Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паром на бурнай рацэ

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Надзенька, каб вы толькі ведалі, як я сумаваў па вас, як нясцерпна мне было без вас на гэтай зямлі, што стаптана капытамі конных палкоў.

Яна ўсміхаецца. І цішыня. Недзе ўдарыў і змоўк у шкляным паветры далёкі звон. Шчасце! Масква! І цішыня, цішыня ў шатах ліп. Цішыня.

Стрэл.

Гораў ад неспадзяванасці спатыкнуўся аб корань, які - д'ябал ведае нашто - выпер акурат на дарозе. І адразу пачуў за плотам распанелы грудны голас.

– Сымон, давай карту.

Вернуты стрэлам і гэтым голасам на зямлю, Юрый глыбока і цяжка ўздыхнуў і амаль з нянавісцю згледзеў страшны ў чаканні невядомага Дняпро.

Бровы маладога чалавека задрыжалі. Але ўжо ў наступны момант ён справіўся - нездарма яго паважалі за шалёную храбрасць, хоць толькі ён ведаў, як цяжка яна яму даставалася, - і цвёрдай хадою накіраваўся ў двор, гэты сумны двор, выбіты, як ток, акружаны паламаным плотам.

Сярод двара, тварам да забітай брамы, стаялі два чалавекі: салдат-дзяншчык і афіцэр. Салдат трымаў скрынку з пісталетамі і калоду карт. Афіцэр браў са скрынкі пісталеты і, не цэлячыся, страляў у браму, у маленькі белы чатырохкутнічак, прыбіты да шула.

Афіцэр стрэліў апошні раз і павярнуўся:

– А-а, камрад... Да зброі, вісусы-гусары...

Горава які ўжо раз уразіў яго сухі прыгожы твар, белыя валасы і бакенбарды і, галоўнае, страшнаватыя блакітныя вочы з выразам пустаты і пагарды да ўсяго. І яшчэ рэзкі шнар паўз брыво і левую скронь.

Калі пры першай сустрэчы ён запытаўся ў Пора-Леановіча наконт паходжання гэтай адмеціны, той неахвотна буркнуў:

– Шпагаю тут адзін... падурэў. Штафедрон.

– Ну і што?
– спытаў тады Гораў.

– Паспадзяваўся занадта на французскую школу, - з жахлівай іроніяй сказаў Леановіч, - у славутага, бачыце, Мерсье вучыўся.

Гораў ведаў, што чалавек, з якім звёў яго лёс, карыстаецца славаю першага ў палку - і не толькі ў палку - брэцёра, што ён ужывае толькі дуэльныя пісталеты, але за такім заняткам, як сёння, заставаў Леановіча ўпершыню.

– Руку набіваў, - сказаў Пора-Леановіч з паблажлівай ласкавасцю, - адвучвацца нельга.

Сымон, быццам жадаючы пахваліцца поспехамі пана, аддзёр ад шула карту і здалёк паказаў яе Юрыю.

– Ат, глупства, - пагардліва сказаў Леановіч.

– Нічога не разумею, - сказаў Гораў, - звычайны туз... Жалудовы.

– А вы паглядзіце лепей, - раўнадушна сказаў капітан.

Гораў падышоў, схіліўся над картай і мімаволі пацягнуў ротам паветра.

Туз быў віновы. Тры кулі, пасаджаныя амаль адна ў адну, зрабілі з віней жолудзі.

– Капітан, - сказаў Гораў, - гэта лепшае, што я калі-небудзь бачыў.

– Лухта, - сказаў капітан, - хадзем лепей вып'ем...

...Гэта была звычайная вясковая хата, толькі што з бакоўкаю. Ды яшчэ палілі яе «па-беламу», так што хоць у гэтым сэнсе афіцэрам пашанцавала. Вялізны негабляваны стол, шырокія лавы, цемнаваты «Спас» у куце.

На вокнах у гаршках «алёнчыны слёзы». Сухія слёзы, бо зямля ўся ў тытунёвым попеле. Аж шэрая.

Адзінай украсай пацямнелых сцен былі два лубкі. На адным святы Елісей з тварам хітрага ідыёта насылаў на отракаў мядзведзіцу. Фарба ад німба расплылася ў Елісея па галаве, і невядома было, чаму ён з такой раскошнай шавялюрай пакрыўдзіўся на мянушку «лысы».

На другім лубку тры татарыны дзялілі палон.

Пакуль Сымон ставіў на стол гарэлку, гуркі ў смятане, міску з варанымі кіяхамі і патэльню, на якой клекаталі ў кіпячым масле смажаныя гусцёркі, Пора-Леановіч сядзеў на лаве ля акна, чысціў пісталеты і размаўляў сам з сабою.

– Зброю, міл-свет Юрый Аляксандравіч, трэба даглядаць толькі самому. Гэта адзіная машына, годная двараніна. Масла для зброі - арыстакрат сярод маслаў для ўсіх машын... Толькі самому. Мой сябра аднойчы загінуў з-за таго, што крэмень у дуэльным пісталеце быў тлусты... Нават не брудны, проста тлусты, ад пальцаў.

Гораў глядзеў, як пальцы Пора-Леановіча з незвычайнай пяшчотай мацалі сталь, і здзіўляўся, чаму нешматслоўны, заўсёды іранічны калега сягоння такі гаваркі, быццам баіцца пакінуць язык хоць на хвіліну без працы.

А Леановіч ужо скончыў з пісталетамі, паклаў іх у футляр і сеў да засланага стала.

– Сёння я нап'юся, - вельмі сур'ёзна сказаў ён.

Юрый сеў за стол з другога боку. Ён толькі прыгубіў першую чарку: піць не хацелася.

Спякота за акном стала, відаць, зусім нясцерпнай. Грозны Дняпро ледзь рухаў у разамлелых берагах цяжкія, як расплаўленае волава, плыні. Пярун бурчаў ужо зусім блізка, замрэяна, амаль без перапынку.

Гэта чаканне жахлівага, разлітае ў знемагаючай прыродзе, гняло нервы. Кроў здавалася густой і цяжкай, як ртуць. Яна цякла павольна, нараджаючы панура-злосныя, амаль ліхаманкавыя думкі. І Леановіч да таго ж ляскаў чарку за чаркай, як быццам жадаў што б там ні было выканаць свой добры намер: напіцца да моцы божай.

Уважаючы на сённяшні настрой Леановіча, ад гэтай «моцы божай» можна было чакаць чагось цікавага. І таму Гораў бадай не здзівіўся, калі Пора-Леановіч раптам адсунуў чарку.

– Вайна называецца, - з лютай весялосцю сказаў ён.
– Сумна, Юрачка. Мне б тады ваяваць, калі рабавалі, за косы валілі пад сябе дзяўчат. А тут замест усяго гэтага - капеечны віст і бацькоўскае пасячэнне пейзанаў. Абас... мы з расейскай гісторыяй.

Проста перад сабою, на фоне акна, Гораў бачыў яго сілуэт, рэзкі, прыгожы профіль з прамым носам і ссунутымі бровамі.

– Ты кажаш «людзі», - сказаў Леановіч, хоць Гораў нічога не казаў.
– Вось калі не ўходаюць цябе мае суайчыннікі і ты дажывеш да нейкага там часу, - ты ўбачыш дажджы Леанід. Гэта зорны дождж. Зямля пападае ў яго кожныя трыццаць тры гады. І тады лятуць Леаніды. Зялёныя. Фасфарычныя. Быццам пан-бог, здзяцінеўшы, шморгае тысячамі запалак і глядзіць, ці ўсё яшчэ людзі льюць кроў... Так яны лятуць тысячагоддзі. І кожны раз, як прылятаюць, бачаць на зямлі тое самае: п'юць кроў, гвалцяць, круцяць хвастом добрыя людзі.

За акном - Юрый з трывогай сачыў за гэтым - хмары пачалі наплываць аднекуль і зацягваць неба. Яны накіпалі з амаль неверагоднай хуткасцю, грувасціліся адна на адну, пасоўваючыся туды, да Дняпра, у бок горада, дзе вісела яшчэ бялёсая смуга на невялічкім лапіку блакітнага неба.

Задуха стала нясцерпнай. І нясцерпным стала чаканне.

Толькі Леановіч, здавалася, не адчуваў нічога. Яго нахабныя і страшныя вочы гарэлі вясёлым шаленствам. І Гораў, успомніўшы яго сённяшнюю забаўку, зразумеў, што чалавек, які сядзіць насупраць яго, - страшны чалавек, вельмі небяспечны чалавек, драпежнік, у якога, пэўна, зусім няма ў душы месца для так званых пакут сумлення.

Поделиться с друзьями: