Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паром на бурнай рацэ

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Збірайцеся, - шэптам сказаў ён, - і дзьмухніце на свячу: хай думаюць, што вы спіцё.

Бакоўка адразу агарнулася цемрай. Белы цень твару наблізіўся да вачэй Горава.

– Дапамажыце мне.

У цемры дзве цёплыя рукі абвілі шыю Горава. Падтрымліваючы яе за стан, ён павольна пацягнуў яе на сябе - акенца было вельмі вузкім. Перагнуўшыся назад, ён адчуў, як на яго ключыцы ляглі цвёрдыя жаночыя грудзі. У наступную хвіліну яна стаяла поруч з ім.

– Дайце мне руку, - шэптам сказаў ён, - хадзем.

Маленькія цёплыя пальцы праціснуліся ў яго далонь. Гораў, спяшаючыся, павёў яе да берага, спачатку амаль на дыбачках, потым бягом...

Іван, дзе ты?
– шапнуў ён, нахіліўшыся з адхону.

– Тут, - прагучаў у адказ сіпаты голас.

Салдат стаяў на невялічкай убітай сцежцы.

– Хутчэй, - сказаў ён, і яны ўсе пабеглі берагам да высокіх зарасцяў лазы.

...Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Іван узяў жанчыну з рук Горава і, занадта гучна шабоўтаючы нагамі па вадзе, панёс яе некуды ў нетры прыдоннай лазы.

– Ёсць, - сказаў ён, вярнуўшыся, - дайце руку.

І пацягнуў Горава кудысьці ў цемру.

Выцяўшыся каленам аб борт чаўна, Гораў пераваліўся ў хісткую пасудзіну.

– Чакайце, - буркнуў Іван, - толькі сцябла схаваю.

– Якое сцябла?

– Ну, тутэйшае слова, латок, на які нерат укладваюць... Хлопцы, як згубім, не пахваляць.

Ён яшчэ з хвіліну шапацеў у лазе, як вялізны бабёр, потым сунуў у руку Горава вясло.

– А другое?

– Гэта вам не катанне на Яўзе... Тут адным абыходзяцца. Вяслуйце ля самага борта, а потым злёгку падайце канец убок і ўгору.

– Дайце я, - сказала жанчына, - ён не ўмее.

– Сілы пашкадуй, дзіцятка, - грубым голасам сказаў Іван.
– Да конскіх могілак дзве вярсты... у цемры.

Конскімі могілкамі называлася месца, ля якога стаяла гаўптвахта.

Іван моцным штуршком выкінуў човен з лазы. І адразу - спачатку слаба, потым мацней - пасудзіну пачало гайдаць, а потым кідаць па хвалях.

– Чорт, - сказаў салдат, - наўкос бяры, не стаў бокам да хвалі.

– Нічога не бачу.

Бледная бязгучная маланка якраз у гэту хвіліну заліла няпэўным дрыготкім святлом абшар Дняпра, пасівелага ад ярасці, імклівыя грабянцы валоў, далёкі чорны бераг. Вёслы Горава і Івана ўдарылі па вадзе, ружовай ад святла бліскавіцы. І адразу гэтая вада стала чарнільнай, а на людзей цяжка наваліўся змрок. Потым, быццам жадаючы дапамагчы, неба раз-пораз пачало раздзірацца ўспышкамі святла. Гораў бачыў твар жанчыны, якая з прагай, з чаканнем, зусім без усведамлення небяспекі, толькі з лікуючым імкненнем наперад, да волі, глядзела на другі бераг, які амаль не набліжаўся.

Шкарлупінку кідала ў правалы паміж хваль, вецер адкідваў цёмны шаль на жанчыне, як вялізныя імпэтныя крылы.

Кожныя пяць хвілін даводзілася выліваць ваду; усе прамоклі да пояса. Човен скакаў па хвалях, і пырскі пены ляцелі ў вочы людзей: за бортам раз'юшана пляваўся Дняпро.

Гораву здавалася, што гэта цягнецца вечнасць, што цямноццю і страшным ударам у борт душагубкі ніколі не будзе канца. Човен, пэўна, адносіла.

І ўсё ж наступіў момант, калі хвалі ўтаймаваліся, шкарлупінка плаўна загайдалася ў зацішку, за высокай касой процілеглага берага.

– Ну, барын, - уздыхнуў Іван, - думаў, патопнем.

– Мы не маглі патануць, - упэўнена сказала яна, - як жа нам патануць, калі мы неслі жыццё.

Асклізваючыся на чырвонай гліне абрыву, яны ўзвялі жанчыну на роўнае месца.

– Ідзіце, - сказаў Іван, - туды... Мы не можам праводзіць вас.

Жанчына стаяла моўчкі, потым нечакана схілілася і прынікла губамі да рукі Івана.

– Што вы, што вы, - спуджана мармытаў той, выдзіраючы шорсткую, як капыт, руку з яе пальцаў.

– Дзякуй вам, дзякуй, - задыхаючыся казала яна, - дзякуй за добрыя рукі, за сэрца.

– Ат, - Іван махнуў рукою і занадта паспешліва пачаў спускацца з абрыву.

– Ідзіце, - сказаў Гораў жанчыне, - хутка пачне днець.

І раптам адчуў у цемры, як жанчына прыціснулася шчакой да яго грудзей, прыўзняла твар і дакранулася губамі да яго шчакі.

– Дарагі, родны мой друг.

– Ідзіце, ідзіце, - сказаў Гораў, адчуваючы, як вільгаць просіцца на вочы.

– Я іду. Я іду, - паспешліва сказала яна.

І цень жанчыны растаў у змроку...

...Гораў спусціўся ўніз і знайшоў пад адхонам Івана. Нашчыкаўшы са стажка сухога сена, той наклаў на яго ссохлых леташніх галін лазы, прыплаўленых у повень Дняпром, і паспеў раскласці ў лагчынцы невялічкае, але зыркае вогнішча.

– Сушыцеся, - сказаў ён, - потым самі будзеце веславаць. Я пераплыву... Не трэба, каб нас бачылі разам, ваша высакароддзе.

Яны моўчкі сушылі вопратку каля агню. А потым, калі размялі рукамі сухую, пакарабачаную тканіну, заўважылі, што над Дняпром пачынае шарэць.

У гэтым жаўтавата-шэрым брудным святле вялікая рака сціхла, быццам застыдаўшыся таго, што нарабіла ў мінулую ноч. Усё яшчэ было ветрана, але нізавы вецер даў месца верхавому, і той, як добры дзядзька, сагнаў хвалю, разгладзіў сваім подыхам пахмурную паверхню ракі. Яшчэ падалі кроплі дажджу, але відаць было, што дзень хутка заўсміхаецца ўсімі сваімі прамытымі і цёплымі фарбамі. Ды і дождж крапаў такі рэдкі, што незразумела было: ці то падалі скупыя кроплі, ці небывала дружна хадзіла «жорам» верхаводка.

Іван скруціў вопратку ў вузел і, трымаючы яе ва ўзнятай руцэ, сказаў:

– Дык я паплыву, ваша высакароддзе... Прыйду потым на кардон паплавамі.

І сказаў, быццам даравання прасіў, быццам не афіцэр падбіў яго на процізаконны ўчынак:

– Вайна вайною, а баб шкада... Вельмі баб шкада.

...Калі Гораў, не зусім спрытна валодаючы вяслом, пераадолеў Дняпро і паплыў ля нізкага берага, дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне. Раскашавала мокрая лаза, цяжкія някошаныя травы на берагах дымелі, з улоння Дняпра плыла сытая пара, як ад вядра з сырадоем.

«Божа, - падумаў Гораў, - нават рэкі цякуць малаком. І на гэткай благадатнай зямлі паміраць? І такою светлаю раніцай чакаць смерці? Ну не, няхай хоць на дзве гадзіны скароціць такое чаканне - і тое выдатна. І я не шкадую».

За павароткаю ракі адкрыўся, зусім непадалёку, кардон. На паромным прычале стаяў, успёршыся на балясы, млявы Пора-Леановіч з цыгаркаю ў зубах. Паплёўваў у ваду. Іранічным позіркам глядзеў на човен, які набліжаўся, выплываў з імглы.

Гораў прывязаў човен у лазе, выбраўся з яе на сухі бераг і пайшоў паўз прычал. Леановіч глядзеў на зграбную постаць маладога чалавека нейкімі дзіўнымі, саркастычна-пагардлівымі вачыма. І гэтыя вочы прымусілі Горава зрабіць выгляд, што нічога не было, што яны толькі што развіталіся.

– Баюся, што вы дарэмна пайшлі на парушэнне прысягі, капітан Гораў.

Юрый спыніўся. Вочы яго спакойна сустрэлі позірк вачэй Леановіча.

– Тут не прысяга. Вайсковы загад не можа датычыцца жанчыны, якая вязе літасць цара свайму мужу. І той не афіцэр, хто не дапаможа жанчыне ў такіх абставінах.

– Вы яшчэ хлопчык, капітан... І як лёгка яна вас акруціла.

– У яе загад графа Мураўёва.

– Святая нявіннасць... Стары хрэн проста не можа раўнадушна бачыць жаночае хараство.

Поделиться с друзьями: