывіць гэтыя і без таго жывыя ўспаміны, вярнуць страшны, самы лепшы час свайго жыцця, ён імкнуўся да мінулага, настойліва ўваскрашаў яго, аж да ліслівага дакранання мокрага ліста вяргіні.

Позняй восенню ўспаміны з прыемна-балючых ставалі нясцерпнымі. І тады, каб хоць трошкі перажыць неадольныя чары той зямлі, якая ляжыць недзе і кліча прызыўным клічам, што нельга згасіць у сэрцы, - Гораў браў паляўнічую стрэльбу і знікаў з Масквы. Усё адно куды. Толькі б далей, толькі б стаялі вакол голыя цёмныя лясы, толькі б у свісце ветру чуўся водгук той навальніцы, якая шматавала чорныя вольхі над паромам.

Поделиться с друзьями: